Дуся моўчкi, напружана слухала сваiх старэйшых субяседнiц, выглядала - спасьцiгала, вучылася ў iх.
Бацька, перакусiўшы, адкiнуўся на ложак адпачыць, мацi ходалася ля печы, а я з Ягорам вяду, без асаблiвай ахвоты, бяседу, засяроджаны найболей на Дусi, балазе яна цяпер паглынутая размовай Эмы з Дар'яй, i хiба ня прыкмячае майго спасьцiжэньня яе. Але слухаючы iх, яна была настаўлена i на мяне: павернутая да мяне адной стараной, напружаная, яна ўкрадкам пазiрала i на мяне. Здавалася, яна ня вытрымае такога напружаньня i загаворыць са мною. Так яно i сталася: кiнуўшы свой пагляд на палiчку з кнiжкамi, што была прымацаваная побач яе на сьцяне, яна папрасiла ў мяне дазволу паглядзець тыя кнiжкi. Сярод кнiг яна натрапiла i на маю, тоненькую - 'Прычасьце'. Зiрнула на мяне i ейны твар засьвяцiўся радасна-ўсхваляванай усьмешкай. Запыталася:
- Што ета 'прычасьце'?
Пачынаю тлумачыць сваё 'прычасьце', але яна не спасьцiгае таго, што я гавару, затлумленая адчуваньнем маёй фiзычнай да яе блiзкасьцi. Палажыла маю кнiжыцу на стол. Гартае. Спрабуе ў ёй чытаць:
Заўсёды ты перада мною,
перад табой заўсёды я.
Занята сэрца ўсё табою,
красуня гордая мая.
Але сказаць табе ня сьмею
я гэтай праўды з прастаты.
Чаго стаю, чаго нямею
перад табой - ня знаеш ты.
- А я знаю - чаго. Ты любiш яе. А хто яна, красуня?
- Яна - нiхто. Яе няма. Гэта я выдумаў яе.
- Няпраўда. Яна ёсьць. Ты саромiшся яе? А дзе яна жывець - тут?
- Не, яе тут няма...
Дуся папрасiла мяне прачытаць нейкi iншы свой верш.
- Во гэты, - паказала ў кнiзе.
Сеўшы за стол, я пачаў чытаць. Нахiлiўшыся над маiм 'Прычасьцем', збоку ля мяне, яна вадзiла вачыма па радкох усьлед за мною:
Цябе я ўспомнiў i душою
здрыгнуўся ў радасьцi нямой:
ускрэсла ты перада мною
ва ўсёй прыгожасьцi сваёй.
Цябе я сэрцам адчуваю,
ты ў iм - адвечнаю вясной
Табой тамлюся i сьпяваю
сягоньня я табе адной.
Я сэрцам вырас у каханьнi,
пазнаў я шчасьце i жыцьцё.
Мае глухiя уздыханьнi,
як сон, мiнулi ў нябыцьцё.
I рад, што ў шчасьцi я знываю,
што сэрца мне хвалюе жар.
I як магу, так бласлаўляю
пасланы мне каханьня дар.
- Я люблю ета. Ты дзiўны...
Аблакацiўшыся, яна трымае сваю шчаку гэтак блiзка да маёй, што я чую, як няўцям дакранаюцца да яе шчакi мае ўскудлачаныя валасы. Гэтае прыгожае адчуваньне перашкаджае мне чытаць, i я закрываю сваё 'Прычасьце'. Яна, пасьмялелая, прызнаецца мне, што адзiн мой вершык 'Элькiна радасьць', зьмешчаны ў чытанцы для другое клясы, яны вучылi ў школе, i яна ведае яго напамяць. Яна сумелася, што я нiчога не сказаў ёй у адказ, узяла Эму за руку з выглядам, быццам, пакрыўджаная, яна хоча ўжо пайсьцi дахаты. Тут узьняўся i Ягор, войкаючы, што яны заседзелiся ў нас. Я выйшаў разам з iмi - правесьцi iх. Iду побач Дусi, яна ўсё яшчэ трымаецца за руку ў Эмы. Неспадзявана яна сваю другую руку дае мне, i гэтак мы дайшлi да самага моста. Разьвiталiся.
Сястра сустрэла мяне насьмешлiвым паглядам, што выказваў адначасна дабрыню i зразуменьне майго дзiвацтва. Павячэралi. Я лёг спаць. Ды што я кажу 'спаць'? Я ня сплю. Я думаю. Я люблю думаць лежачы. Люблю думаць уначы. Удзень не магу думаць. Каб неяк запiсалася ўсё тое, пра што я думаю ўначы, выйшла-б самая цiкавая, самая багатая, а галоўнае - самая праўдзiвая кнiга з усiх, напiсаных дасюль. Уначы ты прызнаешся ва ўсiм, нiчога не хаваеш, нават сваiх самых патаемных думак, якiмi-б яна нi былi: самымi прыгожымi, цi самымi злачыннымi. Уначы ты нiкога не баiшся, пад аховай ночы ты абсалютна сам з сабою. Цябе нiхто ня можа падслухаць, апрача Бога, i ты баiсься толькi яго аднаго, баiсься перад Iм схлусiць. Удзень ты мог-бы яшчэ сказаць, што Бога няма, уначы - пабаяўся-б. Уначы ты гранiчна чэсны ў сваiм думаньнi. Уначы думаецца глыбей, думка твая ў нейкую мiльённую долю сэкунды можа, як водблiск маланкi, асьвяцiць цёмнае прадоньне, якое знаходзiцца ўжо па-за межамi тваёй сьведамасьцi, сiгануць у другое вымярэньне. Гэтак, я думаю, пазнаецца Бог. Прачнуўшыся ранiцою, Бога ўжо можа ня быць. Дзень закрэсьлiвае твае начныя думы, змушае цябе прыстасоўвацца, iнакш кажучы - хлусiць.
Я не магу ня думаць, лёгшы ў пасьцель, пра Дусю, пра Акулiну, пра Вяркеева, пра самога сябе i толькi ў апошнюю чаргу я думаю пра бацькоў. Я iх шкадую болей за ўсё на сьвеце, але iх засланяе - гэта як грэх - маё асабiстае. Ягор з Эмай выпадаюць з маёй памяцi. Выпадае таксама ўпаўнаважаны. Я ляжу ў ложку, але я не ўсьведамляю, што я ляжу ў ложку, я - то ў Менску, з вершамi ў нейкай рэдакцыi, то тут, дома - кашу, вяршу копы, сьмяюся з дзяўчатамi, стаю на мосьце, гавару з Дусяй, то на нейкiм азораным узвышшы i з яго, з узвышша, нейкiм цудам, нецялесны, узьнiмаюся ў iншыя сфэры, слухаю музыку i, задаволены, вяртаюся, ужо такiм, як я ёсьць, зноў да сябе самога.
Ды ўсё-ткi я не сказаў самага галоўнага, пра што я думаў. Я не сказаў, чаго я хацеў гэтай начы. Я не сказаў услых. Думаць можна пра сябе што хочаш, пакуль твая думка ня выказана ў слове. Але калi ты пераводзiш сваю думку ў слова, хочаш апрануць яе ў слова, надаць ёй выраз, ты ўжо ўкладваеш у яго, у слова, ня тое, пра што ты на самай справе думаў, ты ўжо хлусiш, ты баiшся сказаць праўду. Чалавек можа быць чалавекам толькi тады, калi ён не баiцца сказаць гэтай праўды. Сабе я не баяўся, сказаць, чаго я хачу, не баяўся хацець чаго я хацеў, але цi я магу сказаць вам, чаго я хацеў. Не, я не магу сказаць вам, чаго я хацеш. Вось у чым загвоздка. Вось у чым чалавечая трагедыя.
Я ведаю, калi я прачнуся ранiцою, я буду думаць iнакш, я буду iншым чалавекам, ня тым, якiм я быў уначы. Спраўджаецца чалавек толькi ўначы.
Вяркееў да нас не заходзiць. Бацька пытаецца ў мяне - чаму? У бацькi з галавы ня выходзiць гутарка са мною ўпаўнаважанага. Бацька турбуецца, i ён хацеў-бы пагаварыць з Вяркеевым - можа той што-небудзь праяснiў-бы. Вяркееў-жа блiзкi да начальства, да самога старшынi сельсавета, i ведае ад яго ўсе сакрэты.
Наколькi я магу меркаваць, пра небясьпеку, якая, на думку бацькi, навiсла нада мною, ён яшчэ не гаварыў з мацi, ведаючы ейную заходлiвую душу i клопат аба мне. Калi-б ён ужо сказаў мацi, яна не ўцярпела-б i запыталася-б у мяне. Ад думкi, што са мною можа здарыцца нешта страшное мацi не магла-б нармальна жыць. Ня спала-б. Плакала-б уцiшку. У сваiм уяўленьнi бачыла-б мяне ў самых найгоршых абставiнах, праца ёй ня йшла-б на дум i ўсё валiлася-б з рук. Бацька, шкадуючы яе, трымаў справу ў сакрэце, хоць у самога душа была неспакойная. Я ўжо мог заўважыць зьмену ў iм: ён спахмурнеў, негаваркi наогул, стаў яшчэ больш маўклiвым, схуднеў, работы, як звычайна, не пiльнаваўся i мяне не заахвочваў, казаў - няма патрэбы ў мяне хадзiць з касою кожны дзень, а я, наадварот, знаходзiў у працы, у грамадзе, суцяшэньне, быў рады, што праца паглынае мяне.
Толькi ўвечары, пасьля працы, выходжу з хаты, i ў сваiх адзiнотных блуканьнях аддаюся звабнасьцi начы, ахутаны ёю, як якiм вэлюмам - ён ласкавы i лёгкi. Iду на мост паглядзець, як там, у вiры, падаючы, топяцца зоры, не дасягнуўшы ягонай глыбiнi, даходжу да ветрака на ўзгорку, адтуль спушчаюся зноў у нiзiну, да рэчкi, удыхаю, асаблiва войстры тут, водар ночы духмянасьць росных лагоў. Лёгкаму i задаволенаму, мне не хапае толькi нейкага зьдзяйсьненьня, вялiкага й надзвычайнага.
Вяртаюся дахаты. А мо зайсьцi да Агапкi? Яна, напэўна, сьпiць у клецi. Хiба не пра яе я думаў уначы? Хiба не яе хацеў я? Вусьцiна яна ня пусьцiла. Пусьцiць мяне? Падыходжу, крадучыся, да клецi. Знадворку дзьверы ня ўзятыя на замок, значыць - яна ў клецi. Стукаюся. Аж чую - нехта бразнуў дзьвярыма. Кашлянуў. Гэта Агапкiн бацька. Пакiдаю iхны двор. Бачу - у нашай хаце сьвятло. Чаму - гэтак позна? Я думаў ужо легчы ў сенцах, дзе мая пасьцель, аж чую - у хаце бацька з Вяркеевым. 'Ня вытрымаў. Распытвае сам у яго пра мяне. Ах, бацька, бацька, нашто ты зачапляеш яго? Цi-ж ён скажа табе праўду?'
Вяркееў, як я ўвайшоў у хату, хутка вылез з-за стала, прывiтаўся са мною за руку, сказаў, што, уласна,