паспяваюць бездаражжу прайсці сотні кіламетраў, і ад самалётаў, якія ляцяць з хуткасцю шэсцьсот кіламетраў у гадзіну. Гэтак выцякае сіроп, калі перакуліць бутэльку. Жонка гэтага чалавека раджае, а часу ў яго хоць адбаўляй. Дапамога неабходна неадкладна, у гэтую вось хвіліну. I разам з тым, у гэтым ужо няма ніякай неабходнасці. Усё завісла ў хісткай раўнавазе паміж хвілінай і вечнасцю.
Усё запаволілася, як рэфлексы паміраючага. Агромністы статак даведзены да знямогі перад варотамі бойні. Колькі ж іх, каму наканавана загінуць на гравійцы, — пяць, дзесяць мільёнаў?.. Цэлы народ стомлена і панура топчацца на парозе вечнасці.
Я сапраўды не ўяўляю, як ім удасца выжыць. Чалавек не можа прахарчавацца веццем. Людзі і самі падсвядома разумеюць гэта, але іх не апаноўвае жах. Выбітыя з каляіны, адарваныя ад сваёй працы, ад сваіх абавязкаў, яны страцілі ўсё сваё значэнне. Самая іх асоба — і то сцерлася. У іх амаль нічога не засталося ад іх саміх. Яны амаль не існуюць. Потым, пасля, пазней яны навыдумляюць сабе болей узвышаных пакут, але зараз яны пакутуюць галоўным чынам ад таго, што ў іх занямела сярэдзіна ад занадта цяжкага грузу, ад занадта шматлікіх клункаў, якія парастрэсваліся, і з посцілак выпадае ўсё дарэшты, ад таго, што занадта часта даводзіцца пхаць машыну, каб яна завялася.
Пра паражэнне — ні слова. Яно і так навідавоку. Вы не маеце патрэбы гаварыць пра тое, што складае вашу сутнасць. Гэтыя людзі і ёсць само паражэнне.
Перада мной раптоўна ўзнікае жахлівы вобраз Францыі, з якой вывальваюцца вантробы. Трэба неадкладна зашываць. Нельга траціць ні секунды: гэтыя людзі асуджаныя…
Вось яно, пачалося ўжо. Яны ўжо задыхаюцца, як рыба, выкінутая з вады:
— Ці не знойдзецца ў вас малака?..
Памрэш са смеху ад такога пытання!
— Мой сынок нічога не піў ад учарашняга дня…
I гэта шасцімесячнае немаўлятка, якое пакуль яшчэ моцна крычыць. Але гэты крык працягнецца нядоўга: рыбка, выкінутая з вады… Тут няма малака. Тут няма нічога, апрача жалезнага ламачча. Нічога — толькі безліч гэтага непатрэбнага жалезнага ламачча, якое, рассыпаючыся на кожным кіламетры, сеючы гайкі, вінты, кавалкі бляхі, падштурхоўвае цэлы народ да гэтага жахлівага перасялення і валачэ яго ў нябыт.
Ходзяць чуткі, што трохі паўднёвей дарогу абстрэльваюць самалёты. Пагаворваюць нават пра бомбы. Мы сапраўды чуем глухія выбухі. Значыць, гавораць недарма.
Але гэта не палохае натоўп. Здаецца, ён нават трошкі пажвавеў. Гэтая рэальная небяспека здаецца яму меней страшнаю, чым пагроза захраснуць у жалезным ламаччы.
Ах, якую цудоуную схему намалююць пазней гісторыкі! Якіх толькі высяў не панавыдумляюць, каб надаць сэнс гэтаму вэрхалу! Яны ўхопяцца за выказванне якога-небудзь міністра, за рашэнне якога-небудзь генерала, за нараду якой-небудзь камісіі! I з гэтага параду прывідаў створаць гістарычныя паседжанні, на некага ўскладзецца адказнасць, некага абвесцяць даволі празорлівым… Яны прыдумаюць, што нехта згаджаўся, нехта пярэчыў, адзін гаварыў прамову ў стылі Карнэля, другі ўчыняў здраду. Я выдатна ведаю, што такое эвакуіраванае міністэрства. Неяк мне давялося наведаць адно з іх. Я адразу зразумеў, што ўрад, які пакінуў сваю рэзідэнцыю, перастае быць урадам. Гэта як з чалавечым целам. Калі пачаць перасоўваць жывот туды, печань сюды, вантробы яшчэ некуды — то ўсё гэта ўжо не будзе складаць арганізма. Я прабыў дваццаць хвілін у міністэрстве авіяцыі. Гэта праўда, міністр можа ўздзейнічаць на свайго сакратара. Уздзейнічаць проста цудадзейным чынам! Бо міністра з сакратаром яшчэ звязвае провад званка. Непашкоджаны провад званка. Міністр націскае на кнопку, і сакратар з'яўляецца.
А гэта ўжо вялікая ўдача.
— Машыну, — загадвае міністр.
На гэтым ягоная ўлада канчаецца. Сакратар выходзіць. Але сакратар не ведае, ці існуе на свеце аўтамабіль міністра. Электрычны провад не звязвае сакратара з шафёрам аўтамабіля. Шафёр загубіўся дзесьці ў сусвеце. Што могуць яны, урадаўцы, ведаць пра вайну? Сувязь настолькі разладзілася, што нават нам — і то спатрэбіўся б цэлы тыдзень, каб выслаць бамбардзіроўшчыкаў на выяўленую намі танкавую дывізію. I якія звесткі могуць атрымаць кіраўнікі пра гэтую краіну, з якой вывальваюцца вантробы? Данясенні распаўсюджваюцца з хуткасцю дваццаці кіламетраў у дзень. Тэлефоны перагружаны або сапсаваны і не могуць перадаць ва ўсёй паўнаце Сутнасць, якая ў гэты момант развальваецца на шматкі. Урад вісіць у пустэчы, у палярнай пустэчы. Час ад часу да яго даходзіць адчайны лямант аб паратунку, аднак гэты лямант абстрактны, ён зведзены да трох радкоў. Скуль кіраўнікам ведаць, ці не памерлі ўжо з голаду дзесяць мільёнаў французаў? А лямант дзесяці мільёнаў чалавек умяшчаецца ў адну фразу. Патрэбна фраза, каб нешта сказаць:
— Прыйдзіце а чацвёртай гадзіне да X.
Або:
— Кажуць, загінула дзесяць мільёнаў чалавек.
Або:
— Блуа палае.
Або:
— Нарэшце адшукалі вашага шафёра.
I ўсё гэта адным і тым жа тонам. Без выключэння. Дзесяць мільёнаў чалавек. Машына. Усходняя армія. Еўрапейская цывілізацыя. Адшукалі шафёра. Англія. Хлеб. Якая гадзіна?
Я даю вам сем літар. Гэтыя сем літар узяты з Бібліі. Ану, паспрабуйце ўзнавіць па іх Біблію!
Гісторыкі забудуць рэальныя падзеі. Яны навыдумляюць нейкіх разважных людзей, таемнымі повязямі звязаных з сусветам, у якім усё для іх было зразумела, здольных на глыбокія падагульненні і на важныя вывады па ўсіх чатырох правілах картэзіянскай логікі. Яны сумеюць адрозніць сілы дабра ад сіл зла. Герояў ад здраднікаў. Але я задам простае пытанне:
— Каб здрадзіць, трэба быць адказным за нешта, нечым распараджацца, на нешта ўздзейнічаць, нешта ведаць. Па цяперашнім часе для гэтага трэба быць геніем. Чаму ж, дазвольце запытацца, здраднікаў не ганаруюць ордэнамі?
Усюды спакваля ўжо праглядвае воблік міру. Але не таго выразна абмаляванага міру, што, як новы гістарычны этап, звычайна наступае па войнах, канчаткова завершаных дагаворамі. Гэта нейкі няўцямны перыяд, гэта канец усяго. Канец, які ніяк не можа прыйсці да канца. Балота, у якім у рэшце рэшт вязне ўсякі парыў. Набліжэння развязкі — добрай ці кепскай — не адчуваецца. Хутчэй наадварот. Усё спакваля апускаецца ў гніль часовага, якое здаецца вечным. Развязкі не будзе, бо няма за што ўхапіцца, каб выцягнуць краіну з гэтага стану, як выцягваюць тапельніцу, заматаўшы на руку яе валасы. Усё зруйнавана. I нават пры самым энергічным намаганні ў руцэ застаецца толькі пасмачка валасоў. Наступаючы мір — не плод рашэння, прынятага чалавекам. Гэты мір бярэ свае, як праказа.
Там, пада мною, на гэтых дарогах, дзе гіне караван бежанцаў, танкісты то забіваюць людзей, то падаюць ім напіцца, там усё нагадвае багну. Мір, які ўжо прымешваецца да вайны, ператварае вайну ў гнілізну.
Мой сябар Леон Верт аднойчы ў дарозе аказаўся сведкам характэрнай размовы, пра якую ён збіраецца расказаць у вялікай кнізе. Па левы бок дарогі — немцы, па правы — французы. Паміж імі — нетаропкі вір эвакуацый. Сотні жанчын і дзяцей, як хто можа, ратуюцца з успалымнелых аўтамашын. Артылерыйскі лейтэнант, заціснуты ў гэтым заторы, намагаецца прывесці ў баявую гатоўнасць сямідзесяціпяціміліметровую гармату, па якой пастрэльвае вораг. Але вораг б'е міма цэлі, косіць людзей на дарозе — і маткі бягуць да лейтэнанта, які, абліваючыся потам, упарта, дзеля выканання нейкага цьмянага абавязку, стараецца ўра- таваць пазіцыю, хоць яна не пратрымаецца і дваццаці хвілін (іх тут усяго дваццаць артылерыстаў!):
— Прэч адсюль! Прэч алсюль! Вы проста нягоднік!
Лейтэнант і яго салдаты адыходзяць. Яны ўсюды натыкаюцца на праблемы, якія выстаўляе перад імі мір. Забіваць дзятву на дарогах недапушчальна, канечне. А кожнаму ж салдату, які страляе, даводзіцца страляць у спіну дзіцяці. Кожны грузавік, які прабіваецца наперад ці спрабуе прабіцца, рызыкуе загубіць мноства людзей. Таму што, рухаючыся супроць цячэння, ён няўмольна стварае непраходныя заторы.
— Вы звар'яцелі! Прапусціце нас! Дзеці ж паміраюць!
— Што зробіш, вайна…
— Якая вайна? Дзе вайна? За тры дні ў гэтым кірунку вы прасунецеся на шэсць кіламетраў!