Часта можна было пачуць, як адна курыца кажа другой: 'Пад кiраўнiцтвам нашага Правадыра таварыша Напалеона я знесла пяць яек за шэсць дзён'; або як дзве каровы на вадапоi радасна ўсклiкалi: 'Дзякуючы кiраўнiчай ролi таварыша Напалеона сёння такая смачная вада!' Агульныя пачуццi на ферме былi добра выказаныя ў паэме, складзенай Маляткам, якая называлася 'Таварыш Напалеон' i гучала так:

О сябар сiротам!

Крынiца цяпла i пяшчоты!

Памыйнi ўладар! Нi пакуты, нi голад, нi скон

Мне душу не азмрочаць,

Бо заўжды твае мудрыя вочы

Мне, як сонца з нябёсаў, зiхочуць,

Таварыш Напалеон!

Ты - дарыльшчык усёй той надобы,

Што падданым тваiм даспадобы:

Набiты трыбух i сухая падсцiлка на сон;

У хляве, як у раю,

Спiць спакойна худоба любая,

Бо нядрэмных вачэй не змыкае

Таварыш Напалеон!

Каб я меў парсючка-немаўляцi,

Гадаваў бы яго быццам мацi

I, пакуль яшчэ не распаўнеў, як качулка, ён,

Я яго навучаў бы старанна

Табе ў вочы глядзець закахана

I страчаць цябе вiскам адданым:

'Таварыш Напалеон!'

Напалеон ухвалiў гэтую паэму i загадаў напiсаць яе на сцяне вялiкага гумна, супрацьлеглай той, дзе былi Сем Запаведзяў. Над паэмай быў партрэт Напалеона ў профiль, выкананы Вiскуном белаю фарбай.

Тым часам, пры дапамозе Ўiмпэра, Напалеон уступiў у складаныя перамовы з Фрэдэрыкам i Пiлкiнгтанам. Штабель драўнiны быў усё яшчэ не прададзены. З гэтых дваiх Фрэдэрык болей iмкнуўся завалодаць ёю, але не хацеў саступаць у цане. Адначасова зноў папаўзлi чуткi, што Фрэдэрык з сваiмi людзьмi збiраецца напасцi на Ферму Жывёлаў i разбурыць вятрак, будаванне якога абудзiла ў iм лютую зайздрасць. Сняжок, як казалi, усё яшчэ хаваўся на Ферме Пiнчфiлд. Неяк у сярэдзiне лета жывёлаў вельмi ўзрушыла прызнанне трох курэй, што яны, падбухтораныя Сняжком, змовiлiся забiць Напалеона. Курэй неадкладна пакаралi смерцю, i былi прынятыя дадатковыя захады, каб ахаваць Напалеонава жыццё. Чатыры сабакi вартавалi яго ложак уначы, стоячы па адным з кожнага боку, а на маладога парсючка Жмурка быў ускладзены абавязак каштаваць усе стравы Напалеона, перш чым ён будзе iх есцi, каб праверыць, цi яны не атручаныя.

Прыблiзна ў той самы час было абвешчана, што Напалеон дамовiўся прадаць драўнiну мiстэру Пiлкiнгтану; ён таксама збiраўся заключыць сталае пагадненне на абмен некаторымi прадуктамi памiж Фермай Жывёлаў i Фоксвудам. Дачыненнi памiж Напалеонам i Пiлкiнгтанам, хоць яны i падтрымлiвалiся толькi праз Уiмпэра, былi цяпер амаль сяброўскiя. Жывёлы не давяралi Пiлкiнгтану як прадстаўнiку чалавечага роду, але аддавалi яму перавагу перад Фрэдэрыкам, якога яны баялiся i ненавiдзелi. З наблiжэннем восенi, калi вятрак быў ужо амаль пабудаваны, чуткi пра пагрозу здрадлiвага нападу зрабiлiся часцейшыя. Казалi, што Фрэдэрык меўся сабраць супраць iх дваццаць чалавек, узброеных стрэльбамi, i ўжо падкупiў суд i палiцыю, дамовiўшыся, што яны не будуць умешвацца, калi ён захопiць права на валоданне Фермаю Жывёлаў. Апроч таго, з Пiнчфiлда даходзiлi жахлiвыя весткi пра зверствы, якiя Фрэдэрык учыняў над сваiмi жывёламi. Ён засек да смерцi старога каня, марыў голадам кароў, забiў сабаку, кiнуўшы яго ў печку, а вечарамi забаўляўся тым, што прымушаў пеўняў бiцца, прывязаўшы iм да шпораў вострыя лёзы. У жывёлаў кроў кiпела ад гневу, калi яны чулi, што iх таварышы церпяць такiя здзекi, i часам яны патрабавалi, каб iм дазволiлi выйсцi самiм i напасцi на ферму Пiнчфiлд, выгнаць адтуль людзей i вызвалiць жывёлаў. Але Вiскун параiў iм устрымацца ад неразважлiвых дзеянняў i даверыцца стратэгii таварыша Напалеона.

Тым не меней нянавiсць да Фрэдэрыка расла. Аднойчы ў нядзелю ранiцай Напалеон выступiў у гумне i растлумачыў, што ён нiколi не меў намеру прадаць штабель драўнiны Фрэдэрыку; ён сказаў, што мець справу з такiм нягоднiкам было б абразаю ягонай годнасцi. Галубам, якiх усё яшчэ высылалi, каб разносiць весткi пра Паўстанне, было забаронена садзiцца ў Фоксвудзе, iм таксама было загадана адкiнуць iх ранейшы лозунг 'Смерць чалавецтву' i замянiць яго на 'Смерць Фрэдэрыку'. Напрыканцы лета было выкрыта яшчэ адно Сняжкова злачынства. У збажыне было поўна пустазелля, i высветлiлася, што пад час аднаго з сваiх начных набегаў Сняжок перамяшаў насенне збожжа i пустазелля. Гусак, якi быў уцягнуты ў гэтую змову, прызнаўся Вiскуну ў сваiм злачынстве i тут жа скончыў жыццё самагубствам, праглынуўшы некалькi смяротна атрутных ягад лiснiку. Жывёлы цяпер таксама даведалiся, што Сняжок нiколi - як шмат хто з iх дагэтуль думаў - не быў узнагароджаны медалём 'Жывёла-Герой' першага класа. Гэта была проста прыдумка, якую пашыраў сам Сняжок нейкi час пасля Бiтвы пры Хляве. А на самай справе яго не толькi не ўзнагародзiлi, але яшчэ i асудзiлi за баязлiўства ў бiтве. I зноў сяму-таму з жывёлаў было дзiўна гэта пачуць, але Вiскун хутка здолеў iх пераканаць, што памяць iх ашукала.

Увосень, цаною неверагодна цяжкiх намаганняў - бо амаль адначасова трэба было збiраць ураджай - будаўнiцтва ветрака было закончана. Заставалася яшчэ паставiць абсталяванне, i Ўiмпэр вёў перамовы наконт яго закупкi, але сам будынак ужо стаяў. Насуперак усiм цяжкасцям, нягледзячы на недасведчанасць, на недасканалыя прылады працы, на няшчасцi i нягоды i на здраду Сняжка, працу скончылi дакладна ў прызначаны дзень! Змучаныя, але гордыя жывёлы хадзiлi вакол свайго шэдэўра, якi здаваўся iм яшчэ прыгажэйшым, чым той, што яны збудавалi першы раз. Тым болей што сцены цяпер былi ўдвая таўсцейшыя. Нiякi выбух iм цяпер не страшны! I калi яны падумалi, колькi паклалi працы i пакутаў, колькi сцярпелi нягодаў i якiя велiзарныя перамены настануць у iх жыццi, калi пачнуць круцiцца крылы i запрацуюць генератары, - калi яны падумалi пра ўсё гэта, стома пакiнула iх, i яны пачалi скакаць вакол ветрака i крычаць ад радасцi. Сам Напалеон, з неадлучнымi сабакамi i пеўнем, выйшаў агледзець завершаную працу; ён асабiста павiншаваў жывёлаў з вялiкiм дасягненнем i абвясцiў, што вятрак будзе насiць назву Вятрак iмя Напалеона.

Праз два днi жывёлаў склiкалi ў гумно на адмысловы сход. Iм аж мову заняло ад здзiўлення, калi Напалеон паведамiў, што прадаў штабель драўнiны Фрэдэрыку. На другi дзень Фрэдэрык меўся прыгнаць фурманкi i пачаць перавозку. Увесь час свайго ўяўнага сяброўства з Пiлкiнгтанам Напалеон быў у сакрэтным пагадненнi з Фрэдэрыкам.

Усе дачыненнi з Фоксвудам спынiлiся, Пiлкiнгтану былi пасланыя абразлiвыя лiсты. Галубам было загадана пазбягаць ферму Пiнчфiлд i змянiць свой лозунг 'Смерць Фрэдэрыку' на 'Смерць Пiлкiнгтану'. У той самы час Напалеон запэўнiў жывёлаў, што чуткi аб рыхтаваным нападзе на Ферму Жывёлаў былi цалкам фальшывыя i што апавяданнi пра Фрэдэрыкаву жорсткасць да сваiх жывёлаў моцна перабольшаныя. Усе гэтыя погаласкi паходзiлi, вiдаць, ад Сняжка i яго агентаў. Цяпер выявiлася, што Сняжок не хаваецца на ферме Пiнчфiлд i што ён там нiколi ў жыццi не быў, а жыў ён - як казалi, у поўнай раскошы - у Фоксвудзе i ўжо некалькi гадоў быў наёмнiкам Пiлкiнгтана.

Свiннi былi ў захапленнi ад Напалеонавай хiтрасцi. Прыкiнуўшыся, што сябруе з Пiлкiнгтанам, ён змусiў Фрэдэрыка падвысiць плату на дванаццаць фунтаў. Але найвышэйшая якасць Напалеонавага розуму, казаў Вiскун, выявiлася ў тым, што ён не давяраў нiкому, нават Фрэдэрыку. Фрэдэрык хацеў заплацiць за драўнiну нечым, што ён назваў чэкам, якi, кажуць, быў кавалкам паперкi з напiсаным абяцаннем заплацiць. Але Напалеон не такi дурны. Ён запатрабаваў заплацiць сапраўднымi пяцiфунтавымi банкнотамi, якiя павiнны быць перададзеныя, перш чым драўнiна будзе перавезеная. Фрэдэрык ужо заплацiў; i атрыманае сумы якраз хапала на тое, каб купiць абсталяванне да ветрака.

Тым часам драўнiна спешна перавозiлася. Калi ўсё было скончана, у гумне склiкалi яшчэ адзiн адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапiўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасмiхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсцiле, а побач з iм, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухнi, ляжалi грошы. Жывёла павольна праходзiла паўз iх, i кожны глядзеў, колькi хацеў. Баксёр нахiлiўся, каб панюхаць банкноты, i лёгкiя белыя паперкi задрыжалi i зашалахцелi пад яго ўздыхам.

Праз тры днi ўзняўся страшэнны гармiдар. Спалатнелы Ўiмпэр прыехаў на ровары, кiнуў яго ў двары i пабег што меў сiлы да сядзiбы. Праз хвiлiну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×