шафёрам i 'хiмiчыў' за смертазабойчую аварыю. Не ўважаючы на нашы слабыя пратэсты, байцы Гарэлiк i Раслiнскi ўзброiлiся двума фугасамi партвейну i рушылi ў свабодны пошук, дакляраваўшы сустрэцца з намi на тэрасе, дзе хiмiк Жэня напоiць усiх упокат.
Апоўднi тройца выпiвакаў матлянулася пад нашымi вокнамi. Прысадзiсты карчавiты Мiша iшоў яшчэ роўна, але ступаў асцярожлiва, нiбы па кладцы. Толiк у адной руцэ нёс пляцёнку з трыма фугасамi i чамусьцi баксёрскiя пальчаткi, а другой падтрымлiваў румянашчокага мацака Жэню. 'Когда мы придем к власти, крычаў Раслiнскi тугаватаму на вуха хiмiку, - ты будешь министром финансов!' Жэня сцiскаў у кулаку сiнi жмутак пяцёрак, i засталося незразумелым: цi Толевы словы ўжо былi пахвалою, цi толькi заахвочвалi жыхара Асiповiчаў да шчодрасцi.
Калi мы выцягнулi прызапашаную з нагоды свята скрынку '777-га' на ганак i, маляўнiча размясцiўшыся на ёй i вакол, закурылi ў чаканнi сваiх сябровак, над 'хiмкомплексам' раптам падзьмуў сiверкi вецер трывогi. На дарозе з боку пасёлка паказалася кладаўшчыца Панцялееўна, чыя постаць больш за ўсё iснае нагадвала вялiкую капусную бочку, да якой знiзу, зверху i з бакоў сяк-так прымайстраваныя яшчэ пяць бочачак. Панцялееўна пылiла неяк наўздзiў зварушлiва i здалёк крычала, каб мы хавалiся. Узяць у розум, што прычынiлася, удалося толькi тады, як бочка з пяццю бочачкамi дакацiлася да самага ганка.
Кладаўшчыца з булькатаннем у грудзiне прахрыпела, што хiмiкi паддалi i iдуць ад крамы нас рэзаць.
Землячок Жэня, мабыць, не расцiснуў кулака з пяцёркамi, i Толiк Раслiнскi, нацягнуўшы баксёрскiя пальчаткi, збiў няздатнага прэтэндэнта на партфель мiнiстра фiнансаў на горкi яблык. Нашы жлукты недзе зашылiся, а хiмiкi вось-вось будуць тут. Каля школы iх спрабаваў угамаваць настаўнiк Сацук, ды адзiн малады хiмiк выцягнуў лязо i намаляваў гэтаму Сацуку на лбе пяцiканцовую зорачку.
'Ховайтесь... вашу мать!' - лямантавала Панцялееўна. I без яе застрашлiвага крыку было зразумела, што справы швах. Генiк кiнуўся па стрэльбу. Чарнiловiч схапiў манцiроўку, я выцягнуў з заплечнiка ёмкую турыстычную сякерку, а руды Лявон, ён жа Джон Галяк, быццам штукар зайца, дастаў з запазухi паважную фiнку. 'Домой!' - раўнуў ён на сваю адбiтую ў начальнiка будупраўлення Святланку i на iншых амазонак. Аднак тыя нечакана цвёрда адмовiлiся, i мы эгаiстычна пачулiся трохi весялей. Больш таго, нашы рэдкiя шыхты неспадзеўкi папоўнiла расчырванела-ваяўнiчая татарка Амiна з дубальтовым шротнiкам.
Маленькая Вiка прыўзнялася на дыбачкi i аддана прашаптала мне, што ў яе ёсць з сабою аптэчка.
'Идуть! Убивцы!' - нема заверашчала нашая дабрадзейка Панцялееўна, паказваючы на дарогу, i пакацiлася па сцежцы ў тайгу.
Хiмiкi iшлi пагрозлiва няспешна. 'Дваццаць тры', - падлiчыў, узводзячы куркi, шляхетна спакойны Генiк.
Разам з мужнымi дочкамi сiбiрскае зямлi нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб iхнi выгляд залiшне не натхняў гасцей, мы загадалi схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы iх дзеля смеласцi пляшкай '777-га'.
Амiна наадрэз адмовiлася здаць мужчынам свой баявы шротнiк i засталася побач з намi на ганку.
Хiмiкi, на якiх глядзелi пяць параў вачэй i дзве пары руляў, крокаў за трыццаць ад нас расступiлiся паўкругам, прапускаючы наперад дзядзьку Колю-масквiча. Некаторыя з няпрошаных гасцей былi на добрым падпiтку, аднак мы не ведалi, цешыцца з гэтае прычыны або наадварот: п'яныя маглi палезцi i пад кулi. Сёй-той вiдавочна невыпадкова трымаў правую руку кiшэнi i мог выцягнуць яе адтуль значна раней, чым мы патрапiлi б усiх перастраляць.
Проста сказаць, што я спалохаўся, будзе прымiтыўна i недакладна.
Мне ўспомнiлася нашая бяскрыўдная дзiцячая забава: пастукаць 'у кружок' валейбольным мячом. Штораз, калi, прымаючы мяч, даводзiлася адступаць спiнаю наперад, мяне апаноўвала хмельна-вусцiшнае пачуццё бязважкасцi, бо гульня iшла не дзе-небудзь на цёплым пляжным пясочку цi на спартовай пляцоўцы, а на плоскiм, залiтым бiтумам даху нашага полацкага шасцiпавярховiка, i кожная хрыбетка памятала пра высачыню i адчувала яе магнiтнае поле, што з кожным новым крокам да краю ставала стакроць магутнейшым.
Тады, на ганку ў Ягадным, мая хрыбетнiца перажыла такое самае адчуванне смяротнае бязважкасцi.
Апрача таго, хваравiтае ўяўленне за лiчаныя iмгненнi пракруцiла перад вачыма поўнаметражную стужку з парахавым дымам, трупамi, перарэзанымi ад вуха да вуха гарлякамi, выпушчанымi з чэраваў сiнявата- белымi вантробамi i маленькаю Вiкай, якая так i не паспела перавязаць нам ранаў i якую пераможцы з агiдным гiгатаннем бяруць 'на хорька', але я гэтага не бачу, бо мая душа ўжо растала ў высокiм блакiце i золаце гэтага дня, а ў ашклянелых вачах адбiваюцца мiкраскапiчныя кедры i асiрацелы, без зрэзанага разам з катамi сцяга, флагшток.
'Эй, студенты! - цяжкавата варочаючы языком, загаварыў дзядзька Коля-масквiч. - Я вот этими руками, - крыху пагойдваючыся на таўстых, як бёрны, нагах, ён растапырыў перад сваiм налiтым злосцю тварам шырозныя далонi з кароткiмi i мясiстымi, бы сардэлькi, пальцамi, - вот этими руками семерых ребят замочил. Для меня зона, что для вас - воля, а химия - так, ни рыба ни мясо, ни тайга ни тундра'.
Праваруч мяне, дзе займала абарону Амiна, пачулiся дзiўнаватыя гукi. Я асцярожлiва скасавурыўся: татарка, сцiснуўшы стрэльбу, напаўголаса спявала ваяўнiчую песню свайго народа.
'Слушайте сюда, - казаў далей дзядзька Коля. - Фиксатого отдайте, боксера х...ва, а вас нам и на... не надо...'
Я выцер аб калашыны будатрадаўскiх штаноў узмакрэлыя рукi i падумаў, што сустрэча са смерцю адтэрмiноўваецца. Мы крыкнулi, што фiксатага, гэта значыць Толiка, у доме няма i дзядзька Коля-масквiч можа выслаць да нас двух хiмiкаў-кантралёраў.
Пачаўшыся на драматычнай ноце, прыгода скончылася бурлескна. Абшнарыўшы дамок i напалохаўшы ў салуне дзяўчат, кантралёры патапталiся на ганку, няўдала паспрабавалi ўшчыкнуць Амiну i раптам нязмушана-элегантна падхапiлi нашую скрынку з партвейнам i, не надта прыспешваючы хаду, рушылi ў свой стан. Дачка татарскiх стэпаў ускiнула дубальтоўку. 'Амiна! Па сраках!' - адчайна i ўадначас спуджана выгукнуў Мiхась Чарнiловiч, але Генiк з Джонам Галяком ужо вiселi ў татаркi на руках.
Свята згэмталася. У адрозненне ад мясцiн, дзе служыў Мiша Бугор, так нiкога i не зарэзалi. Недзе хаваўся ад дзядзькi Колi-масквiча Раслiнскi з баксёрскiмi пальчаткамi; недзе скрыгатаў зубамi ад болю настаўнiк Сацук з пяцiканцовай зоркаю на лбе; Амiна, уладкаваўшыся на ганку, гартанна спявала пераможную татарскую песню, а ў салуне жавалi ад хвалявання беларускае сала, запiваючы яго цёплым партвейнам, нашы бясстрашныя сяброўкi.
У панядзелак ваяўнiчыя хiмiкi працверазелi i даведалiся, што фiксатага з Бугром перакiнулi верталётам у Бл. Яр, а паколькi дзядзька Коля-масквiч меў даўгiя рукi i словамi не кiдаўся, герояў Дня будаўнiка, выключыўшы за п'янку з атрада, хуценька адправiлi на Вялiкую зямлю ў родны Менск. Дзядзька Коля загадаў за недагляд зрабiць некалькiм сваiм людзям 'самавучку', а сам у раздрыпаных пачуццях на ўсю ноч зачынiўся з дзвюма хiмiцамi.
Са жнiвеньскай непазбежнасцю восенi наблiжаўся гаркавы момант расстання. Вада ў кар'ерах прыкметна пахаладнела, а вечаровыя вогнiшчы зрабiлiся цiшэйшымi i маркотнейшымi. Хiмiкi зайздросцiлi нам, мы папрывыкалi да амазонак, а некаторыя з iх, як засведчылi будучыя падзеi, клапатлiва ўзгадоўвалi ў сваiх дзявочых сэрцах не абы-якiя надзеi. Моўчкi ўзiраўся ў агонь 'цяжкi' падлетак Вiця, якому за два месяцы выпала прайсцi некалькi курсаў мужчынскiх унiверсiтэтаў. Нават пасялковыя падлеткi ўжо не пускалi нам у вочы чмуту, а сарамлiва пыталiся, якiя ў Менску ёсць iнстытуты i цi цяжка туды паступiць.
У апошнi дзень маленькая Вiка, расчэсваючы грабянцом кудзеркi, дрыготкiм галаском прамовiла: 'Ну вот и все. Теперь будем только вспоминать', - а потым цiха, як мышанё, заплакала. Дробныя слёзкi капалi ў шклянку з 'трыма сямёркамi', а я не плакаў, а недарэчна думаў, што калi нават Вiка будзе капаць у шклянку ўвесь дзень, яе слёзы ўсё адно не зменяць колеру вiна.
Чарнiловiч са сваёй Насцяю дамовiлiся, што яна прыедзе ў Менск i яны занясуць у загс заяву. Джон Галяк з цёмненькай Святланкаю да самага вечара адсутнiчалi. Варвара, непрыгожа скрывелiўшыся, таксама заплакала, а Амiна, што пасля Дня будаўнiка заслужана прыбiлася да нашае кампанii, выпiла тры шклянкi вiна i тры разы пальнула ў цёмнае неба з дубальтоўкi.
Чмыхлiвы дызель прывёз нас па 'нашай' вузкакалейцы ў Бл. Яр, дзе мы ўбачылi будатрад 'Victoria' ў апагеi разброду i маральных хiстанняў. Шырыню фронту работ вызначала замова на дзве прыбiральнi- шпакоўнi для аэрадрома, дзе нам з Генiкам як ужо вядомым спецыялiстам з ходу даверылi выканаць