* Карэйша Іван Якаўлевіч — славуты маскоўскі юрод, якога трымалі ў Прэабражэнскай бальніцы і на «прароцтвы» якога валам валілі, нягледзячы на поўную іх бессэнсоўнасць, мяшчане, купцы і арыстакратыя горада. Сучаснікі кажуць, што наведвала яго ўсё грамадства і што ўся жаночая палова Масквы, безумоўна, прызнавала яго. У Ляскова ёсць апавяданне, як Карэйша «з-за памылкі» прасіцелькі «вымаліў» дзіця не замужняй жанчыне, а дзяўчыне. Карэйша памёр у 1862 годзе, ва ўзросце васьмідзесяці гадоў.

Карэйша зараз дажываў свой век у доме вар'ятаў. Што яны — не вар'яты, а «нармальныя» — будуць рабіць без яго?

…Добра, што ў будачнікаў аднялі алебарды. Такі быў сімвал ідыёцтва ўладатрымальнікаў! Такое бруднае і грубае сярэдневякоўе! Як увесь гэты быдлячы свет.

— Вы нешта сказалі? — страпянуўся Алесь.

— Вы ўпершыню ў Маскве? — паўтарыў купец.

— Упершыню, — сказаў Загорскі.

Ён не вельмі хлусіў, кажучы гэта. Тэатры, універсітэт і рэстараны — гэта была не Масква. Ён, Алесь, стаяў цяпер твар у твар з сапраўднай Масквой. Яму трэба было цяпер жыць з ёю і мець справу з ёю і, дзякуючы небяспечнасці свёй справы, спусціцца ў такія цёмныя глыбіні, такія лабірынты і прорвы, якіх цалкам і на ўсю глыбіню не ведаў ніхто. Ён упершыню ішоў да яе, і яму было нават трохі страшна. Бо тут раскашавалі і забівалі, здабывалі сабе хлеб гандлем і рабункам, з дазволу і патаемна, а то абыходзілася і без яго, без гэтага хлеба.

Гэта было як з Варваркі спусціцца ў Зараддзе. Не, нават горш. Недзе глыбока пад нагамі чакалі смярдзючыя завулкі, дзе людзі, як напаўздохлыя рыбы, ледзь рухаліся ў гнілой вадзе.

— Упершыню, — паўтарыў ён.

— То сцеражыцеся, — сказаў стары. — Небяспечны горад. Масква слязам не верыць. Яна, матухна, б'е з наска. Крый Божа нашаму на зуб трапіць. Асабліва калі па гандлю. Хуценька ў «яму» трапіш. Як на матыў «Блізка горада Славянска» спяваюць.

Близко Печкина трактира,У присутственных ворот,Есть дешевая квартираИ для всех свободный вход.

— Што ж гэта вы, дрэўлепрэпраслаўленай веры, а ў оперу ходзіце?

— Ды не хаджу я, — адмахнуўся стары. — У тракціры Фокіна чуў. Там «машына» грае. То вось у машыне адзін такі вал ёсць.

— А, уласна, чаму нам не пазнаёміцца? Загорскі Аляксандар Георгіяў.

— Гм… А я Чыўін Дзяніс Авакумавіч.

Настаў час трохі здзівіць. Алесь абыякава сказаў:

— Кругом стараабрадскае імя. Чыўё — гэта ж лыжачка са зрэзаным донцам.

Стары, сапраўды, трохі насцярожана здзівіўся:

— Праўда. Замест чарніліцы яна нашым перапісчыкам кніг. Старым пісьменствам жывем. Божым.

— А чарнілы, пэўна, фабрычныя. Толькі тоўчаную ржу дабаўляеце, божыя перапісчыкі, ды сажу.

— І камедзь, — яшчэ больш здзівіўся Чыўін.

І раптам нехта нібы распусціў на ягоным твары зморшчыны. Яны абмякнулі.

— А Дзяніс — ад выгарэцкіх Дзянісавых*. А Авакум — вядома ад каго.

* Браты Дзянісавы — заснавальнікі стараверскай «беспапоўскай» пустошы на Выгазеры. Людзі вялізнай для свайго часу адукацыі, самыя паважаныя раскольнікамі асобы ў часы цара Пятра.

Алесь зразумеў: Чыўін зрабіў для сябе нейкі вывад і баяцца яго не будзе. Менш, ва ўсякім разе, будзе баяцца.

— Я і кажу, — сказаў стары. — Сцеражыцеся. Ніканіянскі горад. Блудніца вавілонская. Злодзей на злодзеі сядзіць. Падэшвы на хаду рвуць. Вось нядаўна з Крамля гармату ўкралі.

— Не можа быць!

— Не хлушу, бацюхна, — стары цяпер гаварыў істава, куды падзеліся «слова-еры». — Яны б і царзон прынялі, каб нехта купіў. Знайшлі б спосаб.

— Ды як?

— А так. Там пастамент ля арсенала. Раніцай змяняўся караул — ан замест пастамента — пустамент. Няма. Уся паліцыя, увесь сыск забегалі. Урэшце знайшлі на Драчоўцы, на Старой плошчы, у сутарэнні пад дробязнай крамай. І ўжо тую гармату сякерай на лом нехта разбіваў. А гаспадар крамы — «дабрасовесны» ў гарадской часці. Вось табе і «дабрасовесны»: крадзеныя гарматы купляе. А зладзеі яе вось як вывезлі. Скінулі на зямлю і адразу, захутаўшы ў дзяругу, — на санкі. Вартавы ў Троіцкай браме пытае, што вязуць, а яны яму: «Чушку, кармілец, тушу свіную». Вартавы толькі вочы ўзвёў ды, відаць, пачаў думаць, як яно добра пад гарэлку. Ну і вывезлі. Каб цар камусьці быў патрэбен, то вывезлі б і цара… цьху, даруй мне Божа, я не казаў — вы не чулі… Так што глядзі-іце.

— Мне б такіх людзей, — сказаў Алесь.

— Ды нашто вам?

— Зброю хачу купіць. Многа.

Халімон на козлах здрыгануўся. Падумаў, відаць, што выхаванец звар'яцеў.

Калі ён не вытрымаў і зірнуў назад, Алесь убачыў у вачах Кірдуна дрэнна схаваны жах. Фурман азірнуўся таксама. Чыўін ускінуў на Алеся вочкі:

— Нашто? Часам не на разбой?

— Пяцьсот стрэльбаў на разбой? — усміхнуўся Алесь. — Ды шабляў столькі ж, ды нажы, ды іншы тавар? Кіньце. Ды яшчэ вось у надоешняга купца тры тысячы штук паркалю куплю, ды люстэркаў, ды караляў.

— Мяняць? — здагадаўся Чыўін. — Куды? Да самаедаў, далган, айнаў?

— Трымай далей, — сказаў Алесь. — У Афрыку.

— Гэта да мурынаў?

— Но.

Фурман пакруціў галавою.

— Ды нашто вам, — сказаў старавер. — Хто там гандляваў?

— А я не гандляр. Мне дужа скучыла на месцы сядзець. Я хачу туды, дзе ніводны хрысціянін не хадзіў. Буду мяняць сёе-тое, падарункі рабіць дзікім людзям. А каб не напалі — найму людзей, зброю ім дам.

— Гэта вас бес водзіць, — сказаў Дзяніс Авакумавіч. — Самушчэнне непаседлівае.

— А вашы людзі краіну Белазер'е шукалі?

— Яны былі «ўзыскуюшчыя града».

— Гэх, бацька, адкуль ты ведаеш, якога града «ўзыскую» я? Душа не на месцы. Не магу, каб так, як было.

— То тады яшчэ горш. З тлушчу. У нас тут было. У Веташнім радзе малебен быў. І вось пасля набажэнства шэсць нашых купцоў ды адзін грузін выпілі ў тракціры Бубнава, а потым за Цвярскую заставу, у «Стрэльну», паехалі. Ну і напіліся там да бессвядомасці, да быдлячага стану. І вырашылі адразу ж ехаць у тую саму тваю Афрыку, паляваць на кракадзілаў. Адразу ж на рамізнікаў, на Курскі вакзал, селі ў вагон, паехалі ў Афрыку. Прачнуліся каля Арла і трохі здзівіліся. Ніхто не ведае, чаму Арол, чаго ў вагоне, самі едуць ці іх вязе нехта? І галоўнае, суседзі і тыя не растлумачаць. Адзін палез у кішэнь — паперка. А на ёй маршрут — Стрэльна — вакзал — Арол — Афрыка… Паехалі назад. То хаця і не палявалі, а адзін, Зяблікаў Фама Цітыч, горш чым ад кракадзіла знявечыўся. Морда разбітая, рука выкручаная. Гэта ён па дарозе на вакзал з пралёткі на брук выкаціўся… Вось табе і Афрыка, і кракадзілы… Купец, пэўна?

— Князь, Дзяніс Авакумыч.

— Колькі ж у вас прыгонных было?

— Дваццаць тысяч.

Сані імчалі цёмнымі вуліцамі.

— Стой, — сказаў раптам купец. — Стой, фурман, высадзі.

— Чаго вы?

— Няўмесна, бацюхна. Не магу я так сядзець.

— Які я вам «бацюхна». Сядзіце. Не спыняй, Макар.

— Канешне, можна і ехаць, — пасля маўчання сказаў Чыўін. — І развага, і небяспека, і не заспееш на

Вы читаете Зброя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату