нават калi ён чытаў цiха, не хацеў яго слухацца, што ў натоўпе святых братоў спярша пранёсся нейкi неспакойны шум, пасля залегла цiшыня, i старэчаму мармытанню падрэ Аўгусцiна адказвалi толькi самотныя арганы ў глыбiнi храма. Немалое таксама здзiўленне ахапiла ўсiх, калi, блаславiўшы на заканчэнне ўсiх прысутных, падрэ Аўгусцiн астаўся каля алтара i цiха, але вельмi выразна сказаў:
- А цяпер, браты, прачытаем 'Ойча наш' i 'За здароўе Марыi' за чыстую i нявiнную душу нашага малодшага брата Пабла.
Магiльная цiшыня настала пасля гэтых слоў. Не зрушыўся з месца нi брат Дыега, якi самотна стаяў з боку алтара, анi пан дэ Кастра, якi ў сваёй залатой зброi стаяў крок наперадзе сваiх фамiльянтаў.
Такая сiла была з гэтых двух людзей, што нiхто з братоў не адважыўся ўкленчыць.
Падрэ Аўгусцiн з хвiлiну глядзеў на нерухомы натоўп у прыцемку храма, усё большая бледнасць пакрывала яго змаршчынены пакутамi твар, i, нарэшце, адвярнуўся i, укленчыўшы ля падножжа алтара, пачаў малiцца адзiн. Брат Дыега i пан дэ Кастра першыя перахрысцiлiся i разам рушылi да дзвярэй рызнiцы. За iмi пачалi выходзiць служкi вялебнага айца, i храм напоўнiўся цяжкiм звонам даспехаў. Потым, ужо ў цiшынi, адзiн за адным, схiлiўшы галовы i не гледзячы адзiн на аднаго, выходзiлi браты.
Айцец Аўгусцiн астаўся адзiн. Ён доўга малiўся, як бы забыўшыся пра свет. А свет мяккiм сонечным бляскам асвятлiў на вiтражах сiлуэты анёлаў i святых. Дагаралi ў кандэлябрах свечкi. З кляштарнага дзядзiнца далятала адгалоссе змены варты.
Потым падрэ Аўгусцiн узвёў вочы на велiзарны крыж, якi вiсеў угары, i ўсклiкнуў голасам, поўным роспачы:
- Госпадзе, цi доўга цемра будзе панаваць над няшчаснай зямлёй?
Слёзы заслалi яму вочы, i ён не адразу разгледзеў, хто прыпаў да яго каленяў, калоцячыся ад плачу, прытулiўся гарачай шчакой да яго далонi. Падрэ, стоячы на каленях, пагладзiў густыя з дробнымi завiткамi валасы i пазнаў малодшага кляштарнага служку Франсiска. Ён абняў гэта кволае, яшчэ дзiцячае цела i, гладзячы малога па валасах, шаптаў дрыготкiм ад узрушанасцi голасам:
- Дзiцятка маё, маё беднае дзiцятка, не трэба трацiць надзеi. Трэба мець надзею. Заўсёды трэба мець надзею.
Гэта была апошняя iмша, якую стары прыёр правiў у Санта Марыi. Ноччу з дазволу вышэйшых пакiнуў кляштар i горад i адправiўся ў далёкую пустэльню Сан-Iнiга ў гарах Эстрамадуры, каб там прысвяцiць сябе прыроджанай патрэбе малiтвы i спакойна закончыць святое жыццё.
А на другi дзень сам айцец Вялiкi iнквiзiтар, закончыўшы двухтыднёвыя набажэнствы, адслужыў у Санта Марыi ранiшнюю iмшу. Брат Дыега абвясцiў сабраным братам кароткую казань на тэму слоў Госпада Iсуса паводле евангелля св. Мацвея: 'Не прыйшоў я з мiрам, а з мечам'.
Тым часам, як гэта зазвычай вядзецца ў падзеях, калi не толькi перамогамi таруецца дарога праўды, - розныя невясёлыя весткi даходзiлi ў сталiцу на схiле тысяча чатырыста восемдзесят пятага года. I вось аднаго дня стала вядома, што каралеўскiя войскi на чале з панам герцагам д'Аркоса панеслi пры асадзе паганскай Малагi вялiкiя страты, а з Арагона губернатары даносiлi пра хваляваннi, калi пасля вядомых падзей у Сарагосе многiя гарады захлiснулi неспакой i смута, усюды справакаваныя той самай рукой жыдоўскага ворага, што не грэбаваў нiякiмi сама нiкчэмнымi сродкамi, абы толькi падступна нашкодзiць каралеўству.
У Валенсii, напрыклад, падбухтораная правакатарамi галота падпалiла палац Талавера, дзе была сядзiба Святога трыбунала, у Тэруэлi натоўп, падагрэты такiм самым спосабам, закiдаў каменнем i цэглай каля вежы Сан-Марцiн атрад айца iнквiзiтара, калi той у першую нядзелю снежня выправiўся ў сабор на набажэнства. У абодвух гарадах былi ахвяры, i толькi дзякуючы таму, што на вулiцы былi выведзены салдаты Святой эрмандады, удалося прадухiлiць пашырэнне хваляванняў i пазбегнуць яшчэ большых ахвяр. У Барселоне таксама задушылi бунт у самым зародку, разагнаўшы гарадскiх пахолкаў i смердаў, якiя пачалi былi збiрацца непадалёк ад турмы Святога афiцыума, арыштавалi пры такой нагодзе i аддалi пад суд многа западозраных гараджан.
Кароль Фердынанд, папярэджаны пра гэтыя здарэннi, адразу пасланымi кур'ерамi загадаў правесцi, не зважаючы на асобы, суровыя акцыi супраць усякiх ератыцкiх правакацый. Святыя трыбуналы таксама, асаблiва на тэрыторыi Арагона, былi заклiканы спецыяльным пасланнем айца Вялiкага iнквiзiтара да ўзмацнення пiльнасцi i да паглыблення метадаў расследавання. Такiм чынам, вораг яшчэ раз пралiчыўся i памылiўся, мяркуючы, што яму ўдасца паслабiць баявiтасць царквы або выкапаць прорву памiж ёю i масамi вернiкаў. Нiхто, акрамя злачынных ератыкоў i мiзэрнай жменькi людзей, часова ўведзеных у зман, не сумняваўся, што ўвесь народ бязмежна адданы Iх Каралеўскiм Мосцям i царкве i аднадушна асуджае ўсялякiя спробы аслаблення яе адзiнства.
Нягледзячы на гэта, як i бывае ў такiх акалiчнасцях, весткi пра пэўнае нездаровае ўзбуджэнне ўсё яшчэ iшлi з правiнцый, i, хоць у самой сталiцы панаваў поўны спакой, - айцец iнквiзiтар Галвез прыняў рашэнне прыспешыць аўтадафэ, якое рыхтавалi ўжо даўно i вельмi грунтоўна на сярэдзiну студзеня наступнага года. Калi падрэ Тарквемада падтрымаў гэта рашэнне, было зроблена ўсё, каб урачыстасць, прызначаная на асаблiва шанаваны людзьмi дзень святога Дамiнiка Сiлоскага, прайшла з вялiкiм шыкам. За тыдзень да аўтадафэ закончылi многiя працэсы, што зацягнулiся на некалькi месяцаў, распачалi i шчаслiва завяршылi да азначанага тэрмiну шмат новых. Ва ўсiх кляштарах, асаблiва ў дамiнiканцаў, гэтыя пачынаннi суправаджалiся вячэрнiмi набажэнствамi братоў, бо адзiнства сыноў царквы здавалася ў тыя днi больш патрэбным, чым калi-небудзь. Зрэшты, як i спадзявалiся, народ не застаўся абыякавы да голасу сваiх духоўных пастараў. Акрылены шчырай верай, ён сцякаўся з усiх гарадоў i замкаў старажытнага каралеўства Леон у Валадолiд. Святыя пiлiгрымы iшлi i з далейшых раёнаў. Неўзабаве ўжо не хапала месцаў у гарадскiх гасподах i заезных дамах, i народ, нягледзячы на снежаньскiя халады, вандраваў з пляца на пляц пад адкрытым небам.
У сувязi з такiм вялiкiм узрушэннем у хрысцiянскiм народзе абое Iх Каралеўскiя Мосцi, хоць i збiралiся падацца, устрывожаныя сiтуацыяй, пад Малагу, цяпер, аднак, упрошаныя асабiста айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, пастанавiлi адкласцi намечанае падарожжа, каб прысутнасцю свайго маестату надаць урачыстасцям больш значэння i бляску. Прадугледжвалася, што каля дзвюх тысяч асуджаных на розныя кары грэшнiкаў прымуць удзел у пакутнiцкiх абрадах ў саборы, а пасля пойдуць працэсiяй на квамадэра, колькасць жа ератыкоў, якiх апошнiм часам Святы трыбунал адлучыў ад царквы, даходзiла да сямiдзесяцi з нечым. Адным i адзiным з iх, цела якога ў атачэннi iншых, якiх мелiся палiць жыўцом, будзе аддадзена ачышчальнаму агню пасмяротна, быў абвiнавачаны ў блюзнерчай спробе атручвання пан дон Карлас дэ Сiгура. У святле грунтоўна праведзенага следства здавалася, што Святы трыбунал не мог у гэтай цалкам яснай справе вынесцi больш справядлiвы вырок, аднак менавiта гэты прысуд стаў на Каралеўскай iнквiзiцыйнай радзе прадметам сама бурнага абмену думкамi i спрэчак.
Каралеўская iнквiзiцыйная рада, якая была створана Iх Каралеўскiмi Мосцямi з мэтай больш цеснай сувязi з тронам дзейнасцi Святога афiцыума, збiралася за гэты час поўным складам даволi рэдка. Аднак цяпер, i, як здавалася, пад уплывам некалькiх свецкiх грандаў, кароль Фердынанд палiчыў абавязковым, каб рада прыняла сваю пастанову наконт апошнiх падзей, i неадкладна. I вось у апошнi дзень лiстапада, на святога Андрэя, пасля iмшы ў замкавай каплiцы, тры царкоўныя дастойнiкi на чале з айцом Вялiкiм iнквiзiтарам, столькi ж знакамiтых паноў каралеўства i два слаўныя дактары, правовыя дарадцы Святога афiцыума, пакiнуўшы сваю свiту ў пярэднiх пакоях, сабралiся ў троннай зале, чакаючы выхаду караля i каралевы. Iх Каралеўскiя Мосцi не далi сябе доўга чакаць. З iмi iшоў мiнiстр, брат Франсiска Хiменэс, францысканец.
Падрэ Галвез не хаваў незадавальнення, калi пасля некалькiх слоў караля Фердынанда, якi гаварыў, як звычайна, трошкi цяжкавата з прычыны задышкi, ад якое ён вельмi пакутаваў, падняўся дон Альфонса Карлас герцаг Медына Сiдонiя, маркiз Кадыкса. Усе добра ведалi, што, калi пяць гадоў назад першыя iўдаiсты пачалi пакiдаць гарады i сёлы, падданыя Святому афiцыуму ў Севiллi, не хто iншы, як пан герцаг Медына Сiдонiя даваў iм на сваiх землях прытулак. Аднак даўнiя гэта былi справы, i быць можа, што малады герцаг, прасякнуты з цягам часу духам праўды, прагнуў цяпер адгарадзiцца ад свайго мiнулага, бо тое, што ён гаварыў, было надзвычай разумнае, прасякнутае святасцю i поўнае сыноўняй павагi да заслуг Святога трыбунала. Сапраўды, цяжка было б знайсцi iншыя словы, якiя б выказвалi хрысцiянскiя думкi лепш, чым тыя, якiя са спакойнай развагай i годнасцю, пазбаўленай усякай пыхi, сказаў гэты нашчадак аднаго з сама знакамiтых родаў каралеўства.
Абое Iх Каралеўскiя Мосцi слухалi яго з выразна зычлiвай увагай, усе астатнiя паны, асаблiва стары герцаг Карнэха, здавалася, былi ў захапленнi ад розуму сама малодшага з iх. Сярод гэтай агульнай пацехi