— Нягож, — буркнуў наваяўлены Вакх.
— Вазьміце і маю, — Алесь працягнуў вяленевы прамакутнічак.
Мсціслаў прабег па ім вачыма і пакланіўся.
— Так точна, — сказаў ён. — Я да вашых паслуг. Якая камісія, прашу, вядома, дараваць?
— Мне патрэбна тры тысячы штук паркалю. Праз тры месяцы самае позняе. Няхай сабе самага таннага, але затое самых розных і яркіх, самых стракатых колераў.
— А тып? — прагна, але з прагнасцю, схаванай за крайняй павагай, спытаў Маеўскі.
— Разнатыпныя штукі, — сказаў Алесь. — Гэта не оптам.
— Зробім, — сказаў Мсціслаў. — Зробім.
Пад'ехаў рамізнік. Кандрат размясціў рэчы, дапамог Мсціславу сесці, а сам ускараскаўся на козлы.
— Зробім, — сказаў яшчэ раз Маеўскі.
Коні кранулі.
Некаторы час тыя, што засталіся, стаялі моўчкі. Усе яшчэ церушыў мокры снег, і, нягледзячы на гадзіну апоўдні, было цёмна, бы ў прысмерак.
— Бог ведае што такое. — Алесь выціраў мокры твар. — Звычайна за рукі рвуць, на часткі. Толькі і чуеш — «пажа»… «пажа…». А тут — хоць бы хто.
— А іх доўга не будзе, бацюхна, — сказаў купец.
— Што так?
— Я спраўкі навёў-с… Носаў, суконшчык з Прэабражэнскага, гуляюць з сябрамі. Узялі-с усе каліберы* з плошчы і паехалі-с. І сані ўзялі.
— Хіба ўжо на каліберы пераселі?
— У цэнтры ўжо на іх. Самі бачыце, голы камень пад гэтай кашай… Вось Носаў і паехалі. Пяцьдзесят рамізнікаў за імі едуць… Вам-то нічога, а мне яшчэ стаяць і стаяць.
Алесь вырашыў капануць субяседніка, масквіч ці не.
— А чаму «калібер»?
— Па думскаму каліберу рабілі пры генерал-губернатары Галіцыне. Даўгушы ён загадаў знішчыць, а ўсім парабіць такія па думскаму каліберу, узору. То рамізнікі самыя экіпажы так сталі зваць… Дурны народ…
Памаўчаў.
«Масквіч», — падумаў Алесь. А стары раптам сказаў:
— І вось глядзіце, няма парадку і няма. Зіпунішкі ў рамізнікаў драныя, армякі — страшныя, капелюхам гэтым паяркавым — сто год. Дый як іначай, калі той «ванька» за дзве грыўні ці нават за пяціалтынны цераз усю Маскву вязе… Правага боку не трымаецца, едзе дзе хоча, на стаянках кідаюць коней без дагляду… Ёсць, вядома, рамізнікі і чысцейшыя-с, першага гатунку. То яны, бацюхна, рэдка з незнаёмымі ездзяць. Так і наймае іх чалавек на два тыдні — на месяц.
Уздыхнуў:
— А брук наш. Гэта ж нешта немагчымае. Бруд, пыл, ямы, ухабы. Людзі рукі ломяць, экіпажы развальваюцца, коні калечацца. Не брук, а кара ягіпецкая! За грахі гэта нашы спаслаў Пан Бог.
— Гэта ж справа начальства.
— І начальства — за грахі, — упэўнена сказаў стары. — Племя гэтае антыхрыставае.
Азірнуўся і кашлянуў.
— Тры гады таму галоўнага антыхрыста збылі. Генерал-губернатара Закрэўскага. Ледзь дажыліся. Вышэй закона божага сябе ставіў. Вусны апаганьваў плашчаднай лаянкай.
Замоўк. Алесь стаяў і думаў. Ён цудоўна ведаў усё, аб чым казаў купец, але сябе не выдаваў, хацеў мець выгляд правінцыяла.
Ён думаў аб тым, што, калі паўстанне пераможа, калі яно перакінецца і сюды, гэты самы Закрэўскі, нягледзячы на тое,што яму семдзесят пяць і ён чалавек адстаўны, будзе ў ліку першых кандыдатаў на шыбеніцу або — наўрад ці паўстанне захоча запэцкаць рукі аб поскудзь — на вечнае выгнанне за мяжу.
Гэты — варты. Сатрап маскоўскага вілайета. Дурны, грубы, як усе яны, артадаксальны і ардынарны, упэўнены ў сваёй бяскарнасці, пыхаты, як свіння, малаадукаваны і малапісьменны парвеню. Тып з кругаглядам вучня прыходскай ці кантанісцкай школы, які з таго часу так нічаму і не навучыўся. Такі самы гараднічы, як і ягоны патрон, здохлы капрал Мікола. З верху і да нізу — усе аднолькавыя. Накшталт таго гараднічага, які ў Кінешме паказваў аднаму «змагару за праўду» сагнутую руку: «Закон?! Хрэна табе, а не закон! Вось ён у мяне дзе! Мяне сюды анпіратар паставіў, сам цар, а цар вышэйшы за закон. Значыць, і я вышэйшы за закон!» Усё ў такіх проста. Закон — на паперы. Адказ — толькі перад асобай самога гасудара. Падсуднасць — лухта. Нездарма цар, прызначаючы Закрэўскага ў Маскву, даў яму неабмежаваныя паўнамоцтвы, што датычыцца асабістай недатыкальнасці грамадзян.
«Закон — не абавязковы для кожнага. Закон — пудзіла для народа».
А шкада, што паўстанне не будзе пэцкаць рукі! Шкада! Кожны з такіх павінен чакаць адплаты — толькі гэта іх і можа стрымаць: веданне, што нават пасля смерці іхнія косткі з магілы выкінуць.
Сорак год назад пачаў кар'еру з таго, што загадаў адхвастаць аднаго гарадскога галаву. Нават цар не ўхваліў. А потым пачалося вугорскае паўстанне.
…Так, яго прызначылі ў Маскву якраз у сорак восьмым — памяць не падводзіць. Як божы пярун на нявінныя гурткі асвечаных і ў меру вальнадумных цялятак.
— Распусціліся. Франдуюць. Трэба падцягнуць… Ведаю, буду за Закрэўскім, як за каменным мурам.
Так сказаў цар. І меў рацыю. За адзінаццаць год не было бадай ніводнага абывацеля (з тых, хто не належаў да эліты), які выйшаў бы ад графа без распяканцыі з памінавеннем бацькоў і асабліва роднай матухны.
Выкліча, морыць ледзь не цэлы дзень у прыёмнай, а потым накінецца адразу, не слухаючы ніякіх апраўданняў, лічачы, што абвінавачванне ўжо даведзена, і, ніколі бадай не выслухаўшы, — прысуд. Высакародных — цераз вуліцу, у Цвярскі ўчастковы дом, а там і далей, у Волагду ці Каргапаль.
Кроў, прынамсі, пяцідзесяці чалавек на руках. То якія такія «вышэйшыя меркаванні», якая «высакароднасць мэты» можа абяліць такога, можа перашкодзіць назваць яго сапраўдным імем «злачынцы супраць чалавека» і «забойцы»?!
«Чаго мая нага хоча». І людзі так баяцца вось такога, што адзін, невінаваты, ад удару памёр, калі выклікалі. А ён дачцэ даў пісьмовы дазвол другі раз выйсці замуж, не разводзячыся з першым мужам. Ледзь не ўцягнуў Расею ў канфлікт з Грэцыяй: палічыў грэчаскага консула ў поўнай форме за шталмейстара і цыркача Сулье, які хадзіў у расшытым золатам турэцкім мундзіры і напярэдадні прасіў у Закрэўскага аб дазволе на выступленні. А палічыўшы, крыкнуў консулу (бо спяшаўся на вялікі пажар, аматарам якіх быў):
— Пляши, сукин сын, скачи, прыгай! Разрешаю, так твою и разэтак!
Дорага ж каштавалі гэтай няшчаснай Маскве гады яго адміністрацыйнага захаплення. Расперазаўся, сатрап. Наконт рэформы толькі й сказаў: «У Пецярбургу глупствы задумалі».
— Ваш рамізнік едзе, — сказаў купец.
Са снегавой сеткі набліжаўся экіпаж. На шчасце, не калібер, а першагатунковыя сані з запонай і верхам. І фурман сыты і гожы сабою — не «ванька» ў дрэнным армяку. Каптан — навенечкі, збруя — з бляшкамі, пара коней — сытыя.
— Ну вось, — сказаў стары. — Цяпер і мая чарга.
— Вы адкуль жа?
— Рагожскі… З Малай Андроньеўскай.
Алеся нібы нешта штурхнула. Рагожскія палясціны, але не каля самой заставы, адкуль гоняць