размаўляў.

- Менш за фунт не вазьму, - заявiў карчмар. - Ды i везцi няма каму.

- Я даю два, - сказаў я цераз плячо незнаёмага.

- За што?

- I прывязу назад апоўначы, - дадаў я.

- Божа! - усклiкнуў карчмар. - Якая спешка! Два фунты i самi прывезяце назад? Што ж адбываецца?

Я таропка растлумачыў, што вымушаны ехаць з дому i наняў, такiм чынам, брычку. У той час я i не падумаў, што карчмару самому трэба было б пакiнуць сваё жыллё. Я сеў у двухколку, пад'ехаў да свайго саду i, пакiнуўшы яе пад назiркам жонкi i служанкi, забег у дом i спакаваў самыя дарагiя рэчы, сталовае серабро i да таго падобнае. Букавыя дрэвы перад домам разгарэлiся яркiм полымем, а краты агароджы накалiлiся дачырвана. Да нас спешна падбег гусар. Ён заходзiў у кожны дом i папярэджваў жыхароў, каб яны выбiралiся. Ён ужо пабег далей, калi я выйшаў на ганак са сваiм скарбам, завязаным у сурвэтку.

- Што новага? - крыкнуў я наўздагон.

Ён павярнуўся, паглядзеў на мяне i крыкнуў, як мне пачулася: 'Вылазяць з ямы ў нейкiх штуках накшталт супавай мiскi', - i пабег к дому на вяршынi гары. Раптам хмара чорнага дыму завалакла дарогу i на хвiлiну схавала яго. Я пабег да дзвярэй суседа i пастукаўся, каб пераканацца, цi паехаў ён з жонкай у Лондан, як мне сказалi, i цi замкнуў кватэру. Потым зноў зайшоў у кватэру, успомнiўшы пра куфар служанкi, выцягнуў яго, прывязаў к задку двухколкi i, ухапiўшы лейцы, ускочыў на казлы. Праз хвiлiну мы выехалi з дыму, грукат застаўся ўжо ззаду; мы хутка спускалiся па супрацьлеглым схiле Мэйбэры-Хiла да Старога Ўокiнга.

Перад намi рассцiлаўся мiрны пейзаж - асветленыя сонцам пшанiчныя палеткi абапал дарогi i гасцiнiца Мэйбэры з няўстойлiвай вывескай. Паперадзе ехаў доктар у сваiм экiпажы. Ля падножжа гары я азiрнуўся, каб паглядзець на яе апошнi раз. Густыя слупы чорнага дыму, прарэзаныя чырвонымi языкамi полымя, падымалiся ў нерухомым паветры, адкiдваючы чорныя ценi на зялёныя вершалiны дрэваў. Дым рассцiлаўся далёка на ўсход i на захад, да сасновых лясоў Байфлiта на ўсходзе i да Ўокiнга на захадзе. Дарога за намi была ўсеяна ўцекачамi. Глуха, але выразна ў гарачым нерухомым паветры раздаваўся трэск кулямёта, потым ён раптоўна змоўк, i пачулася ружэйная стральба. Напэўна, марсiяне падпальвалi ўсё, што знаходзiлася ў сферы дзеяння iх цеплавога промня.

Я кепскi фурман i таму ўсю сваю ўвагу засяродзiў на канi. Калi я зноў павярнуўся, другая гара таксама была зацягнута чорным дымам. Я пусцiў каня рыссю i паганяў яго, пакуль Уокiнг i Сэнд не аддзялiлi нас ад гэтага сполаху i жаху. Я мiнуў доктара памiж Уокiнгам i Сэндам.

Х

НАВАЛЬНIЦА

Ад Мэйбэры-Хiла да Лезерхэда амаль дванаццаць мiляў. На пышных лугах за Пiрфардам пахла сенам, паабапал дарогi цягнулася цудоўная жывая агароджа з шыпшынавай квеценi. Гарматны грукат, якi мы чулi, пакуль ехалi па Мэйбэры-Хiле, сцiх гэтак жа нечакана, як i пачаўся, i вечар выдаўся цiхi i спакойны. А дзевятай гадзiне мы ўдачна дабралiся да Лезерхэда. Я даў каню з гадзiнку адпачыць, павячэраў у сваякоў i перадаў на iх апеку жонку.

Жонка амаль усю дарогу неяк дзiўна маўчала i здавалася прыгнечанай, нiбы адчувала кепскае. Я стараўся падбадзёрыць яе, запэўнiваючы, што наўрад цi яны змогуць далёка адпаўзцi. Яна адказвала коратка. Калi б я не паабяцаў карчмару, яна, напэўна, угаварыла б мяне застацца на ноч у Лезерхэдзе. Ах, калi б я застаўся! Яна была вельмi бледная, калi мы развiтвалiся.

Я ж увесь дзень быў лiхаманкава ўзбуджаны. Нешта накшталт той ваеннай лiхаманкi, якая авалодвае часам цывiлiзаваным грамадствам, пералiвалася ў маёй крывi, i я быў нават задаволены, што мне трэба вярнуцца ў Мэйбэры. Больш таго - баяўся, каб спыненне стральбы не азначала, што з захопнiкамi- марсiянамi ўсё скончана. Шчыра кажучы, мне вельмi хацелася прысутнiчаць пры гэтым.

Выехаў я ў гадзiн адзiнаццаць. Ноч была вельмi цёмная. Калi выйшаў з святлiцы, цемра здалася мне беспрасветнай; было горача i душна, як днём. Па небе хутка праносiлiся аблокi, хоць на кустах не зварухнуўся нi адзiн лiсток. Слуга запалiў абодва лiхтары. На шчасце, я добра ведаў дарогу. Мая жонка стаяла каля асветленых дзвярэй i глядзела, як я садзiўся ў двухколку. Пасля раптам павярнулася i пайшла ў дом; родныя, што засталiся на ганку, пажадалi мне шчаслiвай дарогi.

Жончын спалох перадаўся мне, але ў хуткiм часе я зноў пачаў думаць пра марсiянаў. Тады я яшчэ не ведаў прычынаў сутыкнення. Праязджаючы праз Окхем (я паехаў гэтым шляхам, а не праз Сэнд i Стары Ўокiнг), я ўбачыў на захадзе крывава-чырвонае зарыва, якое па меры майго наблiжэння пацiху паўзло ўверх па небе. Блiзкiя навальнiчныя хмары перамешвалiся з клубамi чорнага i барвовага дыму.

На Рыплi-стрыт не было нi душы; сялiба быццам вымерла, толькi ў двух-трох вокнах было святло. Ля павароткi на Пiрфард я ледзь не наехаў на людзей, якiя стаялi спiной да мяне. Яны нiчога не сказалi, калi я праязджаў мiма. Не ведаю, цi было iм вядома, што адбываецца за гарою. Не ведаю таксама, цi панаваў мiрны сон у тых маўклiвых дамах, мiма якiх я праязджаў; стаялi яны пустыя i закiнутыя цi iх жыхары з жахам назiралi за падзеямi гэтай ночы.

Ад Рыплi да Пiрфарда я ехаў далiнаю Ўэй, дзе чырвонага зарыва вiдаць не было. Але калi я падняўся на невялiкi пагорак за пiрфардскай царквою, зарыва зноў паявiлася, i дрэвы зашумелi пад першым парывам немiнучай навальнiцы. Пiрфардская царква прабiла поўнач, i ўперадзе на барвовым небе ўжо чарнелi дахi i дрэвы Мэйбэры-Хiла.

Нечакана злавеснае зялёнае святло азарыла дарогу наперадзе i сасновы лес каля Адлстана. Я адчуў, што лейцы нацягнулiся. Вузкая палоска зялёнага агню прарэзала свiнцовую хмару i ўпала налева, на поле. Трэцяя падаючая зорка!

Следам за ёй блiснула асляпляльна-фiялетавая маланка блiзкай навальнiцы i, быццам узарваная ракета, грымнуў гром. Конь натапырыўся i панёсся.

Я iмчаўся ўнiз пакатым схiлам да падножжа Мэйбэры-Хiла. Штораз, амаль няспынна ўспыхвала маланка. Частыя грымоты суправаджалiся нейкiм дзiўным патрэскваннем, нiбы дзесьцi працавала гiганцкая электрычная машына. Успышкi святла асвятлялi мяне, i дробны град балюча сек па твары. Спачатку я глядзеў толькi на дарогу, потым маю ўвагу захапiла тое, што вельмi хутка рухалася ўнiз па бачным мне схiле Мэйбэры-Хiла. Спачатку я ўспрыняў гэта за мокрую страху дома, але пры святле маланак, што блiскалi адна за адной, разглядзеў нешта такое, накшталт рухомага прадмета па супрацьлеглым схiле гары. Затым хвiлiнная беспрасветная цемра - i раптоўна нясцерпны бляск, якi ператварыў ноч у дзень; чырвоны будынак прыстанiшча на гары, зялёныя верхавiны соснаў i загадкавы прадмет паказалiся ярка i выразна.

Але што я ўбачыў! Як мне гэта апiсаць? Агромнiсты, вышэйшы за дамы, трыножак, якi крочыў па маладым сасновым зараснiку i ламаў на сваiм шляху сосны; машыну з блiскучага металу, якая таптала верас; стальныя, выпушчаныя з яе тросы; яе грукат, што злiваўся з рокатам грому. Блiснула маланка, i трыножак выразна выступiў з цемры; ён стаяў на адной назе, дзве другiя павiслi ў паветры. Ён знiкаў i зноў паяўляўся пры новай успышцы маланкi ўжо на сотню ярдаў блiжэй. Вы сабе можаце ўявiць складное крэсла, якое, вагаючыся, ступае па зямлi? Гэткiм было гэта вiдовiшча пры мiмалётных успышках маланкi. Але замест крэсла ўявiце сабе агромнiстую машыну, прыладжаную на трыножку.

Нечакана сосны наперадзе расступiлiся, як расступаецца кволы лазняк, калi праз яго пракладваецца чалавечы шлях. Яны ламалiся i падалi, i праз секунду паказаўся другi вялiзны трыножак, якi, здавалася, крочыў на мяне. А я iмчаўся галопам насустрач яму! Калi я ўбачыў другую пачвару, мае нервы не вытрымалi. Не адважыўшыся зiрнуць на яе яшчэ раз, я з усёй сiлы тузануў правую лейчыну. У тую ж хвiлiну двухколка перакулiлася, аглоблi з трэскам пераламалiся, я адляцеў убок i цяжка шмякнуўся ў лужыну.

Я адпоўз i схаваўся, скурчыўшыся, за кустамi жаўтазелля. Конь ляжаў нерухома (бедная жывёла зламала шыю). Пры бляску маланкi я ўбачыў чорнае кузава перакуленай двухколкi i сiлуэт кола, якое прадаўжала паволi круцiцца. Яшчэ секунда - i каласальны механiзм прайшоў мiма мяне i стаў падымацца к Пiрфарду.

Зблiзку трыножак здаўся мне яшчэ больш дзiўным; вiдаць, гэта была кiруемая машына. Машына з металiчным звонкiм ходам, з доўгiмi гнуткiмi блiскучымi шчупальцамi (адно з iх ухапiлася за маладую сасну), якiя звiсалi ўнiз i грымелi, стукаючыся аб корпус. Трыножак, вiдаць, выбiраў дарогу, i медная накрыўка ўверсе паварочвалася ў розныя бакi, напамiнаючы галаву. Да каркаса машыны ззаду было прымацавана пляценне з нейкага белага металу, падобнае на вялiзную рыбацкую карзiну; з суставаў пачвары вырывалiся

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×