духаўнiцтва.
- Вiтаю, найгоднейшы ойча, - сказаў трохi загучна. - Мой камандзiр, капiтан каралеўскага палка, дон Хуан дэ Сантангель, даручыў мне выказаць вам належную чту i адначасова прасiць прабачэння за тое, што стан здароўя не дазваляе ўчынiць гэтага асабiста.
- Ён хворы? - спытаўся падрэ Тарквемада.
- Так, ойча.
- Целам цi душою?
Малады рыцар не разгубiўся.
- Не разумею цябе, ойча.
- Чаго не разумееш? Цi ж ты не хрысцiянiн i не ведаеш, што ў чалавеку цела, а што душа i што называем хваробаю цела, а што хваробаю душы?
Той горда выпрастаўся.
- Ведаю, найгоднейшы пане. Я Мануэль дэ Ахэда, дваранiн i хрысцiянiн. Калi я сказаў, што шляхетны дон Хуан хворы, я не мог мець на ўвазе яго душу, бо яна, належачы вернаму слузе караля i царквы, не паддаецца нiякiм, як я пэўны, хваробам.
- Цi так мала, мой сыне, давяраеш сваёй упэўненасцi, што мусiш павышаць голас? - цiха спытаўся Тарквемада.
Дон Мануэль нецярплiва:
- Ойча вялебны, калi б пан дэ Сантангель не быў хворы...
- ...ён у гэты час сваёй прысутнасцю склаў бы сведчанне шанобы i любовi, якiя песцiць у сабе да веры i Святое iнквiзiцыi. Веру ў гэта. Маю таксама надзею, што хвароба ў шляхетнага капiтана не такая цяжкая, каб заўтра магла перашкодзiць яму наведаць нас у сядзiбе Святога афiцыума.
Чырвань залiла смуглы твар дон Мануэля.
- Цi маеш яшчэ што сказаць, мой сыне? - спытаўся Тарквемада.
Кроў усё гусцей залiвала твар i лоб, нават шыю дон Мануэля. На скронях набрынялi жылы.
Нейкi момант здавалася, што малады рыцар не авалодае гневам i выбухне.
- Прадстаўнiк карэгiдора прагне, вялебны ойча, скласцi табе словы прывiтання, - цiха сказаў брат Мантыха.
- Цi шляхетны карэгiдор таксама хворы? - спытаўся Тарквемада.
У судовага пiсара Франсiска Доза, шчуплага, згорбленага чалавека з тонкай, як у птушкi, шыяй перад вялебным айцом адняло мову. Ён стаяў збялелы, вусны ў яго дрыжалi, а ў лупатых бясколерных вачах застыў страх.
- Слухаю цябе, мой сыне, - сказаў падрэ Тарквемада.
Пiсар разявiў рот, нiбы хацеў глынуць паветра.
- Пан Бласка дэ Сiлас не мог прыйсцi, найгоднейшы ойча, - прамармытаў, - у сама астатнюю хвiлiну цяжка занядужаў.
I змоўк пад пранiзлiвым позiркам Тарквемады. Той павярнуўся да айцоў iнквiзiтараў.
- Што ж, вялебныя браты, пара нам увайсцi ў сабор. Падзякуемце Богу за шчаслiва завершанае падарожжа i памолiмся таксама за душы ератыкоў i грэшнiкаў, каб усявышнi ў сваёй невычэрпнай даброцi дапамог iм у шчырым прызнаннi i адрачэннi ад памылак.
- Аман, - сказаў брат Гаспар Мантыха.
- У Вiла-Рэал, вялебны ойча, асаблiва многа душ, як мне здаецца, заражаных цяжкiмi хваробамi, - азваўся падрэ дэ ла Куэста.
- Гойце iх! - сказаў Тарквемада, узыходзячы на сходы калегiяты. - Чаго ж вы чакаеце? Цi ж вы не лекары душ?
Ён быў ужо каля партала, а браты дамiнiканцы, завёўшы тонкiмi галасамi Маgnifiсаl, пачалi заходзiць у калегiяту, калi на плошчы ўтварылася затлока. Падрэ Тарквемада спынiўся, спевы ацiхлi.
Унiзе голасна крычаў i размахваў рукамi рыцар на запененым канi, пракладаючы сабе дарогу праз натоўп. Акружаны служкамi Святога трыбунала, ён сказаў iм нешта, пасля чаго адзiн рыцар у панцыры саскочыў з каня i, бразгаючы зброяй, узбег на сходы.
- Ойча вялебны, прыбыў наш ганец з Сарагосы з важным паведамленнем.
Падрэ Тарквемада махнуў рукой. Падняў руку i рыцар. На гэты знак служкi, лучнiкi i рыцары пачалi расступацца, даючы ганцу дарогу. А той - рослы i дужы мужчына - саскочыў з каня, хiстануўся, але адразу выпрастаўся, скiнуў з плячэй дарожны плашч, глыбока ўздыхнуў, павольным рухам далонi ацёр спацелы лоб i цяжка, як смяротна стомлены чалавек, пачаў падымацца па сходах.
Апынуўшыся перад Вялiкiм iнквiзiтарам, ён укленчыў i схiлiў чорны ад пылу твар.
- З Сарагосы? - спытаўся Тарквемада.
- Так, вялебны ойча. Тры днi i тры ночы ў дарозе.
- Хто цябе паслаў?
- Святы трыбунал.
- Кажы.
- Ойча вялебны, здарылася страшнае, яно благае ў неба помсты! - На момант замоўк, каб сабрацца з духам. - Вялебны айцец Пэдра Арбуэз забiты.
Трывожны шэпт папоўз сярод прысутных. Усе ведалi, што кафедральны канонiк доктар Пэдра Арбуэз д'Эпiла ўсяго толькi год таму назад пры ўстанаўленнi ў каралеўстве Арагон Святой iнквiзiцыi быў абвешчаны адным з двух iнквiзiтараў Сарагосы.
- Божа, злiтуйся з нас, - сказаў падрэ дэ ла Куэста.
- Дзе ўчынена злачынства? - спытаўся Тарквемада.
- У саборы, ойча вялебны, пад час вячэрняга набажэнства.
- Забойцы?
- Схапiлi абодвух.
- Iх iмёны?
- Фiдэль д'Уранса i Хуан д'Эсперайндэа.
Тарквемада нахмурыў бровы.
- Не ведаю такiх.
- Гэта нiзкiя людзi, вялебны ойча. Абодва, аднак, са службы вяльможнага пана дон Хуана дэ ла Абадыя.
- Аж так высока сягае злачынства?
- Ойча вялебны, найгоднейшы iнквiзiтар, айцец Гаспар Хуглар загадаў паведамiць табе, што гэта ганебнае забойства, вiдаць, вынiк вялiкай i шырокай змовы i да падазроных належаць асобы, якiя ў каралеўстве Арагон лiчацца людзьмi вельмi высокай годнасцi.
- Божа мой! - усклiкнуў падрэ Тарквемада. - Калi сапраўды ўсё так, як ты кажаш, то мне цяжка паверыць, каб гэтыя асобы былi са старых хрысцiянскiх родаў. Цi не належаць яны да сем'яў жыдоўскага паходжання?
Ганец з павагай схiлiў галаву.
- Народ Сарагосы маўляе тваiмi вуснамi, найпачцiвейшы ойча. Калi па горадзе разышлася вестка, што вялебны Пэдра забiты, народ высыпаў на вулiцы, каб пакараць маранаў, праклятых аблуднiкаў, якiя прынялi нашу веру, але i духам, i звычаямi засталiся верныя юдэйству. Яго эмiненцыя арцыбiскуп дон Альфонса, спрабуючы прадухiлiць iнцыдэнты, асабiста выйшаў на вулiцу, каб сказаць народу, што ўсе вiнаватыя адбудуць заслужаную кару.
Падрэ Тарквемада паглядзеў на прысутных.
- Чуеце, шаноўныя браты? Чуеце голас хрысцiянскага народа? Гэта вам навука! Адзеньце тысячу скрушных грэшнiкаў у санбенiта i прыганiце iх босых сюды, да калегiяты, на пакутнае аўтадафэ, аддайце свецкаму суду сто, дзвесце, трыста, калi зойдзе патрэба, зацятых i закаранелых ератыкоў, каб знiшчыць iх у полымi, як нiшчыцца шкоднае пустазелле або ссохлая вiнаградная лаза, а люд, якi сёння ў гэтым горадзе замкнуўся ў сваiх дамах, убачце на вулiцах. Больш таго: кiньце яго да ног сваiх.
Пасля павярнуўся да ўкленчанага ганца:
- Мiр з табой, мой сыне. Ты прынёс нам вестку смутную i радасную. Мы смуткуем, што вялебнага дона Пэдра няма больш сярод нас, добра ведаючы, што жыцьме ён праз усе часы неўмiручасцю поўнай хвалы;