дубу з пазалочанымі фігурамі (роўны яму мне давялося бачыць хіба што ў Будславе).

Першым госцем быў Шаблыка. Прынёс вялізны пачак паперы: нямецкія лістоўкі і нашы лістоўкі, газеты, у якіх казалі аб нападах партызан і аб нападах на партызан. І аб расстраляных дзеячах руху апору, і аб заложніках. Было нават з дзесятак нумароў «Нашага шляху».

— Нашто ты гэта г… трымаеш?

— Трэба ведаць, хто ёсць хто і хто быў хто. Нават калі гэта бессаромная прапаганда. Гэх, браток, колькі такой бессаромнай прапаганды на свеце! Глядзеў я пасля вайны «Індыйскую грабніцу». Вывад: «немец спрытны хлопец, паўсюль пройдзе». Нейкія там фільмы пра «Агента 007» — «англічанін спрытны хлопец паўсюль пройдзе»… Цьху! На жаль, нават першакласныя людзі часам не паўсюль праходзяць. «Тому в истории мы тьму примеров слышим». Вось, можа, нешта цікавае пра тых і знойдзеш. Хаця наўрад: у апошнія дні тым было не да газет… Вось дастаць бы газеты тых часоў, калі брат Высоцкага правакатара забіў. Хаця адкуль іх дастанеш? Такі пажар пракаціўся.

— Ну, мабыць, не ўсё ж згарэла.

З другім візітам з'явіліся Васілька Шубайла і Стасік Мультан. І мы адразу пашыбавалі з імі да лазу ў падпол касцёла, проста квадратнай адтуліны, за якой ход ішоў уніз, як быццам тут збіраліся ссыпаць у бункер бульбу.

— Вы, дзядзька, можаце плячыма не пралезці, — сіпатым шэптам сказаў Васіль.

— Пралезе. Рукамі наперад. Там нешта накшталт прыступкі. Да яе сантыметраў пятнаццаць.

Яны слізнулі туды, як маляўкі пад камень. Але нічога, пралез і я. Адна рука наперад, другую — пад сябе, каб далонню падштурхоўваць чэрава. Непрыемна, калі звісаеш над пустою цемраю.

Але і сапраўды, не больш чым пятнаццаць сантыметраў да каменнай пляцоўкі.

Не люблю я гэтых падзямелляў, асабліва запушчаных. Затхла, паўсюль кавалкі атынкоўкі, стаяць саркафагі, і ў кожным нечае былое жыццё. Вартае ці не вартае гэтага саркафага — іншая справа. І асабліва мяне мярзіць такое відовішча пасля таго, як давялося мне бачыць «зацны гроб» аднаго вялікага саноўніка былых часоў. Мумія ляжала ў мундзіры пры ўсіх рэгаліях, але… без портак. Порткі былі суконныя, і іх з'ела моль. Варта было ліслівіць, царадворстваваць, выракаць людзей на горшае, забіваць іх, каб пасля ляжаць без портак.

— Вось дойлід, — сказаў Стах. — Камісія нейкая з год назад прыязджала, здымала века. Як жывы, ляжыць, толькі трохі ўсох.

Галасы нашы гулка выбухалі пад скляпеннямі, так што й гэтых маглі б разбудзіць. І ўсё ж я непамерна здзівіўся, калі паўзмрок прарэзала вертыкальная смуга святла. Нечакана павярнулася вакол восі вялізная і, як я цяпер бачыў, непамерна тоўстая дошка (раней я думаў, што проста на ёй калісьці нешта было напісана ды фарба злезла), і ў гэтым святле ўзнікла постаць чалавека са свечкай у руцэ.

— Хто там? — спытала постаць, і я пазнаў ксяндза. — А-а, гэта вы?… Якім чынам вы тут?

Я паказаў рукою на лаз.

— Нашто ж вы так? Я сам бы мог паказаць. І было б зручней.

— Прабачце, дзеці сказалі, што іншага ходу няма.

— І дарэмна сказалі. Ну добра, дзеці, ідзіце, гуляйце.

Ён паказаў на патайныя дзверы, але малыя кінуліся ў лаз.

— Каб мне іхні спрыт, — усміхнуўся ксёндз.

— Яго ў вас і зараз хапае.

— Не. Для некаторых рэчаў ужо не. Тут пад касцёлам, дый пад замкам, цэлая сістэма хадоў. Кажуць, ёсць і ход, што злучае касцёл і замак. У некаторыя з іх я не рызыкую хадзіць. Дужа рэдка не хапае смеласці. Часцей — спрыту. Хочаце, я вам некаторыя пакажу.

— Чаго ж, ахвотна, — я падумаў, што, можа, гэта ў нечым дапаможа маім пошукам.

— То хадзем.

Я праціснуўся за ім у атвор. То была нейкая касцельная прыбудова (я кепска разбіраюся ў гэтай тапаграфіі). Жыховіч адамкнуў нейкія нізкія дзверы, і вачам адкрыўся нешырокі калідор з нізкай скляпенчатай столлю. Гэта было падобна на пячоры ў Кіеўскай лаўры. Толькі што вакол быў дзікі камень, а не сцэментаваны пясок.

— І доўга ён цягнецца? — Мы прайшлі ўжо, мне здалося, метраў сто пяцьдзесят, і канца гэтаму не было відаць.

— Да канца не даходзіў. Тут ёсць і іншыя хады, бакавыя, але я іх не ведаю. І ніхто не ведае. Тут падчас татарскага набегу недзе ў тысяча пяцісотым, ці што, годзе хавалася ўсё насельніцтва Альшан і навакольных вёсак.

— То што, катакомбы старэйшыя за касцёл?

— Непамерна старэйшыя.

Я ішоў наперадзе. Раптам я адчуў нібы павеў нечага па твары. Полымя свечкі затрапятала, адбіткі замітусіліся па камені.

— Асцярожна!

У той самы момант я паслізнуўся, адчуў, што падаю, і раптам адчуў неверагоднай сілы штуршок у спіну. Такі, што ўзляцеў у паверта, мабыць, з метр патрымаўся так, а пасля не дужа мякка прызямліўся ў пыл, адчуваючы, што ступакі мае вісяць над пустатой.

— Езус-Марыя! Матка боска Астрабрамска. Матка боска Бытэньска.

— Што гэта было?

— Студня. Я ж сказаў, асцярожна!

Я сапраўды ледзь пераскочыў дзякуючы ксяндзоваму штуршку круглы чорны правал у падлозе. А можа…

— І чаго вы паслізнуліся? Ну так і ёсць, — ён узняў свечку ўгору. — Калонія кажаноў! Бач, за зіму які блін на падлозе атрымаўся.

Ён звесіўся і правіснуў, гледзячы ўніз. Пасля ўзяў каменьчык і кінуў у чорную пашчу. Праз незлічоныя стагоддзі адтуль даляцела нібы звонка, а нібы і глуха:

«Глок». Тут мы абодва, калі аб гэтым можна меркаваць пры свечцы, збялелі.

Наступныя пару хвілін ішлі моўчкі. Калі-нікалі трапляліся ў сценах закратаваныя адтуліны пад іржавымі замкамі.

— Ключы ў каго?

— Ключы ў мяне, — сказаў ксёндз. — І ад замкавых хадоў таксама. У мяне і ў Мультана. Дзеці панадзіліся лазіць. Каб не зваліўся каторы. Добра вам у яго? Хаця, чаму ж? Чалавек добры, станоўчы. Патомны вартаўнік. Ад прапрадзеда, а можа, й раней.

…Арганіст у пустым касцёле, калі мы папрамавалі праз прэсбітэрыюм на выхад, зноў граў нешта падобнае на «Бычка».

— Чаго ён так?

— А, я ж вам казаў. Ён аднойчы падчас імшы і «Лявоніху» ададраў.

— І нічога яму?

Трымаю. Я ж вам казаў: майстра на ўсе рукі. Тут і арганіста знайсці цяжка, а гэты… яшчэ і гадзіннік адрамантаваў. І каляндар амаль што. І сонечны і месячны.

Мы паволі ішлі да замка. А мяне ўсё не пакідала думка, чаму ён хацеў забіць мяне? А мо я і сапраўды паслізнуўся? Тады — што азначалі словы Вячоркі? Ведае нешта ці проста п'яная балбатня?

— Чуткі хадзілі, вы нешта шукаеце? — спытаў ён. — І трапіла вам у рукі нейкая шыфроўка?

«Ясна. Усё тая злашчасная балбатня ў машыне па дарозе ў Езна».

Сяк-так, у самых агульных рысах, я расказаў яму аб нязначным, асабліва напіраючы, што нічога не расшыфраваў, бо мне невядомы прадмет, вакол якога трэба тую стужку намотваць.

— Ведаючы матэматыку, гэта не так цяжка, — здзівіў ён мяне, а пасля яшчэ раз здзівіў: — Літарэю спрабавалі? А можа, спалучыць яе з Кеплераўскім прынцыпам?

«Чаму ён мне зараз дапамагае, — падумаў я. — Што за чалавек? Адкуль?» А ён, нібы сапраўды ведаючы мае думкі, раптам сказаў:

— Вы сабе можаце што хочаце думаць пра тое, што адбывалася тут трыста год таму. Гэта і дурню невядома. А вось што рабілася тут на нашай памяці! Гэта разблытаць! Тады, магчыма, і таямніца нашага правалу выйшла б на свет.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату