- Гэта не страшна. На тое i ёсць сукенкi.
- Магчыма. Мяне яна крыху прыгнятае. Да гэтай сукенкi патрэбна мець зусiм iншага мужчыну. З вялiкiмi грашыма.
Яна засмяялася.
- Мужчыны з вялiкiмi грашыма часцей за ўсё агiдныя, Робi.
- Але ж не грошы?
- Не, - сказала яна, - не грошы.
- Так я i думаў.
- А ты не згодны?
- Чаму ж, -сказаў я. - Хоць грошы i не прыносяць шчасця, затое выдатна супакойваюць.
- Яны прыносяць незалежнасць, даражэнькi, а гэта важней. Але калi хочаш, я магу пераапрануцца.
- Нi ў якiм разе. Сукенка - шыкоўная. З сённяшняга дня я краўцоў буду цанiць вышэй за фiлосафаў. Краўцы прыносяць у жыццё прыгажосць. Гэта ў сотнi разоў даражэй, чым глыбокiя думкi. Асцерагайся, я магу яшчэ закахацца ў цябе.
Мы засмяялiся. Я неўпрыкмет агледзеў сябе. Кёстэр быў крыху вышэйшы за мяне, i мне давялося там- сям зверху прышпiлiць штаны, каб яны не вiселi. Дзякаваць богу, яны трымалiся.
Мы пад'ехалi да тэатра на таксi. Па дарозе я больш маўчаў, нават не ведаючы чаму. Калi мы выходзiлi, я, разлiчваючыся, мiжволi зiрнуў на шафёра. У яго былi пачырванелыя ад бяссоння вочы. Ён быў непаголены i меў змораны выгляд. Абыякавым жэстам ён узяў грошы.
- Добры заробак сёння? - цiха спытаў я.
Ён узняў вочы.
- Нармальна, - сказаў ён неахвотна. Ён палiчыў мяне проста за цiкаўнага.
На нейкi момант у мяне з'явiлася жаданне сесцi побач з iм i паехаць. Потым я павярнуўся. Пат, хударлявая i гнуткая, прыгожая, у кароткiм срабрыстым жакеце з шырокiмi рукавамi, апранутым на срабрыстую сукенку, стаяла, чакаючы мяне.
- Хутчэй хадзем, Робi, зараз пачнецца!
Каля ўвахода тоўпiлiся людзi. Сёння была вялiкая прэм'ера, тэатр быў асветлены пражэктарамi, адна за адной пад'язджалi машыны, з iх выходзiлi жанчыны ў вячэрнiх сукенках, блiскуча ўпрыгожаныя, мужчыны ў фраках, з ружовымi сытымi тварамi, яны былi вясёлыя, смяялiся бестурботна i самаўпэўнена. А сярод гэтага ўсяго зарыпела i застагнала старое таксi, якое вёў адсюль змораны шафёр.
- Дык хадзем жа, Робi! - паклiкала Пат, гледзячы на мяне ззяючымi i ўсхваляванымi вачыма. - Ты нешта забыў?
Я кiнуў варожы позiрк на людзей вакол мяне.
- Не, - сказаў я. - Я нiчога не забыў.
Потым я падышоў да касы i замянiў бiлеты. Я купiў бiлеты ў ложу, хоць яны каштавалi неверагодна шмат. Я не хацеў, каб Пат сядзела сярод гэтых удачлiвых людзей, якiх нiчым не здзiвiш. Я не хацеў, каб яна належала да iх. Я хацеў, каб яна была толькi са мной.
Я даўно не быў у тэатры. Я не пайшоў бы i цяпер, каб не Пат. Тэатры, канцэрты, кнiгi - усе гэтыя мяшчанскiя звычкi я амаль страцiў. Не той быў час. Палiтыка была добрым тэатрам, стралянiна кожны вечар замяняла сабой канцэрты, а вялiзная кнiга бяды вучыла лепш за ўсе бiблiятэкi.
Ярусы i партэр былi запоўнены цалкам. Святло адразу пагасла, як толькi мы селi. Адны водсветы ад рампы прабягалi па зале. На поўную сiлу загучала музыка, прыпадняла ўсё i панесла за сабой.
Я адсунуў сваё крэсла ў куток ложы. Так я не бачыў нi сцэны, нi цьмяных патылiц гледачоў. Я чуў толькi музыку i бачыў толькi твар Пат.
Музыка да 'Казак Гофмана' зачаравала залу. Яна была як паўднёвы вецер, як цёплая ноч, як надзьмуты ветразь пад зоркамi, яна была нерэальная. Яна ўсё аддаляла i афарбоўвала ў казачныя колеры, здавалася, што ў ёй шумiць цёмная плынь жыцця, не было больш нi зямнога прыцягнення, нi межаў - заставалiся толькi бляск, i мелодыя, i каханне, i нельга было ўявiць сабе, што за сценамi пануюць бяда, i пакуты, i адчай, адначасова з гэтай музыкай.
Твар Пат ад святла са сцэны набыў таямнiчасць. Яна ўся паглыбiлася ў музыку, i я любiў яе за тое, што яна не прыхiлiлася да мяне, не ўзяла мяне за руку, не глянула на мяне, а, здавалася, нават не думала пра мяне, забылася, што я ёсць. Я трываць не мог, калi блыталi розныя рэчы, я ненавiдзеў людзей, якiя, як каровы, збiвалiся ў гурт у той час, калi над табой уладарылi прыгажосць i сiла вялiкага твора, я ненавiдзеў расплывiстыя позiркi закаханых пар, гэтае тупое цiсканне, гэтае непрыстойнае авечае шчасце, якое нiколi не выходзiла за межы самога сябе, я ненавiдзеў усю гэтую балбатню пра з'яднанне душ у каханнi, бо я лiчыў, што дваiм патрэбна як мага больш быць асобамi i як мага больш аддаляцца адзiн ад аднаго, каб потым зноў сустрэцца. Толькi той, хто ўвесь час аказваўся ў адзiноце, ведаў, што такое шчасце сустрэчы. Усё iншае разбурала тайну чакання. А што мацней зацягвае ў магiчныя сферы адзiноты, як не пачуццёвыя выбухi, поўнае душэўнае ўзрушэнне, улада стыхii, бура, ноч, музыка... I каханне...
Успыхнула святло. Я на iмгненне заплюшчыў вочы. Пра што ж я думаў толькi што? Пат павярнулася да мяне. Я ўбачыў, што людзi заспяшалiся да дзвярэй.
Пачаўся антракт.
- Ты не хочаш выйсцi? - спытаў я.
Пат пахiтала галавой.
- Дзякуй богу! Я трываць не магу, калi ходзяць i разглядаюць адзiн аднаго, вылупiўшы вочы.
Я пайшоў, каб прынесцi ёй шклянку лiмоннага соку. Буфет быў у аблозе. Дзiўна, што музыка ў многiх узбуджала воўчы апетыт. Гарачыя сасiскi знiкалi як у час галоднага тыфу.
Калi я са шклянкай з'явiўся ў ложы, нейкi тып стаяў за спiнкай крэсла Пат. Яна ажыўлена размаўляла, павярнуўшыся да яго тварам.
- Гэта пан Броер, Роберт, - сказала яна.
'Пан бугай', - падумаў я i з незадавальненнем глянуў на яго. Яна сказала не Робi, а Роберт. Я паставiў шклянку на край ложы, чакаючы, калi ён пойдзе. На iм быў смокiнг казачнага крою. Ён балбатаў пра рэжысуру i не думаў iсцi. Пат павярнулася да мяне.
- Пан Броер пытае, цi не пайсцi нам пасля ў 'Каскад'?
- Калi ты хочаш, - сказаў я.
Пан Броер заўважыў, што можна было б патанцаваць. Ён быў ветлiвы i падабаўся мне. Толькi адно было непрыемна: гэтая элегантная лёгкасць, якая, як мне здавалася, была да густу Пат i якой у мяне не было. Раптам я не паверыў сваiм вушам: я пачуў, што ён звяртаўся да Пат на 'ты'. Хоць магло быць сотнi простых прычын для такiх адносiн, мне закарцела скiнуць яго ў аркестровую яму.
Празвiнеў званок. Музыканты пачалi настройваць iнструменты. Скрыпкi выдавалi iмклiвыя мяккiя гукi...
- Значыць, дамовiлiся: сустракаемся каля выхаду, - сказаў Броер i нарэшце пайшоў.
- Што гэта за бусел? - спытаў я.
- Даражэнькi, -адказала Пат, -лепш слухай музыку.
'Каскад', - падумаў я i ў думках пералiчыў грошы. - Заклятая абдзiралаўка!'
Я iшоў у змрочным падазрэннi. У дадатак да звягi фраў Залеўскi мне яшчэ не хапала гэтага Броера. Ён ужо чакаў нас каля дзвярэй.
Я хацеў спынiць таксi.
- Не трэба, - сказаў Броер. - У маёй машыне месца хопiць.
- Добра, - сказаў я.
Было б смешна не згадзiцца з iм. Але мяне гэта ўсё роўна злавала.
Пат ведала машыну Броера. Гэта быў вялiзны 'пакард', якi стаяў на плошчы каля тэатра.
Пат адразу накiравалася да яго.
- Ён перафарбаваны, - сказала яна, спынiўшыся.
- Так, перафарбаваў у шэры колер, - адказаў Броер. - Так лепш?
- Шмат лепш.
Броер звярнуўся да мяне:
- А вам падабаецца новы колер?
- Я не ведаю, якi быў раней.