ранейшаму сузiрала самую сябе на панелi сонечнай батарэi арбiтальнай станцыi i па-ранейшаму крыху перашкаджала спецыялiстам Цэнтра кiраўнiцтва палётам.

Ранiцаю Мастак як на крылах паляцеў у Майстэрню. Яго любая была на месцы: такая хатняя, усмешлiвая, быццам i сапраўды жонка, удзячная за нечаканую праяву маладога кахання.

- Божа мой, як я па табе засумаваў! - выдыхнуў ён.

Не адважваючыся наблiзiцца, дакрануцца, ён загаварыў, i яго палкае трызненне было, як заўсёды, крыху бязладнае. Мастак заклiнаў i крыўдзiўся, спрабаваў пераконваць i тут жа, спалоханы, што яго няправiльна зразумеюць, пачынаў немаведама за што прасiць прабачэння. Калi ён стаў выстройваць складаную лагiчную канструкцыю наконт таго, што баiцца нашкодзiць ёй, што магчыма, заняў нейкае месца ў яе жыццi i гэта, магчыма ёй перашкаджае, Рэстаўратар раптам перапынiла яго:

- Нiякага месца ў маiм жыццi вы не займаеце.

Ён змоўк на паўслове, быццам бег з усяе моцы i раптам грымнуўся аб сцяну, што невядома адкуль з'явiлася на дарозе.

- Амаль усе людзi хлусяць, - нечакана дадала яна, маючы на ўвазе цi то яго любоўнае трызненне, цi то свае жорсткiя словы.

Мастак, прывучаны жыццём заўсёды разлiчваць на горшае, вiнавата прамармытаў нешта i выйшаў з пакоя. Ён ледзьве перастаўляў ногi. Самнамбула, паўтруп, зомбi - у гэты момант ён нiчога навокал не бачыў i не чуў. Калi сэрца раней часам калола цi пабольвала, то цяпер яно пякло так, быццам яго апарылi кiпенем. Ён раптам зразумеў: усё канчаецца, так i не пачаўшыся. Нешта цi нехта - яна, ён сам, абставiны? - бязлiтасна рве сонечнае павуцiнне iх бабiнага лета, iх нясмелае прыцягненне аднаго да аднаго, а ён, дарослы разумны мужчына, не ведае, як быць, што зрабiць. Што за гiры, што за атрута гэтыя словы: немагчыма! Позна! нельга!

З майстэрнi Мастак звольнiўся. Ён працаваў дома, шмат пiў, шмат выстаўляўся, больш таго - яго заўважылi за мяжою, некалькi карцiн купiлi пасля выставы.

Пасля нараджэння Анёла прайшло каля чатырох гадоў. Маленькi горад i агульныя справы неаднойчы зводзiлi Мастака i Рэстаўратара, але пра пачуццi свае ён болей не загаворваў - пытаўся пра дзяцей, пра навiны, але суха, змрочна, падсвядома асцерагаючыся, каб не адкрылася даўняя душэўная рана, не вярнулася вар'яцтва. Можа, яшчэ i таму хаваў ён пры сустрэчах вочы, што тая, якую раней называў адзiнай i самай жаданай у свеце, неўзабаве стала бабуляю, крыху распаўнела i, па дзiўным законе прыроды, напаследак расцвiла: стала духмяная i белая, быццам тыя гронкi акацыi, пра якiя ён любiў спяваць у добрай кампанii.

А Мастак восенню ўзяў ды памёр. Не хварэў, не ляжаў у бальнiцах, хоць здароўем асаблiвым i не вызначаўся, упаў сярод вулiцы - i не стала яго на зямлi. Iнсульт, iнфаркт - якая табе рознiца, чытач.

На пахаванне прыйшло многа людзей. Прыйшла i Рэстаўратар, з сяброўкай. Была яна бляднейшая, чым звычайна, але трымалася малайцом, як заўсёды, хаваючы ўсё ў сабе: ёсць такая парода людзей, незразумелых антыподам.

Развiтанне вырашылi зрабiць на вулiцы, i труну вынеслi з кватэры, паставiлi на дзвюх лаўках перад пад'ездам.

Анёл, якi прыйшоў дапамагчы бацькавай душы, стаў, нябачны, у галавах. Ён мог лёгка вылучыць з агульнай аўры журбы думкi i пачуццi кожнага - чуў i зацiкаўлены шэпт двух калег нябожчыка, якiя вырашалi, цi дастаткова куплена гарэлкi для памiнак, i нечую паскудную думку пра ўдаву зафiксаваў, але ўся яго ўвага была звернута на мацi. Яна стаяла крыху воддаль, каля стаптанай клумбы, сяброўка непрыкметна падтрымлiвала яе пад локаць. Пасля, калi нехта з арганiзатараў пахавання прапанаваў развiтацца, анёлава мацi рашуча падышла ён упершыню ўбачыў яе так блiзка, побач, - пацалавала Мастака ў вусны i заплакала. Сяброўка адвяла яе ўбок, нешта зашаптала на вуха, але мацi сказала: 'Няхай... Я паеду на могiлкi'.

I пакуль аўтобус з жалобнай паласой пылiў сярод лавандавых палеткаў, якiя так любiў Мастак i якiя неяк жартаўлiва ахрысцiў 'пашай Анёлаў', нябесны сын яго заставаўся каля нябожчыка, i думкi яго былi пра дзiўнае, незразумелае чалавечае быццё.

Вось бацькi яго. Пры жыццi бацькi нават нiводнага разу не пацалавалiся. А яны прыродай былi ж створаны адно дзеля аднаго. Не здолелi пераступiць цераз чалавечыя законы... I вось - раз'яднаныя назаўсёды. Шкада. Так недарэчна. Абсурдна... Няма парадку на зямлi. Не было i нiколi не будзе, бо чалавек трыста разоў несвабодны. Ён трыста разоў звязаны законамi, нормамi, умоўнасцямi, ён трыста разоў нявольнiк i нiкчэмнасць, але ён жа - дзiўна, дзiўна - i Бог па сутнасцi сваёй.

Анёл не зазiраў у матчыну душу - гэта яе, усё яе. А што ёсць там святло i што было яно ў бацькавай душы, дык само яго нараджэнне - выдатнае таму сведчанне. Не кожны дзень у спiрытасферы з'яўляюцца Больш Дасканалыя Структуры, а кажучы прасцей, не кожны дзень нараджаюцца Анёлы.

I смутку Анёл асаблiвага не адчуваў, бо там, у свеце Абсалюту, няма пачуццяў i эмоцый у звычайным зямным разуменнi.

- Не пакутуй так, не трэба, - прыгалубiў ён бацькаву душу. - Усё пройдзе. Праз сорак дзён супакоiшся.

У перакладзе з нябеснай на зямную мову ён шкадаваў аб няведаннi людзей, асаблiва гэтых, родных, што стварылi яго, iстоту найвышэйшага парадку. Шкада, што яны, спадзеючыся на бяссмерце душы, не разумеюць простага: усё зямное там страчвае сэнс. Не квiтнець больш лавандзе, не згараць у агнi жадання, не пакутаваць i не радавацца, не патанаць табе, бацька, у безданi вар'яцтва, якое прымушала цябе ствараць, пiць гарэлку, кахаць гэтую белатварую жанчыну, чужую жонку. I нават калi я, праз шмат гадоў, правяду яе душу ў нашы прасторы, вам ужо нiколi не быць разам. Вы не заўважыце адно аднаго, як Георг Вiльгельм Фрыдрых Гегель не заўважыў цуду майго нараджэння, бо жыццё i каханне дадзены толькi жывому.

Аўтобус спынiўся на ўзгорку, сярод зялёных дрэў i надмагiлляў. Анёл яшчэ раз пагладзiў бацькаву душу i стаў выпростваць свае кварка-глюённыя канечнасцi, якiя толькi ўмоўна, ад вялiкай фантазii, можна было назваць крыламi.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×