Узяў гаспадар вяроўку, закруцiў вузельчык на Шарыкавай шыi, ускiнуў на плячо ружжо - i пайшлi яны ў лес... Шарык адчуваў штосьцi нядобрае, але за сваё доўгае сабачае жыццё прывык давяраць i слухацца гаспадара, таму цяпер паслухмяна i сумна клыпаў за iм. Прамiнуўшы густы ельнiк, прыпынiлiся на палянцы, дзе чалавек прывязаў сабаку да сасны, адышоўся, рэзка зняў з пляча ружжо i, баючыся глядзець у вочы сабаку, выстралiў. Спалоханы лес адгукнуўся трывожным рэхам. Чалавек бачыў, як нейкая сiла падкiнула Шарыка ад зямлi i зноў кiнула на яе, бездапаможнага i нерухомага.

Не адвязваючы вяроўкi, чалавек рашуча пакрочыў ад гэтага жудаснага месца, выцiраючы на хаду памакрэлыя вочы...

Я наўмысна не называю вёску i прозвiшча чалавека, узяўшага на сваю душу цяжкi грэх. Я вельмi рады, што ў гэтай трагедыi ёсць працяг, якi закрануў сэрца кожнага, хто хоць краем вуха пачуў пра гэтае здарэнне.

...Мiнула два тыднi. У чалавека быў ужо другi сабака - малады i дзёрзкi, услужлiвы i пiльны. Чалавек стараўся не думаць, не ўспамiнаць пра забiтага былога сябра, i жыццё зноў набыло клапатлiвы, працоўны рух вясковага жыхара.

Але аднойчы вечарам, калi чалавек стомлена сеў на ганак i з асалодай запалiў, гледзячы сабе пад ногi, ён усёй iстотай адчуў на сабе нейчы погляд. Чалавек здрыгануўся i ўзняў галаву. Перад iм стаяў Шарык - схуднелы i змучаны, з выбiтым вокам i перабiтай пярэдняй лапай, якая крыва зраслася. З шыi звiсала ўся ў запечанай крывi вяроўка. Шарык хiстаўся i даверлiва глядзеў адным вокам у вочы гаспадару. Цяжка паранены, ён выжыў, залiзаў раны, перагрыз вяроўку i аддаў апошнiя сiлы, каб прыйсцi да таго, каго лiчыў сваiм адзiным сябрам.

'. . . . . .'

У свае чатырнаццаць гадоў я даволi моцна 'захварэў' паляваннем. А перадалася мне гэтая хвароба ад старэйшага брата Косцiка, якi начытаўся паляўнiчай лiтаратуры, наслухаўся розных манюкаў i за апошнiя капейкi купiў ружжо. На выхадныя днi ён наязджаў да нас у Карпiлаўку з Менска. З адным ружжом мы з Косцiкам цягалiся па лясах з ранку да вечара, бабахалi налева i направа. У буднiя днi я заставаўся гаспадаром ружжа...

Аднаго дня, калi ад марозу i мяцелiцы нельга было нос выткнуць за дзверы, я ўскiнуў на плячо ружжо, падперазаўся патранташам i падаўся ў лес паляўнiчага ж ногi кормяць.

Мяне ўвесь час цягнула да Вапеннай гары - там непралазная глуш, мноства розных слядоў, асаблiва рысiных, а мне вельмi хацелася запаляваць рысь, хоць тады я не ведаў, з якога боку да яе падступiцца...

Гудуць дрэвы, стогнуць ад ветру, але ў лесе мяцелiца з ног не валiць значна зацiшней у iм. Ружжо - напагатове, вочы пiльна абмацваюць кожны куток.

Раптам з сасны на сасну пералятае рабчык, чапляецца за нiжнi сук, i не паспеў я ўскiнуць ружжо, як ён спiкiраваў на снег у густы ельнiчак. Я застыў i не зводзiў вачэй з невялiчкага прасвету сярод елачак - павiнен жа недзе мiльгануць рабец. Стаю ў 'сабачай стойцы', дрыжу ад азарту, не мiргаю. Не, думаю, я цябе перахiтру, цярпення ў мяне хопiць!

Прайшло з паўгадзiны - толькi я хацеў плюнуць i пайсцi далей, як у невялiчкiм 'акенцы' памiж елачак нешта варухнулася (а мо падалося).

На ўсякi выпадак складваюся i бабахаю ў тое акенца. Нiчога не ўзляцела... Няўжо забiў рабчыка?! А можа, там нiкога i не было?!.

Хвалююся, не перазараджаю ружжо i бягу да таго месца. Падбег i... ледзь сам не грымнуўся з усiх чатырох - нiчога не разумею.

Перада мной на бялюткiм снезе ляжыць мацёры вогненны лiс! Вось гэта дык да!

Аказваецца, пакуль я, раскрыўшы рот, стаяў i чакаў рабчыка, лiс, якi прабягаў непадалёку, пачуў свежыя сляды птушкi i хацеў паласавацца 'маiм' рабчыкам, але, бедалага, папаўся сам...

Падвязаў я цераз плячо багаты трафей i з важнецкiм выглядам пакрочыў прамiком у Лысую Гару, дзе жыў самы сталы наш брат Коля. А дарога ў Лысую Гару пралягае праз Буды, вось я i 'купаўся' ў паляўнiчай славе, нядбайна адказваючы на шматлiкiя пытаннi жыхароў тых вёсак:

- Лiс пёр, як маланка, нават вочы не паспявалi за iм, але мой стрэл iмгненна спынiў яго... Ды гэткiх лiсаў я магу страляць хоць кожны дзень...

Назад у Карпiлаўку я iшоў праз Жукаўку - трэба ж было i там заявiць аб сабе...

'Пакарыўшы' Жукаўку, я прамiком, цераз лес i лугi падаўся дамоў. Раптам чую, як недзе ў лесе сабака 'з голасам' гонiць зайца. Па брэху пазнаю Абiсiнцавага ганчака, якi самастойна, без 'непрасыхаючага' гаспадара, штодзённа бегаў у лес i 'зганяў ахвоту', ганяючы зайцоў.

Прыслухаўся - брэх наблiжаецца да мяне. Скокнуў я пад лазовы куст, i зноў спёрла дыханне, дрыжу ад азарту.

Бачу, як па лузе прама на мяне паволi клыпае заяц. Наогул, заяц ад сабакi ўцякае не з усiх ног, а з прыпынкамi, прысядаючы на заднiя лапы i 'стрыгучы' вушамi паветра.

Гэты таксама - скок, скок - сядзе, скок, скок i паслухае...

Не 'дакульгаўшы' метраў дваццаць да мяне, заяц сеў i натапырыў вушы. Сядзiць слупком, як на талерцы, - толькi страляй! Я старанна прыцэльваюся i думаю: 'З аднаго боку - вiсiць лiс, з другога - заяц! Такога яшчэ свет не бачыў! Прыйдзецца зноў iсцi ў Лысую Гару праз Буды...'

Пакуль мае мазгi малявалi такiя карцiны, заяц зрабiў рэзкую скiдку ўбок, каб збiць са следу сабаку, - я толькi паспеў цiскануць на курок, але заяц паспяхова паказаў мне адно месца i знiк, растаў у снежнай завiрусе.

Я, ад злосцi на сябе, схапiў з галавы шапку, кiнуў пад ногi i давай таптаць яе нагамi, абзываючы сябе самымi апошнiмi словамi: '. . . . . .', '. . . . . .' i гэтак далей.

СУПЕРПАДАРУНАК

Самае цяжкае - выбраць i купiць падарунак, калi iдзеш да некага на дзень нараджэння. Бывае, падабаецца падарунак - ды не дазваляюць грошы, цана 'кусаецца', а калi грошы ўсё ж дазваляюць - дык падарунак, як кажуць, нi сабе, нi людзям. Вось i збiваеш апошнiя падэшвы, туляючыся па крамах.

Што нi кажыце, а складаная гэта справа - хадзiць на днi нараджэння! Уручаеш iмянiннiку тое, што купiў, i бадзёра 'падсалоджваеш':

- Вось! Самае лепшае i дарагое купiў! Спажывай!

А ў беднага iмянiннiка ад разгубленасцi скiвiца адвiсла, вусны дрыжаць ад крыўды, а вочы дык зусiм крычаць:

- Што ты мне купiў?! Я ж разлiчваў на большае!..

Гэтак можна i свята сапсаваць, i наогул з гаспадаром пасварыцца.

Але пажартавалi, i хопiць!

Прыехала ў маю Карпiлаўку да сваiх бацькоў на адпачынак маладая жанчына з мужам i сынам аж з далёкай Керчы. У той Керчы ўсёй радасцi - адно толькi мора, ды i тая адзiная радасць - для iншагародных адпачываючых i турыстаў. Мясцовым жыхарам - не да мора.

Трэба яшчэ дадаць, што ў той Керчы грыбамi i не пахне, а ў нас - лясы гнiюць ад iх. А дзе вы бачылi чалавека, якi б не любiў збiраць грыбы, асаблiва баравiчкi? Вось i гэтыя керчанцы за грыбамi ажно калоцяцца, гаворку пра iх з языкоў не скiдваюць i кожную ранiцу бягуць, спатыкаючыся, у лес...

Але грыбы - не мох, не растуць па ўсiм лесе без разбору. Кожны грыб любiць свае мясцiны, ды i год на год не прыходзiцца. Напрыклад, мiнулым годам баравiкi раслi па барах, па белых iмхах, сёлета - па бярэзнiках ды пад дубамi, наступным годам - могуць прытаiцца ў ельнiках. Тут патрэбен асаблiвы нюх. Можна цэлы дзень працягацца па лесе, а знайсцi аднаго казляка, ды i за таго чэрвi б'юцца. А можна i за гадзiну-дзве нарэзаць баравiкоў - як падняць...

Пабягуць чуць свет керчанцы ў лес, ногi адаб'юць па самую паяснiцу, а нясуць дамоў нейкiя сыраежкi, паедзеныя смаўжамi, чашчавiкi счарнелыя, куркi ды некалькi лiсiц, адным словам - смецце.

Я звычайна ў лес не спяшаюся - у мяне 'свае' запаведныя куткi. 'Мае' грыбы - будуць мне! Ды i па лесе я iду пацiху, туды-сюды крутнуся, прыпыняюся, аглядваюся - грыбы гэта любяць i не хаваюцца.

Некаторы грыбнiк iмчыць па лесе, як лось, задраўшы галаву i збiваючы нагамi тое, што шукае, быццам грыбы растуць не пад нагамi, а на елках...

Iду я з лесу дамоў - кошык паўнюткi адных баравiкоў, ажно вывальваюцца. Параўняўся з хатай, у якой гасцююць керчанцы, i быў вымушаны прыпынiцца, бо яны ўбачылi мяне праз вокны i выскачылi на двор - ледзь дзверы з завесамi не знеслi.

- Ай! Ой! Якi цуд! Якi жах! Дзе быў? А мы ж - нi разу! А ты ж кожны раз!..

А потым маладая жанчына слёзна папрасiла:

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату
×