Панюхай! Засохлыя, яны пахнуць яшчэ мацней. Слухай, што я табе скажу. Я працавала сёньня разам з бацькам i мацi цэлы дзень. Зграбала сена. Стаяла на возе. Бацька падаваў на вiлах, а я брала ахапкамi, укладвала, утоптвала, каб не звальвалася з воза. Каб ты бачыў, якiя прыгожыя, стройныя вазы мы ўмеем з бацькам ладзiць. Ня верыш? Сьмяешся? Мы калi-небудзь з табой паедзем па сена - пакажу!' Узбуджаная, Дуся ня сьцiхае што з ёй такое, думаю. 'Вазiлi сюды на агарод. Мяталi стог. Глядзi, якi выйшаў! Я доўга цябе тут чакала, а ты ўсё ня йшоў. Дзе быў? Я прыкмецiла цябе яшчэ здалёк - ноч сёньня такая ясная ад месяца. Думаю - схаваюся. Напужаю цябе. Цi-ж ты мог падумаць, што я тут стаю? Або пабачыць на нашым агародзе стог? Усё вырасла раптам - i стог, i я, i ты. Што ты глядзiш? Думаеш, здурнела дзеўка? Няпраўда, заначуем тут? У сене. Гэта-ж так цiкава i нова. Бачыш, я сёньня новая. I ты для мяне новы. Усё нова. Месяц - i той новы. Я прост захмялела ад яго. Галава кружыцца - упаду!'

...Мы ў сене. Дуся, як у забыцьцi, шэпча мне: 'Юзiк...' Цалуе: 'Юзiк... табе добра са мною, Юзiк? Ляжы. Я цябе не адпушчу, Юзiк'.

Мы, як-бы ў глыбокiм сьне. Але толькi на адзiн момант. Зноў абуджаемся. Месяц, падняўшыся вышэй, проста сьвецiць на нас. Дуся накрывае мне сьпiну сенам: 'Каб нас нiхто ня бачыў, Юзiк. Толькi месяц. Ён глядзiць, што мы робiм. Ты ня бачыш яго сваёю сьпiною. А я бачу ўсё неба. Яно сьхiляецца над намi. Пасыпае нас зоркамi. А Бог з неба кiвае на нас пальцам. Я трошкi баюся, Юзiк. Але - не. З табою я нiчога не баюся, Юзiк'.

Дуся сьцiшылася. Заснула на маёй руцэ. А я не магу заснуць. Нi разу не варухнуўся, каб не пабудзiць яе. Мне прыемна адчуваць яе вобак.

Месяц ужо за стогам. Па другi бок. Збляк. З паўзмроку - бачу - праступае мажара: ранiца. Дуся пракiдваецца: 'А ты спаў, Юзiк?' 'Спаў'. Цалую яе. Пешчу. А яна: 'Ты ўжо будзеш цяпер маiм Юзiкам... Я перахрысцiла цябе на Юзiка'.

Мне падабаецца ейнае 'Юзiк'. Гэта яна вымавiла ў забыцьцi, у стане нейкай асаблiвай пяшчоты i любасьцi. 'Юзiк' у яе атрымалася як нешта падзiцячаму лагоднае i далiкатнае. Гэта нагадвала мне Дусю ейных 'гусiных' часоў.

Нам час разьвiтацца, пакiдаць сваю духмяную пасьцель. Гавару Дусi: 'Iдзi. Трошкi здрымнi ў клецi. Яшчэ рана. А я пабягу дахаты'. Дуся й пытаецца: 'А дзе цяпер твая хата, Юзiк?' Сьмяючыся адказваю: 'У цябе'.

Бягу ўнiз праз рэчку дахаты. А ў хаце - засмучэньне. I мацi, i бацька, i сястра былi ўжо падняўшыся. Сядзелi. Нiчога не рабiлi, як-бы некага чакалi. Пэўна, майго прыходу. Адразу-ж паведамiлi мне: 'Можа якую гадзiну назад партызаны павялi з двара нашу жаробку'. Мацi ў сльязах: 'Заб'юць на мяса. Не на работу-ж. З гаршка кармiла. Паiла. Гадавала i выгадавала злыдням'. 'Ня чуваць, каб у каго яшчэ бралi што. Толькi ў нас, - дадае бацька. - За калгас, за зямлю, за турму нам помста. Як-бы пайшоў да iх у лес i з iмi разам рабаваў - не чапалi-б. А як-жа табе йсьцi ў лес? Гэта-ж такая абiда, што сьцерпiць нельга. Пасадзiлi. Адпакутваў. Выратаваўся, а цяпер - давай хадзi! Каб прыдушыць дзе'.

Я супакойваю бацькоў, як магу. Бацьком шкада жаробкi. Яна была ў нас, як дзiцё. Сядзем, бывала, дзе на полi падчас працы есьцi - i яна ўжо каля нас. Пакiдае мацi сваю - кабылу. Просiць есьцi. Язык так ня скажа, як яе вочы. Гнедзенькая. Прыгожанькая. Толькi яшчэ ад матчынай цыцкi. Сысунец яшчэ. Бывала, калi бацька быў на начлезе з коньмi, прыбяжыць да агню. Ляжа сьпiною да бацькавай сьпiны. Грэецца, баiцца начы цi з удзячнасьцi да гаспадара. I вось цяпер няма. Як-бы чалавека забралi ад нас. Асаблiва заходзiцца мацi па ёй. Яна болей за ўсiх хадзiла за ёй, i цяпер яна не магла ўявiць сабе што яе зьядуць.

Бацька бачыў у вакно, як партызаны, не заходячы ў хату, iшлi на двор. 'Чаго-б гэта, думаў ён. - Што ў мяне на двары? Адна кляча. Дык iм-жа яна нi да чога'. Ня выходзiў з хаты. Чакаў, што будзе далей. Аж бачыць - вядуць жаробку. Бацька з хаты. Просiць пакiнуць яму жаробку: 'Навошта яна вам такая маладая?' Партызаны - усё невядомыя людзi - i слухаць ня хочуць. Вядуць. Бацька ўсё ўпрашвае. А адзiн з iх: 'Iдзi, стары, спаць, а то й цябе павядзём'. Яшчэ й дадаў: 'На вяровачцы'. 'Бачыш, сын, - зьвярнуўся да мяне бацька, - нам помсьцяць. Ты ў турме сядзеў - ужо ты чалавек для iх ня свой, а я 'зажыўся'. Маё дабро колiць iм вочы. А таго ня хочуць знаць, што тое маё дабро з мазаля майго, з майго поту, з майго нядосыпу. Дык вось цяпер i йдуць за тым маiм дабром. Ета-ж, канешне, свае падказалi. Наслалi на нас. Але гора - горам. Горам не пракормiшся. Жывому - жывое. Паедзем у Супырыцу закладваць стог. Пагода будзе харошая. Iдзi запрагай кабылу. Бяры жэрдзь, вiлы, граблi, вазавую вяроўку, пiлу, тапор. Мацi з Дар'яй прыйдуць пазьней. А мы тым часам зробiм стажарышча'.

З працы да хаты прыехалi поцемкамi. Селi за стол, а ў хату - як нейкi прывiд - Вяркееў. Прывiтаўся i сьмела да стала. Згроб мяне ў свае лапы, тармозiць за плечы, глядзiць у вочы: 'Пазнаю. Пазнаю. Той самы. Выздаравiў? Цi не? Ну, ня злуйся. Вiтаю з паваротам. Рады бачыць цябе, Мiкола. Рады, што цэл i неўрядзiм'.

Прывiтваецца з бацькам, з мацi, з сястрой. 'Даўно ня бачылiся, Лявонавiч, а? Я ўжо не гавару пра Мiколу. З iм гадкоў з пяць. Цi ня так? Але паглядзеце, Лявонавiч, ён цяпер рыхтык сiбiрскi чалавек. Падужэў целам'. I да мяне: 'Спадзяюся i - духам. Я ў пiльнай справе да цябе, Мiкола'.

Тымчасам мы ўсадзiлi Вяркеева за стол, i я пабачыў знаёмага мне чалавека энэргiчнага ў рухах, жывога, рашучага, можа трохi пастарэлага i агрубелага аблiччам. Ня ведаючы яшчэ, як мне паставiцца да яго, стараюся быць стрыманым, але не магу - нешта мяне трывожыць, я рады i ня рады яго прыходу, ведаю, што не дзеля нашай нейкай дружбы завiтаў ён да нас, да мяне.

- Ня шкодзiла-б i выпiць за Мiколу, ды няма болей каперацiву ў Мокрым.

Бацька вылазiць з-за стала. Iдзе ў сенцы. Вяртаецца адтуль з пляшкай гарэлкi.

- Узнаю Лявонавiча!

Вяркееў загарэўся. Пацiрае рукi.

- Але аднэй гарэлкай, Лявонавiч, Мiкола сёньня ў мяне не адкупiцца.

I як-бы спахвацiўшыся:

- Няма чым зацемнiць вокны. А то яшчэ якi палiцай нарвецца. Хоць з Мiколам мне ня страшна - гэта-ж яго цяпер улада, - засьмяяўся.

Уквелены, я адказваю яму:

- У мяне ня было i няма нiякай улады. Улада твая.

- Ну чаго ты ўсьпятушыўся - жартую.

Бацька разьлiў у шклянкi гарэлку.

- Ну дык за што вып'ем? - узьняўшы шклянку, пытаецца Вяркееў. - Я ўсё-ткi за Мiколу. За ягоныя пакуты.

- Ды так-жа, - адказаў бацька.

Выпiлi за 'мае пакуты'. Бацька й пытаецца:

- А дзе-ж вы сiчас, Сямёнавiч?

- Я не хаваюся, Лявонавiч - у лесе, у партызанах, у партызанскiм штабе. Напужаў?

- Ды не. Чаго-ж? Ета ўсё харашо, а вот атбiраць, Сямёнавiч, у людзей што-б там нi было - нi гадзiцца.

- Мы не адбiраем, Лявонавiч. У вас мы ўзялi што-небудзь?

- Узялi. Сёньня-ж.

- Што ў вас узялi?

- Кабыла нядаўна ажарабiлася, дык дзяцёнка ад яе атнялi. На мяса! Нашто-ж болей? Прагаладалiся?

Бацька сказаў гэта зьядлiва i Вяркееў ня ўзьлюбiў:

- Так, мы церпiм i голад, Лявонавiч. Не сакрэт. I калi нам нехта не спагадае, ня хоча дапамагчы нам, мы i - адбiраем. Скажу вам больш - i забiваем. Бо забiваюць нас. Пашчады нiкому, хто стаў на бок ворага. - Зiрнуў на мяне: - Ты ня вораг! Да ворага я ня прыйшоў-бы i ня сеў-бы за стол. Ня прыняў-бы пачастунку.

- А вот-жа ўпяклi чалавека ў турму. За што? Вораг? I цяпер, калi чалавек прыйшоў, дык зноў пагражаюць. Спакою нiма. Чалавек не начуе ўжо ў хаце. Мусiць хавацца.

- Хто пагражае?

- Вашы-ж.

Вяркееў перапынiў гаворку з бацькам. Зьвярнуўся да мяне:

- Бачу, тут нейкае непаразуменьне, Мiкола. Хачу пагаварыць з табою сам-на сам. Лявонавiч, выбачайце. Мы выйдзем з Мiколам. Пагаворым. Прагуляемся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

1

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату