ўсяночная.

Ён мінуў яе, прайшоў яшчэ трохі і раптам спыніўся. Нібы адчуў грудзьмі мечнае вастрыё.

Цераз нізкі каменны плот ён убачыў глыбокі, патаемны сад, увесь са святла і ценяў, і дзяўчыну з караблікам на галаве.

Сыпалася з дрэў раса. Месячнае святло ляжала на траве. І дзяўчына ішла да яго, цягнучы рукі.

Ён прыпаў да плота. Яна падышла бліжэй, і ён убачыў безуважныя, скіраваныя на нешта вялікае і светаноснае за ягонай спіной, амаль лунатычныя цёмныя вочы.

— Ты? — ціха сказала яна. — Я іду да цябе. Я пачула.

— Я іду да цябе, — гэта сказаў нехта за яго.

— Ты, — сказала яна. — Ты. Я чамусьці ведала. Я адчувала. З тысяч нявестаў Гародні ты абярэш мяне. Хадзі сюды. Лезь цераз плот.

Неяк зусім безудзельна ён пералез. Ногі самі перанеслі. Стаяў нібы трохі ачумелы. І нічога ад Бога не было ў ягоным вобліку. Але яна была як сляпая, як навекі аслепленая веліччу Бога, што ішоў у славе.

І ён убачыў зусім блізка цёмныя, тагасветныя вочы і адчуў несамавіты боль, зайздрасць і сваю мізэрнасць. Але яна не ўбачыла і гэтага.

— Якія ў цябе вочы, Божа…

Ён успомніў уцёкі пасля свіслацкай містэрыі.

— Якія валасы.

І ён успомніў, як ён ляжаў на ганебнай кабыле, гатовы для бізуна і здзеку.

— Увесь ты стройны і моцны, нібы елянец.

Ён глядзеў толькі на яе і таму не заўважыў, як нехта таксама падышоў да плота.

— Сонца маё, нашто ты на мяне кінула промнем сваім?

Яны павольна ішлі ў святло і цень.

…Там, дзе садовы плот прымыкаў да царквы, у густым чорным цені стаяў нізкалобы сотнік і змрочна глядзеў на іх.

Лотравы пакоі ў трансэпце гародзенскага замка нагадвалі пакоі багатай і не суровай норавам радавітай дамы. Каменныя сцены завешаны кілімамі і габеленамі з трохі легкадумным зместам. Іконы, дзе яны былі, здзіўлялі ўвагаю мастакоў да жывой плоці.

А той пакой, у якім зараз сядзеў кардынал, быў увогуле легкаважны. Шырокае, на шасцёх, ложа пад гарнастаевай накрыўкай, крэслы з мяккімі падушкамі, нейкія каменныя і шкляныя пляшкі і флаконы на валошскім століку ля ложа. Пах якіхсьці салодка-гаркавых маслаў.

Адзіныя духоўныя рэчы ў пакоі былі статуямі святога Себастыяна і святой Інэсы, дый тыя давалі відавочна пабольшанае ўяўленне аб сутнасці мужчыны і жанчыны.

На ложы ляжала Магдаліна, ляніва пагойдвала перад вачыма залаты медальён. Басяцкі, што сядзеў на крэсле каля сцяны, імкнуўся не глядзець у той бок.

Ля ног яе, таксама на ложы, сядзеў Лотр:

— Ты, сотнік, пачакай. Я вось толькі зараз дам загад братам-дамініканцам.

Сотнік асцярожна сядзеў ля самых дзвярэй на пазалочаным, гнутаногім венецыянскім крэселку. За крэселка тое рабілася страшна.

— Дык вось, пан Фларыян, за чалавекам гэтым трэба сачыць, каб не зрабіў чаго непажаданага.

Карніла ўсміхнуўся, але тыя не заўважылі.

— Атачыце яго даглядам. Прыстаўце людзей асабіста да яго… Дарэчы, ці ўзялі гэтага расстрыгу- прарока? Гэтага… Іллюка?

— Узялі.

— Ён прарочыў прыход. Ён ублытаў нас у гэтую справу… Іл-лія! Пастарайцеся добра пагладзіць яму рэбры шчыпцамі… Каб ведаў: прарокі ў наш час — з'ява падазроная. А там можаце паціху адправіць яго — куды, самі ведаеце.

— Гладзіць яшчэ не гладзілі, — сказаў каплан, дачакаўшыся, пакуль Лотр выгаварыцца. — Дый няма патрэбы.

— Як?

— Ды ён усвядоміў, што не меў рацыі. І мы пазбеглі іх нараканняў у залішняй жорсткасці…

— Што, «велля»?*

* «Велля» — «неспаннё». Падсуднага катавалі тым, што пазбаўлялі сну на працягу сарака гадзін.

— Ды мы, бачыце, проста адвялі яго куды трэба і растлумачылі значэнне і прынцып дзеяння некаторых прылад.

— Такі конь? Спалохаўся? Прарок?

— Коні таксама хочуць жыць. І потым, ён не прарок, а шарлатан.

— Добра, — сказаў Лотр. — Хай цяпер прыходзіць штотыдзень за тлумачэннямі і прарочыць тое, што патрэбна нам… Што там у цябе, Карніла?

— Удваіх, — сказаў сотнік. — У садзе ў Палянак. З Анеяй, дачкой мечніка.

Абодва жахнуліся, убачыўшы вочы кардынала.

— Ідзі, — глуха сказаў ён. — Схапі.

— Мяркую, позна, — сказаў Карніла.

Словы ягоныя міжвольна прагучалі, як жарт.

— Выйдзі, — кінуў кардынал жанчыне.

Тая надзьмула вусны.

— Табе кажу.

Марына незадаволена ўзнялася. Пагойдваючы клубамі, пайшла да дзвярэй.

— В-вох, — ні з пушчы ні з поля сказаў Карніла. — Спакуса!

Усе маўчалі. Лотр сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Белы, як сала. Калі ён расплюшчыў вочы, яны не абяцалі даравання:

— Дачка мечніка Палянкі Анея. Святая. Жонка пана Хрыста… І яна ўпэўнена, што ён — Хрыстос?

— Іначай, пэўна, нічога б і не было, — сказаў Карніла. — Яна славілася чысцінёю і цнотай. Яна ў вялікай веры жыла.

— Змоўч, — шэптам сказаў кардынал.

— Ведаеце, што з гэтага будзе? — плоскія вочы Басяцкага нядобра ўсміхаліся. — Гэты круцель цяпер не адмовіцца ад самазванага імя. Таму што збаіцца страціць яе.

— Гэта так, — шэптам сказаў Лотр.

— Калі яна даведаецца аб падмане — яна плюне яму ў твар. Ён цяпер не адмовіцца.

— Забіць, — ціха сказаў Лотр. — Абаіх.

Дамініканец усміхнуўся.

— Ненадоўга ж вас хапіла, — ён перайшоў на лаціну. — Казалі аб тым, што Ігнацы, што сябры ягоныя, што я — пачынаем велізарную справу. Што папа хай сабе праз дзесяць — пятнаццаць — дваццаць год прызнае нас. Што саюз наш будзе наймацнейшым саюзам зямлі. «Сыны Езуса», «Братэрства Езуса», ці як яно там. Казалі, што сіла наша ва ўсёпранікальнасці і патаемнасці. Казалі, што мы не павінны апаганьваць наш шлях яўнымі і адкрытымі расправамі. І вось цяпер ледзь нейкая дробязь закранула вас — вы забылі ўсё. Дарэмна браты адкрылі вам нашу таямніцу. Нас мала, мы пакуль вымушаны маўчаць і хавацца, як першыя хрысціяне. Але гора нам і мы прапалі, калі стаў на пачатку нашай дарогі такі, як вы. Я вымушан буду ўзняць голас перад людзьмі, якія здолеюць дабіцца ў папы Льва, каб ён заняўся гэтым сам і праверыў, ці адпавядаеце вы месцу, на якім сядзіце…

Лотр змежыў вочы. Мніх сказаў ужо мякчэй:

— Мне няма справы да жыцця і смерці гэтых людзей. Але схапіце іх тут, забіце іх тут — і мы ўбачым паўтарэнне таго, што было нядаўна. І на гэты раз нас не ўратуе нішто. А калі мы і ўцячом — увесь хрысціянскі свет зацікавіцца тым, што тут робіцца. Тое, што прыйдзе канец вашай славе, а магчыма і жыццю — дробязь. Але тое, што справа ратавання веры, мая будучая справа, справа майго братэрства выйдзе на свет — за гэта не будзе нам даравання ад улад і Бога. Тут і індульгенцыі не дапамогуць. Гэта вам не Тэцэлева дурацкае абяцанне*, гэта вам не на Дзеву Марыю зрабіць замах.

* Саксонскі манах Тэцэль казаў, гандлюючы індульгенцыямі: «…яго свяцейшасць надзяліў мяне вялікай

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату