бялкамi, галёнамi скупляў медычны спiрт у аптэках Гаваны i Сант'яга-дэ-Куба. Змыты хваляю за борт ля берагоў Данii, ён трапiў у партовы шпiталь, а адтуль, дзякуючы знаёмству з вусатым польскiм матросам, што прызнаў Мiшу за земляка - у тамтэйшы публiчны дом.

У доме пад чырвоным лiхтаром прыяцелi сербанулi рому, выбралi з прапанаванага гаспадыняю фотаальбома па дзяўчыне i бадзёра накiравалiся ў нумары.

У самае адказнае iмгненне Мiша з ягонай маленькай мулаткаю пачулi ненавязлiвы стук у дзверы, а ўслед далiкатнае пытанне на чысцюткай расейскай мове: 'Товарищ Горелик, вы здесь?' Абвялы Мiша не паспеў нацягнуць штаноў, як з калiдора пачулася ўжо не пытанне, а загад: 'Товарищ Горелик, открывайте! Мы знаем, что вы здесь'. За дзвярыма стаяў малады супрацоўнiк савецкага пасольства, што прыехаў выпiсваць Мiшу са шпiталя.

Усю ноч Мiша на астатнiя грошы частаваў супрацоўнiка ў партовых барах, спяваў з iм задушэўныя расейскiя песнi i выслухоўваў цвёрдыя мужчынскiя абяцаннi, што ён, супрацоўнiк пасольства, - магiла i ўсё застанецца памiж iмi двума.

Калi карабель прывёз Мiшу ў Талiн i зухаваты матрос, цiхамiрна пасвiстваючы, сышоў на прычал, каля чорнай 'Волгi' яго спынiў някiдкi чалавек у макiнтошы з упраўлення КДБ па рабоце з маракамi, дзе наведнiку публiчнага дома растлумачылi, што ён зганьбiў годнасць савецкага чалавека i камунiста i заслужыў спiсанне на бераг.

Тое Мiшава прыбыццё ў порт прыпiскi атрымалася нетыповым. Звычайна, адчуўшы пад нагамi талiнскую набярэжную, Бугор i кампанiя такiх самых сяброў-кавалераў абводзiлi наваколле фанабэрлiвымi позiркамi закiнутых у нейкую задрыпаную копанку альбатросаў i маналiтным кагалам тупалi на стаянку таксi. Падарожжа ў талiнскае прадмесце Пiрыта мела свой рытуал. Марскi воўк, якi хоць крыху паважаў сябе, браў адразу не меней за тры таксоўкi. У першай ён нядбайна кiдаў на сядзенне набыты недзе ў высокiх штармавых шыротах капялюш, у другой мясцiлася валiза, у трэцяй уладкоўваўся сам гаспадар. Кавалькада машын спынялася водблiз плывучага рэстарана-шхуны, адкуль усцешаныя афiцыянты паспешлiва выстаўлялi розную сухапутную драбязу.

На колькi дзён рыбакi ўсталёўвалi на шхуне акупацыйны рэжым, прычым там i жылi, мыючы перад сном ногi шампанскiм. Закуплены з усiмi трыбухамi персанал баляваў разам з клiентурай, удасканальваючы веданне вялiкай i магутнай мовы старэйшага брата. Усе ўсiх паважалi, i жыццё нагадвала гульню дэльфiнаў у аквамарынавым Гольфстрыме.

Але неўпрыцям насоўвалася чуллiвая хвiлiна развiтання з заробленымi ў сусветным акiяне грашыма, пасля якое афiцыянты i метрдатэль без лiшнiх цырымонiй выкiдалi пацяжэлых дэльфiнаў на халодны пустэльны бераг. Хлапцы абдымалiся i раз'язджалiся па сваяках, каб, залегшы на дно, перачакаць месяц- паўтара да новага выхаду ў мора.

Каб вы лепей зразумелi, што такое Мiша Бугор, трэба ўзгадаць i гiсторыю з мухамi.

Рэч у тым, што аднаго разу пасля наведання Пiрыты Мiша затрымаўся ў Талiне i ў абладзе маркотлiвых думак пра няўмольнае наблiжэнне зусiм цвярозых i галодных дзён на апошнiя рублi зайшоў у рэстаранчык, дзе стаўся сведкам жудаснага скандалу. Вастравокi клiент знайшоў у падлiўцы муху. Ён на ўсю залу пагражаў звярнуцца ў цэнтральныя i мясцовыя газеты i на тэлебачанне, а афiцыянты, кухары i дырэктар стаялi перад iм навыцяжку i ўзахапы перапрашалiся. Iнцыдэнт скончыўся тым, што рэспектабельнага наведнiка, якi не любiў падлiвак з мухамi, накармiлi i напаiлi па поўнай праграме, не ўзяўшы нi рубля.

Вярнуўшыся ў матроскi iнтэрнат i наткнуўшыся позiркам на муху, Мiша не стаў сушыць мазгi над тым, як гэтая iстота прымудраецца шнураваць па столi дагары нагамi. Хутка тузiны з два чацвераногiх спрытнюг ужо сушылiся на шматтыражнай газецiне 'Моряк Балтики'.

Пачатак аперацыi прайшоў блiскуча. Рэстарацыю найшыкоўнейшага на той час талiнскага гатэля 'Viru' Мiшаў страўнiк пакiдаў пад завязку наладаваны адборным пiтвом i едзiвам. Назаўтра, у 'Старым Томасе', абслуга аказалася някемлiвай i Мiшу давялося тлумачыць, што ва ўсiм цывiлiзаваным свеце клiента ў такiх выпадках кормяць i пояць задарма. На трэцi дзень Мiшу застукалi ў той момант, калi ён, з'еўшы булён, задуменна аздабляў карыснай жамярыцаю з цюбiка з-пад лекаў свiную адбiўную. Пра вынаходнiка паведамiла прэса, i - хоць Мiша паспеў выкарыстаць усяго трох сухiх мух - рахункi за дармовыя пачосткi яму з дапамогаю прадажных газетчыкаў i мiлiцыi выставiлi ажно сем рэстаранаў i кавярняў.

Гiсторыю з мухамi я слухаў, седзячы ў салуне. Так мы называлi другi пакой нашай сiбiрскай хацiны, дзе зладзiлi нехлямяжы стол i пару лавак, а малады празаiк Джон Галяк здабыў недзе дзiцячы набор для выпальвання i, натхнёны братам, вывеў на вершняку над уваходам: 'Тут жывуць дзiцяткi Джона Ячменнага Зярнятка'. Мiша любiў Бёрнса.

Тамсама, у салуне, сярод пахаў моцнага тытуню, прывялага багуну i потнага мужчынскага цела я пачуў драматычны аповед пра Мiшаву службу ў савецкай армii.

Свой ганаровы абавязак перад сацыялiстычнаю радзiмай ён выконваў у густых пскоўскiх лясах, дзе мясцовыя жыхары (сама назва - 'пскопские') растлумачылi маладзенькiм салдацiкам, што свята ў iх не лiчыцца за свята, калi каго-небудзь не зарэжуць. Але яшчэ да свята ў трох навабранцаў на дывiзiйных вучэннях не раскрылiся парашуты, i Мiша адчуў, што нiякая сiла, нават пагроза расстрэлу, ужо не змусiць яго скочыць у адкрыты люк самалёта.

На 'гражданку' паляцеў роспачны лiст улюбёнаму дзядзьку - вясковаму фельчару. Увесь доўгi дзядзькаў адказ быў прысвечаны ўспамiнам пра тое, як у дзяцiнстве Мiша хварэў на лунатызм i па начах непрытомна шпацыраваў з выцягнутымi наперад рукамi па хаце, палохаючы меншых брацiкаў i сястрычак.

Тае ж начы шараговы Гарэлiк цiхутка падняўся з ложка i з выстаўленымi, як у невiдушчага, рукамi рушыў скрозь сiмфонiю размаiтых салдацкiх храпаў да тумбачкi днявальнага. Той таксама хроп, i, каб звярнуць на сябе ўвагу, 'лунатык' мусiў двойчы ўрэзаць днявальнаму 'пендаля'. Наперадзе чакаў шпiталь i падазрэннi ў сiмуляцыi, але жалезная воля дапамагла сыну простага беларускага селянiна з-пад Вiлейкi вытрываць пакутлiвы аналiз спiннога мозгу i заняць бажаную пасаду вайсковага пiсара, на якой яму ўдалося тры разы выпiсаць самому сабе паперы на адпачынак у роднай вёсцы - там, дзе, шморгаючы смаркатым носам, бегала бясштаннае стварэнне, якому наканавана было праз паўтара дзесятка гадоў зацягнуць Мiшу ў ложак, потым у сельсавет, а потым зноў у ложак, але ўжо на законных падставах.

Меланхалiчна выцадзiўшы ў Джона Ячменнага Зярнятка пару шклянак партвейну, Бугор любiў пафiласофнiчаць. 'Запомнi, Вовiк, - вучыў ён, - старасць - гэта калi ўсе маладыя сiкухi здаюцца прыгожымi'. Развiваючы тэму, ён грубавата разважаў, што жанчыны дзеляцца на тых, якiя могуць табе даць, i тых, якiя нiколi не дадуць, а таму i першых, i другiх (гэтых - каб адпомсцiць) трэба як мага часцей ставiць у нязвыклыя сiтуацыi, каб выбiць з каляiны.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тэарэтычную падкаванасць, жыццё ў Мiшы склалася якраз насуперак ягоным прынцыпам.

Пакiнуўшы талiнскую шхуну-рэстаран, ён прыехаў неяк увосень на сваю дзедзiну над Вяллёй i пайшоў у такi круты загул, што, прачнуўшыся аднойчы ранiцой, здзiўлена ўбачыў на падушцы побач з сабою галаву дзеўчынёхi-аднавяскоўкi. Мiша асцярожлiва выбраўся з-пад коўдры i надзеў нагавiцы, каб iсцi дахаты, ды дзяўчына расплюшчыла вочы i растлумачыла, што нiкуды iсцi не трэба, бо гэта i ёсць ягоная хата, а яны ўжо муж i жонка: учора ў сельсавеце iх распiсалi, а вяселле зробяць, як Мiша прывязе з плавання грошы.

З таго дня Мiшава жыццё пакацiлася па куп'i ды выбоiнах. У Талiне яго канчаткова спiсалi на бераг, неспадзяваная жонка нарадзiла крыклiвага дзiцёнка i вымагала грошай, а цешча пагражала аддаць пад суд за тунеядства, бо да сялянскае працы Бугор з яго марскiм характарам быў прыстасаваны, як кашалот да дрыгвянай сажалкi.

У вынiку пералiчаных маласпрыяльных абставiн Мiша рэгулярна, прыкладна раз на месяц, уцякаў з-пад Вiлейкi ва Ўладзiвасток. Па дарозе ён заяўляўся ў наш студэнцкi iнтэрнат да брата i запрашаў нас у рэстаран старога гатэля 'Беларусь'.

Тым вечарам з гаваркiм, поўным жыццёвае мудрасцi Мiшам не было б цаны, каб не адна акалiчнасць: ён нiколi не меў грошай, каб разлiчыцца, i мы выкладвалi свае стыпендыйныя рублi i траячкi, беручы з яго за гэта слова, што ва Ўладзiвасток ён паедзе наступнага разу, а заўтра ўраннi сядзе на маладзечанскую электрычку.

Чарговымi ўцёкамi ад жонкi сталася Мiшава з'яўленне ў шэрагах будатрада 'Victoria', дзе ён i атрымаў сваю мянушку, што прырасла да колiшняга марака, быццам скура.

Дык вось, на Дзень будаўнiка Бугру разам з Толем Раслiнскiм захацелася свята ад самага ранку. Толiк меў план, паводле якога спярша трэба было падпаiць нашага земляка Жэню Шаньяна з Асiповiчаў, што быў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату