святых трыбуналаў, i, калi ў вынiку чыйго-небудзь даносу iмя нябожчыка трапляла ў няславу, яго цела выкопвалi з асвянцонай зямлi i палiлi in effigiе на вогнiшчы, родзiчаў нябожчыка пазбаўлялi маёмасцi, годнасцi i ўсiх прывiлеяў. Так расла ў народзе набожнасць, i шырэў яе верны цень - страх.
Тым часам сталiца каралеўства рыхтавалася да ўрачыстага прыёму Вялiкага iнквiзiтара. Меркавалася, што згодна з даўнiм звычаем спецыяльны ганец загадзя папярэдзiць гарадскiя i духоўныя ўлады пра наблiжэнне поезда вялебнага айца. Аднак на гэты раз усё выйшла iнакш, падрэ Тарквемада прыехаў у Валадолiд зусiм неспадзявана, без папярэджання, прынамсi, на дзень раней, чым яго чакалi ў горадзе.
Уехаў ён у горад са сваёй свiтай позняй ноччу, даручыў брату Дыега, а не капiтану фамiльянтаў, дону Карласу дэ Сiгуру, некалькi заданняў, замкнуўся ў кляштарнай цэлi пры храме Санта Марыя ла Анцiгуа, дзе, бываючы ў сталiцы, прывык спыняцца.
Зацiшны кляштар за некалькi гадзiн ператварыўся ў ваенны лагер. Пасярод дзядзiнца, пад начным небам, разбiлi бiвакi фамiльянты Святога афiцыума. Ля муроў паставiлi ўзброеную варту. Нiкому нельга было пакiдаць кляштар, уваход у яго таксама быў сурова забаронены, i з той часткi старажытнага будынка, дзе пасялiўся падрэ Тарквемада, паспешна выбралiся браты, а iх келлi занялi вышэйшыя рангам фамiльянты. Гарадскiм дастойнiкам i спецыяльным пасланцам Двара, якiя яшчэ начной парой пачалi сцякацца ў Санта Марыя ла Анцiгуа, казалi каля кляштарнай брамы, што Вялiкi iнквiзiтар доўжыць час у модлах, замкнуўшыся ў келлi, i як сёння, так i заўтра нiкога прыняць не зможа. Сапраўды, вялебны айцец некалькi дзён не пакiдаў келлi, i адзiнымi асобамi, якiя мелi да яго доступ, былi брат Дыега i малады дон Радрыга дэ Кастра, якi якраз у той час i пры вельмi драматычных акалiчнасцях быў прызначаны капiтанам ахоўнiкаў Вялiкага iнквiзiтара.
Брат Дыега не клаўся ў гэтую першую ноч. З запалам навiцыя, а таксама з супярэчлiвымi пачуццямi чалавека, якi спасцiгае вышэйшую ступень далучэння да таямнiц, выконваў даручэннi i асабiста сачыў, цi дакладна ўсё зроблена, i, страшна гэтым стомлены - санлiвасць i змора ледзь не валiлi яго з ног, - у працэсе выканання гэтых важных наказаў заўважыў раптам, што ўсе навокал, нават састарэлы кляштарны прыёр, ставяцца да яго з найвялiкшай пашанай i з нейкiм страхам. Дыега адразу зразумеў, што ў гэтую вельмi доўгую, бясконцую ноч ён стаў нечакана для самога сябе жывым увасабленнем волi наймагутнейшага чалавека каралеўства. Гэта было яму новае i такое неадпаведнае. Ён адчуваў сваё цела, чуў свой голас, усведамляў свае рухi, але часам, калi, абыходзячы варту, спыняўся ў цемры пад велiзарным i нерухомым небам, пад халоднымi зоркамi, неяк раптам сцiралася ў iм усведамленне самога сябе, i адразу яго напаўняла балюча ўразлiвае пачуццё, што ён збiрае ў сваiм сэрцы водблiск сiлы, якая проста не ўмяшчаецца ў iм, але вартая бязмежнага замiлавання, захаплення i поўнай адданасцi ёй.
Ён нёс у сабе гэтае ўзвышанае, сканцэнтраванае ў сэрцы прасвятленне, калi ў пустым змрочышчы малога кляштарнага дзядзiнца наткнуўся на капiтана фамiльянтаў Святога афiцыума сеньёра дона Карласа дэ Сiгуру. Была яшчэ ноч i цiшыня. З-пад нiзкiх аркадак чулiся крокi варты.
- Чаму не спiце, сеньёр? - спытаўся з лагодным дакорам. - Хутка развiднее. Даволi, што я не сплю.
Сеньёр дэ Сiгура маўчаў. Ён быў худы i кашчавы, з цёмным маршчынiстым тварам. Слава ваенных подзвiгаў i хрысцiянскiх цнот ужо колькi гадоў апраменьвала iмя гэтага чалавека.
- Вам трэба адпачыць, сеньёр, - сказаў брат Дыега. - Як я мог пераканацца, вы вельмi дакладна выканалi ўсе даручэннi вялебнага айца. Можаце спаць спакойна. Я загадаю разбудзiць вас, калi зойдзе якая патрэба.
Стары рыцар, якi ўвесь час маўчаў, хвiлiну прыглядаўся да брата Дыега, пасля адвярнуўся i павольна, неяк унурыўшыся, адышоў у глыбiню дзядзiнца.
На досвiтку брат Дыега ўзяў з рук кляштарнага служкi сняданак вялебнага айца i асабiста занёс у келлю.
Падрэ Тарквемада ляжаў на вузкiм ложку, ён не спаў, ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Брат Дыега паставiў на стол цынкавы паўмiсак з хлебам i сырам, кубак i два збаны, адзiн з вадой, другi з вiном.
- Прынёс вам мацунку, вялебны ойча, - сказаў напаўголаса.
Пасля, думаючы, што вялебны айцец хоча застацца адзiн, хацеў цiхенька выйсцi з келлi. Тады той сказаў:
- Пабудзь!
Брат Дыега схiлiў галаву.
- Добра, ойча.
- Падыдзi.
Падышоў.
- Што кажуць?
- Хто, ойча?
- Людзi.
- Прыязджаў маршалак з двара Iх Каралеўскiх Мосцяў...
Тарквемада нецярплiва махнуў рукою.
- Не пра тое пытаюся. Што кажуць людзi? Мае служкi, браты.
- Выконваюць твае загады, ойча.
Тарквемада абапёрся на локаць. Твар у яго быў вельмi знуджаны, шэры, як пасля бяссоннай начы, але ў паглядзе цёмных, глыбока запалых вачэй адчувалася напружаная энергiя.
- I ўсё?
- Ойча вялебны, - сказаў брат Дыега ясным юначым голасам, - я асабiста правяраў i сачыў, каб усе твае загады былi выкананыя. Я стараўся паспець усюды.
- Нiхто з маiх служак, нiхто з тутэйшых братоў не выказваў нiчога непатрэбнага.
- Ойча вялебны, я ўвесь час быў непадалеку ад ахоўнiкаў, часта нават яны мяне не заўважалi, але я не чуў, аднак, каб чые-небудзь вусны вымавiлi што, не вартае хрысцiянiна.
- Мяцежным намерам, - сказаў Тарквемада так, нiбы разважаў уголас, - не заўсёды патрэбны словы.
Брат Дыега завагаўся, пасля смела паглядзеў Вялiкаму iнквiзiтару ў вочы.
- Бачу, што маеш яшчэ нешта сказаць мне.
- Так, ойча.
- Кажы.
- Прабач, ойча, можа, я памыляюся. Што праўда, я не чуў слоў, вартых асуджэння, але ўтоiў бы занадта многа, калi б не сказаў, што, як на мой толк, ёсць, на жаль, чалавек у тваiм атачэннi, якi будзiць ува мне непакой.
Тарквемада маўчаў, але брат Дыега без замяшання вытрымаў яго позiрк.
- Цi ведаеш, сыне мой, - сказаў нарэшце вялебны айцец, - што пiльнасць вымагае, каб кожнае абвiнавачанне было праверана i пацверджана.
- Ведаю, ойча.
- Нiшто не можа быць занядбана i абыдзена ўвагай, i калi ў кiм-небудзь нараджаецца хоць цень падазрэння да другога чалавека, ён павiнен разумець, што, яшчэ не даказаўшы вiны, ён стварае ўражанне верагоднасцi яе iснавання.
- Ведаю, ойча.
- Абдумаў сваё абвiнавачанне?
- Так, ойча, вельмi добра абдумаў.
- Ну i?..
- Думаю пра капiтана тваiх служак, ойча.
Тарквемада, здавалася, не здзiвiўся, толькi паблажлiва ўсмiхнуўся.
- Высока забiраеш, сыне мой. У сеньёра дэ Сiгура слава беззаганнага хрысцiянiна i рыцара.
- Ведаю, ойча. Аднак мне здаецца, што ён чалавек, якi занадта замыкаецца ў сваiх думках.
- I гэта ўсё, чым можаш папракнуць яго?
Брат Дыега маўчаў. Тады Тарквемада ўстаў i паклаў далонь на яго плячо.
- Чалавек - iстота, якая ўмее думаць, мой сыне.
- Так, ойча. Таму я i не кiдаю сеньёру дэ Карласу папроку за тое, што ён думае, але я пабаяўся б яму даверыцца.
- Чаму ж?