— Мяснікі! Хлопцы! Стрэльбы! Страляйце ў яго! — крычаў Багатыроў.

— Татка, не трэ…!!!

А бык ішоў. Жаўрукі звінелі ў ззянні, і ён ішоў да іх. Ішоў да добрай шэрай чарады, што рухалася па дарозе. Да добрай шэрай чарады, што стала прыветна махаць бліскучымі рагамі, убачыўшы яго.

Зараз ён далучыцца да іх, пойдзе з імі. Далёка-далёка, дзе цёплае сена і дзе няма сабак.

…Багатыроў раптам упаў на калені.

— Лебедзь! Лебедзік! Ату! Ату! Вазьмі яго! Ату!

Лебедзь адвараціў трачаную молем галаву.

— Багатыроў, — сказаў Алесь, — што возьмеш за жыццё сабак?

Багатыроў кінуў на яго шалёны позірк, але ўбачыў, што Лебедзь цягнецца да Алесевых рук.

— Барын, што хочаце-с…

— Жыццё быка, — сказаў Алесь. — І яшчэ… беражыце хлопчыка ад такога…

— Барын… Барын… Толькі хут-чэй…

Алесь паклаў руку на галаву Лебедзя. Пёс глядзеў на яго, і зрэнкі ягоныя трапяталі, а пад выцертай поўсцю хвалямі прабягалі дрыжыкі замілавання.

— Лебедзь, — строга і ціха сказаў Алесь, — вазьмі яго.

Пёс уздыхнуў.

— Вазьмі яго, Лебедзь.

І тады пёс павараціўся і цяжка завалюхаў за быком. Спачатку ён, здавалася, не апускаўся, а падаў на ўсе чатыры лапы пасля кожнага скачка, але потым разышоўся, і калі раней нагадваў цяжкі мех на чатырох лапах, то цяпер нагадваў таран.

Ішоў у сяйва бык, а за ім, павольна наганяючы яго, бег на свой апошні подзвіг стары сабака.

Багатыроў убачыў, што два салдаты апусцілі стрэльбы.

А бык убачыў, як прыветна схіліў да яго бліскучыя рогі крайні бычок. Ён паскорыў крок насустрач яму.

І ў гэты момант Лебедзь дагнаў быка і грудзьмі, усёй вагою свайго мацёрага цела, ударыў яго ў зад.

Бык упаў на калені і ўжо не здолеў узняцца. З крыкамі беглі да яго па раллі мяснікі. Накінулі па рогі распетлі, пінкамі разагналі сабак, павялі да круга.

Наперадзе, нізка апусціўшы галаву, трухаў Лебедзь. Падышоў, торкнуўся халодным носам у Алесеву далонь.

Багатыроў калаціўся, абмацваючы Бушуя і Галубога. Тыя ледзь дыхалі, але глыбокіх ран у іх не было.

Бык рахмана стаяў убаку і непрыкметна цягнуў морду ў бок сонца і жаўрукоў.

— А з Лебедзем што цяпер загадаеце рабіць, барын? — аддыхаўшыся, спытаў Багатыроў.

— Не ведаю. Хіба ўзяць з сабою?

— Д-добра, — сказаў жывадзёр. — А за тое, што такое мне зрабілі, мо возьмеце яшчэ і шчанюка? Вось унука ягонага-с. Га?

— Чаму не.

Багатыроў шчасна засмяяўся.

— Ах, барын, барын, даражэнькі мой! Бушуй, Галубы! Пёсікі мае! Ды хай ён яшчэ сто гадоў жыве, той бугай, — і раптам зарагатаў. — А бугая?! Бугая куды?! Можа, таксама з сабою?! Можа, у паперку загарнуць?!

Усе глядзелі на быка ў непаразуменні. Што, сапраўды, рабіць з вызваленым жыццём? Куды яго? Не ў брычку ж садзіць ды везці з сабою?

І раптам Калашнікаў з захапленнем вылаяўся:

— Не, я вам яго ў брычку садзіць не дам. Такі баец! Такі найлепшы ў свеце баец! Гэта ж падумаць, з-пад сцегаўца выдрацца, трыццаць пудоў на сябе насіць, браму выламаць, усю гэтую навалач разагнаць, чатырох такіх псоў скінуць! Як-кі баец!

І звярнуўся да Алеся:

— Мне аддайце. Аддайце мне. Слова афіцэра, да скону паю-кармлю. Чорт! Ды да мяне будуць ахвотнікі з усёй Масквы прыходзіць, каб толькі паглядзець на тое дзіва. Ты, Багатыроў, бачыў такое калі-небудзь?

— Ніяк не, барын.

— Ды яшчэ калі цяляты ад яго… Аддасцё?

— Бярыце, — сказаў Алесь.

Багатыроў з Алесем ішлі да паселішча, пакінуўшы ўсіх далёка за сабою.

— Чорт ведае як гэта магло здарыцца, — разводзіў рукамі сырэйнік. — Ну, добра, Шчалканаў бандзюга першы. А Сноп, а Міхайла?! Усе ж ведаюць, што гадую я іх лепей, чым усе ў Маскве. Работа такая, што без гэтага челавек не затрымаецца. І людзі ўсе свае, бо на нашу справу чужы чалавек не пойдзе. Адчайныя хлопцы, гэта так, ліхія наконт плюху камусьці адвесіць, пабіцца, канакрада, скажам, зашыбіць. Але каб разбой? Адкуль гэта?

— Яны, цяценька, з Аляксашкам Шчалканавым у карцішкі пачалі балавацца, — прагучаў раптам ззаду дзівосны мілагучны дзіцячы галасок. — Я чуў: гуляюць з нейкім Хлюстам.

Старэйшы Багатыроў пасуровеў:

— Ідзі, Паўлуша, ідзі.

Некаторы час сырэйнік ішоў моўчкі.

— Дрэнная справа.

— А што такое?

— Гэты Хлюст з Нова-Андроньеўскай. Чалавечак гнілы. Карцёжнік несумленны. Згаварыліся, відаць, дый абмішулілі хлопцаў. А потым справа вядомая: плаці грошы ці на жыццё гуляй. І вялікія, відаць, грошы, калі на разбой пайшлі. Ну. цяпер усё.

— Як усё?

— А так. Не ведаеце вы нашай басоты. Канец хлопцам. Прырэжуць іх хлюстаўскія.

Алесь ішоў моўчкі. Ён прыкідваў свае сілы. Ён, Мсціслаў, Кірдун, Кандрат Кагут — чацвёра. І на гэтым усё. Неверагодны план паступова складваўся ў ягонай галаве.

— Скардзіцца будзеце-с? — спытаў Багатыроў.

— Нашто, калі іх зарэжуць.

— Гэта праўда-с, — уздыхнуў сырэйнік. — Гэта як піць даць.

— Колькі яны маглі прагуляць?

Багатыроў паціснуў плячыма:

— Пяць чалавек на смерць паслаць? Думаю, рублёў дзвесце. З-за меншага не сталі б пэцкацца.

— Што ж, у вас тут кошт жыцця сорак рублёў?

— Атрымоўваецца так, барын.

Алесь глядзеў у ягоныя вочы. Не, вочы не хлусілі.

— Я магу заплаціць за іх грошы.

— Што за гэта патрабуецца?

— Мне патрэбны рукі вашых людзей, — сказаў Алесь.

РАЗДЗЕЛ VІІІ

Гай нібы навісаў над Уладзімірскім гасцінцам. Свяціліся пад паўдзённым сонцам белыя ствалы бяроз, мякка шалахцелі іхнія галіны, зусім непрыкметна, толькі калі глядзець на ўвесь гай, кранутыя зеленню.

Хмызы на адхоне падступалі да самай дарогі, брук якой блішчаў пад сонцам. Недзе далёка-далёка злева, па гэты бок дарогі ўгадвалася багатыроўскае паселішча, а насупраць яго — Аненгофская пасадка, за якой цягнуўся і цягнуўся Ізмайлаўскі бор.

Людзі сядзелі на адхоне. Запрэжкі былі адведзены трохі далей, на лясную дарогу. У апошні момант вырашылі, што першую пару троек, на якой будуць скакаць да «лапцеўскай» падставы, лепей купіць, а потым адвесці ў бок ад дарогі ўцёкаў і там кінуць: нехта падбярэ.

Ля коней зараз былі тыя два новавяскоўцы, якіх Чыўін не ведаў, здаровыя змрочныя мужыкі.

Багатыроў не схлусіў. Хлопцам сапраўды трэба было адкупіцца ад Хлюста, толькі цана чалавечага жыцця была не сорак, а сорак пять рублёў. Калі, па загаду сырэйніка, няўдалыя разбойнікі прыйшлі да Алеся — яны

Вы читаете Зброя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату