пануе атмасфера сляпой пакоры. Карыстаючыся гэтым, мы з Дзютэртрам спрабуем абразуміць сяго- таго:

— Лепей разгрузіце вы ўсё гэта. Тады хоць ваду будзеце піць са сваіх калодзежаў…

— Ну пэўна, так было б лепей!..

— Але ж вас ніхто не гоніць!

Нашы словы падзейнічалі. Вакол нас сабралася кучка людзей. Нас слухаюць. Ківаюць галовамі ў знак згоды.

— Капітан сапраўды праўду кажа…

У мяне выяўляецца прыхільнік. Адзін дарожнік, якога я схіліў у сваю веру, угаворвае яшчэ гарачэй, чым я:

— Я ж казаў! Вось выедзем на шашу, будзем жэрці жвір!

Яны пярэчаць. Потым пагаджаюцца. Яны заста-нуцца. Некалькі чалавек ідуць угаворваць астатніх. Але вось яны замаркочана вяртаюцца:

— Нічога не выходзіць. Давядзецца і нам ехаць.

— Чаму?

— Пекар паехаў. Хто ж будзе пячы хлеб?

Вёска ўжо распадаецца. Недзе нешта дало трэшчыну. I праз гэтую трэшчыну выцеча ўсё дарэшты. Тут ужо нічога не паправіш.

Дзютэртр мяркуе па-свойму:

— Уся трагедыя ў тым, што людзей прымусілі паверыць, што вайна — з'ява ненармальная. Некалі яны заставаліся дома. Вайна і жыццё перапляталіся…

Зноў з'яўляецца гаспадыня. Яна валачэ мяшок.

— Мы вылятаем праз сорак пяць хвілін… Ці не знойдзецца ў вас па кубачку кавы?

— Бедныя вы мае дзеткі!..

Яна выцірае вочы. Не, яна плача не па нас. I не па сабе. Яна плача ад знямогі. Яна адчувае, што яе ўжо заглынуў хаос гэтага распоўзлага каравана, які з кожнай вярстой будзе распаўзацца ўсё болей і болей.

А потым, недзе ў чыстым полі, варожыя знішчальнікі, зніжаючыся, раз-пораз будуць выплёўваць кулямётныя чэргі ў гэты няшчасны статак. Але самае дзіўнае, што звычайна яны не надта і шчыруюць. Падпаляць некалькі машын, і досыць. Заб'юць некалькі чалавек, і годзе. Нас абслугоўваюць па вышэйшаму класу, — нас быццам папярэджваюць. Бы сабака, які кусае за падкаленак авечак, каб статак пажвавеў у хадзе. А тут — проста хочуць пасеяць паніку. Але які сэнс у гэтых кароткіх выпадковых налётах, калі яны амаль ні да чаго? Вораг не дужа стараецца знішчыць караван. Зрэшты, караван нішчыцца і без ягонай дапамогі. Машына псуецца сама па сабе. Машына задумана для мірных, ураўнаважаных людзей, якім няма куды спяшацца. Калі машыну няма каму рамантаваць, наладжваць, фарбаваць, яна старэе неверагодна хутка. Сення вечарам усе гэтыя машыны будуць выглядаць так, нібыта ім па тысячы гадоў.

У мяне такое ўражанне, што я прысутнічаю пры агоніі машын.

Вось гэты з веліччу караля падганяе пугай свайго каня. Ён, быццам на троне, сядзіць на козлах і ўвесь аж ззяе. У дадатак, здаецца мне, ён хапіў добрую чарку:

— Эй, вы! Што вас так радуе?

— Ды гэта ж канец свету!

Мне робіцца ніякавата, калі я думаю, што ўсе гэтыя працаўнікі, усе гэтыя людзі з іх сціплымі абавязкамі, з іх самымі разнастайнымі вартасцямі ўжо сёння вечарам ператворацца ў пражорлівых насякомых, у саранчу.

Вось-вось яны рассыплюцца па палях і пачнуць пажыраць ураджай.

— Хто вас будзе карміць?

— Хто яго ведае…

Як забяспечыць харчамі мільёны бежанцаў на дарогах, па якіх можна рухацца толькі з хуткасцю ад пяці да дваццаці кіламетраў у дзень? Калі харчы нават меліся, немагчыма было б іх падвезці.

Гэтая мяшанка людзей і жалезнага лому нагадала мне Лівійскую пустыню. Мы з Прэво жылі на бязлюдным плато, укрытым чорным, зіхоткім на сонцы каменнем, быццам абцягнутым жалезнай бранёю.

I я з нейкай роспаччу назіраю за гэтым відовішчам: ці доўга пражыве хмара саранчы, якая апускаецца на асфальт?

— А каб напіцца, вы будзеце чакаць дажджу?

— Хто яго ведае…

Вось ужо дзесяць дзён праз іх вёску цягнуліся бежанцы з поўначы. Дзесяць дзён яны былі сведкамі вялікага перасялення. Цяпер надышла іх чарга. I яны займаюць сваё месца ў працэсіі. О, вядома, ні на што не спадзеючыся.

— А мне ўсё-такі хацелася б памерці дома.

— Кожнаму хацелася б памерці дома.

I гэта праўда. Уся вёска рассыпаецца, як замак з пяску, хоць нікому не хочацца ехаць.

Калі б у Францыі нават і меліся рэзервы, падкінуць гэтыя рэзервы аказалася б проста немагчыма, бо ўсе дарогі запруджаны. Можна было б — нягледзячы на паламаныя машыны, на машыны, што наляцелі адна на адну, на непазбежныя дарожныя заторы — сяк-так яшчэ можна было б рухацца па цячэнні, але што рабіць, калі трэба рухацца супроць яго?

— Але ж няма ніякіх рэзерваў, — кажа мне Дзютэртр, — няма чаго і хвалявацца, выходзіць.

Ходзяць чуткі, што з учарашняга дня ўрад забараніў эвакуацыю вёсак. Але загады распаўсюджваюцца богведама як, бо рух на дарогах немагчымы. Што да тэлефонных ліній, дык яны перагружаныя, перарэзаныя або ненадзейныя. I потым, справа зусім не ў загадах. Справа ў тым, што трэба вынайсці новую мараль. Ужо тысячу гадоў людзям унушаюць, што жанчыны і дзеці павінны быць па-за вайной. Вайна — справа мужчын. Мэры выдатна ведаюць гэты закон, знаюць яго і памочнікі мэраў, і школьныя настаўнікі. I вось яны нечакана атрымліваюць загад забараніць эвакуацыю, гэта значыць, змусіць жанчын і дзяцей заставацца пад бамбёжкай. Ім спатрэбіўся б цэлы месяц, каб прызвычаіць сваю свядомасць да новых абставін. Нельга адным махам перавярнуць цэлую сістэму мыслення. А вораг наступае. I тады мэры, іхнія памочнікі і настаўнікі гоняць сваіх падапечных на вялікую дарогу. А што астаецца рабіць? Дзе яна, тая праўда? I брыдуць гэтыя авечкі без пастуха.

— Ці няма тут доктара?

— Вы што, не тутэйшыя?

— Не. Мы здалёку, з поўначы.

— А навошта вам доктар?

— Жонка мая вось-вось пародзіцца на калёсах…

Сярод кухоннага посуду, сярод запаланіўшага ўсё жалезнага ламачча, як на цернях…

— Хіба вы не ведалі, што гэта адбудзецца?

— Мы ўжо чатыры дні ў дарозе.

Дарога — гэта няўмольны паток. Дзе прыпыніцца? Паток змятае на сваім шляху вёскі, якія адна за адной лопаюцца і ўліваюцца ў яго, як у агульную сцёкавую канаву.

— Не, доктара тут няма. А наш за дваццаць кіламетраў адсюль.

— А! Ну што ж…

Мужчына выцірае лоб. Усё абрынаецца. Ягоная жонка раджае на калёсах, між кухоннага посуду. I ва ўсім гэтым няма ні кроплі жорсткасці. Гэта найперш за ўсё да дзікасці бесчалавечна. Ягоная жонка вось-вось памрэ, а ён не жаліцца. Вось так. Нейкі кашмарны сон.

— Калі б хоць дзе-небудзь можна было прыпыніцца…

Знайсці дзе-небудзь сапраўдную вёску, сапраўдную гасцініцу, сапраўдную лякарню… Але і лякарні таксама эвакуіруюць богведама чаму! Гэткае ўжо правіла гульні. Няма калі прыдумляць новыя правілы. Знайсці дзе-небудзь сапраўдную смерць! Але сапраўднай смерці болей няма. Ёсць чалавечыя целы, якія псуюцца, як аўтамабілі.

Усюды я адчуваю гэтую неабходнасць, якая страціла ўсялякі сэнс, неабходнасць, якая перастала ўжо быць неабходнасцю. Людзі адольваюць пяць кіламетраў у дзень, ратуючыся ад танкаў, якія за гэты час

Вы читаете Ваенны лётчык
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату