далёка, відаць было ссыпныя магазіны.
І гэтыя зялёныя ад моху дахі, і ледзь прыкметны зялёны налёт на галінах дрэў. І гарлавое, лянотнае гарланне пеўняў, і зямля гародаў, чорная, ільсняная, якая аж паравала пад свежапабеленымі стваламі яблынь. І дзве вежы касцёла наводдаль.
І над усім гэтым сіняе-сіняе глыбокае неба, якім аж хацелася дыхаць.
Найперш я пайшоў да касцёла, бо першы кінуўся ў вочы. Дый хто ведае лепей гісторыю таго ці гэтага месца, як не настаўнік гісторыі і не ксёндз.
Касцёл быў магутны, з дзвюма высачэзнымі вежамі. Тое велікапышнае і адначасова простае беларускае барока, якім яно было на пачатку XVІІ стагоддзя. А можа, на самым канцы XVІ. На адной з вежаў быў «дзыгар» — каляндар-гадзіннік, які, на маё здзіўленне, ішоў.
Дзверы касцёла, нягледзячы на будзённы дзень, былі адчынены. Убаку, пад разложыстымі старадаўнімі дрэвамі, стаяў матацыкл. Я падумаў, што гэта цывілізацыя і што вось нехта здорава ўмудрыўся падкаціць на ім пад самы касцёл свенты.
У дзвярах з'явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Ўленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.
— Чы тутай ест пан пробашч?
І тут загучала чысцейшая — у тэатры Купалы пашукаць — беларуская мова:
— Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?
— Косміч Антон.
— Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?
— Ойча…
— Які я вам «ойча»? Я быў і ёсць заходнебеларускі, просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.
У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.
— Гм. Добра, хаця дакументы ёсць, — на маё здзіўленне, ён узяў іх і ўважліва разгледзеў. — А то за апошні час чагосьці дужа многія зацікавіліся гэтым няшчасным замкам… якога, магчыма, скора зусім не будзе.
— Чаму?
— Даб'юць людзі, калі не дабіў час.
— А што?
— Збіраюцца бурыць кавалак мура. Будуць рабіць двор для быдла.
— Гм. Нават калі двор для быдла, — Жыховіч няўхвальна пакасіўся на мяне, але ўбачыў, што я ўсміхаюся, — то што, брамы няма?
— Ёсьць. Вузкая. А на выпадак пажару, прабачце, правілы пажарнай бяспекі прадугледжваюць два ўваходы. А касцёл глянуць не хочаце?
— За тым і прыйшоў.
Зайшлі. Ксёндз прысагнуў калена. Я, вядома, не.
Продкі не кленчылі. Проста заходзілі, думалі, колькі ім трэба, і зноў выходзілі да жыцця.
Вялізная пячора касцёла была тое, што завецца «змрок, напоены святлом». У нефах паўцемра. Пад скляпеннямі, на алтарнай частцы, на калонах — радаснае і ўзнёслае святло. На роспісах, разьбленні, шматлікіх фігурах.
Не маю тут змогі апісаць усё багацце старажытных абразоў. Некаторыя з XІV стагоддзя. Не магу апісаць і запісаў, якія зіхацелі цёмнай і светлай барвай, жоўтым і глыбока-сінім. Нельга апісаць і цудоўнай, старой дыспрапорцыі фігур алтара. Пра гэта нельга.
Калі мы ўлезлі да аргана, які матава свяціўся чорным, залатым, крыху ржавым і прыглушанай зеленню, ксёндз раптам сказаў мне:
— Гэта яшчэ што? А вось калі з карніза глядзець — галава закружыцца ад прыгажосці.
Карніз апаясваў знутры, з трох бакоў, увесь храм, вісеў на вышыні метраў васемнаццаці, меў лёгкі схіл уніз і шырыню сантыметраў семдзесят.
— Хадзем, — і Леанард Жыховіч лёгка пералез цераз балюстраду хораў, пайшоў, як па дарозе, па гэтым кашмары.
— Не дрэйф! — сказаў я сабе і літаральна адарваў руку ад балюстрады. А пасля ўжо было ўсё адно. Я глянуў уніз, убачыў фігуркі людзей, з мезены палец, і фотаапарат адчувальна пацягнуў мяне ўніз. Ксёндз ішоў наперадзе і даваў талковыя, выразныя і ўразумляльныя тлумачэнні. Ён, здавалася, зусім не думаў, што іншы можа ісці па гэтым мосце ў пекла зусім не як па дарозе:
— Бачыце, волхвы! Які каларыт!… А маці божая — гэта ж цуд! Якая прыгажосць! Галава кружыцца!
У мяне сапраўды кружылася галава ад «гэт-кай прыгажосці»! Я стараўся толькі ліхаманкава не чапляцца за мур, ды гэта і не ўдалося б, бо ён плаўна пераходзіў у паўкола скляпення.
Калі я ўрэшце вылез зноў на хоры і зірнуў на маленькіх, бы ў перакулены бінокль, людзей унізе, я адчуў, што яшчэ хвіліна і я стану мокры, як мыш.
— Ну як? — трыумфальна спытаў Жыховіч.
— Цудоўна! — сказаў я. — Wunderbar. І часта гэта вы так «развлекаетесь»?
— А што? — нявінна сказаў ён. — Голуб часам заляціць, б'ецца — нельга ж, каб разбілася божая істота. Ідзеш адчыняць акно.
— Нельга, каб разбілася божая істота, гэта верна, — сказаў я, глянуўшы ўніз.
Калі спусціліся ўніз, у сонечную паўцемру, мяне ўсё яшчэ нібы пагойдвала. Калісьці, падлеткам, я зусім не баяўся вышыні, мог сядзець на даху пяціпавярховага дома, звесіўшы ўніз ногі. Але «да яснай халеры», як кажуць палякі, ногі ў трыццацівасьмігадовага зусім не такія, як у васемнаццацігадовага.
— Што вас яшчэ цікавіць? — спытаў ксёндз.
— Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі.
— Той?
— Той. Што то быў за чалавек?
— Слуп веры. Шмат што для яе зрабіў. У прыватнасці, гэты касцёл.
— Словам…
— Словам, ледзь не блажэнны.
— Beatus?
— Beatus.
— А што то за легенда пра ягоную жонку?
— А, і вы чулі? Змова Валюжыніча і ўцёкі?
— Легенда шырокавядомая.
— Што ж, няўдзячная жанчына. Як многія з іх. Нездарма яе біскуп Геранім з Кладна папракаў. Уцяклі, скарб пабраўшы. Суддзя Станкевіч (а вы ведаеце, тады суддзя почасту быў і следчы), сярэдневяковы беларускі Холмс (а ён быў чалавек для тых часоў гуманны, катаванні, рэч тады звычайную, прымяніў толькі два разы ў жыцці), пагоню спыніў, а тады і сам магнат пакаяўся, што быў у гневе.
— Але ж казалі…
— І ён і людзі на Евангеллі кляліся, што ўцекачы жывыя… Шкада, скончыўся род. І апошні з іх павёў сябе не найлепшым чынам. Удавец, дзеці памерлі — яму б пра бога думаць. А ён…
— Што ён…
— Зблытаўся з немцамі, — коратка кінуў ксёндз.
— Як?
— Ну не з гестапа. Тут шэфам Кладзенскай акругі гестапа быў такі… а, ну яго. Дык Альшанскі звязаўся з імі толькі пад самы канец. А тут камрадамі яго былі камендант Альшан, граф Адальберт фон Вартэнбург, ды з айнзацштаба Франц Керн. І гэта горш, чым з гестапа.
— Так, у поўным сэнсе горш.
— Чаму згадзіліся з маёй думкай?