- I таму вы хочаце прагнаць са свету любоў? Божа, адабралi ўжо ў людзей усё: годнасць, адвагу, чыстасць пачуццяў, свабоду...

- Чаму ты кажаш - вы? Ты ж хочаш таго самага, што i мы, толькi не знайшоў яшчэ нас у самiм сабе.

- Вы ненавiдзiце любоў.

- Памыляешся, зноў памыляешся. Калi хто любiць праўду i падпарадкоўвае ёй сваё жыццё, тады любоў павiнна заставацца для яго пачуццём усёахопным i звышупарадкаваным у сваёй незямной дасканаласцi.

- Незямной?

- Бо трыумфальная любоў узносiцца над намi, як зорка, як святло ў начы, i, асвятляючы бездарожжа, каб чалавек не заблудзiўся, паказвае сапраўдныя шляхi. Хто ж, аднак, спяшаючыся да мэты, нясе ў руках зорку або жывы агонь паходнi? Жар асляпiў бы нас, спапялiў бы. Толькi водблiск любовi нам служыць.

- Водблiск?

- Гэта i ёсць пагарда. Любоў дазваляе бачыць i ахоплiвае вялiкiя мэты прадвызначэння, аднак жа мы можам выяўляць гэтыя высокiя мэты не праз яе, а праз пагарду.

- Ойча, я губляюся, не могучы паспець за тваiмi думкамi. Ты кажаш пагарда. А што такое пагарда?

- Зямныя рукi любовi. I падумай цяпер, якiя моцныя i дужыя, палкiя i адважныя павiнны быць гэтыя рукi, калi яны пераворваюць людскiя душы i помыслы гэтаксама, як плуг пераворвае зямлю, каб размякчыць, падняць глебу, павырываць зелле i падрыхтаваць грунт пад пасеў i будучы плён.

- Ты ўвесь час гаворыш пра будучае. Царства божае!

- Мы жывём дзеля яго.

- У чалавека толькi адно жыццё.

- Адно зямное i адно вечнае... Цi ж з гэтай непаўтаральнасцi не вынiкае наказ не кiдаць сваiм жыццём, сваiмi думкамi i ўчынкамi ценю на тых, хто прыйдзе пасля нас? Чаму адно хворае iснаванне павiнна атручваць другое, а грахi i злачынствы аднаго чалавека павiнны класцiся цяжарам на плечы iншых?

Дыега маўчаў. Яму здавалася, што недзе вельмi далёка, у глыбiнi нязмерна мёртвага i халоднага святла месячнай ночы б'юць званы. Нейкую хвiлiну Дыега прыслухоўваўся, Было цiха.

Спытаўся напаўголаса:

- Ойча, навошта кажаш мне ўсё гэта? Цi ж я ўжо не асуджаны?

Тарквемада ўстаў з крэсла.

- Так, гэта праўда, - сказаў амаль дзiцячым голасам. - Твой вырак зроблены.

Дыега схiлiў галаву. 'Нельга мне баяцца', - падумаў.

- Ты сам сабе сказаў вырак.

- Я?

- Цi ж ты не адважны i не палкi?

- Я?

- Ты! I таму ты наш. Нiчога не кажы, потым будзеш гаварыць. Мы нiколi не адмаўляемся ад таго, што наша. Думаеш, я не ведаю, як вакол Святых трыбуналаў збiраюцца, а часам i пралазяць у iх малыя i нiкчэмныя, баязлiвыя, людзi з карлiкавай помслiвасцю, ахопленыя прагай нажывы?

- Ведаеш i пагаджаешся?

- На жаль, мы мусiлi пакуль што карыстацца i iх паслугамi, нават больш, мусiлi цярпець iх нiкчэмнасць, пакуль яны служаць нашым мэтам. А можа, ты думаеш, сыне, я не разумею, што не так сапраўднае вызнанне нашай справы i нашых мэт, як чэрпанне матэрыяльных каштоўнасцяў на ўмацаванне свецкай улады прываблiвае да Святой iнквiзiцыi сама высокiх i годных асоб каралеўства? Так, мы сапраўды даём iм вялiкiя маёнткi i грошы, але, як бы нi расла, як нi мацавалася свецкая ўлада - наша ўсё ж вышэйшая за iхнюю, i калi цалкам авалодае чалавечымi думкамi, нiхто, нiякая сiла не здолее супрацьстаяць ёй. Мы павiнны быць канчатковымi i адзiнымi, разумееш, сыне? Але, каб мы сталi такiмi, трон нашай улады павiнны трымаць на сваiх далонях людзi нязломныя, як сталь, палкiя i пiльныя, адважныя i бязмежна адданыя. Ты будзеш адзiн з iх. Ты не станеш аспрэчваць, што я ведаю гэта, а таму i прыйшоў да цябе, як да самога сябе. Ты адзiн з нямногiх людзей, якiя нараджаюцца з iмкненнем да праўды. Патрэба ў ёй жыве ў табе, як кроў, як дыханне, як бiццё сэрца. Ты памыляўся, блукаў, але, носячы ў сабе патрэбу праўды, як ты можаш ад яе ўцячы? Хочаш скочыць у прорву?

- Праўда, пра якую ты гаворыш, ойча, таксама як прорва. Чаму гэта так?

Тарквемада маўчаў.

- Ойча!

- Сыне мой, ты можаш яшчэ не разумець многiх складаных з'яў свету, але адно павiнен ведаць з усёй, на якую толькi здольны, пэўнасцю, што толькi поўнае паслушэнства павiнна запоўнiць усе помыслы i ўчынкi чалавека, якi змагаецца за праўду. Калi хочаш служыць веры, ты павiнен падпарадкоўвацца ўсiм яе абавязковым прынцыпам, без вагання, пытанняў i сумненняў, без ценю пабочных думак, з неабмежаваным даверам да кiраўнiцтва.

- Нават не разумеючы?

- Калi праўда абсалютна запоўнiць твае думкi, твае жаданнi i ўчынкi, калi ты i яна станеце адзiнствам, тады зразумеецца многае.

- Зноў адпасылаеш, ойча, да будучынi.

- А хто ты сёння без будучынi? Ад цябе залежыць, каб наблiзiць яе.

- I тады?..

- Час, якi iдзе, сыне мой, - як гара. Або па ёй узыходзiш на вяршыню, або коцiшся ўнiз.

- А калi дойдзеш да вяршынi?

- Не ведаю, - памаўчаўшы, сказаў Тарквемада. - Гэтага чалавек не можа ведаць. Гэта ведае толькi Бог.

Дыега зноў закрыў твар далонямi. Шчокi i скронi палалi, а рукi былi халодныя. У сабе ён таксама адчуваў холад.

- Чаго ж ты хочаш ад мяне, ойча? Што я павiнен зрабiць?

- Ведаеш, якая рознiца памiж чалавекам адважным i баязлiўцам?

Дыега адступiў на крок.

- Ведаеш?

- Ведаю, - адказаў цiха. - Але ведаю не сваiмi думкамi. Гэта ўжо твае думкi, ойча.

- Зноў вяртаешся да вонкавага размежавання: ты i я, а гэта ж думкi, у якiх праўда. Ты ўсё яшчэ баiшся самога сябе? Цi падумаў ты, што адважны чалавек прымае паслушэнства добраахвотна, а баязлiвец слухаецца са страху?

'Нельга мне баяцца', - падумаў Дыега.

- Не павiнна так быць, каб людзi мусiлi баяцца, - сказаў.

- Наадварот, - усклiкнуў Тарквемада, - чалавек у iстоце гаротны, i яго страх не толькi патрэбны, але абавязковы, неабходны. Калi мы хочам панiшчыць зло, мы павiнны ўсюды яго выяўляць i адкрываць, каб яно, паказанае ва ўсёй сваёй брыдоце, абуджала агiду, а найперш страх. Вось гэта праўда ўлады! Калi б у нейкi дзень раптам не хапiла вiнаватых, мы вымушаны былi б стварыць iх, бо яны ж нам патрэбныя, каб бесперастанна, у кожную хвiлiну можна было публiчна асуджаць i караць злачыннасць. Праўда, пакуль яна не пераможа канчаткова, не можа iснаваць без свайго супрацiўнiка - фальшу. Непарушнасць нашай улады, сыне мой, залежыць перш за ўсё ад таго, каб страх - выключаючы жменьку дабравольна паслухмяных, - стаў паўсюдным, запоўнiў усе сферы жыцця, усе сама патаемныя яго шчылiны i куточкi, каб нiхто не мог уявiць сабе жыцця без страху. Жонка няхай не давярае мужу, бацькi хай баяцца сваiх дзяцей, жанiх - абранкi, высокапастаўленыя - падуладных, i ўсе яны разам - усёведнай, усюдыiснай, карнай справядлiвасцi Святой iнквiзiцыi. Мы павiнны мець многа правоў i многа страху, разумееш, мой сыне?

Халодны бляск месяца асвятлiў раптам келлю, i ў гэтым незямным святле чорная постаць вялебнага айца Вялiкага iнквiзiтара як бы расла i раздавалася. Дыега, уражаны мёртвым святлом, заплюшчыў вочы.

- Ойча! - крыкнуў з роспаччу. - Царства страху цi не ёсць царства сатаны?

I ў гэты момант, чуючы рэха свайго голасу, пачаў падаць у прорву.

Абудзiўся ўвесь у поце, сэрца пульсавала моцнымi ўдарамi. У келлi быў змрок. У глыбiнi гарэў алiўкавы каганец. Затое непадалёк ад ложка, заклаўшы рукi ў рукавы хабiты, стаяў падрэ дэ ла Куэста.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату