кожным з нас - у тым лiку i са мной - i сеў за нашым сталом памiж райано i мною.

- Таварыш райано, ты сёньня ня выступаў. Цi яшчэ выступiш? - нi то сур'ёзна, нi то жартам спытаўся ўпаўнаважаны.

- Пабачу.

- Хацеў-бы я 'пабачыць'.

- Вот ты перашкаджаеш. Бяру во маладога чалавека. Да зарэзу патрэбны людзi. Пазнаёмся!

- Я ўжо меў гонар пазнаёмiцца. Бярэш, кажаш? Таварыш-жа (упаўнаважаны зiрнуў на мяне), здаецца, зьбiраецца канчаць навуку, а не настаўнiчаць.

- Гэта-ж не твая справа, а 'таварыша'.

- Чаму ты так думаеш, што не мая? А можа й мая. Дарэчы, як ты, райано, ацэньваеш выступленьне Трахiмчыка?

Райано нешта хацеў адказаць, але якраз у гэты момант зьявiлася афiцыянтка з падносам i хутка пачала згружаць на стол усё, што прадугледжана меню, уключна з дэсэртам - кампотам у кубачках. Вяркееў тут-жа папрасiў афiцыянтку 'прытарабанiць' меню i для 'таварыша' (нашага ўпаўнаважанага). 'На аднэй назе, - загадаў ён ёй, - i - графiнчык са стаканчыкамi'. Сапраўды, усё гэта хутка было ўжо на стале i Вяркееў скамандваў - 'як належыцца, прыкласьцiся'. Не хацеў 'прыкладвацца' толькi я, i райано адразу-ж з дакорам:

- Ну дык гэта што-ж, браток, я, можна сказаць, узяў ужо цябе на работу, а ты ня хочаш да нас прыхiнуцца. Шмат ня можаш - разумею, але яшчэ па аднэй мусiш.

Я паддаўся, i мы выпiлi 'па аднэй'. Пачалi есьцi. Упаўнаважаны атрымаў сваё 'меню' таксама. Еў сьпяшаючыся, i скончыў раней за ўсiх.

- Дык ты, райано, не адказаў яшчэ на маё пытанне.

- А я ўжо й забыўся, на якое.

- Ды пра выступленьне Трахiмчыка. Нешта ён ня ў той бок глядзiць.

- А ты куды хочаш каб ён глядзеў?

- Я бяз жартаў, райано - ты мусiў-бы зарэагаваць. Трахiмчык пасутнасьцi гне кантррэвалюцыю. Ты ня бачыш гэтага? Як ты мог дапусьцiць такога чалавека да трыбуны?

- Ён найбольш кампэтэнтны ў лiтаратуры. Ты, канешне, - самы кампэтэнтны i ты пабiў яго. Чаго ты хочаш яшчэ ад яго? Ён нiчога дрэннага ня меў на ўвазе. Зрэшты, я выступлю па абедзе i ўсё выраўную. Ня турбуйся!

Райано перайшоў да мяне:

- Я даю вам (ён пачаў зьвяртацца да мяне на 'вы') месца ў самiх Касьцюковiчах, у дзесяцiгодцы - выкладаць беларускую мову i лiтаратуру. Згода?

Я ня ведаю, што яму адказаць. Упаўнаважаны насьцярожыўся - слухае.

- Найлепшая ў раёне дзесяцiгодка. Настаўнiцкi калектыў iдэальны. Папрацуеце год, пабачыце: спадабаецца - застанецеся, не - паедзеце ў свой Мiнск.

- Райано, ня Мiнск, а Менск. Беларускiя нацыяналiсты, 'нацдэмы', ня любяць 'Мiнску'.

- Дык ён-жа не нацдэм!

I ўжо да мяне:

- Ну дык i як? Заўтра i аформлю. Выпiшу прызначэньне.

- Райано, не сьпяшайся гэтак! - уставiў сваё ўпаўнаважаны.

У душы я кляну сябе, што не магу разгаварыцца з райано, не магу даць яму канкрэтнага адказу. Мяне прыгнятае прысутнасьць упаўнаважанага. Я хацеў-бы прыняць прапанову райано, такую спакусьлiвую. Прапанова райано ўзвышае мяне, я вырастаю ў сваiх собскiх вачох, я ўяўляю нават, як быў-бы задаволены мой бацька маёй пасадай выкладчыка ў раённай дзесяцiгодцы, як зайздросьцiлi-б мне ў Мокрым. Але я не люблю Касьцюковiчаў. Я ня ведаю iх. Мне яны чужыя. Мне трэба ехаць у Менск - гэта мая наканаванасьць. Я не магу ня ехаць туды. Я мушу спраўдзiць сябе, ня важна як - мне важна дайсьцi да свайго канца, спраўдзiцца. I таму я не магу нiчога сказаць райано. Ён глядзiць на мяне сваiмi добрымi вачыма i магчыма - дапушчаю - разумее, чаму я маўчу. А калi не разумее? Тады я трачу сябе ў ягоных вачох. Ён можа падумаць - хутчэй за ўсё - што я проста ня сур'ёзны чалавек, ня варты ягонай увагi. Не паверыць i Вяркееву: 'перахвалiў, я нiчога ня бачу ў iм'.

Вяркееў, бачу, незадаволены мной: дзе падзелася мая вынаходлiвасьць, спантаннасьць, мой досьцiп, нарэшце, мая культура, эрудыцыя?

I Вяркееў ратуе сытуацыю:

- Райано, мы заўтра зойдзем да цябе ў канцылярыю. Добра?

- Чакаю. Чакаю. Абавязкова.

Вяркееў заплацiў за ўсiх нас, i мы вылезьлi з-за стала, ладна захмялеўшыя. Упаўнаважаны, разьвiтваючыся, сказаў райано, што ён прыйдзе на ягонае выступленьне. Падаў руку Вяркееву, у мой бок толькi кiўнуў галавой, кiдка зiрнуўшы мне пад ногi.

Вяркееву я сказаў, што на канфэфэнцыi ня буду, пайду пахаджу па мястэчку, нанач прыду ў наш нумар.

Па мястэчку я не хадзiў, адразу пайшоў у нумар. Пакiнуў - каб мяне ня шукалi - пiсульку, што я пайшоў дамоў. Я не хачу заставацца тут нанач. Няцiкава. Самотна. Да таго-ж - я ведаю - Вяркееў прывядзе якую- небудзь з настаўнiцаў i што я мушу тады рабiць? Не хачу iсьцi i да райано. Працаваць у Касьцюковiчах, азначае - быць на вачох упаўнаважанага. Мая пуцявiна ўжо вызначана i трэба iсьцi па ёй.

Да цёмнага я буду ўжо ў Мокрым. Хацеў быў зайсьцi да Пiлiпа ў Дом калгасьнiка, сказаць i яму, што я iду, але перадумаў - не пайшоў да яго. У мяне ўзьнялася сiла - бегчы ў Мокрае. Хутчэй у Мокрае! Я ня раз хадзiў з Мокрага ў Касьцюковiчы - туды i назад у той-жа самы дзень. Разам семдзесят вярстоў. Яшчэ, купiўшы што, нясеш нешта i за сьпiною.

Выйшаўшы з мястэчка, я зьняў свае бацiнкi i - басанож - пусьцiўся ў дарогу. Праз вёскi ня йду - мiнаю iх. Нашто, каб мяне бачыў нехта на вулiцы босым? I толькi мiнуўшы вёску зноў узыходзiў на дарогу. Качуся - калi дарога йдзе на спад, iду павальней - калi яна ўзьнiмаецца. Ня надта разглядаюся - у мяне мала часу. Сустракаю зрэдку калгасныя абозы - вязуць на станцыю здаваць дзяржаве нарыхтоўкi: сена, маладую бульбу, дровы. На багнiстых мясцох бачу загрузлыя вазы, паламаныя восi, дугi, ськiнутыя каткi. Найбольш уражваюць укачаныя ў багну конi - яны такiя мiзэрныя, i, гледзячы на iх, заходзiцца ад жалю сэрца. У паветры вiсiць лаянка - у печань, у Бога, у Сталiна. Добрай вупражы няма, усё пянковае i яно хутка зношваецца, рвецца. Як гэта мне ўсё знаёма! Колькi разоў я загразаў вось гэтак, як яны. Я загразаю i цяпер, толькi ў нечым iншым.

Мiнаю маё Машавое. Сонца ўжо садзiцца. Ягоныя праменьнi - ужо рэдкiя, але агнiстыя - дастаюць, як штыхамi, на ўзгорку царкву i, адбiтыя ёю, паламаныя, гаснуць. Хоць крыжоў на царкве i няма, але ў маiм уяўленьнi яны ўсё гараць, як i тады, калi я глядзеў на iх, едучы з бабцяй на споведзь. Здаецца, варта толькi мне зноў глянуць на купалы, як яны, зiхатлiвыя, брызнуць на мяне сваiм золатам.

Наблiжаюся да маiх Жаркоў - там-сям у хатах ужо хлiпаюць агнi - слабыя, нясьмелыя, мiгцяць употайку, затуленыя ў куткох.

Да Мокрага засталося тры вярсты. Ня ведаю, чаму пры наблiжэньнi хвалююся i яшчэ больш сьпяшаюся. Пад наплывам пачуцьця трачу здольнасьць думаць.

Уважоджу ў Мокрае. Не, я не пайду вулiцай. Пайду агародамi паўз рэчку. Нашто мне з кiм сустракацца? Паўз рэчку цiха стаяць, стаiўшыся ў вечаровай цiшынi, хмызьнякi. Нагрэтая за дзень трава, дыхае нечым п'янкiм, духмяным, войстра пахным. Вось я ўжо й дайшоў, куды йшоў. Бачу - у iхным заднiм вакенцы агеньчык. Узыходжу на iхны агарод, з агароду - у сенцы. Бяруся за клямку адчыняю дзьверы ў хату: яны сядзяць за сталом. Вячэраюць. Кiнуўшы лыжку на стол, Хiма бяжыць да парогу, мне насустрач:

- Што такое? Прыехалi ўжо? А мой стары?

- Застаўся... Я толькi адзiн.

- Прыехаў на чым?

- Прыбег...

- Прыбег?

- Напрўду.

- Занудзiўся цi што? Ах, якi-ж ты бяглiвы! Хадзi, даражэнькi, за стол. Павячэраем разам. Згаладаўся-ж за дарогу, нябось.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату