ўсё-ткi добрая дзяўчынка! - падумалася.

У вокнах маёй хаты сьвятла ўжо няма - ляглi спаць. Не дачакалiся мяне. Як мне ўвайсьцi ў хату, каб не пачулi? Мацi чуткая. Скрыпну - прачнецца. А мо яна й ня сьпiць? Чакае, каб калi я прыйду, сказаць, дзе я магу знайсьцi сабе нешта зьесьцi. Яна ў нас такая, хлiплiвая. Душа ў яе хлiпцiць па кожнаму, можа найболей - па мне.

Чую - нейкiя галасы, рогат на вулiцы. Недзе каля калгаснай канцылярыi. Успомнiў - сёньня-ж наш старшыня дазволiў моладзi танцаваць у канцылярыi. Гэта адзiнае, прыгоднае для гэтага мейсца. Хлопцы папрасiлi ў старшынi яшчэ на сходзе, калi падпiсвалi 'Лiст' Сталiну. Я чуў, як адзiн з iх угаворваў яго: 'Падпiсалi-ж лiст, значыцца зарабiлi, дык пусьцi ў сваю багадзельню патупаць'. Дзяўчаты пляскалi старшынi ў ладкi, што дазволiў. Дык вось гэта яны там i 'тупаюць'. Пайду, можа там i сястра, з ёю лацьвей потым будзе зайсьцi ў хату. Заходжу. Дзяўчаты заўзята пяраць аб дрыўляную падлогу сваiмi босымi, бацькоўскiмi падэшвамi: танцуюць. Былi на сходзе босыя i тут на танцах босыя. Высока пад стольлю пыхцiць лямпа, уздрыгвае ад тупаценьня. Грае гармонiк. Б'юць у бубен. Да мяне падбягаюць хлопцы. Адзiн з iх просiць мяне 'разлучыць' з iм адну, самую прыгожую пару, што цяпер кружыцца ў танцы: колькi да гэтай пары нi падыходзiлi хлопцы, каб 'разьбiць' яе i танцаваць, але 'харашуняў' нiяк не расшчапiць, кружацца, сашчэпленыя, самi з сабой, ведай пагарджаюць табою, iм давай нейкiх асаблiвых хлопцаў.

Калi зачынаюць граць танец, у круг, на пляцоўку, звычайна, выходзяць танцаваць першымi дзяўчаты i ўжо толькi тады iх 'разлучаюць' хлопцы. Iх рэдка запрашаюць, калi яны, яшчэ ня выйшаўшы ў круг, стаяць недзе на ўзбоччы. Гэта было-б занадта iнтэлiгентна, пагарадскому.

Я адмовiўся ад прапановы 'разлучыць' ганаровую пару. Угледзеў у кутку сваю сястру з... Агапкай. Сястру запрашае старшынёва дачка i яны выходзяць танцаваць. Той-жа самы хлопец просiць мяне 'разьбiць' iх. Дзеля сястры я пагадзiўся. Танцую з старшынёваю. Агапка скоса i злосна зыркае на мяне, калi я з сваёю партнёршаю iду па кругу паўз яе.

Сястра радая, што я тут. Тая ўвага да мяне, як да студэнта, перападае i ёй. Брат i сястра на танцах - гэта добра: брат можа заступiцца за сястру, калi-б якi п'янчуга прыставаў да яе, або дзеля яе памiж хлопцамi паўстаў-б якi-небудзь канфлiкт.

Нам яшчэ тут гуляць i гуляць, ды я прашу сястру пайсьцi дахаты - заўтра-ж панядзелак, дый позна ўжо. Мы выходзiм. Сястра пытаецца, дзе я прападаў, сам-жа стараюся даведацца ў яе, што i як у хаце, цi мацi ня злуецца, што я ня прыйшоў на вячэру.

З сястрой я ўваходжу ў хату сьмялей. Сястра нi ў чым ня вiнаватая. Яна запрацавала сабе танцы. Упоцьмах яна намацала нешта з ежы на стале, просiць i мяне ўзяць што.

Я доўга ня мог заснуць. Мяне турбавала Агапкiна дзела. Як я заўтра пакажуся мацi на вочы? Канешне, мацi мне нiчога ня скажа, але як выстаiць самому перад ёй? Калiсьцi мацi магла папракнуць мяне Наташай, тады для мацi я быў яшчэ малы i яна лiчыла сваiм абавязкам аберагаць мяне ад спакусы. Цяпер ня тое - я дарослы, сказаць ёй што-небудзь мне ня так ужо лёгка, мацi разумее гэта, ды ўсё-ткi яна i цяпер, не спадзяючыся на мой розум, баiцца, каб я ня зьбiўся з дарогi, заставаўся чыстым, як i дасюль, да тэй пары, калi стану жыцьцёва дасьведчаны i буду магчы абраць сабе спадарожнiцу паводля развагi, а ня толькi паводля iнстынкту. I толькi тады, па закону, магу сабе дазволiць адпусьцiцца. Боязь бацькоў, асаблiва мацi, здiўным спосабам перадалася i мне я й сам баяўся ўлiпнуць дзе-небудзь, бярогся, ня йшоў на зблiжэньне да такой ступенi, калi мог-бы ўжо пераступiць мяжу дазволенага. Канешне, было тут i iншае - iдэалiзацыя жанчыны, як катэгорыi чыста эстэтычнай. Змалку бачыў у ёй толькi нябеснае, не цялеснае, толькi прыгожае, да чаго нельга дакрануцца, псаваць. I ўжо будучы дарослым, хоць i даведаўся аб жанчыне болей, - не хацеў разбураць, разьвенчваць створанага мною раней вобразу. Мiж iншым, Дуся падтрымлiвала ў мяне такi вобраз. Бацька нават турбаваўся маiм такiм настаўленьнем да жаночага роду. Уначы я неяк падслухаў (не цяпер, раней, калi я спаў у вадным з iмi пакоi) шэпат бацькi з маткай: 'Што ты робiш з яго баязьлiўца, ён-жа будзе тады ўсяго баяцца'. 'Гэта не я, ён сам такi'. 'Ну дык i дрэнна'. Я доўга думаў над тым, што казалi бацькi, хацеў зразумець сэнс пачутых словаў, асаблiва бацькава 'ну дык i дрэнна'. Цяпер я разумею - мяне навучыла Агапка.

Засынаючы, мне прысьнiўся Вяркееў - вобраз ягоны быў няясны, я ледзьве пазнаваў яго. Выразным быў толькi ягоны голас, званчэйшы, чымся ў сапраўднасьцi. Вяркееў быццам перадаваў мне сваю Акулiну, сплаўляў, а сам хацеў зьехаць ад яе. Я не пагаджаўся ('Нашто яна мне такая!') i ён крычэў на мяне з усёй сiлы. Доўга вярзлося мне ўсякае, пакуль не заснуў. А прачнуўшыся ранiцою, першае, што я пачуў - бацька клепiць касу на двары. Бацька зьдзiвiўся, што я так рана прачнуўся. Бо яшчэ мацi была не падняўшыся.

- Чаго ты гэтак усьпёрся?

- Хачу з табой пайсьцi касiць.

Бацька, седзячы за кляпаньнем, зiрнуў на мяне.

- Калi табе так захацелася - пойдзем. А можа-б пагуляў яшчэ?

Я вычуў - бацька рады, што я йду з iм, i толькi для прычэльля гаворыць, каб я пагуляў яшчэ.

Цi гаварыла яму мацi пра ўчарашняе? Хiба што не: вочы яго не паказалi гэтага.

Касiць мы пайшлi бяз сьнеданьня. Сьнеданьне нам прынясе сястра пазьней. Цяпер яшчэ рана сьнедаць. Касцы не чакаюць на сьнеданьне ў хаце. Трэба сьпяшацца пакуль раса. Сонца прыпячэ - трава ня будзе рэзацца. Замудохаесься.

Вось мы й на лузе, на залiўным. Стаiць яшчэ туман - ня ўзьняўся. Iдзём расяная трава хвошча па нашых штанiнах - у Супырыцу, на ўчастак, дзе бацька касiў у суботу. Яму яшчэ брыгадзiр не замяраў скошанага, не падлiчыў сотак, казаў зробiць гэта ў панядзелак. Бацька кажа - можа выкасiў цэлы гэктар. На лузе яшчэ нiкога - мы першыя. Ня спынiў яшчэ свайго занятку i драч - дзярэ на ўсю сваю моц.

Бацька адмыслова праверыў маю касу, як яна насаджана, цi ў кругу яна цi вонках яго, цi правiльна сядзiць 'пупок', ня нiзка i не завысока, прыгледзiўся да 'банькi', як у ёй сядзяць клiнкi, - агледзеўшы ўсё, бацька пайшоў наперадзе, я за iм. Лажыўся пракос за пракосам. Пры заходзе бацька радзiў мне не забiраць шырока, як ён, - можна падарвацца. Але я хацеў, каб мой пракос быў ня вузейшым за бацькаў - я хацеў быць у касьбе на роўнi з iм. Касiлi з ахвотай, без пярэдыху. Пакуль найшло болей касцоў (ня ўсе калгасьнiкi ўстаюць цяпер рана), мы ўжо з бацькам звалiлi цэлую плаху. Пракосы, як валы, разьлеглiся роўнымi радамi на вялiкай - як вокам кiнуць - прасторы, збрытай цяпер, зваяванай.

Сястра прынесла нам сьнеданьне, калi сонца было ўжо высока ўзьняўшыся. Калi мы зьелi, сястра пасьпяшалася назад, дахаты, каб пасьпець на сваю працу. Мы-ж з бацькам зноў узялiся за сваё, шчыравалi да самага паўдня, калi ўжо немiласэрна пачало пячы сонца i трава стала цьвёрдай. Косы прытупiлiся, на iхным палатне прыстыла зялёная смага - цяжка соўкаць касой. Трэба кляпаць. Вастрыць. Патрэбны адпачынак.

Мы леглi ў цяньку пад вярбой. Стомлены, я хутка заснуў. Ня чуў нават, як бацька кляпаў, адбiваў косы. Калi я прачнуўся, косы былi ўжо наведзеныя i ўторкнутыя цаўём у зямлю. Бацька закурыў i ўпяршыню, як пачалi касiць, кiнуў на мяне вачыма - бачу хоча са мною загаварыць. 'Пра што? Няўжо мацi сказала яму?' Не, бацька мой не такi - ён лiчыць мяне дарослым i пра такое глупства ня будзе гаварыць, ня будзе саромiць мяне. Мы - мужчыны. Пра што-ж тады?'

- Я ня ведаў, куды ты пайшоў учора пасьля сходу. Шукаў цябе - ты быў мне патрэбны. Кыла Сiльпо цябе ня было. Пайшоў быў назад дахаты, аж нагнаў мяне Даўгаль, фiнагент. П'яны. Дый кажа: пылнамочны з табой гаварыў. Дык што ён табе казаў? Нешта дрэннае? Чаму, казаў мне Даўгаль, табе трэба ўцякаць? Цi ты што зрабiў?

Я ўсё расказаў бацьку. Сказаў, што я нiчога не зрабiў. Сказаў, што iдучы да калгаснай канцылярыi (упаўнаважаны там хацеў старшыню пабачыць), прайшоўся з iм па ўсёй нашай вулiцы (бачыў, як у некаторых хатах кiдалiся ў вокны паглядзець, з кiм гэта я йду). Сказаў i пра тое, што ўпаўнаважаны пытаўся, дзе я жыву i што я паказаў яму нашу хату.

Бацька ўстрывожыўся, кiнуў навотмаш недакураную папяроску.

- Сын мой, дык гэта-ж ты на заметцы. Бачыш, ён кiнуў ужо сваё вока i на нашу хату. А для чаго? Можа ты нешта сказаў - тут цi там, у Менску? Цi напiсаў што дрэннае? Ня можа-ж быць, што-б так, з бухты- барахты. Кiнуў-бы ты сваю пiсанiну - згубiць яна цябе. Нашто табе пэцкацца?

У бацькi ад перажываньня перасмыкнулiся, скрывiлiся вусны. Я ведаю, што ў яго цяпер на душы. Ён бачыць, што ўсё ягонае прапала: нада мною навiсла бяда, ягоныя спадзяваньнi - пабачыць мяне. нарэшце, на нейкай службе правалiлiся. Бацька ўжо бачыў мяне сярод тых, хто вылез ужо наверх. Жыў ужо гэтым. Уяўляў, як людзi будуць хвалiць мяне, зайздросьцiць, як яму ад гэтага будзе прыемна. Маiмi посьпехамi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату