Ён прыўзняў пятага — брычка якраз выбіралася з яра — і з сілай шпурнуў яго ўсім целам аб дарогу. Бачыў яшчэ, як той стаў каціцца па схіле. А потым «поле пабоішча» знікла з вачэй.

Ніхто, здаецца, асабліва не пацярпеў. Толькі Макару трохі расквасілі твар ды ў Алеся кроватачылі пальцы левай рукі: разбіў аб твар першага, якога скінуў.

Некаторы час усе прыгаломшана маўчалі. Потым Чыўін (адзін рукаў у яго быў аддзёрты, а твар усё яшчэ бледны) сказаў чужым голасам:

— Ну, думаў, прапалі. Вось табе і Новая Вёска. І раптам зарагатаў:

— Ну, князь, ты, я гляджу, зу-ух. Прапалі б, каб не ты. Ведаеш, хто гэта? Той, сажнёвы, што пад колы ўпаў, гэта сам Аляксашка Шчалканаў, першы на Маскву бандзюга і разбойнік. Той, якога ты першы скінуў, — Міхайла Сямёнаўскі. Мянушка гэта ў яго такая. Той, каго ты па гарбе кісцянём лізнуў, — новавясковец Васька Сноп.

Астатніх не ведаю. А Сноп ды Міхайла, здаецца, цяпер у работнікі да Багатырова пайшлі.

— Чаго ж яны цябе не пазналі?

— Здалёк, відаць, не пазналі, а потым позна было перадумваць. Ах, навалач! Вось ужо я Івану скажу. Па Шчалканаву Сашку — брат ягоны Сенька, таксама ў Багатырова ў работніках — Сібір плача*. Дый гэтыя, Васька з Міхайлам, іншага не вартыя. Ведаеш, што яны аднойчы зрабілі! Па шашы ідзе на сяло Іванаўскае, што за звярынцам, на фабрыку, абоз з пражай. Мужыкі ідуць ля першага каня. То гэтыя чэрці прыстроіліся непрыкметна ды два вазы зварацілі і павялі. Мужыкі не заўважылі, а потым спахапіліся ды, з дручкамі, на Багатыроў двор. Міхайла стаіць ля варот. Тыя дзяруцца ў двор, а ён вароты на сабачы двор адчыніў, а там каля сотні псоў, ды работнікі падышлі з нажамі і па хвартухах кроў цячэ. Мужыкі, ясна, пайшлі. Дый то, нават калі б пусцілі іх абшукаць двары — нічога б не атрымалася. Там, у Івана, на «скверным» двары, ямы. Падлу абдзёртую туды скідаюць і засыпаюць, а потым, як мяса згніе, выбіраюць косткі. І кожная яма на тысячу конскіх тулаў. То яны коней «схавалі», завялі, разам з вазамі, у яму ды засыпалі зямлёй.

* Аляксандар Шчалканаў пазней быў высланы ў Петрапаўлаўск-Камчацкі.

Алесь здрыгануўся:

— У добрае ж месца ты мяне вязеш.

— І гэта трэба бачыць, — сумна сказаў Чыўін. — Ф-фу-у, адбіліся ўсё ж. Сам сабе не веру.

— Ты барыну падзякуй, — сказаў Макар. — Каб не ён — паляцеў бы ты да свайго, даніканаўскага, бога.

Пад'ехалі да багатыроўскага паселішча. Будынкі, як крэпасць, былі абгароджаны высокім заплотам, вароты — магутныя.

Ад вешалак з быдлячымі шкурамі нясцерпна смярдзела. Ля варот сядзелі два вартаўнікі і спрачаліся наконт пеўневых баёў:

— Не, ты мне не кажы. Птушку трэба гадаваць сухім аўсом і галачкамі з чорнага хлеба.

— І нічога з яго не атрымаецца. Трэба яму, маладому, абрэзаць грэбень ды сярожкі і тут жа самому даць дзяўбці. О, тады гэта будзе Птушка! А потым ужо даводзіць да Палажэння.

— Дзе гаспадар? — спытаў Чыўін.

Выгляд у яго быў пашматаны.

— Што гэта ты, бацюхна, як з бутэлькі вылез?

— Не твая справа, морда. Дзе гаспадар?

— Бык выдраўся з-пад сцягаўца. Цкуюць яго зараз на крузе.

Накіраваліся на круг. Яшчэ здалёк убачылі вялікае кола народу, пачулі гоман, убачылі ў коле чорнага вялізнага быка, што капаў капытамі зямлю.

Магутны прыгажун звер глядзеў налітымі крывёй вачыма, брухаў рагамі зямлю, скакаў. А вакол узбуджана выў народ.

— Унь Багатыроў, — сказаў Чыўін.

Сярод усяго гэтага ашалелага зброду быў спакойны толькі адзін паджылы чалавек з рэзкім тварам. Ён непарушна курыў доўгі цыбук. Хлопчык год дванаццаці* стаяў ля яго, з жахам назіраючы за шалёнымі скачкамі жывёлы.

* Будучы вядомы спявак, збіральнік народных песень і белетрыст Павел Іванавіч Багатыроў (1849-1908).

— Здароў, Іван, — сказаў Чыўін. — Што ж гэта твае людзі?…

— Чакай, — сказаў Багатыроў. — Потым.

— Цяценька, — сказаў хлопчык. — Не загадвайце вы… Не трэба.

— Гэх, Паўлуха, нічога ты не разумееш. Гэта — грошы… Гро-шы.

Хлопчык замаўчаў. Алесь спаймаў ягоны позірк і ўсміхнуўся яму. Той адказаў рахманай, але ў чымсьці ўжо і зухаватай багатыроўскай усмешкай.

Чыўін соп, з гневам пазіраючы на гаспадара. Церабіў клінаватую бараду.

Бык раптам памчаў па крузе. Выцягваўся ў паветры, дугою выгінаў хвост. І па крузе, разам з ім, выбухаў і згасаў захоплены рык.

— Звер! Звер! — крычала публіка.

Алесь бачыў сотні людцаў, чырвоных, ашчэраных, з потнымі бліскучымі тварамі, бачыў прыліплыя да скроняў валасы, мятыя дваранскія шапкі, паддзёўкі, фартухі мяснікоў, выцягнутыя ў паветра рукі.

— Звя-ры-нуш-ка!

— Ух ты, ільсняны мой!

— Баг-гатыроў, до ўжо! Спускай сабак!

— Радавых давай, чыстакроўных!

Звер роў.

Непадалёку ад Алеся рабаваты купец з замілаваннем глядзеў на быка, торгаў нагамі ад нецярплівасці і ледзь не са слязьмі крычаў:

— Ну пайшла, ці што? Пайшла?! Пайшла?!

— Ты што лямантуеш, чортамалот? Рыла луснуць гатовае, а нерв-най!

Бык узняў галаву і працягла зароў. Яму было страшна, але ён рыхтаваўся дорага прадаць жыццё. Вакол незнаёма, зусім не так, як на даржніку ці ў травяным зялёным полі, смярдзела потам, тытунём, газамі і выпарэннямі чалавечых цел. І звер крычаў, аж варушылася на закінутай глотцы хвалістае льснянае валлё. Багатыроў махнуў рукою.

Са скрогатам паднялося акенца ў агарожы. Вялізны медэлянскі пёс куляй вылецеў з яго і забаяўся: пайшоў трохі ў абход быка. Бык быў дасканаласць, і пёс быў дасканаласць.

— Бушуй! Бушуй! — зарыкаў натоўп.

У акенца выскачыў за Бушуем другі сабака, таксама, відаць, сем з паловай чвэрцяў у даўжыню ад вушэй да хваста. У гэтага вочы былі наліты крывёй, а масць кідалася ў сіняву.

— Га-лу-бы! — роў натоўп. — Га-лу-бы!

Бушуй, убачыўшы падмацаванне, асмялеў. З двух бакоў памчалі да быка дзве вялізныя істоты. Бык ударыў быў Бушуя, але не рагамі, а лбом, і пёс пакаціўся па зямлі. Але ўжо ў наступны момант зноў ускочыў.

Яшчэ праз хвіліну два целы цяжка віселі на ягоных вушах. Пасярэдзіне круга рухаўся, з напругай кружыўся клубок з сопу, пырхавання, прыглушанага — праз поўную поўсці пашчу — клёкату і бурчання.

Бык прыўзняў быў галаву, але яна адразу рухнула амаль не да зямлі: чатырнаццаць пудоў вісела ў яго на вушах.

— Ар-ар-ар! Ар-ар-ар!

Ільсняныя тулавы сабак матляліся па зямлі. Гэта было так абрыдліва, што Алесь адвёў вочы.

Убачыў хлопчыка. Той сядзеў на кукішках, каб не глядзець на «круг». Між ягоных каленяў заціснута была вялікая галава трэцяга медэлянскага сабакі.

— Як яго завуць?

— Лебедзь, — адказаў хлапчук.

— Стары?

— Вельмі стары. На пакоі. Ён малады мядзведзя адзін на адзін біраў.

Вочы Лебедзя — ад пяшчоты — былі прыплюшчаныя (хлапчук гладзіў яго па галаве), але вушы трапяталі зрэдку, відаць, прыслухоўваючыся да не даступнай яму цяпер музыкі бойкі.

Вы читаете Зброя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату