Але я зразумеў: і праўда — усё.
Яна вырашыла.
…Мокры снег ляпіў па нашых тварах, калі мы выйшлі на бульвар і яна спаймала таксі і ўсё стаяла ля яго і глядзела мне ў вочы.
— Ну, бывай, — урэшце нібы ад сябе адарвала яна. — Раней дык у такіх выпадках трэба перахрысціць было. А цяпер…
Яна прыпала да маіх вуснаў халоднымі мокрымі вуснамі і, калі яны пацяплелі, з цяжкасцю адарвалася.
— Бывай. Бог з табой. Даруй.
Ляснулі дзверцы таксі. Апошні раз ускінулася за шклом рука ў белай пальчатцы. Пасля машына рванула, абдаўшы мае ногі мокрым карычневым снегам.
…Усё ўва мне плакала, і не столькі ад кахання, колькі ад страты. Невядома чаму я зайшоў у кафэ «Космас», выпіў там ля стойкі келіх каньяку, пасля пайшоў блукаць вуліцамі, намацаў у кішэні змяты канверт ліста да бацькі і кінуў яго ў скрынку, доўга сядзеў на мокрай лаўцы і бязмэтна глядзеў на вясёлкавыя плямы ліхтароў у чорных абледзянелых галінах. Пасля зноў выпіў ля стойкі. На гэты раз віна.
…Цяжэй за смерць было вяртацца ў пустую кватэру, што яшчэ пахнула ёю. І таму я, сам не ведаючы як, націснуў званок на дзвярах Хілінскага.
Ён адчыніў мне дзверы, абвёў вачыма і, мабыць, крыху спалохаўся.
— Заходзь, — сказаў ён. — Вып'ем чаго-небудзь? Ну, вядома, вып'еш. Скідай паліто. Я зараз.
Як Мар'яна выжывалі з пакоя статуі і іконы, так «палкоўніка» (а можа, ён і не «палкоўнік» быў, а сапраўдны «Абель у адстаўцы», чорт яго завяжа чалавечыя языкі) выжывалі з пакоя кнігі. Два толькі невялічкія прасценкі былі вольныя ад іх. Перад адным стаяў на століку эпідыяскоп (Хілінскі захапляўся здымкамі на слайды, здабываў нейкім дзівам нямецкую плёнку «Орвакалёр» і гэты прасценак выкарыстоўваў, каб дэманстраваць сабе самому знятае). Зараз ля століка з эпідыяскопам ляжалі пластмасавыя рамкі, нажніцы, валяўся танны дыяскоп, змеямі круціліся плёнкі. Усё проста на падлозе, на дыване.
У другім прасценку, над тахтою, вісеў партрэт у авальнай раме. Пісаны пад старую манеру. Нават лакам крыты. Партрэт прадзёрты ля ніжняга закруглення рамы: ірваная рана, кімсьці грубавата зашытая і па-аматарску зафарбаваная. На партрэце жанчына ў чорнай з чырвоным сукенцы. І сама чарнявая, відавочна, паўдзённага тыпу.
Заўсёды, калі я заходзіў да Хілінскага, мяне здзіўляў гэты партрэт. Ніколі яшчэ мне не даводзілася бачыць такі значны жаночы твар. І такі прыгожы адначасова. Вачэй не адарвеш. І напаўадкрыты рот, і горды нос і лоб, і ўся гэтая пяшчотна-ганарлівая, дасканалая стаць. О, пане мой божа!
Хілінскі прыкаціў столік на колцах, перагрузіў з яго на другі, круглы, шкляны, пачатую бутэльку віньяку, лімон, прасаваны ў каўбасу грузінскі інжыр.
— Ну, каб звялася бяда.
Выпілі.
— Ды што з табою, урэшце, хлопча? Рэктара пад тры д'яблы паслаў? Га?
— Не. А варта было б.
— Калеку набіў? У дачку архіерэя закахаўся?
— Якая ж у архіерэя дачка?
— Ну што яшчэ? Троцкага на лекцыі выпадкова працытаваў?
Я маўчаў.
— Ага. Памылкова зайшоў у аднатыповую з тваёй кватэру, малака папіў і, думаючы, што дома, правёў час з чужой жонкай, як са сваёй. Святла не хацеў уключаць. А ўсё — аднатыпнае.
— Так, — сказаў я.
І тут ён зразумеў, што я не жартую. А я, сам не ведаючы чаму, расказаў яму ўсю гэтую гісторыю. Вядома, без прозвішчаў. Вядома, змяніўшы ўсё, што магчыма змяніць.
— Прыкра, — сказаў ён. — Але што ж зробіш? Надалей зведай усё, перш чым кідацца, нібы ў вір галавой. Страснасць гэта нашая дурная, беларуская! А ты, раз ужо так здарылася, прапанаваў ёй пайсці з табою?
Я адказаў, як яно было:
— Няма ўжо звароту, Адам Пятровіч. Катуе яна сябе за падман. Што ж рабіць?
— Маўчаць трэба, хлопча, — пасля паўзы сказаў ён. — Магчыма, там яшчэ й склеіцца, калі маўчанне, калі ніхто нікому. А ты — што ж — адпакутуй сваё. З бядой пераспаць трэба. І не адну ноч. Тады яна табе абавязкова здрадзіць з кім-небудзь іншым. Тады толькі будзе лягчэй.
Я не пазнаваў яго. Звычайна так і сыпаліся з яго прыказкі, часта фрывольныя, а тут сядзеў перада мною паглыблены ў маё гора, суровы нават чалавек.
Выгляд у мяне быў, напэўна, страшнаваты, таму што Адам зморшчыўся амаль жаласна, крэкнуў і наліў яшчэ па кілішку.
— Давай за яе. Усё ж высакароднасці, пэўна, больш у яе ў душы. Вось за гэта.
Назіраў за мною.
— Ды не пабівайся ты, дубе. На вось, пацягні файку. Хаця ў вас кішка слабая. Усё на цыгарэтках. Імпартных.
У мяне перахапіла дыханне.
— Ну кінь ты. Ну!… Ну кінь! Гэта яшчэ, Антоне, не гора.
І, відаць, вырашыў нешта, уздыхнуў.
— А, каб цябе! Ну добра. Шчырасць за шчырасць. Партрэт бачыш?
— Ну.
— І ніколі не спытаў, хто гэта. Далікатнасць. Ды я, можа, тады сам бы табе не адказаў. Цяпер скажу. Занадта ты ўжо кепскі. Пабіваешся. А меры чалавечаму няшчасцю — не ведаеш.
Выпіў.
— Жонка мая. Па прафесіі была артыстка.
Ягоны сухі твар нібы абцягнуўся скураю на выліцах і абвіснуў знізу, ля вуснаў. Адразу абрэзаліся вочы пад цяжка навіслымі павекамі.
— Як лічыш, хто па народнасці?
— Не разбіраюся я, Адам Пятровіч, у паўдзённых тыпах. Беларуса за вярсту адрозню, а тут баюся судзіць.
— А ўсё ж…
— Грузінка? Армянка? Таджычка?
— Ды не.
— Малдаванка? Яўрэйка?
— Яшчэ горш, — горка сказаў ён. — Цыганка, браце.
Зацягнуўся.
— Вось у гэтым і была яе галоўная віна. А па віне і пакаранне. І добра, калі — першы-лепшы на дарозе яр. Карацейшая была пакута… А я ў той час быў дужа далёка… Не меў змогі вывезці, памагчы… Не мог, не меў права нават залямантаваць, што вось вы самага дарагога мне чалавека, сволачы, у лагерах, у воспе гэтай на ўсёй зямлі, закатавалі. І сын згубіўся недзе… Маю цень звесткі: адбіралі дзяцей нардычнага тыпу. А ён беленькі быў, у мяне. Ты не глядзі, што я зараз сівы… Быў я — белы.
Скоса зірнуў на партрэт.
— Якая была Грушанька ў «Зачараваным вандроўніку», якая Маша ў «Жывым трупе»! Спявала — плакалі людзі. І за гэта — яр. За ўсё — яр.
Адклаў файку.
— З гэтым… прыцерпеўся не прыцерпеўся, а так, прытупілася крыху… А вось з сынам… Ці назад ён трапіў, у наш дзіцячы дом? А можа, і… там. І не выключана, што нейкаму нашаму такому… Грыбку давядзецца перастрэльвацца з ім… Вось як.
Узняў кілішак з залацістай вадкасцю.
— Я табе гэта не таму расказаў, каб ты мяне пашкадаваў. Я таму, каб ты сябе пашкадаваў. Гэта, што з табою, не самае страшнае. Не самае апошняе.