Цудоўны скнара! Для цябе пазыкі,

Дабро чужое — як уласны дар.

Калі ліхвяр хавае скарб вялікі,

Які прыбытак будзе мець ліхвяр?

Гандлюючы цяпер з самім сабою,

Сябе самога ашукаць ты рад.

А што ж, як лёс прызначанай парою

Запатрабуе справаздачу страт?!

З табою ляжа і краса таксама,

Якая б накш твой здзейсніла тастамант.

5

Мастак цудоўны, незраўнаны час,

Нам творыць дзівы дзіўныя няспынна.

І ён жа ўсё, што захапляла нас,

Нібы тыран, знішчае ў міг адзіны.

Пазбыўшы лета, ён зіму вядзе

Ў наш засмучоны свет, такі знямелы,

Дзе ані кветкі, ні лістка нідзе,

Адзін прасцяг сцюдзёны, снежна-белы.

І каб не кветак хараство за шклом,

Зачыненых у ільдзяной вязніцы,

На цуды, створаныя мастаком,

Маглі б напэўна мы ураз забыцца.

Зіхценне кветкі страцілі зімой,

Але душа іх з той жа пекнатой.

6

Пільнуй, каб лета і твайго прыход

Бязлітасна зіма не зруйнавала,

Пакуль дасі красе ў скарбніцу плод

І не напоўніш слодыччу фіяла.

Ты не ліхвяр, калі за ўласны дар

Бярэш аддзяку шчыра, без умовы.

Ты сам свайму багаццю гаспадар,

Сябе паўторыш дзесяціразова.

Калі ўсе новыя ўдзесяцярых

Разоў па дзесяць вобраз твой адновяць, -

І смерць не страшна ў твой апошні міг,

Тваё патомства — вось твая адповедзь!

Занадта ты прыгожы, дасканалы,

Каб гэта ўсё здабыткам смерці стала.

7

Калі ў агні ўрачыстых, ясных шат

Ідзе з начы магутнае свяціла,

Ўзнімае ўсё жывое свой пагляд,

Вітае прамяністасць дзіўнай сілы.

Калі яно у залатых агнях

Ідзе па небу да свайго узвышша,

Тады ўсе з захапленнем у вачах

Глядзяць, нібы юнак чароўны выйшаў.

Калі ж яно на небакрай зірне,

Стамлёна ў дол пакоціць калясніцу,

Тады ўсе вочы недзе ў старане,

Пакуль яму да захаду хіліцца.

І ты без следу ў свеце знікнеш так,

Калі не застанецца сын-юнак.

8

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×