уладай — ад аднаго голасу майго брама нябёсаў адчыняецца нават перад такімі грэшнікамі, якія адчувалі пажадлівасць да святой Дзевы, каб… апладніць яе».
Ён даў Лотру абдумаць свае словы і спытаў:
— Н-ну?
— Ты Хрыстова нявеста? — Лотр сказаў гэта праз зубы. — Што ж, будзеш Хрыстовай нявестай. Карніла, адразу, як гэтае адроддзе пекла пойдзе ад тае шлюхі, схапіце яе, схапіце… патаемна, — гэтае слова далося кардыналу з цяжкасцю. — І зараз жа адвязіце яе ў Машкаўскі кляштар, на пострыг. Хай замольвае пралюбадзейства. — І дадаў: — Мараль вышэй за ўсё.
— Вось такі вы на месцы, — усміхнуўся каплан. — Ты прыдумаў дзівосна. Ты нават сам не ведаеш, чаму тое, што ты прыдумаў, дзівосна.
Лотр знакам адпусціў сотніка. Годныя людзі засталіся адны.
— Ведаеш, чаму гэта добра? — спытаў мніх. — Ён адразу ж кінецца шукаць яе, і такім чынам мы пазбавім ад яго Гародню. Без шуму пазбавім… «Добры наш народ, чакай. Ён з'явіцца яшчэ. Хрыстос з апосталамі сваімі пайшоў хадзіць па краю, казаць слова Божае і памагаць людзям».
— Чакай, — сказаў Лотр. — Тут трэба нібы ў шахматах… Значыць, яе выдаляем — ён ідзе з горада?
— Тут не трэба «нібы ў шахматы». Логіка супрацьпаказана жыццю. Гэта толькі дурні і поўныя бездары патрабуюць, каб усё было заматывавана. Гэта не жыццё. Гэта — шкілет. Без жыцця і яго пульсавання. Без плоці. Без праўды… Вось слухай. Трэба, каб ён ведаў, што яе нехта ўкраў і павёз. Для гэтага досыць і добрых суседзяў. І ён будзе рвацца за ёю. Але тут яго можа спыніць боязь моцных ворагаў. Таму адначасова трэба злёгку пераканаць яго, што яна кінула яго, і абудзіць гнеў. Гэтыя розныя пачуцці будуць мучыць яго. Цяга, нянавісць, абражаная вера. І, больш за ўсё, жаданне, каб скончылася гэтая няўпэўненасць, каб было нешта а д н о. Да гэтага, да раўнавагі, заўсёды імкнецца кожны чалавек, герой або шалбер і круцель. І гэтая прага да а д н а г о, да в е д а н н я выбавіць яго з горада хутчэй, чым адна нянавісць або адно каханне. Нянавісць можа забыцца. З каханнем можна праседзець у горадзе яшчэ тыдзень і, між іншым, за чвэрць дня скінуць нас або зрабіць наша становішча нясцерпным. А так ён не будзе чакаць і дня.
— Рацыя. Аб выкраданні скажуць суседзі. А хто аб здрадзе?
Пёс Пана Бога маўчаў. Пасля спытаў ціха:
— Табе не шкада будзе развітацца з ёю?
— З некаторага часу — не шкада, — сказаў Лотр.
— Я спадзяваўся на гэта. Вось яна і скажа. А згодзіцца пайсці ад цябе? Сачыць? Даносіць?
— Ёй давядзецца, — Лотр крыва ўсміхнуўся. — Хацеў бы бачыць я, як гэта яна не згадзілася б.
— Толькі без шуму. Разумееш, нам патрэбен каля яго свой чалавек. Каб раіў, сачыў, даносіў. Лепей за ўсё, калі гэта будзе жанчына. Яна. Вуха наша. Лепшае наша войска… Паабяцай ёй, што адразу, як толькі яна выканае справу, яна вернецца да цябе. Назаўжды. А калі захоча спакою — мы знойдзем ёй мужа… багатага нобіля.
— І што яна будзе даносіць? І як?
— У кожным горадзе ёсць сувязныя галубятні. Хай з кожнага горада адпраўляе па голубу. Калі яны будуць мірна махлярыць, апосталы, калі яны будуць мірна ашукваць і губляць славу і людзі пачнуць забываць іх — яна дасць яму грошай і пераканае «ўзнесціся». І люд будзе чакаць яго.
— А калі ён зробіць замах на веру?
— Ён не зробіць. А калі пачне дбаць аб сіле і славе, калі замахнецца на нас — хай яна прывяжа да нагі голуба пярсцёнак і затрымае іх на тым месцы дні на тры. Тады ў тое месца паскача Карніла з людзьмі.
— І што?
Агонь трапятаў на твары мніха. Аблічча ўсміхалася. Цені бегалі ў зморшчынах і трывала ляжалі ў вачніцах. Страшная маска нечым вабіла.
— Божа мой, — сказаў ён. — Столькі глухіх яроў!… Столькі сведкаў «узнясення»!
Месячнае ззянне ляжала на дрэвах. Снапы святла падалі з царкоўных акенцаў у сад, і ў гэтых снапах клубіўся лёгкі туман. А яны ўсё яшчэ ішлі некуды ў глыбіню гэтага вялікага саду, і цвіў глог, і кожная яго галіна была, як белы і зеленавата-ружовы — ад месяца — букет.
Галіны апускаліся за імі. Ён абняў яе за талію, і яны ішлі. Пасля спыніліся.
Закінуўшы твар, яна глядзела яму ў вочы, як на святую статую, што раптам ажыла. І ён, нечакана хрыпла, спытаў:
— Як цябе зваць?
— Я — Анея, — сказала яна. — Анея… Мне здаецца, гэта сон… Гэта не сон?
А ён успомніў прынізлівыя галадоўкі і вандраванні.
— Сон, — сказаў ён. — І ў цябе, і ў мяне — сон. Ты — Анея… А я…
— Не трэба, — спяшаючыся, сказала яна. — Я ведаю, хто ты… Сёння ты высіўся над усімі, і сонца было за тваёю спіною. У мяне — падгіналіся калені… Дзе твае крылы?
«Пане Божа, — з болем падумаў ён, — спытала б яна лепей, дзе мае рогі».
Яму зрабілася пакутліва-балюча… Крылы… Ведала б яна, як яны здабывалі хлеб, як ён спалохаўся катавання, як вырашыў жыць, як усе, ваўком і махляром, падступным здрайцаю, бо іначай нельга. Ён будзе так жыць. А яна кажа аб крылах.
Ясна, што яна зусім не любіць яго, бадзягу і шалбера. Перад ёю — Бог. Волі ягонай — не пярэчаць. Ён можа ўзяць яе, і яна не скажа слова супраць. Ён можа прымусіць яе зрабіць усё: забіць сябе, нагаю прайсці па вуліцах, і вось гэта… Ён ледзь не плакаў ад страшнага прыніжэння і ад нясцерпнай цягі, ад кахання да яе. Ён адчуваў сябе падманшчыкам, здраднікам усяго святога, тым, хто топча давер'е дурненькага і добрага чалавека. Ён ведаў, што не даруе сабе, і пагарджаў сабою, і ненавідзеў сябе, і ненавідзеў Бога. І жылі ў яго сэрцы рэўнасць, нянавісць і гнеў.
— Ты кахаеш мяне? — з надзеяй спытаў ён.
— Я кахаю цябе, Божа наш.
— А я? — пакутліва вырвалася ў яго з грудзей. — А каб я быў іншы… Тады… дзеля мяне самога?…
— Але ты не іншы, — у вачах у яе жылі ўтрапенне і шалёны, самнамбулічны экстаз. — Ты не можаш быць іншы… Ты — Бог. У цябе залатыя валасы. Іскры ў іх.
Гэты шэпт прымушаў яго калаціцца. Што ж гэта за насланнё? Ён губляў галаву. А вакол былі нетры з кветак.
І ў гэтых нетрах яна ўпала перад ім на калені. Разгублены, ён паспрабаваў узняць яе, але сустрэў такое супраціўленне, што зразумеў: не здолее. Жанчыны ніколі не стаялі перад ім на каленях. Гэта было дзіка, і ён паспяшаўся таксама апусціцца на калені, пераступіўшы яшчэ адну прыступку да апошняга.
У месячным тумане гучалі здалёк спевы:
— «Анёл, увашэд да яе, сказаў: радуйся, благадатная! Пан Бог з табою; блаславёная ты паміж жонамі».
«Блаславілася, — думаў Хрыстос. — Усё адно як з першым — лепшым. Радуйся! Ёсць чаму радавацца».
Яна плакала, абдымаючы яго. Магчыма — ад шчасця.
— Я ведала… заўсёды… Я чакала кагосьці… Не купца, якому — грошы… Не смярдзючага воіна… Нехта з'явіцца да мяне калі-небудзь… Але я не думала, што так… Што ты… Ты з'явішся да мяне… Чаму так доўга не прылятаў?… Цэлых семнаццаць год?
— Нядаўна толькі навучылі, — сумна сказаў ён. — Калі вылецеў з калегіюма.
Ён глядзеў на яе. Яна была прыўкрасная. І яна не кахала яго. Яна казала гэта іншаму. Ён захлынуўся ад рэўнасці і не мог больш маўчаць:
— Анея… Ты ж гэта не мне… Ты — іншаму… А я просты шкаляр, валацуга, шалбер.
Яна не чула. А можа, няздатная была чуць, і словы зараз дзеля яе былі пазбаўленымі сэнсу гукамі.
— Не трэба, — як глухая, сказала яна. — Я ведаю тваё смірэнне. Простая палатніна, пыл дарог, уздыхальня, дзе ты ніжэй за разбойніка. Але ж я ведаю, хто ты. І я кахаю цябе. Я нікога яшчэ так не кахала.
У абурэнні і крыўдзе ён адарваўся ад яе, хаця гэта і было вышэй за ягоныя сілы. Глухая крыўда рухала ім.
— Ты не хочаш слухаць. Я пайду.
Яна ўся сціснулася.