беднасцi, у якой раскайвацца не будзеш?'

I вось усё было падрыхтавана ў дастатковай колькасцi, iзноў дзесяць дзён я не спажываў мясной ежы i на дадатак нават абгалiў галаву. Нарэшце настаўлены начнымi бяссоннямi, аддаўся я з усiм даверам святым абрадам гэтай роднаснай рэлiгii. Яна не толькi служыла мне вялiкiм суцяшэннем у маiм становiшчы iншаземца, а нават здабыла мне даволi значныя сродкi для жыцця. На самай справе, кiм, як не ўдачай, быў сасланы мне той адвакацкi заробак, якi я атрымаў, ведучы справы на лацiнскай мове?

29. I вось мiнула ўсяго некалькi дзён, як нечакана, на вялiкае маё здзiўленне, iзноў аклiкнуўся голас з вышыняў, якi загадваў мне паддацца пасвячэнню трэцi раз. Занепакоены немалым коштам i моцна ўсхваляваўшыся, я задумаўся аб тым, куды хiлiцца гэты новы i нечуваны намер нябесных жыхароў? Што яшчэ застаецца нявыкананым, хоць я ўжо двойчы паддаваўся пасвячэнням? 'Тут, - думаў я, - i той i другi жрацы дапусцiлi якую-небудзь памылку цi нечага недавыканалi'. I, клянуся Геркулесам, пачаў сумнявацца ў iхняй сумленнасцi. Начное з'яўленне цудоўным навучаннем вывела мяне з гэтых беспарадкавых думак, якiя выглядалi, як разважаннi вар'ята.

'Няма чаго табе, - было мне сказана, - баяцца шматлiкiх пасвячэнняў i думаць, што папярэдняе было выканана недакладна. Ганарыся гэтым доказам боскай мiласэрнасцi да цябе i цешся, што табе прызначана тое тройчы, чаго iншыя бываюць удастоены толькi адзiн раз. А ты з самой колькасцi пасвячэнняў павiнен набыць пэўнасць у сваiм вечным шчасцi. Зрэшты, наступнае пасвячэнне выклiкана крайняй неабходнасцю. Успомнi толькi, што адзенне багiнi, якое ўзлажыў ты на свае плечы ў правiнцыi, там i засталася ляжаць, i ў Рыме ты не зможаш удзельнiчаць ва ўрачыстых богаслужэннях, калi патрэбнае гэта адзенне, i не ўпрыгожыш сябе той шчаслiвай рызай, калi атрымаеш такi загад. Дык з радаснай душой прыступай з волi вялiкiх багоў да новага пасвячэння, i няхай будзе яно табе на дабро, шчасце i збаўленне'.

30. А потым боская з'ява, мой вялiкi настаўнiк, паведамляе мне пра ўсё, што неабходна зрабiць. I адразу пасля гэтага, не адкладваючы i не зацягваючы справы, я паведамляю свайму жрацу пра ўсё бачанае, прымаю на сябе ярмо паўстрымання ад мясной ежы, у сваёй разважнасцi добраахвотна павялiчыўшы дзесяцiдзённы тэрмiн посту, вызначаны вечным законам, i, не шкадуючы выдаткаў, рыхтуюся да пасвячэння, кiруючыся больш набожным запалам, чым неабходнасцю.

I, клянуся Геркулесам, не пашкадаваў я тых клопатаў i выдаткаў. Дзякуючы шчодрай прыхiльнасцi багоў, выступленнi ў судзе пачалi прыносiць мне значны даход. Нарэшце праз некалькi дзён бог сярод багоў, наймагутнейшы сярод магутных, вярхоўны сярод вярхоўных, найбольшы сярод найбольшых, уладыка Азiрыс, не прымаючы якога-небудзь чужога вобраза, у сваiм уласным боскiм выглядзе ўшанаваў мяне сваiм з'яўленнем. Ён сказаў мне, каб я бязбоязна працягваў свае слаўныя заняткi ў судзе, не баючыся плётак нядобразычлiўцаў, якiя выклiканы маёй стараннасцю i вучонасцю. А каб я, не змяшаўшыся з натоўпам iншых пасвячоных, мог яму служыць, выбраў мяне ў калегiю сваiх пастафораў, прызначыўшы нават адным з пяцiгадовых дэкурыёнаў.

Зноў агалiўшы галаву, я ўступiў у гэту старадаўную калегiю, заснаваную яшчэ ў пару Сулы, i хаджу цяпер, нiчым не засланяючы сваёй пляшывасцi, радасна гледзячы ў твар сустрэчных.

КАМЕНТАРЫ

КНIГА ПЕРШАЯ

Мiлецкiя казкi - Мiлецкiмi называлiся зборнiкi любоўных i авантурных навел, аб'яднаных агульнай сюжэтнай рамкай. Гэты лiтаратурны жанр атрымаў сваю назву ад зборнiка Арыстыда Мiлецкага (канец II ст. да н.э.).

Папiрус, спiсаны завостранай нiльскай трысцiнкай. - Востра адточаная трысцiнка служыла старажытным за пяро.

Гiмет - невысокая гара паблiзу Афiн.

Эфiрэйскi перашыек - тое самае, што i Карынфскi перашыек. Эфiра старадаўняя назва Карынфа.

Танар, цяпер Матапан - мыс на Пелапанэскай паўвыспе на поўдзень ад Спарты.

Квiрыды - паўнапраўныя рымскiя грамадзяне.

Плутарх - грэчаскi пiсьменнiк, фiлосаф-маралiст (канец I - пач. II ст. н.э.).

Секст - фiлосаф II ст. н.э., настаўнiк iмператара Антанiна Пiя.

Пярэсты порцiк у Афiнах упрыгожаны насценнымi малюнкамi знакамiтага мастака V ст. да н.э. Палiгнета.

Змяя бога лекараў. - Эмблемай бога лекараў Эскулапа было жазло з абвiтай вакол яго змяёй.

Эгiна - выспа у Саранiцкай затоцы паблiзу Афiн.

Ларыса - вялiкi горад у Фесалii.

Каля трэцяй варты... - Ноч дзялiлася на 4 варты. Трэцяя варта пачыналася прыблiзна каля поўначы.

Эндзiмiён - паводле падання, укаханы багiнi Луны, прыгожы юнак, пагружаны ў вечны сон.

..пакiнутая Калiпса... - Адысей пакiнуў нiмфу Калiпса па загаду багоў ('Адысея', V).

Ламii - казачныя злыя духi, якiя ўночы жаруць целы маладых хлопцаў i п'юць iхнюю кроў.

Фурыi - рымскiя багiнi праклёну, помсты i кары.

Этолiя - вобласць у Сярэдняй Грэцыi на паўночны захад ад Атыкi.

Тэзея, ...якi не пагрэбаваў гасцiннасцю старой Гекалы. - Легендарны герой Тэзей начаваў аднойчы ў беднай бабулькi Гекалы, якая прыняла яго надзвычай ветлiва i гасцiнна.

КНIГА ДРУГАЯ

Актэон - паводле мiфу, паляўнiчы Актэон за тое, што ўбачыў Дыяну голай у час купання, быў за кару ператвораны багiняй у аленя i разарваны ўласнымi сабакамi.

Грацыi - багiнi прыгожасцi, весялосцi, радасцi.

Кiнамон - дрэва, з якога здабывалi пахучы алей з той самай назвай.

Бальзамам называлi пахучую смалу, якая выцякала з разрэзаў некаторых дрэў.

Лiнцэй - герой шматлiкiх грэцкiх мiфаў, якi мог бачыць скрозь зямлю.

Аргус - казачны стовокi герой, якога раўнiвая Гера прыставiла да ператворанай у карову Iо, каханкi Зеўса.

Аанiйскi юнак - Пенфей, кароль горада Фiвы ў Беоцыi. (Аанiя - паэтычная назва Беоцыi).

Сын пiплейскай музы - легендарны фракiйскi спявак Арфей. (Пiпла або Пiмпла - горад у Фракii). Расшматаны жанчынамi за адмову прыняць удзел у вакхiчнай оргii.

Сiстр - музычны iнструмент.

Лета i Стыкс - рака i возера ў краiне памерлых.

Герыён - казачны герой з трыма тулавамi i трыма галовамi. Геракл захапiў статак Герыёна i забiў яго самога ў баi.

КНIГА ТРЭЦЯЯ

Фалеры - металёвыя бляхi, якiя ўпрыгожваюць конскую вупраж.

Архестра - паўкруглая роўная плошча ўсярэдзiне амфiтэатра.

Орк - рымскi бог падземнага царства (у грэкаў - Плутон).

Маны - душы памерлых.

Аякс. - Мiф пра Аякса, сына Тэламона, вялiкага грэцкага героя, якi ваяваў пад Трояй, расказвае, што, калi пасля смерцi Ахiла, камандзiра ахайцаў, аддалi яго зброю Адысею, Аякс ад крыўды страцiў розум i ў шаленстве перабiў статак авечак, уяўляючы, што забiвае сваiх крыўдзiцеляў.

Цэрбер - казачны трохгаловы сабака, вартаўнiк падземнага царства. Геркулес, спусцiўшыся ў краiну памерлых, звязаў Цэрбера i вынес яго наверх.

Эпона - багiня, патронка коней, аслоў i мулаў. Яе выявы ставiлiся ў стайнях.

КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ

Платэя - невялiкi горад у Беоцыi.

Салii - танцоры, калегiя жрацоў бога Марса. Назву гэту атрымалi таму, што ў час свята бога Марса, якое працягвалася некалькi дзён, яны з танцамi праходзiлi па ўсiм Рыме. Кожны дзень свята закончваўся банкетам, пышнасць i багацце якога сталi прымаўкай.

Ацiс, поводле падання, аскапiў сябе на сваiм вяселлi.

Пратазiлай - легендарны цар горада Фiлака ў Фесалii, першы з грэкаў, якiя загiнулi пад Трояй; пакiнуў маладую жонку, з якой прабыў толькi адзiн дзень.

Пафас - горад на выспе Кiпр.

Кнiд - прыморскi горад у Малой Азii.

Кiфера - выспа каля паўднёвага ўзбярэжжа Пелапанэса. У гэтых мясцiнах знаходзiлiся сама слаўныя храмы Афрадыты.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату