па-за часам, па-за штодзённай барцьбой з яе трагедыямi. Такое адчуванне было вельмi моцнае ў тую ноч. Усё гэта, можа быць, мне проста падалося.

Тут такая цiхамiрнасць, а там, за якiясьцi дзве мiлi, iмклiвая, лятучая смерць. Газавы завод працаваў з шумам, i электрычныя лiхтары гарэлi ярка. Я спынiўся каля людзей, якiя размаўлялi.

- Якiя навiны з пусткi? - спытаў я.

Каля варот стаялi двое мужчын i жанчына.

- Што? - перапытаў адзiн з мужчын, павярнуўшыся.

- Якiя навiны з пусткi? - спытаў я.

- Хiба вы самi там не былi? - спыталi яны.

- Людзi, здаецца, звар'яцелi на гэтым пустыры, - сказала жанчына з-за варотаў. - Што яны там знайшлi?

- Хiба вы не чулi пра людзей з Марса? - сказаў я. - Пра жывых iстотаў з Марса?

- Наелiся па горла, - адказала жанчына з-за варотаў. - Дзякуй. - I ўсе трое засмяялiся.

Я апынуўся ў нiякаватым становiшчы. Раззлаваны, паспрабаваў расказаць iм пра тое, што бачыў, але ў мяне нiчога не выйшла. Яны толькi смяялiся з маiх блытаных фраз.

- Вы яшчэ пачуеце пра гэта! - крыкнуў я i пайшоў дамоў.

Я напалохаў жонку сваiм змучаным выглядам. Прайшоў у сталовую, сеў, выпiў крыху вiна i, сабраўшыся з думкамi, расказаў ёй усё, што адбылося. Падалi абед - ужо халодны, - але нам было не да яды.

- Толькi адно добра, - заўважыў я, каб супакоiць устрывожаную жонку. Гэта самыя непаваротлiвыя iстоты з усiх, якiя мне даводзiлася бачыць. Яны могуць поўзаць у яме i забiваць людзей, якiя падыдуць да iх блiзка, але яны не здолеюць адтуль вылезцi... Якiя яны страшэнныя!..

- Не гавары пра гэта, дарагi! - усклiкнула жонка, хмурачы бровы i кладучы сваю руку на маю.

- Бедны Оджылвi! - сказаў я. - Падумаць толькi, што, ён ляжыць там мёртвы!

Па крайняй меры, жонка мне паверыла. Я ўбачыў, што твар яе стаў смяртэльна бледны, i перастаў гаварыць аб гэтым.

- Яны могуць прыйсцi сюды? - паўтарала яна.

Я прымусiў яе выпiць вiна i пастараўся пераканаць.

- Яны ледзь-ледзь рухаюцца, - сказаў я.

Я пачаў супакойваць i яе i сябе, паўтараючы ўсё тое, што гаварыў мне Оджылвi аб немагчымасцi марсiян дастасавацца да зямных умоваў. Асаблiва я падкрэслiваў пра цяжкасцi, звязаныя з сiлай прыцяжэння. На паверхнi Зямлi сiла прыцяжэння ўтрая большая, чым на паверхнi Марса. Таму кожны марсiянiн на Зямлi будзе ў тры разы цяжэйшым, чым на Марсе, а мускульная сiла яго не павялiчваецца. Яго цела быццам налiваецца свiнцом. Такой была агульная думка. I 'Таймс' i 'Дэйлi тэлеграф' пiсалi пра гэта наступнай ранiцай, i абедзве газеты, як i я, не ўлiчвалi дзвюх iстотных акалiчнасцяў.

Атмасфера Зямлi, як вядома, утрымлiвае значна больш кiслароду i значна менш аргону, чым атмасфера Марса. Лiшак кiслароду, безумоўна, аказваў на марсiянаў жыватворны ўплыў. Гэта было ў процiвагу павялiчанаму цяжару цела. Да таго ж мы не ўлiчылi таго, што пры сваёй высокаразвiтай тэхнiцы марсiяне ў крайнiм выпадку змогуць абысцiся i без фiзiчных намаганняў.

Тым вечарам я пра гэта не думаў, таму мае довады супраць сiлы прышэльцаў здавалiся бясспрэчныя. Вiно i яда зрабiлi мяне за сваiм сталом больш смелым. Я адчуваў сябе бяспечна i стараўся заспакоiць сваю жонку.

- Яны дапусцiлi вялiкае глупства, - сказаў я, пацягваючы вiно. - Яны небяспечныя, таму што, мабыць, рэхнулiся ад страху. Можа, яны зусiм не спадзявалiся сустрэцца з жывымi iстотамi, асаблiва разумнымi iстотамi.

У крайнiм выпадку, падумаў я, адзiн добры снарад па яме, i ўсё скончыцца.

Моцная ўзбуджанасць - вынiк перажытых хваляванняў, - вiдаць, абвастрыла мае пачуццi. Я i цяпер вельмi добра помню гэты абед. Мiлы, растрывожаны твар жонкi, якi бачыўся мне з-пад ружовага абажура, белая сурвэта, серабро i крышталь (у тыя днi нават пiсьменнiкi i фiлосафы маглi дазволiць сабе некаторую раскошу), цёмна-чырвонае вiно ў шклянцы - усё гэта застыла ў маёй памяцi. Я сядзеў за сталом, пакурваючы папяросу для заспакаення нерваў, шкадаваў аб непрадуманым паступку Оджылвi i даказваў, што марсiянаў не трэба баяцца.

Гэтак жа магла разважаць якая-небудзь салiдная птушка на выспе св. Маўрыкiя, адчуваючы сябе поўным гаспадаром свайго гнязда, чакаючы прыбыцця бязлiтасных i галодных маракоў.

- Заўтра мы з iмi справiмся, мая дарагая!

Я не ведаў тады, што пасля гэтага майго культурнага абеду пачнуцца незвычайныя, страшныя падзеi.

VIII

У ПЯТНIЦУ ВЕЧАРАМ

Самым неверагодным з усяго дзiўнага i запамiнальнага, што адбылося ў тую пятнiцу, здаецца мне поўная неадпаведнасць памiж пастаянствам нашага грамадскага ўкладу i пачаткам таго ланцужка падзей, якiя павiнны былi ў аснове памяняць гэты ўклад. Калi б у тую пятнiцу вечарам можна было ўзяць цыркуль i акрэслiць круг радыусам у пяць мiляў вакол пясчанага кар'ера каля Ўокiнга, то я сумняваюся, цi аказаўся б хоць адзiн чалавек за яго межамi (хiба што акрамя сваякоў Стэнта i сваякоў веласiпедыстаў i лонданцаў, якiя ляжалi мёртвымi на пустцы), чый настрой i прывычкi не парушылi б прышэльцы. Безумоўна, многiя чулi аб цылiндры i разважалi аб iм у вольны час, але ён не рабiў уражання сенсацыi, якою б, скажам, мог быць ультыматум, прад'яўлены Германii.

Атрыманая ў Лондане тэлеграма бяднягi Гендэрсана пра развiнчванне цылiндра была ўспрынята як чутка; вячэрняя газета паслала яму тэлеграму з просьбай прыслаць пацвярджэнне i, не атрымаўшы адказу - Гендэрсан ужо быў мертвы, - рашыла не друкаваць экстрэннага выпуску.

Унутры круга радыусам у пяць мiляў большасць насельнiцтва не рабiла нiякiх захадаў. Я ўжо апiсваў, як паводзiлi сябе мужчыны i жанчыны, з якiмi мне даводзiлася гаварыць. Ва ўсёй акрузе мiрна палуднавалi i вячэралi, рабочыя пасля працоўнага дня поркалiся ў сваiх садках, клалi дзяцей спаць, моладзь парачкамi гуляла ў зацiшных алеях, вучнi сядзелi за сваiмi кнiгамi.

Вераемна, пра здарэнне пагаворвалi на вулiцах i пляткарылi ў пiўных; якi-небудзь вяшчун цi вiдавочца нядаўнiх падзей выклiкаў дзе-нiдзе хваляванне, бегатню i крык, але ў большасцi людзей жыццё iшло ўсталяваным з незапомных часоў парадкам: работа, яда, пiццё, сон - усё, як звычайна, быццам у небе i не было Марса. Нават на станцыi Ўокiнг, у Хорселi, у Чобхеме нiчога не змянiлася.

На вузлавой станцыi ва Ўокiнгу да позняй ночы спынялiся i адпраўлялiся цi пераводзiлiся на запасныя пуцi цягнiкi; пасажыры выходзiлi з вагонаў цi чакалi цягнiка - усё iшло сваiм парадкам. Хлапчук з горада, парушаючы манаполiю мясцовага газетчыка Смiта, прадаваў вячэрнюю газету. Грукат таварных саставаў, рэзкiя свiсткi паравозаў заглушалi яго крыкi пра 'людзей з Марса'. Каля дзевятай гадзiны на станцыю пачалi прыбываць усхваляваныя вiдавочцы з сенсацыйнымi навiнамi, але яны зрабiлi не большае ўражанне, чым п'яныя, балбочучы ўсякае глупства. Пасажыры, якiя iмчалiся ў Лондан, глядзелi ў цемру з вагонных вокнаў, бачылi ў паветры рэдкiя iскры каля Хорсела, чырвоны водблiск i цёмную павалоку дыму, якая засцiла зоры, i думалi, што нiчога асаблiвага не здарылася, што гэта гарыць верас. Толькi на ўскрайку пусткi можна было заўважыць пэўную панiку. А на ўскраiне Ўокiнга гарэлi некалькi дамоў. У вокнах трох блiжэйшых да пусткi будынкаў свяцiлiся агнi, i жыхары не клалiся спаць да свiтання.

На Чобхемскiм i Хорсельскiм мастах усё яшчэ тоўпiлiся цiкаўныя. Адзiн цi два смельчакi, як пасля стала вядома, адважылiся ў цемнаце падпаўзцi зусiм блiзка да марсiянаў. Назад яны не вярнулiся, бо светлавы прамень, накшталт пражэктара ваеннага карабля, час ад часу асвятляў пустку, а следам за iм 'крочыў' цеплавы прамень. Шырокая пустка была цiхая i бязлюдная, i ўсю ноч пад зорным небам i ўвесь наступны дзень ляжалi там абгарэлыя непрыбраныя целы. З ямы даносiўся металiчны стук.

Такое самае становiшча было ў пятнiцу вечарам. У скураное покрыва нашай старой планеты Зямлi, атручанай стралой, урэзаўся цылiндр. Але яд толькi яшчэ пачынаў дзейнiчаць. Наўкол рассцiлалася пустка, а чорныя, скурчаныя трупы, раскiданыя на ёй, былi ледзь бачныя; дзе-нiдзе тлеў верас i кустоўе. Далей - пралягала вузкая зона, дзе панаваў перапалох, i за гэту рысу пажар яшчэ не распаўсюдзiўся. У астатнiм свеце плынь жыцця кацiлася гэтаксама, як яна кацiлася з незапомных часоў. Лiхаманка вайны, якая павiнна была закаркаваць яе вены i артэрыi, усмерцiць нервы i разбурыць мозг, толькi пачыналася.

Усю ноч марсiяне нястомна працавалi, стукалi нейкiмi iнструментамi, прыводзячы ў гатоўнасць свае

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату