У гэтым сэнсе ён быў па-за канкурэнцыяй.

…Ля музычнага магазіна Паўла Ленгольда стаяў з коньмі Макар. З магазіна даляталі шчымлівыя гукі гітары (у Ленгольда, каб пакупнікі ведалі, чаго яны могуць дасягнуць, граў калісьці славуты гітарыст Высоцкі, а цяпер новыя гітарысты з лепшых).

— То паедзем, — сказаў Чыўін. — Давай, княжа, так зробім. Паедзем зараз Праломнай брамай. Да гэтага паглядзіш на сталёвы гандаль ля Багаяўленскага манастыра, на гандаль Старой Плошчы. Потым паедзем на Кузнецкі. Адтуль — у Старыя рады. Як ты кажаш, каўбасу звяжам. А потым — на Балчуг, там таксама гандаль.І на гэтым сёння скончым.

— Давай.

Кірдун, што ставіўся да Чыўіна, як і да ўсіх Алесевых знаёмых, вельмі раўніва, толькі соп ад гэтай бесцырымоннасці.

Сані крануліся. Багатая Іллінка, маскоўскае «сіці», плыла перад вачыма. Мянялы-скапцы сядзелі пад паветкамі. У магазіне багатыроў Булачкіных цьмяна блішчала ў пахмурным святле срэбра. Пералівамі мастацкай парчы ззяла за вокнамі вялізная Сапожнікаўская лаўка. І на ўсё гэта церушыўся з неба мокры снег.

— На Варварку варочаць нам няма чаго, — сказаў Чыўін. — Там воск, перцы-шмерцы ды оптавая бакалея. А гандляры ўсё больш былыя прыгонныя Шарамецева. Не адпускаў. Яны амаль усе тысячнікі, а многія нават мільёншчыкі, то яму пахвальна было, што ў яго мужыкі мільёнамі варочаюць. Вось цяпер, як прыгон адмянілі, то і кусай локці. Ды што яму? Багатыр? Роўны, відаць, вам па багаццю. А ў цябе мільёншчыкі былі?

— Пры бацьку — былі. Дванаццаць чалавек. Ды я іх адразу выпусціў.

— Без выкупу?

— Але. Толькі прымусіў, каб кожны для бедных аднавяскоўцаў купіў па валоцы зямлі ды па каню. І хаты пабудаваў.

— Прадзешавіў, князь. Яны б і дзесяць тысяч за волю кожны заплаціў.

— Я за гэтым не гнаўся. Яны нават аброку менш шарамецеўскіх плацілі… Пяцьдзесят у год.

— То добра. А ото, бачыш, царква Іаана Багаслова, што пад вязам. Бачыш, гандаль. Тут гатовае адзенне купляюць. Можна драніну купіць, бо падмануць на ўсе чатыры коркі. А можна і добрае. Кажухі часам нішто сабе.

Загорскі дакрануўся да пляча Кірдуна. Халімон непрыкметна схіліў галаву. Вечарам ён павінен перадаць гэта Маеўскаму, і тады «купец. Вакх» закупіць тут дзве тысячы кажухоў. Пашыць такую вялізную колькасць на месцы, у Прыдняпроўі, нельга было, не абудзіўшы чутак. Швальні Загорскага пад маркай «абшывання слуг малодшых радоў» маглі пашыць не больш як пяць соцень цёплых кажушаных чуг. Ды частку замовілі ў розных месцах.

Паварацілі на Нікольскую, да Багаяўленскага манастыра. Тут калыхаўся натоўп: ішоў гандаль сталёвымі і меднымі вырабамі, галоўным чынам, тульскімі. Цьмяна блішчалі самавары — ад пяцівядзёрных, «чыгуначных», да самых малых; вязкамі, як лыка пад мужыцкай страхой, віселі стрэльбавыя ствалы. У глыбіні ятак, як тарань, серабрыліся бліскучыя нажы, суседнічалі з прыборамі для дзвераў і шэрагамі паляўнічых дубальтовак.

Чыўін часта загадваў спыніць коней, таргаваўся з гаспадарамі, запэўніваў, угаворваў і ледзь толькі не бажыўся — бо грэх. Калі ад'язджалі ад кожнага такога месца — гаспадар крамы клікаў грузчыкаў, расейцаў і татар, і яны пачыналі насіць на вазы «гужавых» рамізнікаў, што стаялі паўздоўж усіх падвор'яў, рагожныя кулі.

Везлі іх на Чыжоўскае падвор'е, дзе Кірдун днямі зняў складское памяшканне.

Алесь браў у рукі варанёныя ці пасрэбленыя ствалы, мерыўся, ці ёмісты прыклад. Даўняя звычка да зброі давала яму магчымасць беспамылкова адрозніць бліскучую дрэнь для навічкоў ад простых, але сапраўдных стрэльбаў «на знаўцу». Куплялі, аднак, з перасцярогай: пяць — восем вышэйшага класа стрэльбаў у кожнай краме. Гэта не была зброяй для «ўсіх». Гэта была зброя «застрэльшчыкаў», найлепшых стралкоў, што будуць уваходзіць па два чалавекі ў кожны дзесятак, і тое на той толькі выпадак, калі штуцараў, або ігольных стрэльбаў, не давядзецца дастаць.

Натоўп віраваў на Нікольскай, і толькі ў завулках, што вялі на Іллінку, было паспакайней: там ішоў гандаль — оптавы.

— Вялікімі мільёнамі варочаюць, — сказаў Чыўін. — Вялікімі сотнямі мільёнаў. Вялікімі, няправеднымі. І ўсё больш, больш тут грошай. Кітай-горад, нічога не скажаш. А цяпер зусім у іх добра. Уся сіла гарадская тут. А паны да Яблычнага двара псароў высылаюць: хортых спрадаваць.

— Чаго брэшаш? — сказаў Макар. — Зараз вось у іх і грошы, у паноў. Ніколі столькі не было.

— І гэта праўда. Ці надоўга толькі?

Сані ледзь прабіваліся натоўпам да Праломнай брамы. Бліншчыкі, збіценшчыкі, бабулі-жабрачкі, разносчыкі, пірожнікі — так і кішэлі пад нагамі. У вокнах крам цяпер было другое: цяжкія вокладкі царкоўных кніг, золата дзіскасаў і паціраў, залатыя і жалобныя рызы. Паступова, аднак, за Друкарскім дваром, свецкае цясніла духоўнае. Пад навесамі і ў крамах ляжалі кнігі, віселі, заціснутыя ў шчыпцы для бялізны, лубачныя малюнкі. Замест семінарыстаў і правінцыяльных папоў, што прыехалі купляць царкоўнае начынне, з крамы ў краму хадзілі мужыкі-карабейнікі. Чулася бажба, лаянка, спрэчкі.

Яны тут трохі завязнулі па віне Алеся. Той заходзіў ледзь не ў кожную краму, і пасля кожнай такой візіты ў нагах седакоў прыбаўлялася кніг. Кірдун усё больш суровеў і ўрэшце не вытрымаў. Дачакаўся, пакуль яны засталіся адны перад дзвярыма чарговай крамы, і ціха сказаў:

— Нашто яны табе? Для агню купляць?

Алесь вінавата паціснуў плячыма:

— Не магу. Ты паглядзі, якія ў гэтых кніжнікаў нячыстыя лапы.

— Магчыма, разам з хатамі нашымі яны згараць, кнігі, — сказаў Халімон.

— Згараць і тут.

— Кіньце, паніч.

— Згараць. Набярэ такі кніг, носіць-носіць — ніхто не купляе. То ён тады ў двары вогнішча раскладвае і — «час абнавіць таварац». І пайшло ўсё гэта ў полымя. А тут глядзі — элзевіры*, масонскія выданні, «Духоўны рыцар».

* Элзевіры — кнігі, надрукаваныя ў друкарні Эльзевіраў у Галандыі (ХVІ-ХVІІ стст.). Вызначаюцца дзівоснай прыгажосцю і вытанчанасцю шрыфтоў.

Сапраўды, сярод лубачных кніг ляжалі містычныя новікаўскія выданні, кнігі па хірамантыі і фізіягноміцы, Златавуставы Маргарыты, Чэцці Мінеі яшчэ даніканаўскіх часоў. Чыўін, разглядаючы апошнія, толькі аблізваўся. Аж пакуль Загорскі не загадаў яму ўзяць іх сабе. А над усёй гэтай раскошай ляцелі прарэзлівыя або рыпучыя галасы: нібы падлаеды балявалі над трупамі:

— Вось лубкі-лубкі!

— Вось купец у трубу вылецеў. Чобаты буракамі, за цыліндр — рукамі, у тых, хто глядзіць, — морды дуракамі.

— А вось муж на жонцы дровы з лесу вязе. Купі, мужык, каб жонка ўбораў не прасіла.

— А — фонская гара, а — фонская гара, — ільецца ялейны галасок. — Страшны суд… Цьма непрасвяцімая; вогнь неўгасімы, скрэжат зубоўны. Змяя зялёная грэшнікаў смокча.

Зялёныя былі не толькі змеі. Зялёнае было, разам з дрэвамі, неба на лубках. Ехаў, галавою пад аблокі, храбры праваслаўны генерал, а салдаты былі не вышэй капытоў ягонага каня, як на эгіпецкіх барэльефах воіны побач з фараонам. Ружовая палоса — твары салдат, чырвоная — каўнеры, блакітная — рака, па якой яны ідуць, разам з салдацкімі чобатамі.

— Пэцканіна сатанінская, — злаваўся Чыўін. — Дакаціліся. Пасля Дзіянісія, пасля Рублёва — боскага, пасля Суждальскага ўзорач'я — Аніка-воін ды генералы дурныя.

— Рублёва ў кожную сялянскую хату не павесіш, — сказаў Алесь.

— То лепей зусім нічога не вешаць. Адзін разны коўш з бярозавага наплыву варты ўсёй гэтай брыды.

— І тое праўда.

На кніжных рынках купцы Лабкоў і Хлудаў сабралі сабе неацэнныя бібліятэкі. На кніжных рынках быў сапсуты густ двох ці трох народных пакаленняў.

Вы читаете Зброя
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату