падобны да магутнага слана, якi пералiваўся чорным бляскам.
Я дапоўнiў свой гардэроб. Да гальштука прыкупiў новы капялюш i пальчаткi. Акрамя таго, я апрануў палiто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсцi. Такiм чынам я хацеў цалкам сцерцi тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакiнуў.
Я пасiгналiў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвiчнае асвятленне ў пяцi вокнах па вертыкалi. Загудзеў лiфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нiбы касмiчная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчынiла дзверцы i хуценька сышла ўнiз па лесвiцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы i ў вузкай карычневай спаднiцы.
- Прывiтанне! - Яна падала мне руку. - Я рада, што магу выйсцi. Увесь дзень праседзела дома.
Мне спадабалася, як яна падала руку, пацiскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавiдзеў людзей, якiя падавалi руку вяла, нiбы здохлую рыбiну.
- Чаму ж вы мне раней не сказалi? - адказаў я. - Я заехаў бы да вас аполуднi.
- У вас так шмат часу?
- Ды не. Але неяк збег бы.
Яна глыбока ўздыхнула.
- Цудоўнае паветра! Пахне вясной.
- Калi ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькi вам захочацца, - сказаў я. - Можам выехаць за горад, у лес - я на машыне. - Я абыякава паказаў на 'кадзiлак', як быццам гэта быў стары 'форд'.
- 'Кадзiлак'? - Яна ў недаўменнi глянула на мяне. - Гэта ваш?
- Сёння на вечар мой. А ўвогуле - уласнасць нашай майстэрнi. Мы яго адрамантавалi i хочам пачаць з яго бiзнес нашага жыцця. - Я адчынiў дзверцы. Можа, спачатку паедзем у 'Лазу' i павячэраем? Як вы?
- Павячэраць можна, але чаму менавiта ў 'Лазе'?
Я разгубiўся. 'Лаза' была адзiным прыстойным рэстаранам, якi я ведаў.
- Шчыра кажучы, - прызнаўся я, - я больш нiчога не ведаю. Мне здаецца, што 'кадзiлак' нас да нечага абавязвае.
Яна засмяялася.
- У 'Лазе', напэўна, занадта важная i сумная публiка. Давайце паедзем у iншае месца.
Я быў бездапаможны. Мае сур'ёзныя намеры рассейвалiся, як дым.
- Тады прапануйце вы, - сказаў я. - Месцы, якiя вядомы мне, занадта прасцяцкiя. Яны, здаецца, не для вас.
- Чаму вы думаеце так?
- Ну, так мне здаецца...
Яна хутка зiрнула на мяне.
- Можна паспрабаваць.
- Добра. - Я рашуча перакрэслiў усю праграму. - Тады я ведаю, што рабiць. Калi вы не баязлiвая. Мы пойдзем да Альфонса.
- Альфонс... гучыць выдатна, - адказала яна. - Сёння вечарам я не баязлiвая.
- Альфонс - шынкар, - сказаў я. - Лепшы сябра Ленца.
Яна засмяялася.
- У Ленца, вiдаць, усюды сябры.
Я кiўнуў.
- Ён лёгка зблiжаецца. Вы ж бачылi гэта на прыкладзе Бiндзiнга.
- Так, бог сведка, - адказала яна. - Гэта здарылася маланкава.
Мы паехалi.
Альфонс быў мажны, спакойны чалавек. Пашчэнкi выпiралi. Маленькiя вочкi. Закасаныя рукавы. Рукi доўгiя, як у гарылы. Усякага, хто быў непажаданы ў яго шынку, ён выкiдваў сам. Нават членаў спартовага таварыства 'Адданасць радзiме'. Для вельмi дужых клiентаў у яго пад стойкай ляжаў молат. Шынок быў размешчаны ўдала: побач з бальнiцай. Альфонс эканомiў на транспартных выдатках.
Валасатай рукой ён выцер светлы яловы стол.
- Пiва? - спытаў ён.
- Гарэлкi i закусiць.
- А даме?
- Дама таксама хоча гарэлкi, - сказала Патрыцыя Хольман.
- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс. - Ёсць свiныя скабкi з квашанай капустай.
- Сам закалоў свiнню? - спытаў я.
- Вядома.
- Але дама, напэўна, з'ела б нешта лягчэйшае, Альфонс.
- Вы, вiдаць, жартуеце... Спачатку гляньце на скабкi.
Ён паклiкаў кельнера, каб той паказаў порцыю.
- Была шыкоўная свiння, - сказаў ён. - Лаўрэатка. Дзве першыя прэмii.
- Ну, гэтага нiхто не зразумее, - адказала яму Патрыцыя Хольман, на маё здзiўленне, з такой упэўненасцю, быццам яна ўжо гадамi наведвае гэты шынок.
Альфонс падмiргнуў.
- Дык дзве порцыi?
Яна кiўнула.
- Выдатна! Сам выберу.
Ён пайшоў на кухню.
- Бяру назад свае сумненнi, цi туды мы трапiлi, - сказаў я. - Вы Альфонса паланiлi iмгненна. Ён сам выбiрае толькi заўсёдным клiентам.
Альфонс вярнуўся.
- Дадаў вам яшчэ свежай каўбаскi.
- Нядрэнная iдэя, - сказаў я.
Альфонс паглядзеў на нас зычлiва. Прынеслi гарэлку. Тры чаркi. Трэцюю Альфонсу.
- Што ж, на здароўе, - сказаў ён. - За тое, каб у нашых дзяцей былi багатыя бацькi.
Мы выпiлi. Дзяўчына таксама выпiла да дна.
- Не слаба, не слаба, - сказаў Альфонс i вярнуўся за стойку.
- Смачная гарэлка? - спытаў я.
Яна здрыганулася.
- Моцная. Але ж я не магла зняславiцца перад Альфонсам.
Свiныя скабкi былi на славу. Я з'еў дзве вялiкiя порцыi, ды i Патрыцыя Хольман ела больш, чым можна было чакаць. На маю думку, яна цудоўна стасавалася з маiм настроем i не вылучалася ў гэтым шынку. Яна без крыўляння выпiла з Альфонсам яшчэ адну чарку.
Ён неўпрыкмет падмiргнуў мне: усё нармальна. А Альфонс ведаў толк. Магчыма, не ў тым, што датычыла прыгажосцi i культуры, але ў тым, што да сутнасцi i зместу.
- Калi вам пашанцуе, вы ўбачыце i чалавечыя слабасцi Альфонса, - сказаў я.
- Цiкава, - адказала яна. - Мне здалося, што ў яго iх няма.
- Ёсць. - Я паказаў на стол побач са стойкай. - Вунь...
- Што? Грамафон?
- Не грамафон. Харавыя спевы. У Альфонса слабасць да харавых спеваў. Не танцы, не класiчная музыка, толькi хоры: мужчынскiя, змешаныя хоры, на ўсiх пласцiнках, якiя вы бачыце, - толькi хоры. Вось гляньце, ён iдзе.
- Смачна? - спытаў Альфонс.
- Як у роднай мацi, - адказаў я.
- А даме?
- Лепшых свiных скабак з роду не каштавала, - адважна заявiла дама.
Альфонс задаволена кiўнуў галавой.
- Зараз пастаўлю новую пласцiнку. Вам на здзiўленне.
Ён падышоў да грамафона. Зашыпела iголка, потым магутна загучаў мужчынскi хор, якi моцнымi галасамi спяваў 'Маўчанне ў лесе'. Гэта было надзвычай гучнае маўчанне.