— Нічога, асёл на чатырох нагах дый то спатыкаецца.

— Ну досыць. Я больш не дазволю гэтаму аслу спатыкацца. Мулам мне зрабіцца, калі гэта не так.

З гэтага моманту я цвёрда вырашыў, што ніхто, нішто і ніколі ў аслы мяне не запіша. Гісторыя калісьці пакажа, так гэта ўсё здарылася ці не так.

Яшчэ толькі адно. Пакуль мы дайшлі да месца, дзе нам трэба было разыходзіцца, я перадаў Хілінскаму ўсе свае меркаванні па гэтай справе. Няхай перадае далей каму захоча. Я не хацеў далей рызыкаваць. Ці мала што магло здарыцца са мною ў гэтым ідыёцкім кутку?

Ён слухаў уважліва, а потым, нічога не каменціруючы, сказаў толькі нейкім нібы безуважным голасам:

— Падобна на тое, — і дадаў пасля паўзы: — І вось яшчэ што. Гэта табе пажытак для разважанняў. «БТ» ніколі, з самага заснавання ларка, кіяскёру не адпускалі.

Што мне было да «БТ» і да гэтага небаракі? Мяне ўразіла іншае.

— Дык, значыць, пошукі ідуць? Іх не кінулі?

— Ат, — адмахнуўся ён, — нічога я не ведаю. Шчука неяк абмовіўся. Я думаў, гэта табе будзе цікава… Калі не — прабач.

Праз дзень ціхі наш прыстанак ператварыўся ў стоўпатварэнне вавілонскае. Сноўдалі паміж Альшанамі і Альшанкай розныя машыны і розныя людзі. Прыязджалі нават з Кладзенскага і са сталічнага музеяў. Завіхаліся вакол руіны, фатаграфавалі, абмервалі.

Мяне гэта не датычылася. Я зрабіў сваё і на гэты раз спадзяваўся, што без памылкі.

Я проста рабіў тое, што і дагэтуль. Разам з хлопцамі са школы, Шаблыкам і Змагіцелем, разам з археолагамі (дзе прыбыль, там памагатых гібель) выносіў смецце і друз. На гэты раз з другой вежы.

Гэта частка яе, частка замураванай некалі брамы, абвалілася ў той дзень, выклікаўшы абвал і над намі.

Тыя, прыезджыя, накшталт славутых гогалеўскіх пацукоў «панюхалі ды і пайшлі прэч». Прашу ў іх прабачэння. Усе тыя дні я, нібы прадчуваючы нешта нядобрае, прабываў у самым дрэнным настроі. Хацелася раўці і кідацца на людзей. Баюся, што нават вочы ў мяне наліліся крывёю, як у бычка.

Прыходзілі і адыходзілі мясцовыя. Часам на ўзгорку людзі збіраліся нават у маленькія паасобныя купкі, дзе ажыўленыя, а дзе і змрочныя. Нібы нейкі дух неспакою і трывогі павіснуў над Альшанкай.

— Ну што, наклёўваецца нешта? — спытаў Нічыпар Альшанскі.

Стаяў ён наводдаль разам з Вячоркам, Высоцкім і Ганчаронкам.

І хаця, адгробшы чарговую порцыю рознай парахні, на глыбіні шасці ступ ад «мацерыка», мы сапраўды толькі што знайшлі выбіты на камені контур карабля, я адказаў унікліва:

— А чорт яго ведае. Тут такая галаваломка, што нельга быць пэўным ні ў чым… Можа, нешта і знойдзецца, а хутчэй за ўсё, не.

Я не хацеў рассыпаць амаль завершанага ўзору ў сваім калейдаскопе.

Магчыма, я памыляўся, але я не хацеў сапсаваць справы аніводным неабдуманым учынкам, аніводным неасцярожным словам.

Да вечара мы расчысцілі амаль усю пляцоўку. Я ўжо нават прыблізна бачыў, дзе пліты на падлозе драбнейшыя. Там можна было дапусціць існаванне замураванага лаза. Таму я спецыяльна не даў рабіць хлопцам раскопку да канца.

— Досыць на сягоння. Заўтра з раніцы зоймемся зноў.

Яны бурчалі. Азарт ёсць азарт, асабліва калі справа падыходзіць да канца.

