была гарэлка.
Знадворку зарыпелi вароты. Я парваў лiсток з датамi свайго жыцця i кiнуў у кош для папер. Дзверы iмклiва расчынiлiся. На парозе стаяў Готфрыд Ленц, высокi, хударлявы, з белай, як салома, чупрынай i носам, якi прызначаўся некаму iншаму.
- Робi! - зароў ён. - Стары абжора! Устань i падцягнiся! Твае начальнiкi будуць гаварыць з табой!
- О божа! - Я ўстаў. - А я думаў, вы забудзецеся! Пашкадуйце мяне, хлопцы!
- Бач ты, чаго захацеў! - Готфрыд паклаў на стол скрутак. Там зазвiнела. Услед за iм увайшоў Кёстэр. Ленц стаў перада мной.
- Робi, хто табе ранiцай сустрэўся першы?
Я падумаў.
- Старая кабецiна. Яна танцавала.
- Святы Майсей! Дрэнная прыкмета. Але яна адпавядае твайму гараскопу. Я ўчора склаў. Ты нарадзiўся пад знакам Стральца, ненадзейны, хiсткi, як трыснёг на ветры, на цябе ўздзейнiчаюць нейкiя падазроныя трыгоны Сатурна, а сёлета яшчэ i Юпiтэр. Ота i я, хто замяняе табе бацьку i мацi, перадаём табе штосьцi, каб абараняцца. Вазьмi гэты амулет! Праўнучка iнкаў аднойчы падаравала яго мне. У яе была блакiтная кроў, плоскаступнёвасць, вошы i дар прадбачання. 'Беласкуры iншаземец, - сказала яна мне. - Яго насiлi каралi, у iм заключана сiла сонца, месяца i зямлi, не гаворачы пра iншыя малыя планеты. Дай мне за яго срэбны даляр на гарэлку - i насi сабе'. Каб ланцужок шчасця не парваўся, я ўручаю яго табе. Ён будзе сцерагчы цябе i прагонiць варожага Юпiтэра.
Ён павесiў мне на шыю маленькую чорную фiгурку на тонкiм ланцужку.
- Вось! Гэта - супроць наслання зверху. А тут - супроць зямных бед: шэсць бутэлек рому ад Ота! Ром у два разы старэйшы за цябе.
Ён разгарнуў скрутак i выставiў бутэлькi на сонца. Яны зазiхацелi, як янтар.
- Цудоўнае вiдовiшча, - сказаў я. - Адкуль яны ў цябе, Ота?
Кёстэр усмiхнуўся.
- Заблытаная справа. Доўга расказваць. Ты лепш скажы, як сябе адчуваеш? На трыццаць?
Я махнуў рукой.
- На шаснаццаць i пяцьдзесят адначасова. Нiчога асаблiвага.
- I ты называеш гэта 'нiчога асаблiвага'? - запярэчыў Ленц. - Лепей быць не можа. Ты ж такiм чынам уладна перамог час i жывеш два жыццi.
Кёстэр зiрнуў на мяне.
- Не чапай яго, Готфрыд, - сказаў ён потым. - Днi нараджэння моцна псуюць самаадчуванне. Асаблiва зранку. Ён яшчэ ачомаецца.
Ленц заплюшчыў вочы.
- Чым менш чалавек адчувае сябе, тым большая яму цана, Робi. Цi суцяшае гэта цябе хоць крышку?
- Не, - сказаў я. - Анi. Калi чалавек нечага варты, то ў такiм разе ён толькi помнiк самому сабе. А гэта, мне здаецца, цяжка i сумна.
- Яго пацягнула на фiласофiю, Ота, - сказаў Ленц. - Ён - не страчаны. Ён перажыў крызiсны момант. Нялёгкi момант дня нараджэння, калi ўглядаешся самому сабе ў зрэнкi i бачыш, якi ты бедалага. Цяпер можна спакойна брацца за справу i прашмараваць старому 'кадзiлаку' вантробы.
Мы працавалi, пакуль не сцямнела. Потым памылiся i пераапранулiся. Ленц прагна зiрнуў на бутэлькi.
- Можа, скруцiм адной шыю?
- Няхай вырашае Робi, - сказаў Кёстэр. - Нядобра, Готфрыд, так нахабна вымагаць з iмянiннiка.
- Яшчэ горш марыць смагай тых, хто павiншаваў, - запярэчыў Ленц i адкаркаваў бутэльку.
Пах рому адразу запоўнiў майстэрню.
- Святы Майсей! - сказаў Готфрыд.
Мы ўсе прынюхалiся.
- Фантастычна, Ота. Трэба быць вялiкiм паэтам, каб знайсцi адпаведныя эпiтэты.
- Пiць у гэтай цёмнай будзе! Шкада пiтва! - вырашыў Ленц. - Ведаеце што? Мы паедзем адсюль, павячэраем, бутэльку возьмем з сабой. Вып'ем яе дзе-небудзь на волi!
- Блiскуча!
Мы адпiхнулi ўбок 'кадзiлак', якi рамантавалi паполуднi. За iм стаяла дзiўная рэч на колах. Гэта была гоначная машына Ота Кёстэра, гонар майстэрнi.
Кёстэр у свой час набыў на аўкцыёне амаль задарма гэтую машыну - старую ламачыну з высокiм кузавам. Спецыялiсты, якiя бачылi яе тады, сцвярджалi, што гэта цiкавы экспанат для музея. Больвiз, гаспадар фабрыкi па пашыве жаночых палiто i гоншчык-аматар, параiў Ота перарабiць яе на швейную машынку. Але Кёстэра гэта не кранула. Ён разабраў машыну, як кiшэнны гадзiннiк, i корпаўся ў ёй некалькi месяцаў, бывала, аж да цёмнай ночы. Потым аднойчы ўвечары ён пад'ехаў на ёй да бара, у якiм мы звычайна бавiлi час. Больвiз ледзь не ўпаў ад смеху, убачыўшы яе зноў - так смешна яна выглядала. Жартам ён прапанаваў Ота заклад. Ён ставiў дзвесце марак супроць дваццацi, калi Кёстэр пагодзiцца на гонку з яго новым спартовым аўтамабiлем. Адлегласць - дзесяць кiламетраў, i ён дае Ота кiламетр форы. Кёстэр згадзiўся. Усе смяялiся. Чакалася незвычайная забава. Але Ота пайшоў яшчэ далей: ён адмовiўся ад форы i спакойна прапанаваў павысiць стаўку да тысячы марак супроць тысячы. Больвiз расчаравана спытаў, цi не адвезцi яго ў дом вар'ятаў. У адказ Кёстэр завёў матор. Абодва рванулi з месца. Больвiз праз паўгадзiны вярнуўся ў такiм дрэнным настроi, быццам пабачыў марскога змея. Ён моўчкi выпiсаў чэк, а потым - яшчэ адзiн. Ён хацеў адразу ж купiць машыну. Але Кёстэр пасмяяўся з яго. Ён не аддасць яе. Але наколькi бездакорная была машына ўсярэдзiне, настолькi непрыглядны быў яе знешнi выгляд. На кожны дзень мы паставiлi надзвычай старажытны кузаў - лак выцвiў, крылы пакарабацiлiся, верх адслужыў добры дзесятак год. Мы маглi падабраць нешта лепшае, але ў нас былi свае меркаваннi. Аўтамабiль зваўся 'Карл'. 'Карл' - прывiд шашы.
'Карл', сапучы, цягнуўся па шашы.
- Ота, - сказаў я, - з'явiлася ахвяра.
Ззаду нецярплiва сiгналiў 'б'юiк'. Ён iмклiва даганяў нас. Неўзабаве насы зраўнялiся. Чалавек за рулём зняважлiва паглядзеў на нас. Яго позiрк зверху ўнiз абвёў нашага няўклюднага 'Карла'. Потым ён адвярнуўся i забыўся пра нас.
Праз некалькi секунд ён нечакана пераканаўся, што Карл усё яшчэ iдзе побач з iм. Ён усеўся крыху ямчэй, весела зiрнуў на нас i прыбавiў газу. Але 'Карл' не здаўся. Як тэр'ер побач з догам, ён неадступна трымаўся каля блiскучага лакаматыва з нiкелю i лаку.
Чалавек мацней ухапiўся за руль. Ён яшчэ нi пра што не здагадваўся i кплiва скрывiў губы. Вiдаць было, што ён нам зараз пакажа, на што здольныя яго санi. Ён з такой сiлай цiскануў на газ, што выхлапная труба заспявала, як хор жаўрукоў над летнiм полем. Але - дарма. Ён не адарваўся ад нас. Як зачараваны, агiдны i непрыглядны 'Карл' тулiўся да яго. Чалавек здзiўлена вылупiўся на нас. Ён не мог зразумець, як гэта пры хуткасцi звыш ста кiламетраў старая скрынка нiяк не адстае ад яго. Ён з недаверам зiрнуў на спiдометр, цi не сапсаваўся. Потым нацiснуў да канца.
Машыны iмчалiся ўпоравень па доўгай роўнай шашы. Праз некалькi метраў насустрач з шумам з'явiўся грузавiк. 'Б'юiк' павiнен быў адстаць, каб даць дарогi. Як толькi ён параўняўся з 'Карлам', паказалася пахавальная машына са стужкамi ад вянкоў, якiя развявалiся. Яму зноў прыйшлося ўступiць. Потым далягляд стаў вольны.
Чалавек за рулём тым часам страцiў увесь свой форс; ён прыгорбiўся злосны, вусны сцiснутыя - яго захапiў азарт гоншчыка, i раптам гонар яго жыцця трапiў у залежнасць ад таго, цi адарвецца ён - любой цаной - ад шчанюка побач.
Мы ж, наадварот, сядзелi з абыякавымi тварамi. 'Б'юiка' для нас не iснавала. Кёстэр спакойна глядзеў на дарогу, я, сумуючы, пазiраў на бакi, а Ленц, хоць i сцяты ў камяк, дастаў газету i рабiў выгляд, што яму няма нiчога важнейшага за чытанне.
Праз некалькi хвiлiн Кёстэр падмiргнуў нам. 'Карл' неўпрыкмет збавiў хуткасць, i 'б'юiк' памалу пачаў вырывацца наперад. Яго шырокiя блiшчастыя крылы прамiльгнулi мiма нас. З выхлапной трубы нам у твар грымнуў сiнi дым. Паступова ён адарваўся ад нас метраў на дваццаць - i тут ужо паказаўся, як мы i чакалi, твар гаспадара ў акне. Усмешка выдавала непрыкрыты трыумф. Ён паверыў, што перамог.