падаражэла на сотню марак. Потым заправiлi машыну самым лепшым маслам, якое мелi. Поршнi былi не лепшай якасцi i крыху стукалi. Мы знялi гэты шум, густа змазалi iх маслам, i машына запрацавала зусiм цiха. Мы густа змазалi яшчэ механiзм перадачы i ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.
Потым выехалi. Непадалёк пачаўся ўчастак вельмi пабiтай дарогi. Яго мы праехалi з хуткасцю 50 кiламетраў. Верх барабанiў. Мы спусцiлi з кiхаў чвэрць атмасферы i паспрабавалi яшчэ раз. Цяпер было лепей. Выпусцiлi яшчэ чвэрць. Цяпер нiчога не варухнулася.
Вярнулiся, змазалi скрыпучы капот, зрабiлi гумавыя пракладкi, залiлi ў радыятар гарачай вады, каб матор адразу схапiўся, абмылi машыну з распырсквальнiка знiзу, каб яна блiшчала i там. Потым Готфрыд падняў рукi да неба.
- Прыходзь жа, блаславёны пакупнiк. Прыходзь, дарагi ўладальнiк кашалька! Мы палка чакаем цябе, як жанiх чакае маладую!
Маладая затрымлiвалася. Таму мы загналi пекаравага каня на яму i пачалi здымаць пярэднюю вось. Гадзiны дзве мы працавалi моўчкi. Потым я пачуў, як каля калонкi Юп засвiстаў мелодыю песнi: 'Слухай, што iдзе знадворку...'
Я вылез з ямы i зiрнуў у акно. Маленькi прысадзiсты чалавек хадзiў вакол 'кадзiлака'. Ён здаваўся дабрадзейным i салiдным буржуа.
- Зiрнi, Готфрыд, - шапнуў я. - Цi не маладая прыйшла?
- А хто ж, - вызначыў Ленц з першага погляду. - Глянь на твар. Ён ужо недаверлiвы, пакуль няма нiкога. Давай! Я застануся тут у рэзерве. Прыйду на дапамогу, калi адзiн не справiшся. Помнi мае прыёмы!
- Добра!
Я вылез.
Чалавек сустрэў мяне позiркам разумных чорных вачэй.
Я прадставiўся:
- Локамп.
- Блюменталь.
Гэта быў першы прыём: прадставiцца. Ленц сцвярджаў, што гэта стварае адразу больш iнтымную атмасферу. Другi прыём: пачынаць вельмi стрымана i выслухаць клiента, каб ударыць у адпаведны час.
- Вы наконт 'кадзiлака', пан Блюменталь? - спытаў я.
Блюменталь кiўнуў.
- Вось ён, - сказаў я i паказаў на машыну.
- Я бачу, - адказаў Блюменталь.
Я хутка зiрнуў на яго. 'Увага, - падумаў я. - Хiтрун'.
Мы пайшлi праз двор. Я адкрыў дзверцы машыны i завёў матор. Потым памаўчаў, каб даць Блюменталю час на агледзiны. Ён, пэўна, знойдзе, што пакрытыкаваць. Тады i я пачну.
Але Блюменталь не аглядаў машыны. Ён не крытыкаваў. Ён увесь час маўчаў, стоячы як iдал. Мне нiчога не заставалася, як самому пачынаць наўгад.
Я пачаў паволi i сiстэматычна расказваць пра 'кадзiлак', як мацi пра роднае дзiця, стараючыся заўважыць, цi цямiць той што-небудзь. Калi ён спецыялiст, тады трэба было б больш падрабязна спынiцца на маторы i шасi. Калi ён не разбiраецца ў машыне - на камфорце i розных дробязях.
Але ён i цяпер не выдаў сябе. Ён даваў мне выгаварыцца, пакуль я сам сабе не здаўся надзьмутым шарыкам.
- Навошта вам машына? Для язды ў горадзе цi для дальнiх вандровак? спытаў я нарэшце, каб знайсцi нейкi пункт апоры.
- Для самых розных патрэб, - адказаў Блюменталь.
- Зразумела! А вы самi будзеце вадзiць цi шафёр?
- Як калi.
Як калi... Чалавек выдаваў адказы, як папугай. Здавалася, што ён належаў да нейкага Ордэна маўчальнiкаў.
Каб узбадзёрыць яго, я прапанаваў яму праверыць тое-сёе ў машыне. Звычайна гэта аблягчала кантакт з клiентам. Я баяўся, што ён засне.
- Верх адкрываецца i падымаецца надзвычай лёгка для такой аграмадзiны, сказаў я. - Паспрабуйце самi. Вы справiцеся адной рукой.
Але Блюменталь адмовiўся спрабаваць. Ён бачыць i так. Я з шумам ляпнуў дзверцамi i пацягаў за ручкi...
- Вось бачыце, ўсё як мае быць. Жалезна. Паспрабуйце самi.
Блюменталь не захацеў. Ён лiчыў, што так i павiнна быць. Надзвычай цвёрды арэшак!
Я паказаў яму шыбы.
- Вельмi лёгка падымаюцца i апускаюцца. На любым узроўнi сядзяць мёртва.
Ён брывом не варухнуў.
- Да таго ж шкло не б'ецца, - працягваў я, ужо ў лёгкiм адчаi. - Перавага, якую нельга пераацанiць. У нашай майстэрнi стаiць 'форд'... - Я расказаў пра няшчасны выпадак з жонкай пекара, крыху прыўкрасiўшы яго, дадаўшы туды яшчэ адно дзiця.
Думкi i пачуццi Блюменталя былi замкнёныя ў сталёвы сейф.
- Шкло, якое не б'ецца, стаiць ва ўсiх машынах, - перабiў ён мяне. - Тут нiчога незвычайнага.
- Такое шкло не з'яўляецца серыйным абсталяваннем нiводнай машыны, запярэчыў я мякка, але настойлiва. - У некаторых марак толькi пярэдняе шкло такое. Але толькi не вялiкiя бакавыя.
Я пасiгналiў i перайшоў да апiсання ўнутраных выгод - скрынак, сядзенняў, кiшэняў, шчытка кiравання, - я закрануў самыя дробныя дэталi, я нават працягнуў Блюменталю запальнiчку i выкарыстаў магчымасць прапанаваць яму цыгарэту, каб неяк перамянiць яго настрой. Але ён адмовiўся.
- Не куру, дзякуй, - сказаў ён i паглядзеў на мяне з такiм сумам, што ў мяне раптам закралася жудаснае падазрэнне: магчыма, ён iшоў зусiм не да нас, магчыма, ён памылiўся - хацеў купiць нешта iншае, машыну, каб абстрочваць петлi, цi радыёпрыёмнiк, а цяпер нерашуча стаяў тут, перш чым пайсцi.
- Давайце пракоцiмся на пробу, пан Блюменталь, - нарэшце прапанаваў я, ужо зняможаны.
- Пракоцiмся? - здзiвiўся ён, быццам я сказаў нейкую лухту.
- Праедземся. Вам жа трэба паглядзець, на што здольная гэтая машына. Яна проста сцелецца па дарозе, iдзе, як па рэйках. А матор цягне, быццам гэты цяжкi кузаў лягчэй пушынкi.
- Што ездзiць, - ён махнуў рукой, адмаўляючыся. - Едучы, нiчога не ўбачыш. Недахопы машыны заўсёды заўважаеш толькi потым.
'А няўжо ж, д'ябал ты чыгунны, - падумаў я са злосцю. - Цi ты думаў, што я цябе буду носам тыцкаць у iх?'
- Ну, добра, не дык не, - сказаў я, страцiўшы надзею. Чалавек не думаў купляць, усё было зразумела.
Але раптам ён павярнуўся, паглядзеў мне адкрыта ў вочы i сказаў цiха i рэзка i вельмi хутка:
- Колькi машына каштуе?
- Сем тысяч марак, - адказаў я не мiргнуўшы, як выстралiў з пiсталета. Ён не павiнен быў заўважыць, што я хоць на момант задумаўся. Кожная секунда няўпэўненасцi магла каштаваць тысячу марак, якiя ён вытаргаваў бы. - Сем тысяч чыстымi, - паўтарыў я цвёрда i падумаў: 'Калi дасi пяць, то i забiрай!'
Але Блюменталь не даваў нiчога.
Ён коратка засоп.
- Задорага!
- Вядома! - сказаў я, канчаткова здаючыся.
- Як гэта - вядома? - спытаў Блюменталь раптам даволi па-людску.
- Пан Блюменталь, - адказаў я, - вы сёння сустракалi хоць аднаго дзiвака, каб, пачуўшы цану, сказаў нешта iншае?
Ён уважлiва прыгледзеўся да мяне.
Потым на яго твары прамiльгнула нешта падобнае да ўсмешкi.
- Так. Але машына сапраўды занадта дарагая.
Я не паверыў сваiм вушам. Нарэшце з'явiўся доўгачаканы нармальны тон. Тон зацiкаўленага чалавека. Цi нейкi новы закляты падвох?