— Нічога, нічога. Пакіньце крыху прыемнага чакання і на заўтра.

— Прыемнага, — досыць здзекліва сказала Сташка. — Нічога там прыемнага не будэе. Проста хочацца хутчэй дакапацца.

Я пазмрачнеў:

— Калі нават я маю рацыю, то адзін дзень нічога ўжо не дасць і нічога ўжо не зменіць. Калі нават здагадкі правільныя. Таму што людзі, мы, у гэтым выпадку спазніліся з дапамогай. На добрыя тры з паловай стагоддзі.

РАЗДЗЕЛ VIII ДВА ПРЫВІДЫ Ў ЛАГЧЫНЕ НЕЧЫСЦІ І ДАМА З ЧОРНЫМ МАНАХАМ, АБО ПАРШЫВЫ БЕЛАРУСКІ РЭАЛІЗМ

…Мы ўмыліся ў рукаве рэчкі, развіталіся, і я пайшоў праводзіць Сташку і яе каманду да лагера. Там ўжо весела скакала вогнішча і шыпеў на ім кацёл з нейкім супам, мяркуючы па паху, курыным, а ля яго чарадзейнічала худзенькая Валя Волат. Усе расселіся навокал.

— Што гэта вы так позна? — спытала сённяшняя кухарка.

— Свіння палудня не знае, — адказаў Сядун. — Дый не толькі мы вінаватыя. Певень жа яшчэ не зварыўся.

Я адчуваў, што Генка зноў нешта рыхтуе.

— А ўсё яна, — сказаў вісус, ківаючы на дзяўчыну. — Не трэба было ёй глядзець, як пеўня рэзалі. У яе вока жывіць.

Уздыхнуў з фальшываю скрухай:

— Так доўга мучыўся певень.

Тут Валя мяне здзівіла. Відаць, Генкавы блазноцтвы ўжо нават ёй у глотцы сядзелі.

— Гэ-эх, — сказала яна, — не чалавек, а засуш. Ды яшчэ такая засуш, што й пустазелле ў полі сохне.

— Сам ён пустазелле, — сказала раптам Тарэса.

— А мая ж ты даражэнькая, а мая ж ты таечка. А я ж з табою жаніцца хацеў.

— З якою па чарзе? — спытала Тарэса. — Жаніся, толькі не са мною.

— Жаніся, каб дурні не перавяліся, — дадала Валя.

Генка прыцінуў, разумеючы, што тут ужо ўсе хочуць прыціснуць яму хвост. Нават пасля ежы гжэчна сказаў «дзякуй», але Волат і тут была няўмольная:

— Дзякуй за абед, што паеў дармаед.

— Літасці! — узмаліўся Сядун.

Але дзяўчатам і самім ужо не хацелася дабіваць «дармаеда». Зляцеў ціхі анёл.

Я не ведаю нічога лепшага за вогнішча. Яно прываблівае заўсёды. Але асабліва ў такім вось свеце, залітым аліўкава-залацістым святлом поўні. Паўсюль мяккая аднатоннасць, паўсюль нешта такое, што вабіць невядома куды. І ў гэтай трохі нават серабрыстай месячнай імгле — цёплы і рухомы чырвоны мазок.

Мастакі разумеюць гэта. Добрыя мастакі.

— Мне час, — сказаў я, уздыхнуўшы, і ўстаў.

— Бадай што, я вас праводжу да краю гарадзішча.

Прахалода начнога паветра на абліччы. Асабліва ласкавага пасля цеплыні вогнішча. Мы ішлі ў гэтай імгле. Вогнішча аддалялася і ператваралася ўжо ў плямку, у жывую іскру. Ледзь прагнутаю чашай, аліўкава-серабрыстай пад поўняй, ляжала перад намі паверхня гарадзішча, адакрэмленая ад астатняга свету ценем ад валоў.

— Месячны кратэр, — сказала яна.

— Станіслава, ты не перадумала?

— Аб чым?

— Не раскайваешся?

— У чым?

— У тым, што сказала ўчора.

— Не, — ціха сказала яна. — І думаю, што не буду каяцца. Да самага канца.

— І я. Да самага канца. Усё адно блізка ён будзе ці далёка. Толькі я не ведаю, чым я заслужыў ад

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату