дапамагаць, пачаў кiдацца з апошнiх сiл - i вось ён на волi! Стаiць шчаслiвы, пафырквае ды абтрасае з бакоў ваду i слiзкую балотную цiну.

Выратальнiкi, знаёмыя харужанскiя мужчыны, задымiлi цыгаркамi i расказалi, што аднойчы з гэтага ж месца пачулi таксама крыкi аб дапамозе. Прыбеглi, а з цiны тырчыць галава не жарабяцi, а чалавека. Тады нейкi паляўнiчы шыбаваў праз балотца i шугануў у ямiну. Прыбеглi своечасова, бо пачынала хавацца ў багну i ягоная 'макаўка'.

Назад я ехаў усхваляваны, i мне падалося, што ўсё жыццё я спрабую выкараскацца з нейкай дрыгвы i толькi галава мая пакуль вытыркае з чаднага балота.

ПШТЫК

Жыў некалi ў нашай вёсцы Васiль (чамусьцi мянушку яму далi - Пштык). Жыў бядней самага беднага чалавека - нiчога ў яго не было, акрамя хаты ды голых куткоў у ёй.

Жонка яго памерла даўно, дзяцей у iх не было, вось Васiль i дажываў век 'нашчака' - нi парасяцi, нi курыцы, нi бульбiнкi... У гэткага бедака, пэўна, i мыш павесiцца ў кладоўцы.

I хоць галеча была вiдавочнай, Васiль старанна хаваў яе ад чужога вока. Але як схаваеш схуднелы твар з глыбока запалымi вачыма цi драныя-перадраныя лахманы, што звiсалi з ягоных плячэй ды ног?

Прыходзiла нядзелька. Вяскоўцы мылiся, прыбiралiся i, паснедаўшы, выходзiлi ў вольны час да варотцаў цi зусiм на вулiцу, каб 'на людзей паглядзець ды сябе паказаць'.

Падыходзiў да сваiх варотцаў i Васiль. Клаў рукi на плот i перакiдваўся словам-другiм з тымi, хто прашпацыроўваў ад хаты да хаты. Але Васiль не проста выходзiў да варотцаў, а з хiтрацой, з форсам. I хоць снедаў ён хутчэй за ўсё скарынкай з вадой, але пасля 'снедання' даставаў схаваную для такога выпадку скварачку, якой густа намазваў вакол рота - i пад носам, i бараду, i шчокi. Вось з такiм блiскучым тварам Васiль стаяў ля вулiцы, абапёршыся на плот. Стаяў i чакаў аднавяскоўцаў.

Тыя спачатку клявалi на Васiлёву нажыўку:

- Што гэта, Васiль, у цябе ўвесь твар у тлушчы?

Васiль 'абураўся' i хуценька праводзiў рукой пад носам, але так, каб не сцерцi намазку, i гаварыў:

- А-а, лiха на маю галаву! Гэта ж я толькi што мацання наеўся ды не паспеў выцерцiся!..

Наступны аднавясковец задаваў тое ж пытанне i чуў той жа адказ...

Так i памёр ён - голы i галодны, але з высока ўзнятай галавой.

ОЙ, БОР... БОР...

Калi вы накiруецеся з Менска па Даўгiнаўскаму шляху, то за Жукаўкай, не даязджаючы вярсты да Карпiлаўкi, пачынаецца з правага боку прыгожы бор - сасна да сасны, быццам падбiраў нехта. Убачыце яго i зачаруецеся!

А колькi ж у гэтым бары было калiсьцi грыбоў - лiсiц, махавiкоў, таўстух, сыраежак i, канечне ж, - баравiкоў, чорнагаловых i важных. Мы, карпiлаўцы, хадзiлi па грыбы толькi ў бор, гэта ж - пад бокам, крок ступiш i - наступаеш баравiку на галаву.

А з самага краю бору, блiжэй да вёскi, рос малады сасоннiк, а ў iм казлякоў, як камароў майскiм вечарам, - аж кiшыць...

Гэта - калi гаворка iдзе пра грыбы. А што ўжо казаць пра ягады? Ледзь толькi пачне адыходзiць травень - зачырванеюць на сонечных ускрайках ды баравых 'залысiнах' сунiцы. Ёсць iм дзе схавацца ад пякучага сонца, таму i налiваюцца яны духмяным сокам, растуць таўстыя, як качулачкi. А ўжо як заступiць 'на працу' чэрвень - чарнiцы апаноўваюць бор так, што ступiць не ведаеш куды! Аж чарнiчнiк кладзецца на мох пад цяжарам налiўных i сакаўных дароў бору.

...Колькi б разоў нi ехаў я на машыне праз бор са сваёй мамай, яна пакачвала галавой i задуменна выдыхала ўслых:

- Ой, бор... бор...

Я не вельмi звяртаў увагу на гэтыя словы, бо ведаў, што мамiна маленства, яе юнацтва ды i ўсё жыццё звязана з гэтым борам...

I сапраўды, бор - схавае ад спякоты, бор падаруе сухастоiну, якая ўратуе ад бязлiтасных маразоў, бор не пашкадуе мяккага, шаўкавiстага моху для ўцяплення хлеўчука, бор узбудзiць у душы хвалюючае разважанне пра неўмiручыя вытокi зямлi нашай.

Зноў еду з мамай праз бор i зноў чую:

- Ой, бор... бор...

Бор быў i маiм сябрам, i маiм дахам. Многiм я яму абавязаны - i за грыбы, i за ягады, i за цiхi роздум, i за... Не! За ГЭТА я яму не ўдзячны. Пасля ГЭТАГА бор зрабiўся суровым, маўклiвым, таямнiчым i нават непрыемным... Прабач, бор! Даруй, дружа! Ты не вiнаваты ў тым, што з радасным сэрцам, са светлай, адкрытай душой да цябе болей не iду!

...Выбягаю я неяк раненька з кошычкам у бор - рэжу грыбкi, завiхаюся, мiтуслiва перабягаю ад аднаго да другога. Адзiн баравiчок зразаю - два-тры бачу, адну 'лацiну' лiсiц даразаю - другая пачынаецца. Любата! Душа грае сэрца падпявае! Раптам... ледзь ножык не вывалiўся з рукi... Ляжыць на iмху чалавечы чэрап. Ляжыць i чорнымi вачнiцамi на мяне пазiрае...

Не скажу, што валасы на маёй галаве ўсталi дыбам, але зрабiлася жутка i неяк дзiкавата. Адкуль такое?! Дзесяць гадоў прайшло пасля вайны - няўжо яе водгукi?

Рэзка паварочваю ад сваёй знаходкi i амаль бягу ў процiлеглы бок, не заўважаючы нi махавiкоў, нi баравiкоў. У хлапечай душы - бура думак, пратэсту, спачування i болю...

Праз некаторы час крыху супакойваюся i зноў пачынаю 'паднiмаць' грыбы. Раптоўна (зноў раптоўна!) натыкаюся на... чалавечы чэрап. Няўжо 'скруцiў каўбасу'? Не! Той, першы чэрап, быў маленькi, зграбны, гэты - вялiкi, прадаўгаваты, масiўны...

Ведаеце, у мяне нешта падвярнула пад лыжачкай, мне стала дрэнна, я пабег з бору - хутчэй бы дахаты. Мне здавалася, што з-за кожнай сасны на мяне глядзелi жудасныя вачнiцы i вышчаралiся страшэнныя пачарнелыя зубы...

...Ой, бор... бор... Якiя таямнiцы хаваюцца за тваёй гасцiннасцю, за тваiмi 'разнасоламi'? Што хоча выказаць шум тваiх вяршынь? Цi не стогны закатаваных душаў чуюцца ў паскрыпваннях аднаго дрэва аб другое? Цi не кроў блiшчыць у чырванi сонечных сунiц? Цi не перадсмяротная сляза закралася ў сакавiтасць чарнiц?..

Потым, многа разоў, нейкая сiла штурхала мяне да гэтых чалавечых астанкаў, нягледзячы на тое, што такiя 'сустрэчы' выклiкалi ў душы непрыемныя адчуваннi. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль я iх не пахаваў.

Чарговы раз чую ад мамы: 'Ой, бор... бор...' - i настойлiва распытваю яе пра глыбiнны сэнс гэтых сцiплых слоў...

Таго, што расказала мама пра бор, хапiла б на вялiкую кнiгу, але я мiнаю мамiна дзяцiнства, юнацтва, паншчыну, калгаснае падняволенне i многае iншае, а раблю невялiчкiя 'прыпынкi' на дзвюх падзеях, звязаных з мiнулай вайной...

Партызанскi рух у Беларусi стварыўся амаль iмгненна - толькi нямецкi бот ступiў на нашу зямлю, як людзi, чые рукi былi звыклыя да плуга ды сякеры, узялiся за зброю i пайшлi ў лясы.

Але былi i iншыя рукi - 'гарадскiя', тых людзей, чые сэрцы i сумленне клiкалi на барацьбу з захопнiкамi. Шмат юнакоў i дзяўчат добраахвотна рвалiся на фронт, у партызаны, стваралi падпольныя суполкi. Слава вам i пашана за гэта, суайчыннiкi!

Думаю, што менавiта такiя патрыятычныя пачуццi прывялi з акупiраванага Менска ў нашыя лагойскiя лясы прыгожую маладую дзяўчыну Валю (прозвiшча, на жаль, не ведаю). Яна шукала партызан i... лепей бы яна iх не знайшла...

Час быў суровы, ваенны - на карту было пастаўлена жыццё Радзiмы, таму дзяўчыну Валю партызаны сустрэлi падазрона, нават варожа.

А яна, як на тое лiха, прыгожа апранулася - новы расшыты кажушок, блiскучыя боцiкi, сама - як кветка. Вырашылi партызаны, што яна - варожы лазутчык, вывелi яе, бедную, у бор, мучылi, дапытвалi, нарэшце, не дабiўшыся 'прызнання', - раздзелi i расстралялi... Нават не пахавалi... Дык вось чый быў маленькi, зграбны чэрап...

...Ой, бор... бор... Цi не таму твае прыгожыя сосны ззяюць залацiстай чырванню, што iх каранi ўвабралi разам з вiльгаццю i святую чалавечую кроў?..

А вось другi 'прыпынак' мамiных успамiнаў, звязаных з прыгажуном-борам.

Карпiлаўка не была яшчэ спалена немцамi, але яны наведвалiся ў яе, 'прымяралiся'.

Аднаго дня мой старэйшы брат Коля (сёння ўжо нябожчык), тады малады i гарачы партызан, ехаў на

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×