Калi-ж пасыпалiся канкрэтныя пытаньнi з боку настаўнiкаў, дакладчык у большасьцi быў ня ў стане на iх адказваць.

Старэйшы ўжо настаўнiк, з гладкай, аж да глянцу, загарэлай лысiнай, пытаўся ў дакладчыка, як быць цяпер з назоўнiкамi мужчынскага i жаночага роду ў родным склоне адзiночнага i множнага лiку, як пiсаць 'аўса' цi аўсу', 'народ' цi 'народу', 'хат' цi 'хатаў', 'дзяўчат' цi 'дзяўчатаў'.

У салi ўзьняўся рогат. Нехта праявiў сябе на ўвесь голас:

- Бач, чаго захацеў - давай яму 'дзяўчатаў'.

Iншыя пыталiся, чаму цяпер у месным склоне множнага лiку для назоўнiкаў мужчынскага i нiякага роду заменены ранейшы канчатак 'ох-ёх' на 'ах-ях'? У народнай-жа мове, у фальклёры, бытуе прыгожая форма 'ох-ёх':

А ў палёх-палёх

ды быльнёг палёг.

Былi пытаньнi, чаму выкiдваецца мяккi знак памiж зычнымi 'нн', чаму цяпер 'большэвiк', а не 'бальшавiк', як было дасюль.

Няяснасьць выклiкаў новы правапiс i ў пытаньнях, што тычылiся слоў замежнага паходжаньня. Узьнятых пытаньняў было такое мноства, што дакладчык ня ведаў, як яму выкручвацца. Нарэшце, яго зьбiлi з панталыку i ён пакiнуў трыбуну. На салi-ж настаўнiкi спрачалiся мiж сабой, нешта даводзiлi адзiн адному, аж пакуль старшыня канфэрэнцыi не пачаў званiць, заклiкаючы да парадку. Аднак старэйшы настаўнiк з блiскучай лысiнай усё ня сьцiхаў, кiдаў рэплiкi:

- Мусiм мы цяпер нашых вучняў перавучваць? Якая ета работа? Сёньня я гаварыў адно, а заўтра другое?

Старшыня пазванiў яшчэ мацней, абвесьцiў:

- Наступнае пытаньне - пытаньне падручнiкаў. Слова для дакладу мае таварыш Трахiмчык.

'Трахiмчык', рослы, тонкi, аднавокi (другое ў яго было пад чорным, выпуклым пятачком) - падыйшоў да трыбуны, касавурлiва зiрнуў перш у бок прэзыдыюму, потым паверх галоваў на салю. Расклаў свае паперы, пачаў:

- Уласна, я зачаплю тут праблему падручнiкаў не наогул, а праблему падручнiкаў беларускiх, дый то толькi праблему падручнiкаў па беларускай мове i лiтаратуры. Скажу адразу - тут у нас правал. Далiкатная справа. Падручнiкi ёсьць, але мы ня можам iмi карыстацца - яны зьнятыя з ужытку, забароненыя. Узяць хоць-бы для прыкладу Хрэстаматыю, якой мы дасюль карысталiся. У ёй зьмешчаныя творы, аўтары якiх цяпер арыштаваныя i абвiнавачваюцца ў буржуазным нацыяналiзьме. Значыцца, гэтым падручнiкам мы ня можам карыстацца. Трэба ствараць новы. А гэта доўгая песьня, пры тым справа ўскладняецца яшчэ й тым, каго ўключаць у новую Хрэстаматыю, хто з беларускiх пiсьменьнiкаў надзейна стабiльны, каб яго можна было браць бязь рызыкi, што ён заўтра не акажацца ворагам? Янка Купала i Якуб Колас цяпер ужо, здаецца, стабiльныя. Стабiльнымi дасюль былi Андрэй Александровiч, Чарот, Галавач. Але, глядзеце, трэба i iх выкiдваць. Практычна вось i выходзiць, што мы пазбаўленыя падручнiкаў па беларускай лiтаратуры. А як дысцыплiна, беларуская лiтаратура праграмай вымагаецца. Гэта-ж, побач мовы, адна з найгалоўнейшых дысцыплiнаў. Яе трэба выкладаць. А як? Я ня ведаю. Я пакiдаю гэтае пытаньне пад вашую развагу. З свайго боку я ўсё-ткi хацеў-бы прапанаваць такую iдэю: скласьцi, так-бы сказаць, рабочую групу з найбольш кампэтэнтных выкладчыкаў беларускай лiтаратуры i даручыць ёй больш дэтальна вывучыць праблему беларускiх падручнiкаў па лiтаратуры. Свае рэкамэндацыi група магла-б падаць у адпаведныя вышэйшыя iнстанцыi.

Голас: Рэкамэндацыi такой групы ня мелi-б нiякай вагi. Бо хто надзелiць яе патрэбнымi паўнамоцтвамi? Вы? Гэта заданьне ня нейкай нашай рабочай групы, а заданьне самога Наркамату асьветы БССР.

Другi голас: ...i НКВД.

Саля павярнулася - хто гэта сказаў?

- У такiм разе я здымаю сваю прапанову, - пасьпяшаўся заявiць 'Трахiмчык'. - Але ясна адно - падручнiкаў няма. I выглядае, што гэтую праблему выкладчыкi беларускай лiтаратуры змушаныя вырашаць самi.

Голас упаўнаважанага: Выбачайце, ня самi! Прашу слова.

'Трахiмчык' хутка закруглiўся i, не паказваючы выгляду, што пакрыўджаны, хуценька адыйшоўся ад трыбуны i сеў на сваё месца ў прэзыдыюме.

Упаўнаважаны крэгляй выкацiўся з-за стала да трыбуны i неспадзявана загаварыў на чыстай беларускай мове.

- Таварышы, мы ня можам пусьцiць на самацёк справу беларускiх падручнiкаў. Мы ня можам ствараць падручнiкаў 'самi'. Справа дапаможнiкаў па беларускай лiтаратуры не такая простая. Лiтаратура - дысцыплiна iдэялягiчная, магутны сродак у выхаваньнi маладога пакаленьня i нам не абыякава, на якiх узорах прыгожага пiсьменства мы будзем узгадоўваць школьнiка. Нявыразныя ў iдэялягiчным сэньсе творы мы не бярэм на ўзбраеньне. Варожыя iдэялягiчна нам творы мы катэгарычна адкiдаем. Нажаль, у Хрэстаматыю па беларускай лiтаратуры трапiлi творы iдэялягiчна заганныя, а то й проста iдэялягiчна шкодныя, кантррэвалюцыйныя. Аўтары гэтых твораў - носьбiты няпрыймальнай намi iдэялёгii i, зразумела, iм ня месца ня толькi ў Хрэстаматыi, але i ў нашым савецкiм грамадстве.

- Тут нехта кiўнуў у бок НКВД - а што-ж вы думаеце, НКВД - гэта так сабе, для фасону? Патое-ж яно i НКВД, каб дбаць пра бясьпеку нашага грамадства. На ягоным абавязку - калi паўстане такая неабходнасьць - iзаляваць шкодны элемэнт ад рэшты грамадства. Iзаляваць часова, на пэўны час, або й назаўсёды, у залежнасьцi ад сацыяльных паводзiнаў гэтага элемэнту. Што тычыцца беларускiх пiсьменьнiкаў, дык не захаваю - у дачыненьнi да iх паўстала неабходнасьць прыняць захады ў кiрунку ачышчэньня iхных шэрагаў ад варожага, кантррэвалюцыйнага ахвосьця. Вось чым тлумачацца, дарагiя сябры, прабелы ў Хрэстаматыi i ў iншых дапаможнiках, пра якiя вы тут гаворыце. Але я магу запэўнiць вас - падручнiкi будуць. Над складаньнем iх нашыя навукоўцы ўжо працуюць i вы хутка падручнiкi атрымаеце. Ад вас патрабуецца толькi цярпеньне i зразуменьне справы. Да выхаду новых, перагледжаных падручнiкаў, у вас ёсьць у наяўнасьцi дастатковая колькасьць матэрыялаў па беларускай лiтаратуры i такiм парадкам у вас ёсьць поўная магчымасьць праводзiць нармальныя заняткi ў гэтай галiне. Як мне здаецца, вы занадта драматызуеце сытуацыю. Сярод вас, бачу, пануе нейкае незадаваленьне нашай палiтыкай у галiне беларускай мовы i лiтаратуры. Вам, бачу, незразумела, чым выклiкана гэтая палiтыка. Скажу адкрыта - яна выклiканая небясьпекай нацыяналiзму ў Беларусi. Беларускiя нацыяналiсты, пад выглядам беларусызацыi, ажыцьцяўлялi палiтыку адзьдзяленьня, сэпарацыi ад Саюзу, iшлi курсам поўнай незалежнасьцi Беларусi. Перасьледуючы такую мэту, беларускiя нацыяналiсты асаблiвы нацiск клалi на мову i лiтаратуру. Узьнiклi школьныя граматыкi розных лёсiкаў, Хрэстаматыi-чытанкi розных чаржынскiх, падручнiкi па гiсторыi лiтаратуры розных гарэцкiх i г.д. Падключалiся-ж сюды, канешне, i беларускiя паэты i пiсьменьнiкi. Вось якраз цяпер мы iх i адключаем. Прашу зразумець гэта.

Упаўнаважаны з выглядам задаволенасьцi сваiм выступленьнем сеў на сваё месца. Старшыня прэзыдыюму нешта перагаварыў з iм i, узьняўшыся над сталом, абвесьцiў перапынак на абед.

Але мне было не да абеду. Настрой мой папсаваўся. Чаго я прыехаў на гэтую канфэрэнцыю? Мне было-б лягчэй, каб я ня чуў усяго таго, што на ёй гаварылася. Упаўнаважаны наганяў страх. У ролi 'культурнага' шэфа ўстановы, у якой ён служыць, ён паказаўся мне агiдным i небясьпечным.

- Ну чаго спахмурнеў? Давай прадстаўлю цябе нашаму райано, - падганяў мяне Вяркееў. - Пайшлi!

Райано, сярэднiх гадоў чалавек, прывiтаўся са мною вельмi ветлiва, прыязна, як з сваiм даўнiм i добрым знаёмым, увесь твар яго свьяцiўся дабрынёй i гатовасьцяй аказаць мне любую паслугу.

Дамовiлiся разам пайсьцi на абед. Сталовая была ўжо перапоўненая наведвальнiкамi, пераважна настаўнiкамi з канфэрэнцыi. Селi за стол. Адна з афiцыянтак, заўважыўшы за нашым сталом райано, хутка падскочыла да нас, вiдаць, райано тут сталы госьць. Афiцыянтка, прыгожая, з надраенымi валасамi бляндынка, у добра скроеным па ёй убраньнi, запыталася, што-б мы хацелi заказаць.

Вяркееў, пераглянуўшыся з райано, папрасiў па сто грам на кожнага. Хутка прабегшы вачыма 'меню', замовiў для нас траiх усё, што там было.

Мы ўжо выпiлi па сто, а закусваць яшчэ ня было чым. Гарэлка ўзяла мяне адразу, i я баяўся, што зраблю на райано дрэннае ўражаньне. Хоць нашто ён мне? Я ў яго ня буду працаваць. Чую як праз сон - Вяркееў хвалiць мяне на ўсе лады. Даходзiць да мяне, што ў нашым раёне шмат вакантных месцаў, у тым лiку - у самiх Касьцюковiчах. Райано нагвалт патрэбны настаўнiкi. Райано, перапынiўшы гутарку з Вяркеевым, пачаў знаёмiцца са мною, зьвяртацца да мяне з рознымi пытаньнямi.

Перарваў нашую гутарку ўпаўнаважаны. Вынырнуўшы адкульсьцi з настаўнiцкага тлуму, ён парукаўся з

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату