бога такое.

— А гэтага нічым не заслугоўваюць.

— Ні абліччам, ні маладосцю, ні ўчынкамі, ні нават вялікімі справамі.

— Часам. Калі такое ўжо і без таго з'явілася. А яно прыходзіць проста так.

Я ўзяў яе далоні ў свае. Потым у маіх пальцах апынуліся яе локцікі, потым плечы.

Я прыцягнуў яе сабе на грудзі, і так мы сталі, злёгку пагойдваючыся, нібы плылі ў нерэальным месячным зарыве.

Пасля, праз незлічоныя гады, я адпусціў яе, хаця гэты свет поўні быў сведкам таго, як мне не хацелася гэтага рабіць.

— Бывай, — сказаў я. — Да заўтра.

— Да заўтра.

— Што б ні здарылася?

— Што б ні здарылася з намі ў жыцці — заўсёды да заўтра.

— Баюся, — сказаў я. — А раптам нешта непапраўнае?

— Усё адно да заўтра. Нічога такога няма, каб адабраць у нас вечнае «заўтра».

Ногі самі неслі мяне па схіле. Я здатны быў біць нагамі, як жарабя пасля зімовай стайні. Усё нутро нібы захлыналася, да краёў перапоўненае радасцю.

Была, аднак, у гэтай радасці адна халодная і разважлівая жылка ўпэўненасці. Упэўненасці і ведання, якія вырасталі б і выраслі, калі б я даў ім волю. Я ім, аднак, гэтай волі не даваў занадта, поўны тым, што толькі вось адбылося, нованароджаным пачуццём лікавання.

І я не даваў волі раптоўнаму азарэнню, якое прыйшло і не адпускала мяне, зрабіўшыся ўпэўненасцю і веданнем. І ў гэтым была мая памылка.

Але я проста не мог, каб у маім новым адчуванні еднасці з усім гэтым бязмежным, добрым і мудрым светам жылі падазрэнні, нянавісць і зло.

Я ўступіў у невялікую лагчынку, лепей сказаць, нават шырокі раўчук. Злева і справа былі досыць стромыя сценкі адхонаў, сцежка вілася па дне і выходзіла ў нешырокі праём, за якім, не міргаючы, стаяла вялізная нерухомая зорка.

Цьмяна і таямніча стаялі ў катлавіне ў нейкім нікому не вядомым парадку вялікія і меншыя валуны. Гэта было месца, у якім старая народная фантазія ахвотна змясціла б пляцоўку для ракавання рознай болыш ці менш шкоднай язычаскай нечысці. Яна вымірае, але ўсё адно ў такія вось поўневыя ночы, калі вакол светла і толькі тут пануе паўзмрок, сюды збягаюцца на начную капу, начны суд Вадзяніцы, Балотныя Жанчыны, феі-Мятлушкі, Вогнікі з балатоў, Карчы, Лесавікі, Хахолы і Хохлікі і іншыя напаўзабытыя бажышчы. Успамінаюць, плачуць па былым, твораць свой суд.

Сталёвыя воды туманам сплываюць,

Ледзь дыхаюць пасмы пажоўклай травы.

У нізіне, дзе замак спачые сівы,

Апошняя фея цяпер памірае.

Гэтая лагчына — апошні куток іхняга калісьці бязмежнага каралеўства. Гэтыя ледзь бачныя камяні — іхнія былыя павержаныя троны. Троны ў лагчыне, у якой густа настаялася іхняя трывога, бездамоўе і асуджанасць. Іхняя апошняя безнадзейнасць у мёртвай пустцы бездухоўнасці.

І адзіная жывая — ці жывая? — істота ў гэтым свеце закінутасці і пахмурай тугі.

Не, я не быў тут адзінаю жывою істотай. Перада мною якраз на тым месцы, дзе сцежка нырала ў вузкую расселіну, каб метраў праз дзесяць вырвацца на прастор, узвышаўся дужа высокі цень чалавека.

Гэты цень узняў руку і павольна апусціў яе. Усё гэта чынілася ў поўным маўчанні, у якім было нешта такое, што абяцала нядобрае.

Я азірнуўся назад — яшчэ адзін цень цяпер блакіраваў другое выйсце, тое, якім я забрыў у гэтую пастку.

А я ж усё ўжо зразумеў, я ведаў і мог спадзявацца на такое. Але я, аслеплены сваім шчасцем, здушыў свае прадчуванні, не даў ім волі.

І цяпер плаціўся за гэта.

— Вы хто? — удаючы поўную безмяцежнасць, спытаў я.

Ён маўчаў. І раптам на цёмнай пляме аблічча цьмяна праявілася белая падкова. Невядомы ўсміхаўся.

— Урэшце можаце і маўчаць. Я ведаю і так.

Іхнія паставы лепей за ўсе словы казалі аб тым, што гэтаму майму веданню я і абавязаны гэтым начным спатканнем і што яно не можа не скончыцца для мяне кепска. Бо майго маўчання аб гэтых ведах нельга было купіць, але можна было здабыць, перастрэўшы вось так на вузкай сцежцы. Яны і перастрэлі. І гэта была не першая іхняя спроба здабыць маўчанне за кожную цану.

— Здароў, Ганчаронак, — кіўнуў я, пакасіўшыся на таго, што падыходзіў ззаду. — І ты здароў, Высоцкі, — гэта пярэдняму. — Што, спакой абрыднуў аматару «ціхага жыцця»?

— Ну, здароў, — гэта працадзіў урэшце першыя свае словы Высоцкі. — Добрай ночы, Косміч.

— Наўрад ці яна будзе добрая.

— І тут ты не памыляешся, — з лянотным спакоем сказаў ён.

— Дарэмна вы задумалі, хлопцы. Дарэмна распачалі. Маё маўчанне ўжо нічога не каштуе. Я парушыў яго. І калі са мной нешта здарыцца — тыя людзі зробяць свае высновы. І на гэты раз хістацца сабе не дазволяць. Марудзіць не будуць.

— А нам не трэба. Гэта не здабыццё маўчання, — азваўся Ганчаронак. — І нават не зусім помста. Проста падвядзенне ітогаў. Ты зрабіў сваю справу, прывёў нас да табой жа адкрытага сховішча. А ўжо ўскрыць яго — тут нам цалкам хопіць твайго маўчання да раніцы. Гэта для нас яно будзе — да раніцы. Для цябе яно будзе на неакрэслены час. Нават калі разлічваць на трубу архангела.

— Для вас яна таксама ўструбіць, — сказаў я. — Хутчэй, чым спадзеяцеся.

— Гэта мы, як кажуць, яшчэ паглядзім, — сказаў Ігнась.

— Ну дык што, — прапанаваў я, — прысядзем ды пагаворым.

— Цягнеш? — гэта Ганчаронак. — Выгандлёўваеш пару хвілін? Не дапаможа.

— Не, не цягну. Проста пастараемся наталіць вашу і маю цікаўнасць. Узаемна. Цікава ж, праўда, як працавалі нашы галовы?

— Твая скора працаваць не будзе, — сказаў Ганчаронак.

— Кінь, — перарваў Высоцкі, — і сапраўды цікава. А часу нам хопіць, нават зашмат будзе. Патрэбнае нам можна і перахаваць лёгка. Астатняе хай гарыць.

— А тое, што патрэбна не табе і мне?

— Можа, і знойдзецца. А можа і згарэць, хрэн з ім… Сапраўды, давайце сядзем ды ціхамірна пагаворым.

І ён паказаў мне на вельмі высокі валун узбоч сцежкі.

Самі яны селі на два ніжэйшыя, каб мець большую за мяне свабоду ў рухах. Начная капа нечысці пачалася.

— Ну вось і пагаворым, — ляснуў сабе па калене Высоцкі.

Сеймік быў, як кажуць, невялічкі, але вельмі пажондны. У двух яго ўдзельнікаў (я быў упэўнены ў гэтым) акрамя перавагі грубай фізічнай сілы — можа, не такой ужо і вялікай перавагі — з поўнай пэўнасцю можна было знайсці ў кішэнях нажы, а ў кагосьці, можа, і сімпатычны маленькі кастэт, а ва ўнутраных кішэнях пінжакоў або пад пахай — пісталеты.

— Пачынай, — нібы прыспешваючы, сказаў Ганчаронак.

— Пачну, — сказаў я. — Пачну з таго, што калі нават і не на сто працэнтаў, але я ведаю вашу гісторыю, ваша мінулае. Як? Лічыце, што спачатку гэта былі проста няясныя здагадкі. Я не ведаю, якім чынам вы даведаліся аб кнізе і таямніцы, схаванай у ёй. Але вы ведалі. Магчыма, яшчэ з часоў вайны, з часоў апошняга Альшанскага. На жаль, вы не здолелі прысутнічаць пры фінале трагедыі і дакладна не ведалі, дзе і што ў дадатак да старога скарбу схаваў апошні князь. Таму што ў справу ўмяшалася гестапа, якое хавала архіў, і айнзацкаманда, якая хавала нарабаванае. І тая і тая арганізацыі размясцілі свае схованкі ў небяспечнай блізкасці да старадаўняга скарбу. Ім здалося, што больш надзейнага месца не

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату