Я наставiў каўнер.

- Ёсць штосьцi няправiльнае ў нашым жыццi, Ота?

Ён глянуў на мяне i ўсмiхнуўся.

- Было нешта iншае, Робi.

- Праўда, - пагадзiўся я. - Але...

Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.

Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзiне, здавалася цёплым маленькiм домам.

- Як ты думаеш - закончым 'кадзiлак' да аўторка? - спытаў я.

- Павiнны, - сказаў Кёстэр. - А чаму?

- Ды не, проста так...

Мы ўсталi i пайшлi дадому.

- Сёння са мной нешта не так, Ота, - сказаў я.

- З кожным бывае... Дабранач, Робi.

- Дабранач, Ота.

У пакоi я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агiдная, свяцiла занадта ярка, крэслы - пацёртыя, лiнолеум жахлiва бляклы, умывальнiк, ложак, над iм карцiна пра бiтву пад Ватэрлоа - сюды ж нельга запрасiць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросiш. У лепшым разе - прастытутку з 'Iнтэрнацыяналя'.

III

У аўторак ранiцай мы сядзелi ў двары нашай майстэрнi i снедалi. 'Кадзiлак' быў гатовы. Ленц з лiстком паперы ў руцэ пераможна пазiраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу i толькi што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькi што напiсаў. Яна пачынался са слоў: 'Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!' Гэта было нешта сярэдняе памiж вершам i гiмнам.

Мы з Кёстэрам хвiлiнку памаўчалi. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлiвай плынi шматфарбнай фантазii. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.

- Ёсць i паэзiя, i бляск, праўда? - з гонарам спытаў ён. - У век дзелавiтасцi трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процiлегласцi прыцягваюцца.

- Толькi не ў грашовых справах, - запярэчыў я.

- Аўтамабiлi купляюць не на тое, каб укласцi грошы, хлопчык, - заявiў Готфрыд, не пагаджаючыся. - Iх купляюць, каб пазбавiцца грошай. I вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякiм разе для камерсанта. У большасцi з iх яна нават на тым i канчаецца. Як думаеш, Ота?

- Ты ведаеш... - асцярожна пачаў Кёстэр.

- Што тут доўга гаварыць, - перабiў я яго. - Гэта - рэклама курорта альбо элiксiру прыгажосцi, але не аўтамабiля.

Ленц хацеў нешта сказаць.

- Хвiлiнку. Ты лiчыш, што мы прыдзiраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!

Юп быў наш адзiны падсобнiк. Гэта быў падлетак пятнаццацi год - накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносiў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацiнневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калi б Юп упаў з самалёта, з iм нiчога не здарылася б. Ён лёгка спусцiўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклiкалi яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.

- Ты зацiкавiўся б такой машынай, Юп? - спытаў Кёстэр.

- Машынай? - перапытаў Юп.

Я засмяяўся.

- Вядома, машынай, - буркнуў Готфрыд. - А ты думаў, што конiкам-дзёгцiкам?

- А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кiравання i гiдраўлiчны тормаз? - спытаўся Юп спакойна.

- Авечая галава, гэта ж наш 'кадзiлак', - гыркнуў Ленц.

- Не можа быць, - усумнiўся Юп i вышчарыўся на ўвесь рот.

- Бачыш, Готфрыд, - сказаў Кёстэр. - Вось яна - сённяшняя рамантыка.

- Кацiся зноў да сваёй калонкi, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.

Ленц у сапсаваным настроi знiк у майстэрнi, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласцi, надаць аб'яве крыху тэхнiчнай канкрэтыкi.

Праз некалькi хвiлiн у дзвярах раптам з'явiўся старшы iнспектар Барзiг. Мы сустрэлi яго вельмi пачцiва. Ён быў iнжынер i эксперт страховачнага таварыства 'Фенiкс', вельмi ўплывовы чалавек пры атрыманнi заказаў на рамонт. У нас з iм былi выдатныя адносiны. Праўда, як iнжынер ён быў сапраўдны д'ябал, якi нiчога не прапусцiць, але як збiральнiк матылькоў - хоць да раны прыкладай. У яго была вялiкая калекцыя, i мы падаравалi яму аднойчы тоўстага матыля, якi ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калi мы ўручылi яму гэтую жывёлiну, Барзiг збялеў i набыў урачыстасць. Гэта быў матыль 'мёртвая галава' - незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыi. Ён нам гэтага нiколi не забываў i забяспечваў нас з той пары рамонтнымi работамi пры першай жа магчымасцi. А мы яму лавiлi ўсялякiх матылёў.

- Чарачку вермуту, пан Барзiг? - спытаў Ленц, якi зноў аказаўся каля нас.

- Днём не п'ю. Жалезны прынцып.

- Прынцыпы трэба парушаць, iнакш ад iх нiякай радасцi, - заявiў Готфрыд i налiў. - За шчаслiвую будучыню 'паўлiнавага вока' i 'жамчужнiцы'!

Барзiг нейкi час вагаўся.

- Калi вы так просiце, не магу адмовiцца, - сказаў ён i падняў чарку. Але тады вып'ем i за маленькiя 'бычыныя вочкi'.

Ён сарамлiва заўсмiхаўся, быццам выказаў штосьцi непрыстойнае пра жанчыну.

- Я, каб ведалi, адкрыў новы вiд. Са шчацiнiстымi вусiкамi.

- Хто б мог падумаць! - сказаў Ленц. - Малайцом! Тады вы вынаходца i ваша iмя ўвойдзе ў гiсторыю прыродазнаўства.

Мы выпiлi па чарцы за шчацiнiстыя вусiкi. Барзiг выцер вусы.

- Я да вас з добрай навiной. Можаце забраць 'форд'. Дырэкцыя зацвердзiла вы робiце рамонт.

- Цудоўна, - сказаў Кёстэр. - Нам гэта вельмi дарэчы. А як справы з нашым каштарысам?

- Таксама зацверджаны.

- Без скарачэнняў?

Барзiг прыплюшчыў вока.

- Паны спачатку не вельмi хацелi. Але ўрэшце...

- За страховачнае таварыства 'Фенiкс' - да дна! - сказаў Ленц i налiў.

Барзiг устаў i пачаў развiтвацца.

- Ведаеце, - сказаў ён, адыходзячы, - жанчына, што была ў 'фордзе', усё-такi памерла некалькi дзён назад. А ў яе ж былi толькi парэзы. Вiдаць, страцiла шмат крывi.

- Колькi ёй было гадоў? - спытаў Кёстэр.

- Трыццаць чатыры, - адказаў Барзiг. - Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак.

Мы адразу выехалi забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачнiка. Гэты чалавек на падпiтку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькi жонка. Ён сам не атрымаў нiводнай драпiны.

Мы сустрэлiся з iм у гаражы, калi ўжо бралi машыну на буксiр. Ён нейкi час глядзеў, набычыўшыся, - мешкаватая постаць з круглай спiнай i кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як i ва ўсiх булачнiкаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялiкага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволi наблiзiўся да нас.

- Калi будзе гатова машына? - спытаў ён.

- Тыднi праз тры, - адказаў Кёстэр.

Той паказаў на кузаў.

- I гэта таксама?

- З якой ласкi? - спытаў Ота. - Ён жа зусiм не пашкоджаны.

Булачнiк нецярплiва схамянуўся.

- Вядома. Але ж можна неяк выкраiць новы. У вас жа даволi вялiкi заказ. Мы паладзiм, праўда?

- Не, - сказаў Кёстэр.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату