залажыў далонi ў рукавы сутаны.
- Гэта ўсё? - спытаўся падрэ Галвез.
- Астатняе ў вашых руках, вялебны ойча, - адказаў брат Дыега.
- Так, - згадзiўся той абыякава. - I што ж вы на гэта скажаце, ойча Аўгусце?
Сiвы прыёр не хаваў прыгнечанасцi i заклапочанасцi.
- Страшэнна цяжка дасведчыў нас Бог, - сказаў дрыготкiм голасам чалавека, зламанага няшчасцем.
- Бог? - здзiвiўся падрэ Галвез. - Ужо цi не лiчыш ты, ойча Аўгусце, што Бог падсыпаў атруты ў вiно вялебнаму? Гэта ўсё, што маеш паведамiць?
Падрэ д'Акунья бездапаможна развёў рукi.
- Усё? - крыкнуў падрэ Галвез, стукнуўшы кулаком па стале. - Як гэта ўсё, пад дахам твайго кляштара выспела сама жудаснае злачынства, рыхтавалi падступны i таемны ўдар, у самы мозг i сэрца, а ты нiчога не ведаеш, нiчога не бачыш, сляпы, глухi? На якiм жывеш свеце? Толькi малiцца i ўмееш? З анёламi i са святымi толькi гавэнды разводзiш? Розум на старасцi страцiў? Далiбог, калi б не твая ўсiм вядомая святасць i набожнасць, iнакш бы з табой, ойча Аўгусце, гаварыў Святы трыбунал.
Стары прыёр не спрабаваў баранiцца. Унурыўшыся ў вялiкiм крэсле, пад градам абвiнавачанняў ён усё нiжэй схiляў сiвую галаву. I, нягледзячы на гэта, не мог стрымаць дрыжыкаў. 'Вось якая яна, сiла страху', - падумаў Дыега. I хоць быў змалку прывучаны паважаць святасць i старасць, усё-такi зласлiва ўсмiхнуўся. I апамятаўся толькi тады, калi, глянуўшы на твар пана дэ Кастра, якi ў бляску сваёй залацiстай зброi сядзеў па другi бок стала нерухомы, як статуя, убачыў гэткую ж усмешку. Погляды абодвух маладых людзей сустрэлiся i адразу разышлiся. Брат Дыега апусцiў павекi. 'Божа! - падумаў, не вельмi разумеючы, што хоча выказаць гэтым безгалосым воклiчам. Разгубiўшыся на хвiлiну ад сваiх думак, адчуў, як яго перапоўнiлi смутак i адначасова раптоўная салодкая туга. - Навошта? Дзеля чаго?' Гэтага ён не мог сказаць, бо якраз у гэты час падрэ Галвез, з несхаванай пагардай адвярнуўшыся ад айца Аўгусцiна, нахiлiўся да Дыега, якi, выведзены голасам айца iнквiзiтара з задуменнасцi, нямала ўзрадаваўся, што здолеў захаваць незамутнёны спакой.
- Ты сказаў, мой сыне, - сказаў падрэ Галвез, - што пан дэ Сiгура пад выглядам адбытай споведзi спрабаваў спачатку адмовiцца каштаваць ежу вялебнага айца.
- Так было, вялебны ойча, - пацвердзiў брат Дыега.
- Мала, на жаль, я ведаў пана дона Карласа. Ён карыстаўся, наколькi я ведаю, вялiкай славай хрысцiянскага рыцара. Праўда ж?
- Праўда, ойча. Росту славы часта спрыяюць у вачах людзей ганарыстасць i недаступнасць.
- Ён быў ганарысты?
- Думаю, што не ад вялiкай сцiпласцi неахвотна выказваў перад людзьмi свае думкi.
- Як гэта разумець?
Дыега адчуў раптам, нiбы ён апынуўся на краi прорвы.
- Ойча вялебны, - сказаў, трохi падумаўшы, - мне здаецца, што я занадта малады i недасведчаны, каб беспамылкова меркаваць, дзе канчаецца выгляд вiны i дзе пачынаецца сапраўдная вiна.
Падрэ Галвез нецярплiва зварухнуўся.
- Выгляд? Што ты кажаш, мой сыне? Што такое твой выгляд вiны? Гэта толькi наша хвiлiннае i выключна суб'ектыўнае няўменне ўбачыць вiну. Цi iснуе гэты 'выгляд' як факт? Не iснуе, гэта ясна. Лiчыцца толькi вiна, а яна ёсць або яе няма. Гэта ўсё.
Брат Дыега пачырванеў ад сораму i прынiжэння. Як ён мог падумаць так наiўна! Толькi цяпер яму стала ясна, што паслушэнства вышэйпастаўленым не ў тым, каб ухiляцца ад выказвання сваiх думак, а ў тым, каб адгадваць думкi вышэйпастаўленых i згаджацца з iмi.
- Ойча вялебны, - сказаў ён, упершыню ў жыццi свядома скарыстаўшы юнацкую шчырасць свайго голасу, - калi я ўжыў выраз 'выгляд вiны', то толькi ў значэннi, якое ты гэтым словам надаеш.
- Род пана дэ Сiгуры належыць да найстарэйшых у каралеўстве Арагон, азваўся з другога канца стала пан дэ Кастра.
На гэта падрэ Галвез:
- На жаль, вопыт нас вучыць, што чым больш славутае мiнулае мае хто, тым менш яму трэба давяраць. Здавалася б, слава, багацце, прызнанне заслуг, бляск iмя i роду павiнны ўжо з прычыны самой сваёй прыроды служыць праўдзе. Тым часам менавiта сярод iх так часта плодзяцца i пасвяцца сама агiдныя злачынствы. Сапраўды, словы нашага пана Iсуса Хрыста: 'Дабраславёныя ўбогiя духам' маюць большую мудрасць, чым гэта можа ўявiць абмежаваны розум чалавека. I царства божае настане на зямлi не раней, чым чалавецтва стане грамадствам прасцякоў.
Брат Дыега слухаў з сур'ёзным тварам, але не засяроджана. Ён да гэтага часу лiчыў, што яму варожая, неўласцiвая зайздрасць. Тым часам якраз гэта з'едлiвае пачуццё ятрылася ў iм цяпер. Цi ж ён не ведаў, як i дон Радрыга, што пан дэ Сiгура паходзiў з заможнага арагонскага роду? Чаму ж не патрапiў у пару выкарыстаць гэты важны, як аказалася, аргумент, чаму дазволiў апярэдзiць сябе?
Паглядзеў на пана дэ Кастра i, убачыўшы яго малады твар, на якiм быў поўны спакой i здысцыплiнаваная самаўпэўненасць, зноў пачуў, як яго захлiснула хваля зайздрасцi.
Хвiлiну панавала цiшыня.
- Што ты збiраешся рабiць, вялебны ойча? - цiха спытаўся стары прыёр.
- Зараз даведаешся, ойча Аўгусце, - адказаў падрэ Галвез. - Не здаецца бо верагодным, каб у такiм выпадку злачынца мог дзейнiчаць адзiн, найлепш было б выклiкаць у Святы трыбунал усiх братоў.
Падрэ Аўгусцiн падняў галаву. Яна дрыжала. У старых, стомленых вачах стаялi слёзы.
- Божа вялiкi, няўжо сапраўды хочаш зрабiць гэта?
Той пацiснуў плячыма.
- Не, гэтым разам абыдуся. Святая iнквiзiцыя зусiм не зацiкаўленая, каб гэта старажытнае i вартае павагi месца пакрыць ценем няславы. Зрэшты, мы верым, што, за выключэннем тваёй, ойча, слабасцi, большасць братоў бязмежна верная традыцыям гэтых муроў, а таксама, што найважней, духу нашага таварыства. Толькi вас, пане дэ Кастра, - павярнуўся да дона Радрыга, абавяжам, каб вы неадкладна перадалi Святому трыбуналу таго служку, з рук якога брат Дыега прыняў ежу вялебнаму айцу.
- Ойча Крыстобаль, - усклiкнуў падрэ Аўгусцiн, - але ж ён яшчэ дзiця горкае.
Падрэ Галвез з'едлiва ўсмiхнуўся.
- Табе, ойча Аўгусцiне, усе людзi невiнаватыя. Аж цяжка, слухаючы цябе, зразумець, адкуль сярод гэтай суцэльнай невiнаватасцi бяруцца злачынствы, ерась i грэх. А можа, iх i няма? Можа, ты прыйшоў да такiх святых перакананняў? Калi так, дык чаго непакоiшся за гэта хлапчо? Святы трыбунал больш, чым якi-небудзь iншы зямны суд, шануе сапраўдную невiнаватасць i, змагаючыся супраць зла, баронiць менавiта яе.
Сказаўшы гэта, падрэ Галвез устаў, i ўся нарада скончылася.
Ужо назаўтра выявiлася, што вялебны падрэ Галвез не памыляўся, дакараючы айца Аўгусцiна за недальнабачнасць i вартую кары страту пiльнасцi. Шаснаццацiгадовы Пабла Заратэ, якi ўсяго толькi некалькi месяцаў адбываў навiцыят у Санта Марыя ла Анцiгуа, прызнаў пасля нядоўгага следства, што, калi ён нёс сняданак вялебнаму айцу, яго спынiў на дзядзiнцы пан дэ Сiгура, загадаў яму паставiць ежу i вярнуцца ў кляштарную кухню вымыць нiбыта не вельмi чыстыя рукi. З гэтага ўсё стала ясна. Вораг, як стогаловая гiдра, адраджаецца, нягледзячы на ўдары, якiя яму наносяцца пастаянна. Выкрыты i вынiшчаны ў Сарагосе, ён адразу высоўваў злачынныя мацкi ў другiм месцы, намагаючыся любой цаной зняверыць i аслабiць парадак, пасеяць у галовах людзей смуту, а ў сэрцах неспакой.
Побач з гэтымi выяўленымi акалiчнасцямi правiна Пабла не здавалася асаблiва цяжкай i хоць, калi лiчыцца з вынiкамi, назаўсёды пазбаўляла яго магчымасцi вярнуцца ў кляштарныя муры, аднак толькi тое, што здарылася пасля, кiнула цяжкi цень на здаровасць душы гэтага падлетка, якога, на жаль, так неабачна дапусцiлi да адбывання духоўнага навiцыяту. Неўзабаве пасля таго, як ён даў паказаннi, гэта значыць, у час, калi ён найбольш павiнен быў сумленна выказаць жаль i панесцi належную кару, Пабла Заратэ, замест таго каб пайсцi па шляху веры, павесiўся ў цэлi, дзе быў увязнены, i гэтым бязбожным учынкам засведчыў, што замест пачцiвага жыцця хрысцiянiна ён выбiрае ганьбу i вечнае асуджэнне.
Вестка пра гэта вартае шкадавання здарэнне дайшла да Санта Марыя ла Анцiгуа ранiцай, яшчэ да першай ранiшняй iмшы, якую ўжо колькi гадоў адпраўляў звычайна айцец прыёр. I ў гэты дзень, як заўсёды, ён выйшаў са святой дараносiцай, але неяк так ужо недалужна, нiбы сляпец, хадзiў каля алтара, а голас,