У музыцы твая ўся асалода.

Чаму ж яе ты слухаеш з тугой?

Калі яна табе не даспадобы,

Чаму не развітаешся ты з ёй?

І хоць акорды жалем горкім поўны,

У іх сугучнасці табе дакор:

Хто без гармоніі жыве чароўнай,

Самотны той на ўвесь зямны прастор.

Ты чуў калі, як струны ў дружным ладзе

У перазвон гудзяць адна другой?

Так бацька з сынам, разам з імі маці

Шчаслівы спеў пяюць адной сям'ёй.

І сведчаць гукі шчырыя усім:

Самотны — як і не жывы зусім.

9

Каб не пакінуць любую ўдавой,

Дагэтуль ты ні з кім не заручоны.

Калі ж бы смерць устала над табой,

Апанаваў бы светам смутак чорны.

Свет плакаў бы, як удава, па тым,

Што вобраз твой загінуў беззваротна.

Сын адлюстроўкам мог бы быць тваім,

Праз сына ты і быў бы бессмяротным.

Калі растраціць скарбы хто усе, -

Другія спажывуцца іхнім коштам,

А калі знікнуць суджана красе,

Яна ў нябыт адыдзе занівошта.

Хто сам сабе гатоў прынесці шкоду,

Таму нікога на зямлі не шкода.

10

Якая ганьба! Жыць і не любіць

Людзей спагадных і сябе самога,

Любоў да свету цэлага згубіць,

Набыўшы ў сэрца пачуццё благога!..

Уласным ворагам сваім ты стаў,

Супроць сябе самога паўстаеш ты,

І дом цудоўны, ў спадчыну што ўзяў,

Не аднаўляеш, бурыш ты дарэшты.

Змяніся ты, і я змяню настрой,

Краса каханню быць павінна домам.

Як з выгляду, будзь ветлы і душой,

Не будзь ты ворагам сабе самому.

Краса твая зусім са свету згіне,

Як не пакінеш нам яе ты ў сыне.

11

Не звянеш ты, бо закрасуеш зноў

Цераз дзяцей сваіх і з іх красою.

Сваёй ты назавеш нашчадкаў кроў,

Якую даў часінай маладою.

Ёсць мудрасць, прыгажосць у думцы той.

Без іх жа радасці і шчасця мала:

Калі б згадзіўся свет увесь з табой,

Дык праз капу гадоў жыцця б не стала.

Няхай пачвары, вырадкі усе

На свеце нашым згінуць без расплоду.

А ты, за ўсе дары тваёй красе,

Павінен шчыра дзякаваць прыроду.

Ты, як пячаць, што выразаў разьбяр,

Павінен шмат разоў вярнуць свой дар.

Вы читаете Санэты
Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×