Гэтак і мы кідаем выклік ворагу:

— Мы абаронцы гэтай вёскі. Вы нападаючыя. Дык давайце!

Прапанова прынята. Варожая эскадрылля раструшчвае вёску пад сваім абцасам.

— Усё па правілах!

Ёсць, канечне, і пасіўныя людзі, але пасіўнасць — патаемная форма адчаю. Ёсць, канечне, і дэзерціры. Сам маёр Аліяс двойчы ці тройчы пагражаў рэвальверам змрочным уцекачам, якія трапляліся яму па дарозе і неўпапад адказвалі яму на пытанні. Так хочацца схапіць за руку віноўніка і, пакараўшы яго, усе розе і неўпапад адказвалі яму на пытанш. Так хочацца схапіць за руку віноўніка і, пакараўшы яго, усё ўратаваць! Уцекачы вінаватыя за ўцекі, бо не будзь збеглых, не было б і бегства. I калі навесці на іх рэвальвер, усё наладзіцца… Але гэта ўсё роўна што жывымі пахаваць хворых, каб знішчыць хваробу. Урэшце маёр Аліяс зноў хаваў у кішэню свой рэвальвер, бо ў яго вачах гэты рэвальвер раптам набываў занадта пампезны выгляд, выгляд аперэтачнай шаблі. Аліяс выдатна разумеў, што гэтыя панурыя салдаты — вынікі катастрофы, а не прычыны.

Аліяс выдатна ведаў, што гэта такія ж, зусім такія ж салдаты, як і тыя, што недзе, яшчэ і сёння, згаджаюцца паміраць. За апошнія ж два тыдні на смерць пайшлі сто пяцьдзесят тысяч. Але ёсць разумнікі, якія патрабуюць, каб ім растлумачылі, навошта гэта трэба.

А растлумачыць цяжка.

Бягун павінен прабегчы сваю жыццёва важную дыстанцыю, спаборнічаючы з бегунамі свайго разраду. Але на самым старце ен заўважае, што валачэ на назе калодку раба. А яго супернікі ляцяць як на крылах. Барацьба траціць усякі сэнс. Чалавек сыходзіць з дыстанцыі:

— Які сэнс…

— Ну як жа! Ну як жа!..

Што прыдумаць, каб усё-такі змусіць чалавека ўкласці ўсе свае сілы ў спаборніцтва, якое перастала ўжо быць спаборніцтвам?

Аліяс выдатна ведаў, што думаюць салдаты. Яны таксама думаюць:

— Які сэнс…

Аліяс хавае свой рэвальвер і шукае пераканальнага адказу.

Ёсць толькі адзін пераканальны адказ. Адным-адзіны. Я не веру, каб нехта знайшоў іншы:

— Ваша смерць нічога не зыначыць. Паражэнне ўжо адбылося. Але трэба, каб паражэнне выяўлялася ў стратах. Павінны быць забітыя. Сёння прыйшла ва-ша чарга сыграць гэту ролю.

— Слухаю, пан маёр.

Аліяс не адчувае пагарды да ўцекачоў. Ён выдатна ведае, што яго пераканальнага адказу заўсёды дастаткова. Ён і сам ідзе на смерць. Усе яго экіпажы ідуць на смерць. I для нас аказалася дастаткова гэтага пераканальнага адказу, хіба толькі трошкі прымаскаванага:

— Заданне дрэнь… Але ў штабе настойваюць… Вельмі настойваюць… Тут ужо нічога не паробіш…

— Слухаю, пан маёр!

Я думаю, што тыя, хто загінуў, проста служаць парукай астатнім.

XIV

Я так састарыўся, што у мяне ужо усе ззаду. Я гляджу праз вялікае мігатлівае шкло кабіны. Там, унізе, людзі. Інфузорыі на шкельцы мікраскопа. Хіба можна прыняць усур'ёз сямейныя драмы інфузорый?

Каб не гэты боль у сэрцы, які так моцна даймае мяне, я занурыўся б у дрымоту, як састарэлы тыран. Усяго толькі нейкіх дзесяць хвілін назад я выдумаў гэтую гісторыю з залётнікамі. Нудотная лухта. Хіба я думаў пра пяшчотныя ўздыханні, калі заўважыў знішчальнікаў? Я думаў пра атрутныя восы. Ну, канечне, пра восы. Яны былі вельмі дробныя, гэтыя паскуды!

I я мог без агіды выдумаць гэтую сукенку з белым шлейфам!.. Я зусім і не думаў пра сукенку са шлейфам, хоць бы таму, што ніколі не бачыў следу свайго самалёта! 3 гэтай кабіны, куды я запханы, як люлька ў футарал, мне немагчыма ўбачыць, што робіцца ззаду. Я гляджу назад вачыма майго стралка. Дый то, калі ларынгафоны не сапсаваны! А мой стралок ні разу не сказаў мне: «Вось колькі закаханых сапернікаў увязалася за нашым шлейфам!..»

Застаўся адзін скепсіс ды гульня са словамі. Канечне, я хацеў бы верыць, хацеў бы змагацца, хацеў бы перамагаць. Але як ні прыкідвайся, што, спальваючы свае ўласныя вёскі, ты верыш, змагаешся, перамагаеш, натхніцца гэтым вельмі нялёгка.

Жыць таксама нялёгка. Чалавек — гэта толькі вузел повязей, а повязі, аказваецца, няшмат вартыя.

Што такое сапсавалася ўва мне? У чым таямніца пераклічкі паміж маёй істотай і знешнім светам? Чаму тое, што здаецца мне цяпер адвольным і далёкім, пры іншых абставінах магло ўзрушыць мяне? Чаму адно толькі слова ці рух могуць часам утварыць бясконцыя кругі ў нечым лёсе? Чаму, калі я — Пастэр, тлум драбнюткіх інфузорый набывае для мяне такі агромністы сэнс, што вочка мікраскопа можа здацца мне прасторнейшым, чым пушчанскія нетры, і мне, прыпаўшаму да яго, будзе дазволена перажыць прыгоду ў яе найвышэйшай форме?

Чаму гэтая чорная кропка, гэтае чалавечае жыццё там, унізе…

I мне прыгадваецца…

Калі я быў маленькі… Я вяртаюся ў сваё ранняе маленства. Маленства — бязмежны край, адкуль прыходзіць кожны з нас! Адкуль я родам? Я родам са свайго маленства. Я родам са свайго маленства, як з нейкай краіны. Дык вось, калі я быў маленькі, аднойчы мне давялося перажыць нешта дзіўнае.

Мне было гадоў пяць-шэсць. Была восьмая гадзіна вечара. Восьмая гадзіна — час, калі дзеці павінны ўжо класціся спаць. Асабліва зімой, бо зімой рана змяркае. Аднак пра мяне забыліся.

На першым паверсе нашага вялікага вясковага дома была пярэдняя, якая здавалася мне агромністай і куды выходзілі дзверы цёплага пакоя, дзе мы, дзеці, харчаваліся. Я заўсёды пабойваўся гэтай пярэдняй, магчыма, таму, што цьмянае святло лямпы, якая вісела пасяродку і нагадвала сігнальны ліхтар, ледзь развявала пануючы там густы морак, ды таму, што ў цішы гучна патрэсквала шалёўка, а яшчэ і таму, што там было холадна. 3 ярка асветленых і цёплых пакояў сюды заходзілі, як у пячору.

Але ў той вечар, зразумеўшы, што пра мяне забыліся, я паддаўся злому дэману, на пальчыках дацягнуўся да клямкі, ціхенька адчыніў дзверы, выйшаў у пярэднюю і цішкам-нішкам пусціўся вывучаць свет.

Аднак мне здалося, што сваім патрэскваннем шалёўка папярэджвае мяне пра гнеў божы. У паўзмроку я цьмяна бачыў высокую шалёўку. Не смеючы ісці далей я сяк-так ускараскаўся на высокі столік з гнутымі ножкамі, прыціснуўся спіной да сцяны і, звесіўшы ногі, замёр там, як пацярпелы ў караблекрушэнні — на скале, у адкрытым моры.

У гэты момант расчыніліся дзверы гасцінай і ў пярэднюю зайшлі два маіх дзядзькі, якія заўжды выклікалі ўва мне свяшчэннае заміранне. Зачыніўшы за сабой дзверы, за якімі было светла і шумна, яны пачалі хадзіць па пярэдняй.

Мяне калаціла ад страху, што мяне заўважаць. Адзін дзядзька — Губэр — быў для мяне ўвасабленнем строгасці. Пасланцом божага правасуддзя. Гэты чалавек, які ніколі і пальцам не крануў бы дзіця, паўтараў мне, грозна супячы бровы, пасля кожнай маёй правіны: «У другі раз, як паеду ў Амерыку, прывязу машыну для лупцоўкі дзяцей. У Амерыцы ўсё ўдасканалена. Пагэтаму і дзеці там — само паслушэнства. I бацькам спакойна…»

Я не любіў Амерыку.

Вы читаете Ваенны лётчык
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату