падводы са стога канюшыну.

- Ты - падлетак, - кажа брыгадзiр, - вось табе i лягчэйшая работа. Зробiш ускрышу стога i кiдай сабе зверху яе гуляючы.

Я паверыў i быў задаволены, бо такую 'пасаду' яшчэ не займаў нi разу.

Узлезцi на стог - не простая справа. Трэба двое вiлаў, якiя па чарзе ўтыкаеш у стог, i, як па ўсходцах, карабкаешся наверх. Адтуль лiшнiя вiлы скiдаеш унiз, i лiчы, што вяршыня табе пакарылася...

Такiм вось чынам ускарабкаўся i я на стог, скiнуў другiя вiлы i пачаў...

Канюшына - не сена. Яна мае тоўстае, моцнае сцябло, ад якога ў розныя бакi адрастаюць яшчэ сцяблiнкi i лiсце. Пры кладцы стога гэтыя сцяблiнкi пераплятаюцца, за зiму спрасоўваюцца, робяцца маналiтам...

Колькi я нi ўтыкаў вiлы ў гэты маналiт - не здолеў адарваць нi ахапачка, нi пучка. Прыкладваю ўсе сiлы, аблiваюся потам - нiчога не атрымлiваецца.

Знiзу крычаць мужыкi:

- Што ты там, як верабей, капаешся?! Давай! Кiдай!

Мне сорамна прызнацца ў бяссiллi, хаця i не надта слабы я быў у свае чатырнаццаць гадоў. У працу ўцягнуўся i меў ужо нейкi вопыт i стаж. Тыя ж мужыкi, што на падводах, бораць мяне боралi, але прыходзiлася iм добра папыхкаць i павалтузiцца са мной...

Крычу мужчынам, задыхаючыся:

- Хвiлiнку! Пачакайце! Я тут расчышчаю, падрыхтоўваю...

Калi я зiрнуў на свае далонi - яны ўсе ў крывi. За гэты кароткi час ускочылi крывавыя мазалi, якiя адразу былi расцiснуты аб вiлачнiк. Цяпер я адчуў i пякучы боль.

Знiзу далятала лаянка мужчын. Там жа ля iх стаяў моўчкi i брыгадзiр.

Тады мне было не да здагадкаў, я рваў жылы, нервова мiтусiўся, а кiдаць унiз не было чаго.

На маё шчасце, аднекуль раптоўна з'явiлася мая мама-выратавальнiца. Яна iмгненна ацанiла сiтуацыю i наляцела на брыгадзiра, як каршун на курыцу.

- Ты што здзекуешся? Хiба ж можна дзiця ставiць на такую работу? Ану злазь! - загадала мне.

Я, як абмалочаны сноп, ссунуўся ўнiз. Далонi пякло агнём, вочы залiваў пот, жывот ад перанатугi ныў, спiну ламала... Не паддалася мне ўскрыша...

Пазней я ацанiў брыгадзiраву 'ласку' i здагадаўся, за што яна...

Мы з Барысам адмочвалi розныя нумары, сярод якiх быў i наступны.

Брыгадзiраў бацька рабiў конюхам. Тры разы на дзень - пасля ранiшняга догляду коней, дзённага i вячэрняга, ён нёс дамоў поўнае, з коптурам, вядро конскага калу, якi спрадвек у вёсцы падмешваюць свiнням да асноўнай яды. Нiчога дзiўнага ў тым не было, што чалавек нясе дамоў конскi кал, каб не тое, што кожны дзень па тры вядры. Каб яго скiдаць у адну кучу, дык праз нейкi час i хаты не было б вiдаць...

Усе здагадвалiся, што ён нясе авёс, якi давалi коням, а кал толькi зверху быў для чужых вачэй. Здагадвалiся, а зрабiць нiчога не маглi - як-нiяк, а брыгадзiраў бацька. Тут дрэнныя жарты, бо брыгадзiр у глухой вёсцы - i цар, i ўсяго ўладар.

А нам з Барысам - мора па калена. Цi ж мы думалi пра тое, што бацькам не дадуць каня адсеяцца цi дадуць не надзел сенакосу, а балоцiну?.. Мы прагнулi праўды - мы яе i знайшлi...

Iдзе конюх з конскiм калам дамоў, а мы з Барысам чакаем яго ля Тодаравай хаты - на самым бойкiм месцы ў нашай вёсцы. Вiтаемся, Барыс i прапаноўвае:

- Адпачнiце, дзядзька! Раскажыце, як справы, як здароўе...

Мы з Барысам - блазнюкi, падшыванцы, конюх - чалавек стары, ды i недалюблiваў ён нас.

- Зараз я тут буду з вамi байкi разводзiць... Чакайце! - але вядро ставiць на зямлю, каб вальней уздыхнуць.

Нам гэта толькi i трэба! Я, быццам спатыкнуўшыся, стукаю нагой па вядры, яно - перакульваецца, i на дарогу, следам за конскiмi кругляшкамi, шугае жоўценькi авёс...

Крыку i гвалту было многа з боку брыгадзiравага бацькi. Брыгадзiравай крыўды - яшчэ больш.

Гэта крыўда перарасла ў дробязную помсту, якая, мiж iншым, загнала мяне на стог клеверу.

ПАРУШАНАЯ ТРАДЫЦЫЯ

На вечарынкi, а асаблiва на вяселлi моладзь дапiнала i за дзесяць, i за дваццаць кiламетраў. Iшлi, не думаючы пра адлегласць ды пра стому. Галоўнае танцы- абдыманцы! Iшлi на цэлы дзень, на цэлую ноч, таму была адна непрыемная закавыка - голад. Надыходзiў час, i хацелася хоць чагосьцi ўгрызцi. Не несцi ж у кiшэнi хлеб з салам. Але супраць гэтай закавыкi добра спрацоўвала адна традыцыя - мясцовая моладзь арганiзоўвала нейкi стол i запрашала немясцовых перакусiць. Сябры запрашалi сяброў, знаёмыя - знаёмых.

Аднойчы мы з хлопцамi зацягнулiся на вяселле ў такую далеч, што знаёмых там не аказалася, i голад паступова пачаў псаваць нам настрой.

Панiгаўшы туды-сюды, мы вырашылi, пакуль яшчэ засталiся нейкiя сiлы, клыпаць дамоў.

Раптоўна, як на тое шчасце, сустракаем крыху знаёмага хлапца, якi ў калгасе працаваў маладым спецыялiстам - ветэрынарам - i жыў у гэтай вёсцы.

- Дзiма! - у адзiн голас злiлiся нашы галодныя галасы. - Як жывеш? Рады бачыць!.. А мы тут з ранiцы... цэлы дзень... стамiлiся... духi падцягнула... Разумееш?

Бачым, што не разумее i робiць выгляд, што перад iм стаяць бараны.

Тады мы набралiся нахабства i адрэзалi яму шляхi для адступлення:

- Дзiмка, можа б, ты штосьцi паесцi даў...

Дзiмка ветлiва, як i падабае маладому спецыялiсту, плюнуў на наша галоднае самалюбства:

- Хлопцы, вы з якой вёскi? З Карпiлаўкi? У вашу глушэчу я нiколi не траплю... Ды i знаёмыя мы праз пень-калоду... З якой ласкi я буду вас кармiць, калi мы нiколi болей не ўбачымся?..

Моўчкi глынулi мы гэты пачастунак i пацягнулiся праз лясы дамоў.

Адно засталося суцяшэнне - болей нi разу з Дзiмкам мы не сустрэлiся.

ПАРУШЫНКI

Хто мы ў жыццi? Пытанне, на першы погляд, простае. А як толькi робiш спробу ўдумлiва адказаць на яго - натыкаешся на вялiкiя складанасцi. Можна, канечне, адказаць: мы - людзi, але адказ будзе далёка не вычарпальны, асаблiва калi за тваiмi плячыма - дарога даўжынёй у паўвека.

Дык хто ж мы, людзi, у жыццi?..

Давайце возьмем маю родную невялiчкую вёсачку Карпiлаўку канца пяцiдзесятых гадоў. Электрычнага святла няма, радыё няма, пра тэлебачанне вухам не чулi, дактароў анiякiх, цяжкая калгасная праца аплочваецца ўмоўна i... можна бясконца пералiчваць тое, чаго ў нас i не было.

Але - дзiва! - з'яўляецца раптоўна ў нашай вёсцы новая сям'я - Дуброўскiя. Шукаюць, бедалагi, прыстанiшча хоць якое ды кавалак хлеба. Мы, мясцовыя жыхары, жыўшыя даволi бедна, жахнулiся, убачыўшы гэтых жабракоў, сапрэлыя лахманы i гразь на iх - усё багацце. Сям'я - чатыры чалавекi: муж з жонкай i дзецi-падлеткi - Гэнусь i Клаўдзiя. Карпiлаўка для iх - не першы прыпынак. Шмат дзе спрабавалi яны знайсцi сваё шчасце, але ўсюды былi лiшнiмi, непатрэбнымi. А з такiм, як у iх, 'стартавым капiталам' не разгонiшся.

Добра, што побач з нашай хатай стаяла, невядома кiм пабудаваная, даўно кiнутая, пахiленая хатка, без падлогi i вокнаў. У гэтую хатку i пасялiлiся бедныя людзi.

Карпiлаўцы неслi iм хто бульбы вядро, хто хлеба акраец, хто малако пакуль прыдбаюць нешта сваё.

Прайшоў нейкi час, а ў Карпiлаўку з'яўляецца новая гаротная сям'я, праз месяц - яшчэ адна. Але гэтым дзвюм сем'ям не пашанцавала - не было дзе жыць, i жыццёвая бура панесла iх далей...

Калгаснае кiраўнiцтва хутка скумекала, што дармавая працоўная сiла сама просiцца ў хамут, i на былой сядзiбе Антона Лявiцкага (Ядвiгiна Ш.) 'зляпiлi' з нячэсаных бярвенняў нешта падобнае на хату з двума ўваходамi - на дзве паловы...

Толькi пабудавалi 'пастку' для бяздомных, як у ёй ужо жывуць, а значыцца, i працуюць у калгасе дзве сям'i - Анiшчукi i Курт з жонкай. У Анiшчукоў аж чатыры чалавекi адразу пайшлi ў калгас - яшчэ крэпкiя бацькi i два сыны - Коля i Мiша. Здаецца, толькi зарабляй, абжывайся, радуйся жыццю. Ды не! Памыкалiся некалькi гадоў Дуброўскiя i павезлi некуды далей свае рызы i вошы. Папрацавалi Анiшчукi за 'дзякуй' - i таксама панесла iх жыццё па сваiх непрадказальных, ухабiстых шляхах-дарогах. А на iх месца прыехалi Бялькевiчы i рассялiлiся паасобку, 'шыкоўна'. Сёстры - у пакiнутую Анiшчукамi палову, брат з жонкай - у Дуброўскiх хатку-развалюху.

Потым раптоўна, не развiтаўшыся, некуды знiк з жонкай Курт...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×