Я апранаўся вельмi павольна. Гэта надавала мне адчуванне нядзелi. Я ўмыўся, пахадзiў па пакоi, пачытаў газету, згатаваў каву, пастаяў каля акна i паназiраў, як палiваюць вулiцу, паслухаў спеў птушак у высокiх дрэвах на могiлках - яны спявалi, як маленькiя срэбныя флейты святога бога, далучаючыся да цiхага пяшчотнага буркатання меланхалiчнай шарманкi на плошчы. Я выбiраў сарочку i шкарпэткi, хоць выбiраць асаблiва не было з чаго, з некалькiх сарочак i пар шкарпэтак я выбiраў так, быццам iх было ў дваццаць разоў больш; насвiстваючы, я павыкiдваў усё з кiшэняў: дробязь, нож, ключы, цыгарэты, i раптам - учарашняя паперка з iмем дзяўчыны i нумарам тэлефона. Патрыцыя Хольман. Дзiўнае iмя - Патрыцыя. Я паклаў паперку на стол. Няўжо гэта сапраўды было ўчора? Як далёка ўсё адышло, амаль забылася ў шэрым тумане алкаголю... За выпiўкай жыццё было цудоўнае- ты хутка рабiўся цэльным, але памiж вечарам i ранiцай зноў утваралiся прагалы, як быццам мiналi гады.

Я сунуў запiску пад стос кнiжак. Патэлефанаваць? Магчыма... а магчыма, i не. Днём усё выглядала iнакш, чым вечарам. Шчыра кажучы, я жыў спакойна i быў задаволены. Даволi хапiла шуму ў апошнiя гады. 'Толькi не падпускаць нiчога блiзка да сэрца, - гаварыў Кёстэр. - Тое, што падпусцiш, захочаш утрымаць. А ўтрымаць нельга нiчога...'

У гэты час у суседнiм пакоi пачаўся ранiшнi вэрхал. Я шукаў капялюш, якi я, вiдаць, учора некуды закiнуў. На хвiлiнку я прыслухаўся. Сварылiся муж з жонкай Хасэ. Яны ўжо пяць гадоў жылi тут у маленькiм пакойчыку. Гэта былi нядрэнныя людзi. Калi б яны мелi трохпакаёвую кватэру, з кухняй для гаспадынi, ды каб яшчэ дзiця - магчыма, гэта была б шчаслiвая сям'я. Але кватэра каштавала шмат грошай, а дзiця ў гэтыя ненадзейныя часы - хто яго мог сабе дазволiць! Яны ўвесь час натыкалiся адно на аднаго, жонка стала iстэрычкай, а муж увесь час баяўся страцiць сваё месца. Тады б - капцы. Яму было сорак пяць гадоў. Беспрацоўнага яго ўжо больш нiхто не прыняў бы. У гэтым была бяда. Раней чалавек страчваў пазiцыi паволi, i заўсёды з'яўлялiся новыя магчымасцi, каб падняцца. А сёння за кожным звальненнем - адразу прадонне вечнага беспрацоўя.

Я хацеў цiхенька ўцячы, але ўжо пачуўся стук у дзверы. У пакой увалiўся Хасэ.

Ён плюхнуўся ў крэсла.

- Я больш не вытрываю.

Гэта быў па сутнасцi мяккi чалавек з абвiслымi плячыма i маленькiмi вусiкамi. Сцiплы, старанны служачы. Але якраз такiм было сёння цяжэй за ўсiх. Ды iм, бадай, было заўжды найцяжэй. Сцiпласць i стараннасць ацэньваюцца належным чынам толькi ў раманах. У жыццi iх выкарыстоўваюць, а потым адкiдваюць прэч. Хасэ ўзняў рукi.

- Толькi падумайце, у канторы зноў два звальненнi. Наступны - я, вось убачыце: я! - У гэтым страху ён жыў з пачатку месяца да наступнага. Я налiў яму чарку гарэлкi. Ён тросся ўсiм целам. Некалi ён зламаецца, гэта было вiдавочна. Больш у яго не было пра што гаварыць.

- Ды яшчэ гэтыя заўсёдныя папрокi, - прашаптаў ён. Магчыма, жонка папракнула яго за сваё вартае жалю iснаванне. Ёй было сорак два гады, яна ўжо амаль адцвiла i расплылася, але не выглядала такой зношанай, як муж. Яе прыгнятаў страх недалёкай старасцi.

Нешта раiць не мела сэнсу.

- Слухайце, Хасэ, - сказаў я. - Пасядзiце тут спакойна, колькi вам захочацца. Мне трэба пайсцi. Калi вам больш да густу каньяк, ён - у шафе. Тут - ром. Там ляжаць газеты. А пад вечар пойдзеце куды-небудзь з жонкай з гэтых чатырох сцен. Хоць бы ў кiно. Гэта будзе каштаваць вам столькi ж, колькi дзве гадзiны ў кавярнi, а атрымаеце куды больш! Сёння галоўнае: забыцца! А для гэтага - не разважаць! - Адчуваючы дакоры сумлення, я паляпаў яго па плячы. Няхай сабе, кiно заўседы выручае. Там кожны можа памарыць.

Побач дзверы былi адчынены. Жанчына ўсхлiпвала так гучна, што можна было пачуць знадворку. Я iшоў праз калiдор. Наступныя дзверы былi прачынены. Адтуль падслухвалi. Пахла духамi. Тут жыла Эрна Бёнiг, сакратарка. Выгляд мела занадта элегантны як на сваю зарплату - адзiн раз у тыдзень шэф дыктаваў ёй да ранiцы. Назаўтра ў яе бываў вельмi дрэнны настрой. Затое яна кожны вечар хадзiла на танцы. Каб не было танцаў, не варта было б i жыць, гаварыла яна. У яе былi два сябры. Адзiн кахаў яе i прыносiў кветкi. Другога кахала яна i давала яму грошы.

Побач у пакоi жыў ротмiстр граф Арлоў - расейскi эмiгрант, кельнер, статыст на кiназдымках, платны партнёр у танцах, кавалер з сiвымi скронямi. Ён выдатна iграў на гiтары. Кожны вечар ён малiўся Казанскай Божай Мацi, каб атрымаць пасаду метрдатэля ў якiм-небудзь заняпалым гатэлi. На падпiтку быў плаксiвы. Наступныя дзверы. фраў Бэндэр, медыцынская сястра ў доме малюткi. Узрост - пяцьдзесят гадоў. Муж загiнуў на вайне. У 1918 годзе двое дзетак памерлi ад недаядання. Мае рабую кошку. Больш нiкога.

Яшчэ побач - Мюлер, казначэй-пенсiянер. Сакратар таварыства фiлатэлiстаў. Жывая калекцыя марак, больш нiчога. Шчаслiвы чалавек.

У апошнiя дзверы я пастукаў.

- Як справы, Георгi? - сказаў я. - Нiчога новага?

Георгi Блок пахiтаў галавой. Ён быў студэнт другога курса. Каб закончыць гэтыя чатыры семестры, ён працаваў два гады ў руднiку. Заробленыя грошы скончылiся; iх хопiць яшчэ месяцы на два. На руднiк ён не мог вярнуцца - там цяпер ужо хапала сваiх беспрацоўных. Ён спрабаваў так i сяк дзе-небудзь уладкавацца. Тыдзень ён распаўсюджваў рэкламныя лiсткi маргарынавай фабрыкi. Але фабрыка збанкрутавала. Неўзабаве ён атрымаў месца разносчыка газет i ўздыхнуў быў з палёгкай. Праз тры днi яго спынiлi двое ў касках, адабралi газеты, падралi iх i растлумачылi, што гэты занятак не для яго. Няма чаго лезцi. У iх самiх хапае беспрацоўных. I ўсё-такi ён выйшаў наступнай ранiцай, хоць ужо давялося заплацiць за падраныя газеты. Нехта збiў яго роварам. Газеты паляцелi ў гразь. Зноў заплацiў дзве маркi. Ён пайшоў трэцi раз i вярнуўся з разадраным касцюмам i разбiтым тварам. Тады ён здаўся. Зараз у адчаi сядзеў у пакоi i зубрыў як вар'ят, быццам гэта мела нейкi сэнс. Ён еў раз на дзень. Пры гэтым не мела значэння, закончыць ён астатнiя курсы цi не - на працу можна было разлiчваць не раней як праз дзесяць гадоў пасля заканчэння.

Я падаў яму цыгарэты.

- Кiнь ты гэта глупства, Георгi. Як я. Потым пачнеш спачатку.

Ён пахiтаў галавой.

- Я ўжо тады заўважыў, пасля руднiка. Калi не займацца кожны дзень, адразу саб'ешся з тропу. А на другi раз мяне ўжо не хопiць.

Бледны твар i вушы, якiя тырчаць, i блiзарукiя вочы, хударлявая постаць з запалымi грудзьмi... д'ябал забяры ўсё!

- Ну, бывай, Георгi.

Бацькоў у яго не было.

Кухня. На сцяне - галава дзiка. Памяць пра нябожчыка Залеўскi. Тэлефон. Паўзмрок. Пах газу i дрэннага тлушчу. Дзверы з шэрагам таблiчак каля кнопкi званка. I мая мiж iншых. 'Роберт Локамп, студэнт фiласофii. Званiць два разы'. Яна была брудна-жоўтая. 'Студэнт фiласофii'! Гучыць! Шмат вады сцякло. Я спусцiўся па прыступках у кавярню 'Iнтэрнацыяналь'.

'Iнтэрнацыяналь' - вялiзная, цёмная, задымленая кiшка з мноствам заднiх пакояў. Наперадзе, каля стойкi, стаяў раяль. Ён быў разладжаны, некалькi струн парвалася. Клавiшы таксама былi не ўсе. Але я любiў гэтую бадзёрую музычную скрынку са стажам. Я аддаў ёй год майго жыцця, працуючы тут тапёрам.

У заднiх пакоях жывёлапрамыслоўцы праводзiлi свае сходы. Бывалi тут i вулiчныя артысты. Наперадзе сядзелi прастытуткi.

Шынок быў пусты. Толькi пласкаступы кельнер Алоiс стаяў за стойкай.

- Як заўсёды? - спытаў ён.

Я згодна кiўнуў. Ён прынёс мне партвейн з ромам, палова на палову. Я сеў за столiк i бяздумна ўтаропiўся перад сабой. Шэры прамень сонца коса падаў праз акно на бутэлькi, што стаялi на палiцах. Чэрыбрэндзi гарэў, як рубiн.

Алоiс паласкаў шклянкi. Гаспадарова кошка сядзела на раялi i муркала. Я павольна палiў цыгарэту. Ад душнага паветра цягнула на сон. Дзiўны голас быў учора ў дзяўчыны. Нiзкi, грубаваты, амаль хрыплы i ўсё ж мяккi.

- Дай мне пагартаць некалькi часопiсаў, Алоiс, - сказаў я.

Зарыпелi дзверы. Прыйшла Роза. Роза, прастытутка з могiлак, па мянушцы Жалезны Конь. Яе так ахрысцiлi за нястомнасць. Яна прыйшла выпiць кубачак шакаладу. На яго яна раскашэльвалася тут кожную нядзелю. Потым яна ехала ў Бургдорф да свайго дзiцяцi.

- Прывiтанне, Роберт.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату