Фландрыi нясём забiтага таварыша з акопаў у тыл.
Мы купiлi труну i месца на могiлках. Яго хавалi ў ясны сонечны дзень. Мы самi закрылi труну i знеслi яе ўнiз па лесвiцы. Працэсiя была невялiкая. Фердынанд, Валянцiн, Альфонс, бармен Фрэд, Георгi, Юп, фраў Штос, Густаў, Стэфан Грыгаляйт i Роза.
Каля варотаў могiлак мы вымушаны былi пачакаць. Перад намi былi яшчэ дзве працэсii. Аднаго нябожчыка прывезлi на чорным катафалку, другога - на карэце, у якую былi запрэжаны конi, упрыгожаныя чорным i срэбным крэпам. За карэтай цягнулася бясконцая працэсiя жалобнiкаў, якiя ажыўлена размаўлялi памiж сабой.
Мы знялi труну з машыны i самi апусцiлi яе на вяроўках. Магiльшчыку гэта было па душы, бо яму i без таго хапала работы. Мы запрасiлi святара. Мы, праўда, не ведалi, што на гэта сказаў бы Готфрыд, але Валянцiн настояў на сваiм. Ва ўсякiм разе мы папрасiлi святара не гаварыць прамовы. Няхай ён толькi прачытае з Бiблii. Святар быў стары i блiзарукi. Калi ён падышоў да магiлы, то спатыкнуўся i ледзь не ўвалiўся ў яе, - добра, што Кёстэр i Валянцiн падхапiлi i ўтрымалi яго. Але падаючы, ён выпусцiў з рук Бiблiю i згубiў акуляры, якiя хацеў надзець. Яны ўпалi ў магiлу. Святар разгублена пазiраў унiз.
- Не хвалюйцеся, - сказаў Валянцiн. - Мы кампенсуем вам страчаныя рэчы.
- Бог з ёй, з кнiгай, - цiха адказаў святар. - А вось без акуляраў мне не абысцiся.
Валянцiн адламаў галiнку ад прысадаў. Потым ён укленчыў на крайку магiлы, i яму ўдалося зачапiць акуляры i выцягнуць iх з вянкоў. Абсадка была залатая. Магчыма, па гэтай прычыне святару так хацелася вярнуць iх. Бiблiя правалiлася каля сценкi труны. Каб дастаць яе, трэба было б выцягваць труну i лезцi ў магiлу. Гэтага i святар не хацеў.
- Можа, мне сказаць некалькi слоў? - спытаў ён.
- Не варта, - сказаў Фердынанд. - Цяпер жа з iм увесь Стары i Новы запаветы.
Ускапаная зямля востра пахла. У адным камяку варушылася белая лiчынка. Калi магiлу зноў засыплюць зямлёй, лiчынка будзе жыць, ператворыцца ў кукалку, налета вылезе з зямлi i трапiць на святло. А Готфрыд - мёртвы. Ён пагас. Мы стаялi каля яго магiлы, мы ведалi, што яго цела, валасы, вочы яшчэ iснуюць, у iншым стане, але ўсё ж ёсць, i, нягледзячы на гэта, яго самога няма, i ён нiколi ўжо не вернецца. Гэта было непадуладна розуму. Наша цела было цёплае, нашы мазгi працавалi, сэрца гнала кроў па жылах, мы iснавалi, як i раней, як учора, мы не страцiлi нi рукi, нi нагi, не аслеплi i не анямелi, усё было, як заўсёды, зараз мы пойдзем, а Готфрыд Ленц застанецца i нiколi не прыйдзе да нас. Гэта было недаступна разуменню.
Камякi зямлi застукалi па веку труны. Магiльшчык даў нам рыдлёўкi, i цяпер мы хавалi яго - Валянцiн, Кёстэр, Альфонс, я, - як хавалi ўжо не аднаго таварыша. Раптам у маёй памяцi загрымела старая салдацкая песня, старая, тужлiвая. Гэтую песню ён любiў спяваць.
Аргонскi лес шумiць, шумiць,
Тут пахаванымi нам быць...
Альфонс прынёс просты чорны драўляны крыж, такi, якiх сотнi тысяч засталося стаяць на бясконцых радах магiл у Францыi. Мы паставiлi яго ў галавах магiлкi.
- Пайшлi, - нарэшце хрыплым голасам сказаў Валянцiн.
- Пайшлi, - сказаў Кёстэр i не варухнуўся.
Нiхто з нас не варухнуўся. Валянцiн зiрнуў па чарзе на кожнага.
- Навошта? - паволi сказаў ён. - Ну, навошта?
Нiхто не адказаў.
Валянцiн знясiлена махнуў рукой.
- Пайшлi.
Мы пайшлi па пясчанай сцяжыне да выхаду. Каля брамы нас чакалi Фрэд, Георгi i астатнiя.
- Як ён цудоўна смяяўся, - сказаў Стэфан Грыгаляйт. Слёзы пацяклi па яго бездапаможным, злосным твары.
Я азiрнуўся. За намi нiхто не iшоў.
XXV
У лютым я ў апошнi раз сядзеў з Кёстэрам у нашай майстэрнi. Мы былi вымушаны прадаць яе i цяпер чакалi распарадчыка аўкцыёна, якi павiнен быў пусцiць з малатка ўсё абсталяванне i таксi. У Кёстэра быў намер вясной уладкавацца гоншчыкам пры невялiчкай аўтафiрме. Я пакуль што заставаўся ў кафе 'Iнтэрнацыяналь' i думаў пашукаць сабе яшчэ работу днём, каб павялiчыць свой заробак.
У двары паступова пачалi сабiрацца людзi. Прыйшоў аўкцыёншчык.
- Ты выйдзеш, Ота? - спытаў я.
- Навошта? Усё выстаўлена, а ён ведае, што да чаго.
У Кёстэра быў змораны выгляд. Па iм гэта не вельмi было вiдаць, але той, хто добра ведаў яго, заўважаў. Яго твар здаваўся больш напружаным i жорсткiм.
Кожны вечар ён выязджаў на машыне, патрулюючы адны i тыя ж вулiцы. Ён ужо даўно ведаў прозвiшча хлопца, якi застрэлiў Готфрыда. Яму толькi не ўдавалася знайсцi яго, бо той, баючыся палiцыi, змянiў кватэру i недзе хаваўся. Усё гэта разведаў Альфонс. Ён таксама чакаў. Але, магчыма, забойцы i не было ў горадзе. Ён не ведаў, што Кёстэр i Альфонс палююць на яго. Яны чакалi, што ён, супакоiўшыся, вернецца.
- Ота, я выйду i пагляджу, - сказаў я.
- Добра.
Я выйшаў у двор. Нашы станкi i астатняе абсталяванне былi расстаўлены пасярэдзiне двара. Справа каля сцяны стаяла таксi, якое мы добра адмылi. Я паглядзеў на сядзеннi i шыны. Готфрыд заўсёды называў машыну 'наша верная дойная карова'. Не так проста было развiтацца з ёй.
Нехта ляпнуў мяне па плячы. Я здзiўлена абярнуўся. Перада мной стаяў развязны малады чалавек у палiто з поясам. Падмiргваючы, ён круцiў у руках бамбукавы кiёк.
- Прывiтанне! Стары знаёмы!
Нешта мне пачало прыпамiнацца.
- Гвiда Цiс з 'Аўгека'!
- Ну вось бачыце, - самазадаволена заявiў Гвiда. - Мы сустрэлiся тады каля гэтай самай ламачыны. З вамi, праўда, тады быў яшчэ адзiн тып. Я яму тады ледзь не ўрэзаў.
Я мiжволi скрывiўся, уявiўшы сабе, што гэты мог урэзаць Кёстэру. Цiс палiчыў гэта за ўсмешку i таксама выскалiўся, паказаўшы даволi папсаваныя зубы.
- Добра... што было, тое прайшло, Гвiда не злапомны. Вы тады заплацiлi занадта высокую цану за гэтую старызну. Мусiць, нешта мелi на гэтым?
- Вядома, - сказаў я. - Добрая машына.
Цiс прагугнявiў:
- Калi б вы паслухалi мяне, вы зарабiлi б больш. I я з вамi. Але забудзем! Хто былое прыпомнiць... Але сёння мы аб'яднаемся. За пяцьсот марак мы купiм гэтую скрыню. Больш нiхто не дасць. Згодны?
Я зразумеў. Ён думаў, што мы тады перапрадалi машыну. Ён не ведаў, што гэта майстэрня - наша. Наадварот, ён думаў, што мы зноў хочам купiць машыну.
- Машына пацягне сёння на паўтары тысячы, - сказаў я. - Ды яшчэ даплата за права эксплуатацыi.
- А я пра што? - загарачыўся Гвiда. - Мы будзем таргавацца да пяцiсот... я буду. Калi мы потым перапрадамо яе, я выплачваю вам трыста пяцьдзесят наяўнымi.
- Не магу, - сказаў я. - У мяне ўжо ёсць каму перапрадаць.
- Але ж... - Ён хацеў прапанаваць мне яшчэ штосьцi.
- Не мае сэнсу, - я пайшоў на сярэдзiну двара.
Да тысячы двухсот ён будзе таргавацца. Гэта мне цяпер было зразумела.
Аўкцыёншчык пачаў з прадметаў абсталявання. Выручка была невялiкая. Дзёшава пайшоў i iнструмент. Дайшла чарга да таксi.
Нехта прапанаваў трыста марак.
- Чатырыста, - сказаў Гвiда.
- Чатырыста пяцьдзесят, - павагаўшыся, сказаў мужчына ў сiняй рабочай кашулi.
Гвiда дагнаў да пяцiсот. Аўкцыёншчык паўтарыў, пазiраючы на прысутных. Мужчына ў сарочцы маўчаў. Гвiда падмiргнуў мне i падняў чатыры пальцы.
- Шэсцьсот, - сказаў я.
Гвiда заматляў галавой i даў семсот. Я працягваў дабаўляць. Гвiда ў адчаi гнаўся. Калi дайшло да тысячы, ён пачаў рабiць мне знакi закляцця, паказваючы мне на пальцах, што я магу зарабiць яшчэ сотню. Ён заявiў тысячу дзесяць. Калi ён пачуў 'тысяча сто', то пачырванеў i злосна заверашчаў:
- Тысяча сто дзесяць!
Я заявiў тысячу сто дзевяноста, спадзеючыся, што ён дасць тысячу дзвесце. Я ўжо рашыў спынiцца.