І гэта ўжо нібы не ён, а я падаю, як некалькі год назад са скалы на Карадагу (дзіва і ўласная кемлівасць тады ўратавалі мяне ад непазбежнага, — адзначае падсвядомасць).

Гэтага дзіва не ўратавала. Я зноў гляджу зверху. І ён, маленькі зверху, ляжыць на зямлі, як лялька… Зноў я ўнізе. Над трупам стаіць каржакаваты чарнявы чалавек. Вузкія вочы. Жорсткі прыкус вялікага рота. Срэбратканая чуга падае шырокімі складкамі. А насупраць яго досыць ужо летняя жанчына ў чорным.

Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі і ягоная сястра.

— Пакладзіце ў корсту, у мёд, — горка кажа жанчына. — І ў Кладна да бальзаміроўшчыка.

— Ты, можа, і ў касцёле яго пакладзеш?

— Не толькі пакладу, але й піжмом* удастою. Ён рабіў — яму і ляжаць.

* Піжмо — мускус.

— Ну ясна, вы ж размілаваліся. А тое, што ён спраўца* таго, што яны дабро маё паплюндравалі, што ў зэшлым часе** продак Пятро здабыў, што я здабыў?

* Спраўца — вінаваты, зачыншчык.

** Зэшлы час — стары час.

— Здрадай вы яго здабылі. Зэлжылі імя беларускае, імя Альшанскіх. І шкада мне толькі, што я ў зэшлыя часы не магла прыдушыць яго ў калысцы. І цябе таксама. Бо малодшая была. І гэта наша агульнае валоданне, каго хачу, таго і кладу. І контарфект* над труною яго, беднага, несвоечасова павешу. І проўсты** над ім месяцамі спяваць будуць, каб узрадавалася ягоная душанька.

* Контарфект — малюнак, вобраз.

** Проўст — свяшчэннік, часцей за ўсё каталіцкі.

— Ну, ён і цела не забываў.

— Затое ты забыў, смакоўніца бясплодная. Макула* на нашым народзе, хробак, туляп. Ты і з жанчынамі можаш толькі партаці**. То што дзівіцца, што сапраўдная ад цябе ўцякла? Ад цябе ўцякла б і касарылая.

* Макула — лацінскае «пляма», польскае «недахоп», «загана».

** Партаці — псаваць, дрэнна працаваць.

— І не баішся?

— Чаго? Ляпёшкі пагною, кучы ўмёту?*

* Пагной — гной. Умёт — гразь, дзярмо.

— Ой, глядзі.

— Каралю б я данесла пра твае выбрыкі, ды мярзячка* мяне бярэ глядзець на цябе. Глядзі, — і яна паказвае на вежу.

* Мярзячка — прыкрасць, нуда, смутак.

І зноў падае чалавек. І зноў дзікі крык. Падаю я. Я прачынаюся, заліты халодным потам. Настолькі гэта жыва. І не адразу разумею, што ляжу ў бакоўцы і што мяне торгае Мікола Зеляпушчанак па мянушцы Вячорка, мой гаспадар.

— Анцю, уставай… Мы з кумам. І так нам без цябе сумна, так сумна, — ён усхліпвае. — Мы плачам. Плачам. Уставай, Анцю.

— Добра, зараз, — я разумею, што не адвяжацца і што лепей зараз выйсці, а пасля непрыкметна пайсці: хутчэй за ўсё яны і не заўважаць.

Калі я прыйшоў на палову гаспадара, то ўбачыў гаспадыню на печы, стол, застаўлены стравамі і параю «гусакоў», а за сталом кума, невялічкага, лысага, як калена, чалавека, і гаспадара.

Спачатку я хацеў адразу пайсці, але пасля «размова» зацікавіла мяне. Вячорка філасофстваваў, а гаспадыня (гэтага я не мог зразумець) ціха смяялася на печцы.

— Усё на свеце — паразіт. І мурашка паразіт, і пчала паразіт, і авечка паразіт, і воўк паразіт, і ты паразіт, і я паразіт.

— Я не паразіт, — запярэчыў кум.

— А хто калісьці ў калгасе яшчэ мех жыта ўкраў?

— Я не краў.

— Ну ўсё адно. Ды ты паглядзі на сябе. Ва ўсіх сумленных людзей чупрына на галаве, а ў цябе — плеш. І кажаш, што не паразіт.

Торкаючы відэльцам у талерку, няшчасны кум стараўся перавесці размову на іншыя, больш прыемныя, рэйкі:

— А я сала ем.

— Вось-вось! — І з абурэннем: — Ды чэсныя людзі — мьякіну! — ядуць. А ты сала. І кажаш, што не паразіт.

Я пайшоў і сеў у кветніку. Галава пасля сну і ўсяго балела несамавіта. Трэба было менш курыць. Ясна, што тут забаліць што хочаш. І гэтыя нажэрліся гары. Як няшчасце гэта нейкае на люд. А за акном зноў размова, высакапарная.

— …прыкрашае траву тым, што яшчэ нядаўна было высакаякаснай беларускай ежай. Аж шкада стала. Такі прадукт зглуміў, — і пасля паўзы: — Аднаго поля ягады. Што Лапатуха, што Альшанскі Нічыпар, княскае адроддзе, што гэты юрод айцец Леанард, пацук такі.

«Трэба з'язджаць, — падумаў я. — Да Мультана. Іначай спакою не дадуць, п'яныя чэрці. І ўвогуле, чорт ведае што. Усе ў акрузе нейкія звіхнутыя, а ўсё, што даведаўся за дзень, не вартае і выедзенага яйка».

РАЗДЗЕЛ XV ПРА НОВУЮ ХАТУ, СПРАЎДЖАНЫЯ СНЫ І ПРА ТОЕ, ЯК ЗАБІВАЮЦЬ ЧАЛАВЕКА І ЦІ ЛЁГКА ДРУГОМУ ДВУХНОГАМУ ЗРАБІЦЬ ГЭТА

Раніцаю я другі раз зайшоў са сваёй прапановаю да дзеда Мультана. І мне спадабалася ў яго яшчэ болей.

— Калі ласка, — сказаў ён, — мне што? Толькі начамі самотна будзе. Я начамі хаджу.

І вось я перабраўся ў другі пакойчык небывала вялікай «вартоўні» дзеда. Той, асабліва прытульны, нягледзячы на запушчанасць. Прытульны ад старых партрэтаў, ад складу непатрэбных ікон у адным з кутоў, ад таго, што адны дзверы (другія вялі непасрэдна ў дзедаву вартоўню) і акно выходзілі проста на абсады і цераз нізкі каменны мур — у цяністы ўжо зараз сад. Калі высунуцца ў акно, справа было відаць «першакасцёл», да якога пасля быў прыбудаваны гмах навейшага з яго цудоўным іканастасам моранага

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату