Міён адпаведную інфармацыю, бо я вяду па яе просьбе расследаванне. Спярша вы былі супраць таго, каб Міён патрабаваў выплату кампенсацыі, і спрабавалі адгаварыць яго. Вы гаварылі, што пагалоска, якая разнясецца ў выніку ўсяго гэтага, наробіць шмат шкоды і таму не варта гэтага рабіць. Ён жа патрабаваў, каб вы падтрымалі іск, і паабяцаў скасаваць заключаны з вамі кантракт у тым выпадку, калі вы адмовіцеся. Ці не так, містэр Гроўв?

— Не, не так, — бліснуў сваімі чорнымі вачыма Гроўв. — Зусім не так! Я толькі выказаў яму сваю думку. Калі ж было вырашана заявіць іск, я дзейнічаў адпаведна. — Яго голас зрабіўся на цэлую актаву вышэй, хоць раней мне здавалася, што больш пісклявага голасу ўжо і быць не можа. — Я сапраўды дзейнічаў згодна з прынятым рашэннем!

— Вось як? — сказаў Вулф, больш не спрачаючыся. — А што вы цяпер думаеце наконт іску місіс Міён?

— Не думаю, што ён абгрунтаваны. Я не веру, што яна зможа атрымаць пэўную суму. На месцы Джэймса, я не заплаціў бы ёй нават цэнта.

— Яна вам не падабаецца, ці не так? — кіўнуў галавой Вулф.

— Калі гаварыць шчыра, дык не! І ніколі не падабалася. А што, я павінен яе любіць?

— Вядома, не. Асабліва калі ўлічыць тое, што і вы ёй не падабаецеся. — Вулф, адкінуўшыся назад, зручней усеўся ў крэсле.

Я мог здагадацца па размяклых вуснах Вулфа, што наступнае пытанне, якое ўзнікне ў ходзе гутаркі, будзе якраз тое, што яго не цікавіла, і зразумеў чаму, калі заўважыў, што ягоныя вочы спыніліся на Клары Джэймс. Магу ісці ў заклад, калі б ён ведаў, што давядзецца мець справу з такімі кліентамі, то ніколі б не згадзіўся на гэту работу.

— Міс Джэймс, вы чулі, што тут гаварылася? — спытаў ён бурчліва.

— Мне было цікава, — з крыўдай у голасе загаварыла тая, нібыта скардзячыся, — вы і далей не будзеце звяртаць ніякай увагі на мяне? Я таксама тут прысутнічаю, ці не так?

— Так. Я не забыўся пра вас. — З тону яго голасу адчувалася, што яму хацелася адваротнага. — Пасля таго як вы сустрэліся з бацькам і суддзёй Арнольдам у бары за пітвом, з якой мэтай яны накіравалі вас на сустрэчу з Міёнам да яго ў студыю?

Арнольд і Джэймс адразу ж выказалі пратэст, зрабіўшы гэта гучна і адначасова. Вулф, не звяртаючы на іх увагі, чакаў адказу ад Клары, голас якой патануў у крыках яе спадарожнікаў.

— …не мае ніякага дачынення, — пачуўся толькі канец яе адказу. — Я сама туды пайшла.

— Гэта была ваша ўласная ідэя?

— Цалкам. Часам так здараецца, зусім незалежна ад нас.

— Дзеля чаго вы туды пайшлі?

— Ты не абавязана адказваць на гэтае пытанне, мая дарагая, — звярнуўся да яе Арнольд.

Клара не звярнула на яго ўвагі.

— Яны паведамілі мне аб тым, што адбылося ў час гутаркі,і я ледзь не звар'яцела. На маю думку, гэта быў сапраўдны грабеж, але я не збіралася менавіта гэта казаць Альберту. Мне здавалася, што я здолею адгаварыць яго.

— Вы пайшлі, каб угаварыць яго адмовіцца дзеля мінулага?

— Як удала вы ўмееце выбіраць словы! — усклікнула Клара з задаволеным выглядам. — Уявіце дзяўчыну маіх гадоў, у якой ужо ёсць мінулае!

— Я рады, што вам спадабалася мая манера выказвацца, міс Джэймс. — Было відаць, што ўнутры ў Вулфа ўсё кіпіць. — Як бы там ні было, вы пайшлі. На месцы былі ў пятнаццаць хвілін на сёмую?

— Так, нешта каля гэтага.

— Вы бачыліся з Міёнам?

— Не.

— Чаму не?

— Яго там не было, урэшце… — Клара змоўкла. У яе ў вачах ужо не было таго бляску, які быў раней. — Так я думала тады, — працягвала яна. — Я паднялася на трынаццаты паверх і націснула кнопку званка на дзвярах студыі. Званок — гучны, — ён гэта спецыяльна прадугледзеў, каб яго не заглушалі голас і гукі піяніна ў час рэпетыцый — але я не магла пачуць яго з калідора, бо дзверы — таксама гукаізаляваныя, і, націснуўшы кнопку некалькі разоў, я не была ўпэўненая, што званок празвінеў, і таму пастукала. Я люблю ўсё даводзіць да канца, а паколькі мне здавалася, што ён у студыі, я яшчэ некалькі разоў пазваніла, потым зняла чаравік і пастукала аб дзверы абцасам. Потым я пайшла ўніз і націснула кнопку званка на дзвярах кватэры. Гэта было сапраўднае глупства з майго боку, бо я ведала, з якой нянавісцю ставіцца да мяне місіс Міён, але ўсё-такі я гэта зрабіла. Місіс Міён адчыніла дзверы і сказала, што, на яе думку, Альберт знаходзіцца паверхам вышэй, у студыі. Я сказала, што яго там няма, пасля гэтага яна з трэскам зачыніла дзверы проста перад самым маім носам. Я пайшла дадому, зрабіла сабе кактэйль, — дарэчы, трэба прызнаць, у вас добрае віскі, хоць я ні разу раней не чула такой назвы. — Яна ўзняла і патрэсла шклянку, каб памяшаць лёд. — Ёсць якія пытанні?

— Не, — гыркнуў Вулф. Ён зірнуў на насценны гадзіннік, а потым абвёў позіркам твары прысутных. — Я, безумоўна, паведамлю місіс Міён, — сказаў ён, звяртаючыся да іх, — што вы не імкнуліся ўтойваць факты.

— А што яшчэ? — пацікавіўся Арнольд.

— Не ведаю. Паглядзім.

Гэта ім не спадабалася. Не думаю, каб хто-небудзь змог вызначыць пытанне, па якім усе шасцёра змаглі б прыйсці да адзінадушнай згоды, і ўсё ж Вулф здолеў акрэсліць яго некалькімі словамі. Ім трэба было ведаць канчатковае рашэнне, калі не яго, дык думку, ну, а калі і не яе, дык хоць бы намёк.

Адэль Бослі была сама ўпартасць. Руперт Тлушч выказаў сваё абурэнне віскам, а суддзя Арнольд ледзь стрымліваўся. Вулф па-ранейшаму валодаў сабой, але нарэшце ўстаў і пажадаў ім добрай ночы.

Усё скончылася на такой ноце, што, адыходзячы, ніхто не выціснуў з сябе ніводнага слова ўдзячнасці за пачастункі, нават Адэль, эксперт па адносінах з грамадскасцю, ці доктар Лойд, які фактычна адзін апаражніў бутэльку віскі.

Зачыніўшы на ноч парадныя дзверы на засаўку, я вярнуўся ў кабінет. На маё здзіўленне, Вулф усё яшчэ быў на нагах, стоячы каля кніжнай шафы і ўтаропіўшыся ў расстаўленыя на паліцах кнігі.

— Не спіцца? — спытаў я пачціва.

— Хачу выпіць яшчэ бутэльку піва, — настойліва запатрабаваў, павярнуўшыся ў мой бок, Вулф.

— Вы пэўна звар'яцелі. І так пяць бутэлек ужо выпілі пасля вячэры. — Усё гэта я гаварыў без асаблівых эмоцый, бо справа была звычайная. Ён сам вызначыў норму ў пяць бутэлек, якія выпіваў паміж вячэрай і перад тым, як класціся спаць, і звычайна прытрымліваўся гэтай колькасці, але калі з той ці іншай прычыны быў вельмі не ў гуморы, то лічыў за лепшае зняць з сябе адказнасць, каб такім чынам мець магчымасць спагнаць злосць на мне.

Але гэта была ўсяго толькі частка маіх службовых абавязкаў.

— Нічога не атрымаецца, — цвёрда сказаў я. — Я палічыў. Пяць. Што за справы такія, вечар прабавілі, а забойцы ўсё няма?

— Яшчэ чаго! — сказаў, сцяўшы вусны, Вулф. — Справа не ў тым. Калі б толькі гэта, мы маглі б завяршыць усё яшчэ да таго, як ляжам спаць. Справа ў гэтым чортавым рэвальверы з крыламі. — Ён пільна глянуў у мой бок прыжмуранымі вачыма, быццам падазраючы, што ў мяне таксама ёсць крылы. — Я мог бы, вядома, не звярнуць на гэта ўвагі — але не. Не, бо, улічваючы той стан, у якім знаходзяцца нашы кліенты, гэта было б неразумна. Мы павінны гэта высветліць. Іншага выйсця няма.

— Шкада. Магу чым-небудзь дапамагчы?

— Можаш. Патэлефануй містэру Крэймеру і зрабі гэта неадкладна, заўтра ж раніцай. Папрасі яго быць тут у адзінаццаць гадзін.

Мае бровы палезлі ўгору ад здзіўлення.

— Але ж яго цікавяць толькі забойствы. Павінен я паведаміць, што ў нас ёсць якраз такая справа і мы хацелі б з ёю пазнаёміць?

— Не. Скажы, я гарантую, што патурбавацца варта. — Вулф зрабіў крок наперад. — Арчы.

— Так, сэр.

— У мяне быў цяжкі вечар, і я вып'ю яшчэ адну бутэльку.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ОБРАНЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату