трыццаць чалавек ды паюкоў дваццаць. Астатніх вы самі за царкоўнай дзесяцінай паслалі… Кат, выраж стралу, хутчэй!… Яна неглыбока.
— Зброду баішся? — пачырванеў Жаба.
— Гэтага «зброду»… не менш як сем соцень.
Усе змоўклі. Вялікі белы сабака, якога прывёў Жаба, панюхаў, падышоўшы, стралу, падціснуў хвост і, стараючыся не стукаць кіпцямі, зашыўся ў кут.
Якраз у гэты момант страшэнны ўдар скалануў будынак. Пасыпаўся са столі пыл.
Гэта быў той самы выбух у галоўнай браме, які разнёс ушчэнт краты і заслону.
Цяпер толькі лічаныя хвіліны вырашалі пытанне. Лічаныя хвіліны аддзялялі гэтых людзей ад імгнення, калі замак падзе.
Брама палала ўваўсю. Сям-там абвалілася ўжо луска і, разжараная, ззяла на плітах, якімі быў забрукаваны под тунеля. Ужо секліся на зубцах, і мур усё больш расцвітаў агнямі паходняў. Смельчакі ўжо грукаталі па дахах палаца, а Марка і Ціхон Вус у суправаджэнні двух з паходнямі (быў вятох, самы ягоны сход, і іначай біцца было амаль немагчыма, бо можна было забіць сваіх) дзерліся па забрале да Зафеі, каб расчысціць шлях сябрам, калі брама ўпадзе.
Нападаючых было так многа, што сур'ёзнага адпору яны, бадай што, і не бачылі. Калі апошнія абаронцы гэтай часткі мура гарохам пасыпаліся з яго — натоўп, і на мурах, і на плошчы, узняў галас і трыумфальны крык.
— Хрыста! Хрыста вызвалім!
Рык быў такі, што ён даляцеў нават да суднай залы.
— Што рабіць? — шэптам спытаў Лотр.
Ён глядзеў на хаўруснікаў і разумеў, што, акрамя Басяцкага, які задумаўся з чагосьці, спадзявацца тут няма на каго.
— Што рабіць, сябра Лотр? — мядзведжыя вочкі Балвановічавы бегалі.
Раввуні глядзеў на іх з іроніяй.
— Сябра, — вельмі ціха сказаў ён, — хавер. Такі не хавер, а хазер*. Хазер Лотр. І гэта, скажам прама, зусім не хавейрым, а хазейрым**.
* Свіння.
Суддзі маўчалі.
— Што ж рабіць? — ціха галаснуў Камар. — Пане Божа, што рабіць?!
— …і збіваць грушы, — са злараднасцю шапянуў іудзей непрыстойную прыказку. — Нічога, Юрась, нас заб'юць, але ім таксама будзе…
Цішыня. Толькі раптам усміхнуўся Басяцкі… Хацеў сказаць нешта, але паспеў толькі кінуць:
— Ціха, панове. Нас у Саламанцы вучылі думаць… Ага, вось што…
І тут залямантаваў, раптам здагадаўшыся, Жаба.
— Божа мой, Пане! — галасам загаласіў ён. — Бяда будзе! Як казаў Ісайя: «Аголіць Пан Бог цемя дачок Сіёна і раскрые Пан Бог сарамату іхнюю».
Жоўты, лісіны езуітаў твар перакрывіўся амаль прыемнай усмешкай. Разумнай і смелай да блюзнерства.
— Рабіць яму больш няма чаго, — непарушальна сказаў Басяцкі. — А што, уласна, крычаць?…
Паказаў белыя вострыя зубы і праз іх кінуў у цішыню:
— Яны патрабуюць Хрыста — дайце ім Хрыста.
— Ды няма ж яго ў наяўнасці! — загарлаў Камар. — Няма Хрыста!
— Маеце рацыю. Хрыста няма.
— Дык…
— А вам абавязкова, каб быў сапраўды?
— Ну, як…
— А гэтыя? — і адзін з заснавальнікаў будучага ордэна спакойна паказаў на бадзяг.
— Гэ-этыя?! — абурыўся Лотр.
— Гэтыя, — спакойна сказаў каплан. — Не горшыя за іншых. Скажам, нам строіць дурня, з Хомкі каўпак здымаць, не хочацца. Цалкам натуральна зрабіць з гэтых ерэтыкоў саюзнікаў і імі ўтаймаваць быдла. Вядома, давядзецца дараваць быдлу і дараваць ерэтыкам. Першым — таму, што яны рабілі мілую Богу справу. Другім — таму, што гэтыя махляры, яны ж — апосталы.
Усе маўчалі прыгаломшана.
Басяцкі казаў далей:
— Вы палічылі іхняе з'яўленне няшчасцем? Наадварот, сіе сведчыць аб промысле Божым…
Ён абвёў разумнымі халоднымі вачыма сяброў. Ва ўсіх членаў сінедрыёна былі не тое каб танзуры, а проста такі даволі вялікія плешы, і мніх усміхнуўся:
— …аб тым, што без Ягонай волі і волас не ўпадзе з нашай галавы.
Счапіў вузкія нервовыя пальцы:
— У краіне цяжка, неспакойна. Каб не было гэтага «прышэсця» — яго варта было б выдумаць. Толькі наша лянота перашкодзіла нам у гэтым.
— Але як? — усё яшчэ жахаўся такой справы Лотр.
— Dixi et animam meam salvavi* — усміхнуўся дамініканец.
Яго зразумелі правільна, хаця і не ў тым сэнсе, які меў на ўвазе аўтар прыказкі.
— Т-так, — сказаў Лотр. — Ну, валацугі, хочаце быць апосталамі?
— Не, — хорам адказалі валацугі.
Усе здзівіліся.
— Т-то бок, як гэта? — спытаў Камар.
— А так, — адказаў Юрась. — Махляры мы, жулікі, гэта праўда. Можам нават сарочку з плота сцягнуць, але апосталамі быць не хочам. Ведаем мы, што такое азначае — звязацца са слугамі Хрыстовымі.
— Праўда што, — загучалі галасы. — Але… Смерцю карайце, а апосталамі быць не хочам…
— А вось гэта мы зараз паглядзім, — ашчэрыўшыся, сказаў Лотр. — Кат!
Чалавек у агністым капюшоне падышоў да схопленых.
— Вядзіце іх.
Варта рушыла да ліцадзеяў і павяла іх да страшных дзвярэй у заднім муры.
…Брама палала, і цяпер яе можна было б лёгка выбіць самым простым ударам бервяна, але падлога тунеля была густа і тоўста, дзюймы на чатыры, засыпана жарам. А тыя, што біліся на мурах, усё яшчэ не маглі зламаць добра ўзброенага ворага, закутага ў латы, і прабіцца да брамы з унутранага боку.
Жар палаў, шугаючы сінімі агнямі.
…Такі самы жар палаў і ў катоўні. Жароўня з ім стаяла проста перад тварамі ў бадзяг. Па скляпеннях скакалі цені. Чырвоная цэгла здавалася крывавай. Чорнай паласой перакрэслівала зарыва бервяно прэнга з цёмнымі раменнымі петлямі. Маскі, што віселі на сценах, здаваліся ад скокаў агню жывымі. І, як маска, што ажыла, стаяў перад валацугамі кат. Ён адкінуў капюшон і застаўся ў лічыне з барвянага шоўку.
На сценах, нібы залітых крывёю, віселі акрамя масак варонкі, шчыпцы, ціскі для ламання рэбраў. Стаялі ля сцен абрыдлівыя, незразумелай формы і прызначэння станкі.
Братчык з непаразуменнем абводзіў усё гэта вачыма. Тут працавалі таксама чалавечая фантазія і ўменне, працаваў чалавечы мозг — і ад усяго гэтага можна было хутка і назаўсёды пазбавіцца веры ў чалавека і ў ягоную будучыню, у ягонае прызначэнне і ў тое, што з гэтай жывёлы калі-небудзь што-небудзь атрымаецца.
Ён не падумаў аб тым, што самое існаванне такога сведчыць аб тым, што ёсць, няхай сабе і рэдка, іншыя людзі, дзеля якіх гэта ўсё існавала. Тут немагчыма было думаць пра гэта. Тут было пекла, тым больш абрыдлівае, што стварылі яго людзі, а не д'яблы.
Жалезныя, з ігламі шлемы… Іспанскія боты… Іншае, невядомае.
…Сучасны чалавек, незнаёмы з сутарэннямі гестапа, асфаліі і іншых падобных устаноў, параўнаў бы ўсё гэта з кабінетам зубнога лекара і тым абрыдлівым пачуццём, той дрыготай, якую выклікала ўсё гэтае начынне ў дзяцінстве… Але гэтыя, па розных прычынах, не ведалі кабінета дантыста і таму параўноўвалі ўсё