- Чаго ета ты такая смутная? Масеевiч, прысядзь за стол. Можа яшчэ захочаш выпiць цi зьесьцi. I ты таксама, Дуся.
За сталом сядзелi Пiлiп i Ягор з Эмаю. Яны заўтра ад'яжджаюць. Сьпяшаюцца на працу. На станцыю iх адвязе Пiлiп. Я пагадзiўся сесьцi за стол дзеля ветлiвасьцi. Гавару з Ягорам, распытваю яго пра ягоныя пляны, калi ён зноў будзе ў Мокрым, можа напiсаў-бы калi, а ў самога ў мяне на душы зусiм iншае я чую побач Дусю, маўклiвую, задуменную. Мне здаецца, што яна ня слухае, што я гавару - думае пра сваё. Гэта мучыць мяне, хоць ведаю, што зачапiць яна мяне цяпер ня можа.
Мне лепей-бы пайсьцi цяпер ад iх. Я хачу цяпер быць сам з сабою. Выказваю яшчэ раз мае найлепшыя пажаданьнi Ягору i Эме. Гавару Ягору, што мне было прыемна сустрэцца з iм пасьля столькiх год, пазнаёмiцца з ягонай абраньнiцай. Дзякую гаспадаром за гасьцiннасьць. Зьбiраюся выходзiць, толькi ня ведаю, як разьвiтацца з Дусяй. Стаю ля парогу. Маруджу. Яна застаецца сядзець за сталом.
- Дуся, ты не пачцiвая. Хоць-бы разьвiталася з Масеевiчам.
- Мамачка, я ўжо разьвiталася.
Падыйшла да мяне i - з выглядам быццам гэта загадала ёй мацi - падала мне руку. Я ўзяў яе ў абедзьве свае, глянуўшы ёй у вочы. Яна зьлёгку ўсьмiхнулася, не забiраючы ад мяне свае рукi. Запыталася:
- Табе спадабалася наша вясельле? Табе было добра ў нас?
- Вельмi добра.
Адпусьцiў ейную руку. Пакланiўшыся ўсiм, сказаў:
- Добрай ночы. Шчыра дзякую.
- Заходзь, Масеевiч, да нас. Ня чужайся. От шкада - тваiх радзiцеляў ня было ў нас, - сказала на разьвiтаньне Хiма.
Я не пайшоў на мост. Ад Пiлiпавай хаты спусьцiўся ўнiз, на рэчку. Перайшоў яе па бервяну. Iду праз хмызьнякi па мурожнай траве. 'Няўжо Дуся бачыла тут мяне з ёю?'
У хату не заходжу. Лёг на свой ложак у сенцах. Сястра, канешне, ужо ў хаце. Прыйшла раней мяне.
Цяжка перадаць усё тое, што я перадумаў, лежачы ў пасьцелi. Я нiколi яшчэ так ня думаў пра жыцьцё, пра сябе. Я ўсё яшчэ быў недарослым. Сёньня я ўжо дарослы, стаўся такiм толькi некалькi гадзiн таму назад. I гэтая мая даросласьць як-бы падказвае мне: я мушу задумацца над сабой. Я быў у сваiх бацькоў пад iхнай аховай i мне ня трэба было думаць. Цяпер хата адыходзiць ад мяне, бацькоўская апека канчаецца. Яны ў страху, што iхнай апекi цяпер недастаткова, каб уберагчы мяне, што нада мною стаў мой уласны лёс, што я ўжо падуладны свайму лёсу i ўсё залежыць цяпер ад таго, наколькi я спраўлюся з iм, калi спраўлюся наагул. Я ўжо за парогам бацькоўскай хаты. I мне, як нiколi, робiцца шкада сваiх бацькоў. Больш таго - у мяне страх за iх. Я баюся, што iх напаткае тая-ж фатальнасьць, што й мяне. Мяне мучыць нейкая вiна перад бацькамi,. вiна, што ўзьнiмаецца ў мяне да ступенi грэху. А якi грэх? Мая вiна i грэх - гэта iхная памылка адносна мяне - памылка, якую я замацоўваў у iхным уяўленьнi пра мяне. Я падтрымлiваў у iхных вачох сябе такiм, якога яны хацелi бачыць. Цяпер я ўспрыймаю гэта, як грэх.
Я часта думаю над пытаньнем дабрынi. Цi добры я? Адказ у мяне атрымлiваецца хутчэй адмоўны. Але мяне ўспрыймаюць, як добрага. Напраўду-ж, я ня ведаю, цi гэта так. У кожным разе, я ўсюды i перад усiмi стараюся паказацца добрым. I гэта, думаю, губiць мяне. Я нiколi адкрыта i гнеўна не паўстаў супраць каго- небудзь цi супраць чаго-небудзь. Я не паказваю свайго характару. У мяне яго няма. Я хачу паказацца добрым перад усiмi. Але-ж тады мяне няма. Я ўвесь у адчуваньнях i яны, адчуваньнi, змушаюць мяне быць добрым з усiмi. Я ня люблю войстрых людзей, матэматычна пасьлядоўных, яны - цяжкiя для мяне. Але цi гэта азначае, што я - добры? Мой брат, напрыклад, у вачох бацькоў 'нядобры' у яго ёсьць характар. Нязломны. Ён заўсёды адзiн i той-жа. Ён нязьменны. Я прыстасоўваюся. А ён - не. Ён усюды i заўсёды ён. Не таму, што ён хоча гэтак. Не, ён такi сам па сабе. Ён ёсьць. Мяне-ж няма. У маiм 'я' мiльёны 'я' i таму ў мяне няма 'я'. Няма мяне. Майго брата менш любяць, як мяне. Ён 'нядобры'. А якi ён добры на самай справе! Толькi нiхто гэтага ня ведае. Я цаню яго вышэй сябе. Але ён залiчае мяне да 'ўгоднiкаў' i, магчыма, ня любiць мяне. Ён ня ведае, што я высока цаню яго. Ён ведае толькi, што я ўгоднiк, карыстаюся ў сям'i прывiлеямi. Ён таго ня ведае, што я саромлюся свайго ўгоднiцтва. Брат вывеў 'угоднiк' з 'угождать'. Мне дагаджаюць. Мяне выдзяляюць, мяне больш любяць, мне даюць усё лепшае, нават падчас абеду мне даюць, напрыклад, не якое-небудзь, а любовае мяса, ня тлустае. Бацькi ведаюць, што ад 'жырнага' мяса мяне можа вырваць. Я гiджуся. Я, бачаце, малiмоньнiк, мне давай толькi смачнае, любовае. Я ўгоднiк.
Раптоўная, як маланка, думка пра ўпаўнаважанага перарвала гэтыя мае дзiўныя разважаньнi. Упаўнаважаны закрэсьлiў у маёй памяцi ўсё, што адклалася ў ёй за перажыты дзень. Я адчуў, што я стаю на ростанi i што мне трэба ўсьведамiць хто я? што я? Упаўнаважаны паўстаў у маiх вачох гэтак зырка, што я мог разгледзiць у iм самую найдрабнейшую рысу. Найперш ён сам - нiзкi, камлюкаваты, прысадзiсты, цяжкi. Гэтае ўражаньне ўзмацняецца яшчэ ягонымi новымi падкоўкамi на абцасах. Галянiшчы, халявы ягоных ботаў даходзяць да самых каленяў i яны там закасаныя. Галiфэ, скуранка i ленiнская кепка на брытай галаве завяршаюць ягоны вобраз, надаюць яму такую суцэльнасьць, якая ня выклiкае сумлеву адносна ягонай зьлiтнасьцi. Лоб - пляскаты, вочы - у вузенькiх шчылiнах. Глядзiць праз iх - як сьмяецца. Ты ня бачыш неба ў iх яны замутненыя i схаваныя i таму ты ня можаш меркаваць аб зрухах ягонай душы. Што асаблiва ўражвае пры гэтым - ягоны ласкавы голас, што выклiкае цябе на шчырасьць з iм.
Вобраз упаўнаважанага як-бы спусьцiў заслону на сцэне майго дня, дзе я граў, i перавёў мяне ў другi плян - у плян начы. Вобраз гэты патушыў мой зыркi, шматфарбны дзень.
Я ўжо заснуў, я сплю, а мая душа ўсё жыве - жыве яшчэ яскравымi ўяўленьнямi, то радаснымi, то хмурымi, то трывожна-неспакойнымi.
Мне ўжо ня хочацца працаваць у калгасе. Але i сядзець у бацькоў i не працаваць я таксама не хачу. Мне трэба пакiдаць Мокрае. Выбiрацца. Куды? На Дальнi Ўсход, як радзiў фiнагент? Вяркееў гаворыць тое самае. Бацькi нiчога мне не падказваюць. Яны ня ведаюць самi, што ляпей - уцякаць мне, цi ехаць у Менск канчаць вучобу. А чаму ўцякаць? Мы-ж - не кулакi. Падатку вунь колькi год бацька не плацiў - вызваляўся як бядняк. У школу заўсёды сельсавет даваў мне даведку, што я - бядняцкага паходжаньня. Як бедняку, сельсавет танна прадаў бацьку хату кулака. Мы толькi коратка, перад самым калгасам, былi ўжо больш заможнымi, але-ж пад кулака нiяк не падыходзiлi. Дый цяпер-жа бацька калгасьнiк. З кулакамi расправiлiся, бацьку не зачапiлi. Дык чаго мае баяцца ягоны сын? Я-ж i не кантррэвалюцыянэр. Ды ўсё-ж бацька, урахаваўшы ўсё, быў за тое, каб я зьехаў, не варочаўся ў Менск. Шукаць мяне нiхто ня будзе. Уцяклi-ж з Мокрага кулакi i нiхто iх ня шукае. Нават ня так далёка - у Леспрамгасе зашылiся i сядзяць - нiхто iх ня выдае. Не папалiся пад гарачую руку, дык i жывуць сабе. А хто чакаў свайго лёсу, дык i дачакаўся - схапiлi. Гнояць турму цi мруць у тайзе.
Сягоньня дождж i калгас сядзiць у хаце. Недзе працуюць толькi на гумнах, на фэрме, або нешта робяць для сябе, радыя дажджу - на поле брыгадзiр не пагонiць. Бацька таксама ў хаце - робiць новыя калёсы, мацi шые, а сястра пабегла да свае таварышкi, радая выхадному.
Я надумаўся пайсьцi да Вяркеева - недзе дзецца. Хацеў было пiсаць, але ня пiшацца - выходзiць ня тое. Як не стараюся настроiць сябе на патрэбны лад лезе самата, яна пераходзiць у адчай i канчаецца бунтам, а хто такое возьме ў мяне? Я гэтым летам думаў напiсаць цыкль вершаў i здаць яго ў 'Полымя рэвалюцыi'. Ды як ты здасi яго? Самому нават боязна чытаць тое, што выйшла, а ня то што каму паказаць. Вяркееву я не прызнаюся, што я нешта напiсаў. Чытаў толькi Вусьцiну - некаму-ж хочацца прачытаць, i Вусьцiн мяне не падвядзе. Праўда, ён хвалiцца маiмi вершамi, асаблiва, калi бачыць iх надрукаванымi. Тое, што я чытаў яму, ня надта даходзiла да яго. Затое спадабаўся яму мой верш пра наступ на мяне 'зялёнай злосьцi'. У вёсцы я адчуваю сябе ў зялёным палоне, акружаны бязьлiтасным зяленiвам, што напiрае на мяне з усiх бакоў, займае прастору, ад яго не схаваешся, ад яго няма ратунку, яно, гэтае зяленiва, цягнецца, хоча схапiць цябе. I я хачу ўцячы ад гэтага наступу, ад гэтай 'зялёнай злосьцi'. Куды? У горад. У сталiцу. Там ёсьць вышэйшыя ўлады i яны мусяць спынiць гэты 'разбой нямы', там высокiя дамы спыняць наступ 'зялёнай злосьцi'. Вусьцiн адразу запомнiў канцовую зваротку гэтага вершу i ўсюды дэклямаваў яе:
Там улады вышэйшыя ёсьць
спыняць гэты разбой нямы.
Там зялёную злосьць
затрымаюць высокiя дамы.
У Вяркеева была якраз Акулiна, i я памкнуўся быў пакiнуць iх адных, але Вяркееў затрымаў мяне i я - застаўся. Акулiна-ж - жывот у яе быў ужо надуты пасьпяшалася выйсьцi. Вяркееў прапанаваў мне паехаць разам з iм у Касьцюковiчы на настаўнiцкую канфэрэнцыю. Пазнаёмiшся з людзьмi. Прадстаўлю цябе начальству. Атрымаеш куды-небудзь у школу прызначэньне. Папрацуеш з год якi,