хочацца.

— Выліць можаш, — сказаў ён, засоўваючы бутэлькі ў партфель, каб рыльцы тырчалі вонкі. — Кіслае малако! Устойлівыя звычкі старога кавалера!

— Маскарад? — з іроніяй спытаў я. — Здурэў ты, Мар'яне, дзяцінішся ты, сукін сын.

— Ладна, — сказаў ён, беручы павадок, — ты сабе ідзі. Ідзі. Тупай.

Трывога ягоная, як ні дзіўна, перадалася і мне. Ведаў — глупства. А не трывожыцца не мог.

…Ля майго пад'езда Пахольчык высунуўся з тытунёвага кіёска:

— Бож-жа ж мой, сабачэнцыі якія! Звяры! А што б то магла быць за парода, то сказалі б вы мне ўжо?!

— Тыгравыя догі, — буркнуў Мар'ян.

— Ай-я-яй, што то бывае! І тыгра і сабака! І скажыце вы мне, як гэта іх павязваюць? Тыгра ж хаця й вялікі, а кот. Як жа ён з сабакам.

— Сілком, — сказаў Мар'ян.

— Дрэсіруюць, — і тут жа мне стала шкада старога: — Гэта проста масць у іх такая, тыгравая. Жартуем мы, дзядзька Герард.

— Ну, бог з вамі. Жартаваць не грэх. Гляджу, прагуляліся вы сёння, румянец здаровы. І добра, што кефір нанач п'яце. Здорава гэта — кефір.

— Яшчэ б, — сказаў я. — Ды яшчэ калі з віном.

Мы ўвайшлі ў пад'езд.

РАЗДЗЕЛ IV ПРА ЖАНЧЫНУ З МІНУЛАГА, АБЕЛЯЎ У АДСТАЎЦЫ, І ПРА ТОЕ, ЯК ЧЫТАННЕ ЕВАНГЕЛЛЯ НЕ ПРЫНЕСЛА АНІЯКАЙ КАРЫСЦІ, АКРАМЯ МАРАЛЬНАЙ

Калі Пташынскі пайшоў, я ўспомніў, што ўжо тры дні не магу дапісаць ліста бацьку. Зусім закруціўся з гэтай кнігай. І ліст гэты няшчасны даўно ўжо быў напісаны, але цётка Марына заўсёды крыўдавала, калі я не дапісваў асабіста для яе хаця некалькі радкоў. Чалавек яна была пажылы, з капрызамі.

Я вырашыў зваліць урэшце з плячэй гэты абавязак. Дастаў яшчэ адзін аркуш і, памаліўшыся богу, каб толькі не пакрыўдзіць неасцярожным словам, стаў пісаць.

«Марыначка, цётачка! Ты ж у мяне ведаеш, як мне цяжанька пісаць, які я лайдак. Іншая справа званіць, але званіў я і не дазваніўся. Пасля толькі зведаў аб Койданаўскім вяселлі і што вы там былі. Засумаваў я па табе і тату. Калі ён забыў усе словы, акрамя «запселі яны, седзячы ў горадзе» і «прыязджай, паловім рыбу», то хаця ты бяры лахі пад пахі і прыязджай на мяне. Як атрымаеш ліст, то каб назаўтра я цябе ўбачыў. Пагаворым, у тэатр на новую п'есу сходзім. Страшэнна цікава! А то баюся, раптам здарыцца нешта, пашлюць некуды, і тады да лета не чакай. Праўда, вазьмі і прыкаці. Ты ж зараз маеш час. Заадно я дадумаўся купіць вам сёе-тое Прыязджай, скажам, 12-га, у 11 гадзін цягніком. І не чакай доўга. Пад'еду з машынай. Праўда, у чам справа? Давай тэлеграму, калі прыедзеш крыху пазней. А то ў вас з раніцы работа, і ўдзень, і ўвечары работа. Я вас ведаю.

Справы мае з новай кнігаю пайшлі на лад. І так раптам здарылася ўсё! Памаглі рэцэнзіі, дай бог здароўя Пятроўскаму і Клецкіну. Так што, дазвольце далажыць, цалую цябе пяшчотна і застаюся твой пачцівы пляменнік

Антон»

Ф-фу-у! Вось жа і люблю я цётку, і гаварыць з ёю адна асалода, а пісаць гэтыя словы, што сказаў бы вусна, — зарэз.

Я адклаў ліст, згасіў настольную лямпу. Зноў перагартаў «Кнігу» Пташынскага і надумаўся раптам, што не трэба яе пакідаць на вачах.

Нібы Мар'янава падазронасць заразіла і мяне. Таму я ўзяў цяжкі том і панёс да сакрэтэра.

У мяне мала старых рэчаў, не тое што ў Мар'яна, але нават Мар'ян зайздросціць майму сакрэтэру. А я ганаруся ім. Самы пачатак XIX стагоддзя. Вар'іраваны мясцовым прыгонным майстрам да непазнавальнасці ампір. І варыяцыі тыя зрабілі ампір, калі гэта толькі магчыма, яшчэ больш высакародным. Строгія формы, прадуманасць кожнай дэталі, разлічаная зручнасць і прыгажосць. Чорнае дрэва і самшыт, вельмі скупа інкруставаныя маціцай. І толькі адкінеш дошку — устае перад вачыма вясёлка: матылі над стылізаванымі палявымі кветкамі. Колькі я памучыўся, пакуль, ледзь не з груды ламачча, аднавіў яго.

Але галоўнае не гэта. Галоўнае — тайнік, які я сам выпадкова знайшоў толькі з год назад. Вось націскаеш на пласцінку ля замка, падаеш яе наперад, а пасля налева, і папаўзла ўбок задняя сценка аддзялення для папер. А калі пры гэтым націснуць на сярэдняга матыля — адкрыюцца бакавыя тайнікі, дужа ёмістыя.

Там можна хаваць лісты, дакументы і ўсё такое. Туды я зараз паклаў Мар'янаву кнігу. Не трэба, каб яе бачыла болыпая колькасць людзей, чым тое неабходна. Ну і потым у мяне «павялі» досыць многа кніг. Ад «Сатыра» Каханоўскага да «Віна з абудванчыкаў» Брэдберы. «Павялі» нават беларускі том «Жывапіснай Расеі», нягледзячы на гіганцкія памеры. Калі нехта «пазычыць» і гэта — будзе кепска. Як тады глядзець Пташынскаму ў вочы і ў каго свае вочы пазычыць. А такіх ахвотнікаў на «позаимствование без срока» ў нас усё болей і болей. І нават суда на іх няма, гадаў.

Я схаваў кнігу, зачыніў тайнік. І добра зрабіў. Бо адразу заліўся дзвярны званок, і з'явілася «мая былая любоў» Зоя Пярэрвенка ўласнай персонай. З'явілася, пасля таго як два месяцы носа не казала, і я ўжо думаў, што не зойдзе ніколі.

Пакуль я ставіў — на столік бутэльку «Немеш кадара», яблыкі і яшчэ сёе-тое, пакуль уключаў ніжняе святло і гасіў верхняе, мы абмяняліся не больш чым дзесяткам стандартных сказаў: як жыццё, што там да чаго, як са здароўем (гэта ў яе дваццаць восем!). І толькі пасля першага келіха я сказаў:

— А я думаў — усё.

— Яно і ёсць усё. Няма чаго цягнуць далей, калі ты такі ўжо сумленны.

Сумленны не сумленны, але я, калі ў першы наш вечар уся кампанія пайшла ад мяне, а яна засталася, і не пайшла да раніцы, і пасля заставалася амаль кожны вечар на працягу чатырох месяцаў, я тады, дальбог, не ведаў і нават падумаць не мог, што яна замужам. Наадварот, з гэтых яе паводзін несумненна вынікала, што яна адна. Чорт бы пабраў гэтых мужоў, што ездзяць на сем месяцаў у экспедыцыі, ды яшчэ туды, куды нават няшчасны Макар не ганяў сваіх не менш няшчасных цялят.

Выплыла ўсё толькі тады, калі я прапанаваў ёй паехаць на поўдзень, а пасля падумаць і аб нечым больш «сур'ёзным». Тут яна мне пра ўсё і расказала і як гэтае найлепшае, сур'ёзнае прапанавала часам заходзіць нават тады, калі вернецца муж. Я толькі крэкнуў. І, можа б, нават і згадзіўся, таму што паспеў дужа прывязацца да яе. Але было нельга. Бо самым найвялікшым маім свінствам ва ўсёй гэтай гісторыі было тое, што я цудоўна ведаў яе мужа, Косціка Красоўскага. Цудоўнага хлопца, вернага сябра сваім сябрам, шырокага, незалежнага, душу ўсякай кампаніі, аматара пагуляць, сумленнейшага палеантолага і дабрэннага чалавека. Такога пакрыўдзіць — гэта павесіцца пасля трэба.

І я стаў аддаляцца, хаця, дальбог, дорага мне гэта каштавала.

Яркая бландзінка, вочы густа-сінія і халодныя, дзівосна выгнуты сакавіты рот, страйнюткая шыя, зграбныя ручкі, цела, якое аж гаворыць — ад высокіх грудзей да ног, якія ўжо самі сабою як мара кожнага мужчыны.

Чорт бы пабраў гэтыя розныя прозвішчы! Чорт бы пабраў гэтую немагчымасць ведаць, замужам жанчына ці не! Чорт бы ўзяў у гэтым сэнсе ўсіх нелетувісаў! Як добра было б. Знаёмішся. «Красаўскайтэ» — ну, значыцца, давай, галубок, калі яна не супраць. «Красаўскене» — ну і давай, любы, ад брамы ды прама. Тут участак застоўблены, і раз атрымаў аблізня, то йдзі ды аблізвайся, не з тваім яловым рылам мёд піць.

Суцешыла мяне ва ўсёй гэтай гісторыі толькі тое, што яна, убачыўшы маё аддаленне, скінула — мабыць, па дурасці — маску зычлівай, адданай, пакорлівай кабеты. І я ўрэшце разгледзеў непамернае жаданне жыць, толькі адбіраючы даброты і нічым не плацячы жыццю і людзям, нястрымную прагу ўцехаў,

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату