Мацi й сястра трывожна пераглянулiся мiжсобку, а бацька:
- Iдзеце сабе. Вы свой чалавек i можа што парадзiце нам.
Мы выйшлi на двор.
- Ты ня бойся мяне. Я цябе не здраджаў. Спадзяюся i ты ня здрадзiш мяне. Куды пойдзем? Куды-небудзь на бок. Дык хто табе пагражае?
- Прызнацца, дакладна ня ведаю, хто. Напачатку нехта прыходзiў уначы адзiн. Хацеў мяне бачыць, гаварыць са мною. У хаце мяне ня было, i я ня ведаю, хто гэта быў. Ён гаварыў з бацькамi. Прызначыў мне спатканьне на наступную ноч. Прыйшоў зноў. Мяне зноў ня было. Я не хацеў яго бачыць. Прызначыў мне i трэйцяе - апошняе - спатканьне. Я ня прыйшоў i на гэтае спатканьне. Было iх ужо трох, з Мiколам Бугровым на чале. Ты-ж ведаеш яго. Хацелi замест мяне ўзяць сястру. Перадумалi. Нехта з iх сказаў бацьку, што 'отныне всякая связь с ним (гэта значыць, са мною) прекращается. Пусть он запомнит это'.
- Здорава. Здорава. Хто-ж гэта так мог адчыканiць, - нiбы зьдзiвiўся Вяркеў. - Дай падумаць. З нашых, мясцовых людзей, так нiхто ня скажа. Гэта ўжо нехта з чысьцюсенькiх расейцаў, з прыежджых. Але пастой! Пастой! Здагадваюся! Гэта-ж каломенскi iнтэлiгенцiк! Быў тут у нас такi спэц па акопах, прысланы з раёну. Стаяў у Пiлiпа. Але чаму ён быў з Бугровым? У Бугрова-ж, наколькi нам вядома, толькi свае, тутэйшыя людзi. Бугроў, каб ты ведаў, пакiнуты тут для мясцовых апэрацыяў. I ты, дарэчы, асьцерагайся яго, каб цябе ён не падпiльнаваў. Ты-ж, здаецца - нам усё вядома - ходзiш да маёй Дуськi. Малайцом! Я ўхваляю. Напасьцiўся- ж. Але Бугроў - твой супернiк. Улiп у тваю Дуську па самыя вушы. Дамагаўся ўзаiмнасьцi. А тая, знай - адбрыквацца. Хацеў забраць яе ў лес, ды яна - нi ў якую. I гэта заела яго яшчэ больш. Дык глядзi - чалавек ён шалёны. Ёсьць пагроза для цябе i з другога боку - з боку каломенскага iнтэлiгеньцiка. Ён паляваў за Дуськай. Ня ведаю, цi ўпаляваў. Ты пра гэта мусiш ужо сам ведаць. Я перад табой, Мiкола, на чыстую - ня гневайся! Мы з табой усё-ткi сябры. Не хачу я выклiкаць у цябе i рэўнасьцi. Навошта яна, тая рэўнасьць? Дуся - добрая дзеўка i табе, думаю, яна - якраз. Наслаждайся. Вось я гавару гэта i ў думках разматваю клубок далей. Думаю, i каломенскi iнтэлiгеньцiк (выбачай, не сказаў табе - ён сам з Каломны) не здарма тут. Ня выпадкова ён быў з Бугровым. Ён заадно з iм. Тут, думаю, справа Дуськi. Дык глядзi. Пужаць цябе ня хочу. Але беражыся. Памойму, найлепшы выхад для цябе узяць Дусю з сабой i да нас. У штаб. Ты да зарэзу нам патрэбны. Няма каму газэту рабiць. Лiстоўкi састаўляць. Лiстоўка - ты ведаеш - ня менш дзейсная, чымся аўтамат. Я разумею цябе - прывязаўся да маладой спаднiцы. Але-ж трэба нешта рабiць i большае за спаднiцу. Што ты тут выседзiш? Нiчога. Ды каб-жа яшчэ - нiчога: таго глядзi, галавой накладзеш. Разумееш, пад маркай партызана ходзяць i банды. Над iмi мы кантролю ня маем. Удзень такi партызан сядзiць у лесе, а ўначы выходзiць рабаваць, а то й забiваць. У лепшым выпадку сьпiць у якой-небудзь салдаткi. Бойся, Мiкола, такiх партызанаў. Ты сядзiш тут i, думаю, нiчога ня бачыш, што дзеецца вакол цябе. Тут можа быць чыста асабiстая помста. Я цябе, паўтараю, ня пужаю i не агiтую. Я толькi раскрываю табе вочы. Ты можаш стацца нявiннай ахвярай. А пойдзеш да нас - зберажэшся. Гарантыi, канешне, няма. Але шансы выжыць у нас у цябе большыя, чымся пад крылом Дусi.
Вяркееў гаворыць i гаворыць, i я не перапыняю яго. Толькi чакаю, калi ён скончыць. Я нават ня ўсё ўспрыймаю, што ён гаворыць. Я заняты сваiм. Ня тым, што я чую. Уявiлася, што гэта Вяркееў зноў выпраўляе мяне ў дарогу, як некалi пяць год таму назад, калi мы з iм у сасоньнiку адзначалi мой ад'езд у Менск, i калi дзеля такога важнага моманту ён пёк яешню, узьнiмаў шклянку i гаварыў: 'Праводжу цябе ў дарогу, якой-бы яна нi была. Трымайся! Гартуйся ў бядзе! Весялiся ў шчасьцi! Я табе ня вораг'. Але цяпер мне не падабаецца, калi ён прыгадвае Дусю, Бугрова, каломенскага iнтэлiгеньцiка. Я хачу, каб ён скончыў са мною гэтую гутарку. Не пераконваў мяне. У ягоны Штаб я не пайду.
Але Вяркееў ня сьцiхае:
- Што ты сядзеў - гэта ўжо не загана. Гэта ўжо ня пляма. Яна змыта тваiмi пакутамi. Ты чысты. Ачысьцiўся. А галоўнае - ты не пайшоў на службу да ворага. Гэта галоўнае цяпер. Гэтым ты забясьпечыў сабе права грамадзянiнам называцца. I як гэткi, гавару - ты нам больш чым патрэбны. Скажу табе больш - наш з табою ўпаўнаважаны заклiкае цябе. Я, калi хочаш - ад яго. Дый не залежна ад яго. Я страшэнна хацеў пабачыцца з табою. З бацькам тваiм - ня менш. Зойдзем да цябе яшчэ ў хату. Узгоднiм усё з тваiм старым. Ты не канешне мусiш зьбiрацца цяпер, у гэтую хвiлiну. Табе трэба, як сьлед, падрыхтвацца, усё абдумаць i ўдакладнiць. Мы забясьпечым цябе ўсiм. Транспартам таксама. Нашыя сувязныя дапамогуць табе. Прыйдуць у вызначаны табою час i забяруць. Разам з Дусяй. Меры перасьцярогi будуць захаваныя. Нас цяпер цiснуць, але дармо... Пераседзем. Пакуль падкiнуць зброю, мэдыкаменты i iншае забясьпячэньне. Збудавалi ўжо i аэрадром. Чакаем першага самалёту адтуль, з Вялiкай зямлi.
Падыходзiм да нашае хаты. Вяркееў i пытаецца: ну дык i як? Я-ж маўчу i гэта ён успрыймае, як адзнаку, што я знаходжуся ў стане вырашэньня пастаўленага iм перада мною пытаньня.
Уваходзiм у хату. Бацька яшчэ не лажыўся. Чакаў на нас.
- Ну вось, Лявонавiч, мы й вярнулiся. Я прыйшоў з вамi разьвiтацца. Мне пара назад. Мяне чакаюць i мо турбуюцца, што мяне доўга няма. Мы з Мiколам усё абсудзiлi i прыйшлi да заключэньня, што яму ляпей пайсьцi да нас. Будзе вам зацiшней i яму спаквальней. Думаю, Мiкола згодны са мною (Вяркееў! зiрнуў на мяне). Вы тут мяркуйце, абдумвайце. Гэта-ж канешне ня з бухты барахты. А мы калi што - заявiмся адразу-ж. Была-б толькi вашая згода. Мне-ж пара. Сiгналiзуйце.
У посьпеху Вяркееў абняў бацьку i ў нейкай нечаканай рашчуленасьцi загаварыў:
- Заставайцеся здаровы. Калi зноў пабачымся - невядома. Усяк можа быць. Цi пабачымся.
Абняў яшчэ раз. Пацалаваў.
- Ну, а ты правядзi мяне з хаты.
Ужо за дзьвярыма спытаўся:
- Даеш мне слова? Гавары цяпер! Я мушу вярнуцца з нечым канкрэтным - так цi так.
- Дай падумаць, - гавару.
- Значыць, хiтрыш? А я думаў, што ты ўзмужаў. Аж бачу - не. Ну, думай. Думай. Але часу ў цябе ня шмат.
Моўчкi пацiснуў мне руку i матнуўся ў цемру гэтак хутка, што я й ня прыкмецiў, у якi бок ён шмыгнуў. Думаю, што ён сьпяшаўся яшчэ зазiрнуць да Акулiны.
Дуся мяне чакала доўга. Ня спала. Думала, што ўжо ня прыйду i непакоiлася маёй адсутнасьцяй. Яна ўчула мае крокi яшчэ на двары, i не пасьпеў я падыйсьцi да дзьвярэй, як яна адчынiла iх, упэўненая, што гэта я. Ужо iдучы да яе, я ўяўляў яе ўва ўсёй ейнай спакусьлiвасьцi, i калi яна, зачынiўшы за мною дзьверы лягла, утулiўшыся, побач мяне, раскрытая i ахвочая, жарсьць i любасьць спазнаньня яе закрэсьлiлi ўсё ў маёй памяцi. Шчасьлiвыя, у забыцьцi, мы праспалi да самае позьняе ранiцы.
Выходзiм з клецi, а на двары - Дусiна мацi. Сыплiць з падолу курам зерне. Глядзiць на нас. Нiчога не гаворыць. Дуся падбягае да яе. Абыймае:
- Мамачка. Галубка. Юзiк ходзiць да мяне. Не асудзi. Мы сьпiм з iм у клецi.
- Якi табе Юзiк?
- Гэта я так цяпер Мiколу заву.
- Ну дык вядзi свайго Юзiка з клецi ў хату.
I ўжо да мяне:
- Iдзi, Масеевiч, пасьнедаеш у нас.
Засаромлены, iду з Дусяй у хату. Яна мне гаворыць:
- Мацi цябе любiць.
Падае мне рушнiк, мыла. Просiць умыцца.
Мы за сталом. Хiма пячэ яшныя блiны i кiдае iх нам на талеркi. На гарачыя, мы кладзем на iх кавалачкi ператопленага з сырам масла. Масла на блiне хутка растае i мы, каб яно не сьцякала, сьпяшаемся есьцi, згаладалыя i прагныя да такой смакаты.
Сорам мой праходзiць. Я абвыкся. Хiма, можна сказаць, благаславiла нас. Пiлiпава хата робiцца маёй хатай.
Пасьнедалi. Дуся вядзе мяне паказаць за шырмай сваю Сьвятлiцу. Сапраўды, бачу прыгожа ўбраны куток: ложак, пакрыты прасьцiрадлам хатняга вырабу, з гарой падушак у галавах, столiк, з кветкамi на iм, палiчку з кнiжкамi, Ягораву з Эмай фатаграфiю на сьцяне. Дусiна Святлiца - гэта той самы куток, дзе яна калiсьцi хавалася ад грому, накрываючыся дзяругай. Вакно, што выходзiць на агарод, надае Дусiнай Сьвятлiцы радасны выгляд, асьвятляе яе сьвятлом нейкай асаблiвай дзявочай чысьцiнi i дбайнасьцi. Калi я зiрнуў у гэтае вакно дакорам блiснулi насупраць за рэчкай вокны нашае хаты: 'Зрокся ўжо, знайшоў сабе